Вылеціць — не зловіш

Курэнне — не самая распаўсюджаная шкодная звычка. Дым цыгарэт з ментолам або проста дым цыгарэт, па статыстыцы, любіць удыхаць і выпускаць толькі кожны трэці дарослы жыхар Беларусі. А вось выпускаць са сваіх вуснаў “моцнае слоўца” час ад часу даводзіцца практычна кожнаму беларусу. Яшчэ чытаць як след не навучыўся, а ўжо брыдкасловіць — з падобнымі індывідыумамі працаваў кожны класны кіраўнік. Як адвучыць вучняў ад брыдкаслоўя? Што такое наогул брыдкаслоўе? Прыкмета нявыхаванасці чалавека? Прыкмета сучаснасці? Паспрабуем знайсці адказы.

Група навукоўцаў прыйшла да ашаламляльнай высновы: аказваецца, у насення, над якім гаварылі праклёны, дрэнныя і непрыгожыя словы, на генетычным узроўні пачынаюцца адмоўныя мутацыі.

Калі чытаеш падобныя сенсацыі, якімі літаральна стракаціць інтэрнэт (дастаткова пагугліць “брыдкаслоўе”), то адразу ўзнікае пытанне: што, сапраўды замест пасаджанай ва ўрадлівую зямлю “адбрыдкаслоўленай” пшаніцы можа вырасці, як у каляднай песні, “усякая пашніца”? Няўжо калі над прыгаршчамі зерня гаварыць толькі добрыя словы, то пшаніца будзе расці, як на дражджах? І як людзі да гэтага раней не дадумаліся? Чаму гэтай парады дагэтуль няма ў падручніках па аграноміі?

Жарты жартамі, аднак праўду гавораць: усё жывое любіць добрае слова. Як з’яўляецца праўдай і тое, што ад пачутай лаянкі ў старонняга чалавека вушы могуць “скручвацца ў трубачку”. Рана загойваецца, а дрэннае слова — ніколі, прычым не загойваецца яно не толькі ў душы таго, хто пачуў нядобрае слова, але і таго, з вуснаў каго яно вылецела. Дарэчы, пра вусны. Вам ніколі ў дзяцінстве бацькі ў адказ на раптоўнае “моцнае слоўца” не гаварылі: “Атрымаеш па вуснах!”? Вы атрымлівалі па вуснах? Хацелася потым брыдкасловіць? Даць па вуснах — эфектыўны, але не самы гуманны педагагічны сродак. Пра гуманныя педагагічныя сродкі эфектыўнага змагання з брыдкаслоўем раскажуць класныя кіраўнікі Навагрудскага раёна, дзе духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў вядзецца ў рамках выканання Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015—2020 гады.

— У падлеткавым узросце праблема выкарыстання нецэнзурнай лексікі становіцца асабліва актуальнай, бо ў вачах многіх падлеткаў брыдкаслоўе — гэта праява незалежнасці, здольнасці не падпарадкоўвацца забаронам, адна з прыкмет даросласці, знак моўнай прыналежнасці да групы аднагодкаў, маўленчая мода. Падлеткі імкнуцца зняважлівымі словамі закрануць бацькоў, шакіраваць, каб абазначыць сваю ўладу над імі і пацвердзіць незалежнасць ад іх. Сваім выхаванцам на класных гадзінах я заўсёды гавару, што брыдкаслоўе, як і хамства, — гэта зброя няўпэўненых у сабе людзей. Грубасць дазваляе ім прыхаваць уласную слабасць і нібыта абараняе іх. Дзіця трэба вучыць быць самім сабой, а не тым, кім яно хоча здавацца, гаворыць класны кіраўнік 9 класа Нягневіцкай сярэдняй школы Марына Іванаўна Сівец.

У прынцыпе, брыдкаслоўе не характэрна для выхаванцаў Марыны Іванаўны, аднак дзеці рэгулярна сутыкаюцца з ім у побыце, таму гэтая праблема абавязкова ўзнімаецца настаўніцай, часцей за ўсё на класных гадзінах, якія праходзяць у розных формах. Напрыклад, у класе створаны валанцёрскі атрад, які працуе пад дэвізам “Берагчы слова, ведаць слова”. Удзельнікі атрада выступаюць на класных гадзінах у пачатковай школе і ў даступнай для малодшых школьнікаў форме гульні тлумачаць значэнні слоў.

— Тэма брыдкаслоўя абмяркоўваецца і на класнай гадзіне “Раскоша зносін — радасць сяброўства”, якая традыцыйна праходзіць у форме адкрытага дыялогу з удзелам вучняў і бацькоў. Праблема аказалася вельмі аб’ёмнай, таму правядзення класнай гадзіны раз у чвэр ць аказалася мала. Калі падчас адкрытага дыялогу мы маглі абмеркаваць праблему, значэнне правільна падабранага слова, адштурхоўваючыся ад выказванняў вядомых людзей, то падчас ролевай гульні намагаемся вырашыць пэўныя сітуацыі. Вось некалькі сітуацый, якія мы прапаноўваем вучням і бацькам. Сітуацыя першая, для бацькоў: за сняданкам дзіця капрызнічае, не хоча есці, адзін з бацькоў не вытрымлівае і лаецца на дзіця, ужываючы крыўдныя для яго словы. Якая ваша рэакцыