Zimowe krajobrazy

Велічны Вавель, брукаваныя вулачкі Любліна і Кракава — гэта яшчэ што! Поле, зімовае польскае поле… Задуменнае, з бясконцымі ўзгоркамі, незвычайнымі геаметрычнымі ўзорамі і незлічонымі статкамі казуль. Польскім полем хочацца любавацца, яго хочацца фатаграфаваць, хочацца, каб аўтобус бясконца вёз цябе сярод маляўнічых даляглядаў. Поле, зімовае беларускае поле… Хіба ты менш маляўнічае? Хіба твая прыгажосць і дагледжанасць не варты самых узвышаных слоў? Чаму ж колькасць замежных турыстаў, якія кожны дзень любуюцца табой з акна экскурсійнага аўтобуса, меншая, чым колькасць тых, хто любуецца польскімі даляглядамі? Ды і не толькі ў даляглядах справа. Хіба Мірскі замак або Нясвіжскі палац не могуць прымаць такую ж колькасць турыстаў, як знакаміты кракаўскі Вавель?

Якаснае падарожжа

Гэта, як кажуць, думкі ў дарозе. А дарога, у якую адправіліся 1 снежня ўдзельнікі праграмы прафесійнай мабільнасці “Выкарыстанне рэсурсаў экскурсійнай і краязнаўчай дзейнасці ў сучасным адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Польшча”, заняла чатыры дні і мела працягласць амаль 1700 км. Ад Мінска да Любліна каля 520 км, ад Любліна да Кракава — 320. Сюды трэба яшчэ дадаць адлегласць, якую наш аўтобус пераадольваў па гарадскіх вуліцах, і адлегласць, якую мы прайшлі пехатой па гасціннай польскай зямлі. Вось і атрымліваецца, што падарожжа Мінск — Люблін — Кракаў — Мінск склала прыкладна 1700 км.
Якасць падарожжа ацэньваецца не толькі яго працягласцю, але і колькасцю новых уражанняў, знаёмстваў. З гэтым таксама ўсё было ў парадку. І колькасць уражанняў, і колькасць знаёмстваў была не меншая, чым колькасць пераадоленых кіламетраў. Толькі падчас экскурсіі па кракаўскім Вавелі і прагулкі ад замка да Рынкавай плошчы мы сустрэлі як мінімум 10 тысяч турыстаў. Бачылі, як яны захоплена разглядвалі помнікі архітэктуры, з цікаўным поглядам фатаграфавалі касцёлы, дамы, чулі іх чэшскую, італьянскую, англійскую гаворку. Вось такім было наша няхай і завочна-візуальнае, але ўсё ж знаёмства. Мы таксама захоплена разглядвалі помнікі архітэктуры і ў патаемных куточках душы марылі пра тое, што вуліцы і нашых гарадоў запоўняць натоўпы замежных турыстаў. На жаль, пакуль што толькі марым. Калі ж, нарэшце, мары здзейсняцца? Што для гэтага трэба?
— Знаёмства з мінулым Любліна і Кракава праходзіла ў адметнай атмасферы. Асабліва запомнілася прагулка па Любліне пад снегам і вечаровым святлом ліхтароў. Запомніўся і высокі ўзровень падрыхтоўкі польскіх экскурсаводаў, у тым ліку методыка, якую яны выкарыстоўвалі пры правя­дзенні экскурсій. Гэта і візуальная рэканструкцыя падзей, і лагічныя пераходы ў аповедзе, калі адна частка аповеду працягвала або дапаўняла іншую. Экскурсаводы былі зацікаўлены ў тым, каб паказаць наша агульнае беларуска-польскае мінулае. Прычым аповед вёўся дастаткова тактоўна, прыгожа, прафесійна. Экскурсаводы не супрацьпастаўлялі польскую гісторыю беларускай, а расказвалі пра нашы агульныя моманты, — гаворыць экскурсавод Таццяна Віктараўна Бойка.

Адзіныя падыходы

Кожны ўдзельнік праграмы прафесійнай мабільнасці адзначаў высокі ўзровень падрыхтаванасці польскіх экскурсаводаў, а таксама высокі ўзровень захаванасці помнікаў гарадской архітэктуры. І неяк самі па сабе ўзнікалі пытанні: хіба нашы экскурсаводы горшыя, хіба нашы гарады такія ўжо бедныя на архітэктурную спадчыну? Чаму ж тады колькасць замежных турыстаў, якія штодзень навед­ваюць польскія і беларускія гарады, на розным узроўні? — Канечне, падпісаны кіраўніком дзяржавы загад № 318, які прадугледжвае магчымасць наведвання замежнымі турыстамі ў бязвізавым рэжыме некаторых мясцін нашай краіны, будзе са­дзейнічаць папулярызацыі туры­стычнага патэнцыялу Беларусі. І ўсё ж у нас да гэтага часу няма адзі­нага падыходу ў прыцягненні турыстаў з іншых краін. Супрацоўнікі турфірм, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў,удзельнікі школьных краязнаўчых гурткоў — усе варацца ў сваім саку. Таму і вынік справы нярэдка атрымліваецца местачковым. Калі ў плане папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Мінск яшчэ неяк вылучаецца (тут і кадры сканцэнтраваны, тут і народу турыстычнага паболей бывае), то на рэгіянальным узроўні туры­стычная справа развіваецца не так актыўна, як нам хочацца. Хаця і пра Мінск трэба гаварыць шчыра: да сённяшняга часу на плошчы Свабоды няма стаянкі для экскурсійных аўтобусаў. У Кракаве ёсць, а ў нас няма. І мы, экскурсаводы, выкручваемся, як толькі можам. То просім вадзіцеляў высадзіць турыстаў на аўтобусным прыпынку, нехта становіцца пад забараняльным знакам і рызыкуе атрымаць штраф. Вось такая, здаецца, драбніца можа пакінуць не самыя прыемныя ўражанні пра наш прыгожы Мінск, — дзеліцца Таццяна Віктараўна.

Што тычыцца адзіных падыходаў, згуртаваных дзеянняў усімі зацікаўленымі асобамі і арганізацыямі на карысць папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу краіны, то тут можна прывесці прыклад Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства, якое выступіла адным з арганізатараў праграмы прафесійнай мабільнасці. Сёння гэтае таварыства налічвае больш за 60 тысяч сяброў — лю­дзей розных прафесій, сацыяльнага статусу, аб’яднаных адной мэтай: пазнаваць і папулярыза­ваць адметнасці роднай зямлі. 302 філіялы таварыства дзейнічаюць у школах, універсітэтах, нават у арміі, у тым асяроддзі, дзе людзі цікавяцца турызмам, прыродай, гісторыяй краіны. Членамі аб’яднання распрацавана каля 76 тысяч кіламетраў маршрутаў па розных ландшафтах. У таварыства не толькі багатыя традыцыі папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Польшчы, але і багатыя традыцыі выпрацоўкі адзінага падыходу ў гэтай важнай справе.

— Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ўжо не адзін год супрацоўнічае з таварыствам. Яго сябры актыўна дапамагаюць нам спазнаваць Польшчу. Вялікая колькасць філіялаў і турыстычных баз таварыства дазваляе польскай моладзі падарожнічаць па краіне за адносна невялікія грошы. Сапраўды, нельга выхаваць патрыёта, калі не далучаць моладзь да падарожжаў па сваёй краіне. А калі гэтае падарожжа будзе танным, то эфект выхавання будзе яшчэ большым. Таварыства актыўна запрашае беларускіх педагогаў і навучэнцаў да супрацоўніцтва, паступаюць прапановы па сумеснай папулярызацыі актыўнага турызму, больш актыўнай рэалізацыі ўзаемавыгадных праграм, — паведамляе дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Наш герой

Адной з задач рэалізацыі праграмы прафесійнай мабільнасці было знаёмства з польскім перыядам жыцця Тадэвуша Касцюшкі. Гэта невыпадкова, паколькі 2017 год аб’яўлены ў Польшчы Годам Касцюшкі, і польскі бок зацікаўлены ў распрацоўцы сумесных турыстычных маршрутаў, звязаных з імем героя двух кантынентаў. Асноўнымі аб’ектамі сумесных маршрутаў, безумоўна, стануць польскі Кракаў, дзе пахаваны нацыянальны герой Беларусі і Польшчы, і беларускія Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна (тут нарадзіўся Тадэвуш, знаходзіцца сядзібны дом Касцюшкаў), а таксама Крупчыцы, дзе адбылася знакамітая бітва перыяду паўстання 1794 года, і Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, дзе каля будынка раённага гісторыка-краязнаўчага музея стаіць адзіны ў Беларусі бюст Касцюшку.

У тым, што “польскі Касцюшка” будзе карыстацца папулярнасцю, можна не сумнявацца. Дастаткова ў выхадны дзень трапіць на тэрыторыю кракаўскага Вавеля, каб убачыць сапраўдную раку турыстаў, якая, здаецца, бесперапынна працякае каля помніка герою і яго магілы. А вось пытанне, ці чакаецца такая ж рака або хаця б маленькая, але бурлівая крынічка на тэрыторыі Беларусі, застаецца адкрытым. Каб гэтая крынічка забурліла, вялікія намаганні прыкладваюць настаўнікі. Узяць для прыкладу педагогаў Косаў­скай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. У рамках праекта “Мерачоў­шчына: учора, сёння, заўтра. Думкі пра мінулае, слова пра цяперашняе, мары пра будучыню” вучні разам з настаўніцай гісторыі Наталляй Яўгенаўнай Бялевіч, дзяліліся думкамі адносна адраджэння дома Касцюшкі і рэканструкцыі знакамітага палаца Пуслоўскіх. Хто ведае, калі б не гэтыя думкі і прапановы, выказаныя яшчэ ў 2002 го­дзе, ці б з’явіўся ў Івацэвіцкім раёне знакавы турыстычны аб’ект? Як нельга сказаць, ці пачалася б рэканструкцыя знакамітага палаца Пуслоўскіх, калі б не імпэт, зацікаўленасць і неабыякавая грамадзянская пазіцыя настаўнікаў і вучняў, якія разам з прадстаўнікамі мясцовай улады ўзбройваліся рыдлёўкамі, сякерамі, граблямі, венікамі, насілкамі і накіроўваліся пасля заняткаў да палаца. У пачатку 2000-х мала што нагадвала пра яго веліч. Паркавыя алеі, па якіх любілі прагульвацца колішнія ўладары гэтых мясцін, зараслі падлескам, пустазеллем, а кустоўе нават дабралася да палацавых сцен і пачало загляд­ваць у вокны. А за вокнамі ў некалі шыкоўных пакоях было смецце, смецце, смецце… Некалькі дзён напружанай валанцёрскай працы — і палац набыў больш прывабны выгляд. Акрамя таго, косаўскія настаўнікі і вучні ўдзельнічалі ў раскопках падмурка дома Касцюшкі, а потым дапамагалі будаўнікам і супрацоўнікам Міністэрства культуры аднаўляць драўляную сядзібу, крыць чаротам дах. Сядзібны дом Касцюшкаў адноўлены, каля яго створана стаянка для аўта­транспарту. Дарэчы, яшчэ раз пра стаянку. Дык што там з Мінскам, плошчай Свабоды? Пачакаем, пакуль сталічныя настаўнікі і вучні выкажуць прапановы накшталт косаўскіх калег?

Пакручасты лёс

У помніка Касцюшку, што ўзвы­шаецца над Кракавам, пакручасты лёс. Манумент быў адліты з бронзы ў 1900 годзе на сродкі Таварыства імя Тадэвуша Касцюшкі па праекце скульптараў Леанарда Марконі і Антона Попеля. Аднак усталявалі помнік толькі ў 1921 го­дзе, паколькі аўстрыйскі ўрад доўгі час не даваў на гэта згоду. Падчас Другой су­светнай вайны 17 лютага 1940 года манумент быў знішчаны нямецкімі войскамі. Сёння спецыяльная шыльда сведчыць, што помнік Тадэвушу Касцюшку, зні­шчаны гітлераўцамі, быў адноўлены грамадскасцю Дрэздэна ў 1960 годзе. Калі знаёмішся з гэтай гісторыяй, то адразу згадваецца пакручасты лёс адзінага ў Беларусі бюста Тадэвушу Касцюшку, які спачатку стаяў у Кобрыне, потым — у музейных запасніках, а цяпер сустракае наведвальнікаў Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах.

Калі “сяхновіцкі Касцюшка” любуецца палямі Жабінкаўскага краю і старасвецкімі дрэвамі прысадаў, то “кракаўскі Касцюшка” ўглядаецца з высокага ўзгорка ў стромкія вежы касцёлаў, у гандлёвыя рады на Рынкавай плошчы, дзе ў сакавіку 1794 года наш герой аб’явіў “Акт паўстання грамадзян”. А за спінай “кракаўскага Касцюшкі” — сусветна вядомы Вавель.

Гісторыя замка пачынаецца ў XI стагоддзі, калі на ўзгорку Вавель вышынёй больш за 200 м былі ўзве­дзены першыя драўляныя ўмацаванні. У канцы ХІІІ стагоддзя па загадзе Вацлава II іх змянілі больш надзейнымі каменнымі, а ў XIV стагоддзі замак перабудаваў Казімір III Вялікі. Да XVII стагоддзя тут жылі польскія манархі. Першапачаткова каралеўская цытадэль будавалася ў гатычным стылі, далейшыя перабудовы адносяцца да Рэнесансу і ранняга барока. Сёння архітэктурны ансамбль складаецца з будынкаў і трох ацалелых веж XIV—XV стагоддзяў. Асаблівага росквіту Вавельскі замак дасягнуў у XIV стагоддзі, калі Казімір Вялікі зрабіў Кракаў сталіцай Каралеў­ства Польскага. Пасля Люблінскай уніі Кракаў апынуўся на мяжы вялізнай дзяржавы і паступова страціў сваё палітычнае значэнне. У 1609 годзе ў замку ўспыхнуў моцны пажар. Кароль Жыгімонт III Ваза не захацеў аднаўляць былую рэзідэнцыю і пераехаў у Варшаву, якая знаходзілася ў цэнтры дзяржавы, хоць сам Кракаў да 1795 года лічыўся сталіцай Польшчы. Замак паступова прыходзіў у заняпад. Гэтаму спрыялі войны, пажары. У XVIII стагоддзі тут знаходзілася казарма для аўстрыйскіх салдат, а падчас Другой сусветнай вайны — рэзідэнцыя нямецкага генерал-губернатара. У 1905 годзе палякі выкупілі замак у Аўстра-Венгрыі і пачалі праводзіць рэстаўрацыйныя работы (якія, дарэчы, працягваюцца і сёння). У 1930 годзе замак зноў быў абвешчаны дзяржаўнай рэзідэнцыяй. Сёння частка яго памяшканняў выкарыстоўваецца як музеі, а ў адной з зал праводзяцца канцэрты старадаўняй музыкі.

Замак акружаны сценамі, уваход у яго вядзе праз парадныя вароты. Перад уваходам стаіць помнік Тадэвушу Касцюшку, нацыянальнаму герою Польшчы і Беларусі. У двары ўмацавання размешчана ратонда Найсвяцейшай Панны Марыі. Цікавыя для наведвальнікаў каралеўскія пакоі, скарбніца, зброевая палата, а таксама Логава дракона — пячора ў вапняковай скале. Па адной з легенд, у гэтай пячоры жыла пачвара, забітая сынамі легендарнага заснавальніка горада. У XII—XIII стагоддзях пячору выкарыстоўвалі як патаемны ўваход у замак, а ў XVII—XVIII стагоддзях тут была карчма. На тэрыторыі зам­ка размешчаны кафедральны сабор святых Станіслава і Вацлава.

Згадваючы камандзіроўкі

Але самае галоўнае, дзеля чаго варта наведаць Вавель, — гэта магілы нашых (і польскіх таксама) нацыянальных герояў. Памятаю, колькі было радасці, калі ўпершыню прыехаў на месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоў­шчыну Івацэвіцкага раёна. Душа літаральна крычала: “Ты на тым самым месцы, дзе бегаў маленькі Тадэвуш! Ты на тым самым месцы, дзе ён нарадзіўся!” І вось ты каля яго магілы. Адам Міцкевіч. Згадваецца камандзіроўка на Навагрудчыну, прагулка па беразе яго любімага возера Свіцязь, а таксама падарожжа ў Воранаўскі раён, да таго самага каменя, дзе Адам су­стракаўся са сваёй каханай Марыляй. Воранаўскі раён, Беняконі, магіла Марылі Вера­шчакі. І вось Кракаў, Вавель, магіла Адама Міцкевіча. А яшчэ магіла Ягайлы, Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя. Ты шмат чытаў пра гэтых людзей, ведаеш многія факты з іх жыцця, пра іх подзвігі, насычанае жыццё. І вось яны перад табой. Ягайла, які ў свае 33 гады ўжо заключыў знакамітую Крэўскую ўнію, і ты, які ў свае 33 прыехаў разам з дэлегацыяй заключаць сяброўскія турыстычна-краязнаўчыя адносіны паміж педагогамі Беларусі і Польшчы…

Амаль беларускі

Кракаў прыгожы, Кракаў утульны, Кракаў чароўны… Але ж некалькі дзясяткаў слоў варта сказаць і пра Люблін. Сваім геа­графічным становішчам ён нагадвае беларускія гарады: узнік на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з Балтыйскага ў Чорнае мора, што садзейнічала яго бурнаму развіццю. У ХІV стагоддзі, у часы праўлення Казіміра Вялікага, тут быў пабудаваны каменны замак, а сам горад акружаны сценамі. Асаблівую ўвагу Любліну ўдзялялі прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў, якія часта спыняліся ў Люблінскім замку. Прыкладна ў 1520 годзе Жыгімонт Стары пачаў рэканструкцыю замка, ператварыўшы яго ў каралеўскую рэзідэнцыю. У Любліне часта праходзілі кірмашы, на якія прыязджалі купцы з усёй Еўропы і Асманскай імперыі. Геа­графічнае становішча абумовіла і стракаты нацыянальны і рэлігійны склад насельніцтва. Касцёлы, праваслаўныя цэрквы, сінагогі, пратэстанцкія храмы…

Што яшчэ пабачыць у Любліне? Брукаваныя вулачкі, Кракаў­скую браму, капліцу Святой Тройцы з фрэскамі ў візантыйскім стылі, данжон — галоўную вежу Люблінскага замка, будынак кароннага трыбунала, падземную трасу пад старым горадам працягласцю больш за 200 м, кафедральны сабор, у якім пера­пляліся архітэктурныя элементы Рэнесансу і барока, неагатычную вежу і, безумоўна, музеі. Хаця сам горад — гэта і ёсць музей, экспанаты-будынкі якога да­зваляецца фатаграфа­ваць, да іх можна да­крануцца і адчуць подых стагоддзяў.

Да сустрэчы!

Поле, зімовае польскае поле… Задуменнае, з бясконцымі ўзгоркамі, незвычайнымі геаметрычнымі ўзорамі і незлічонымі статкамі казуль. Табой хочацца любавацца, цябе хочацца фатаграфаваць, хочацца, каб аўтобус бясконца вёз сярод маляўнічых даляглядаў. Поле, зімовае беларускае поле… Спадзяюся, ты яшчэ абавязкова адпусціш мяне ў госці да зімовага польскага поля.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.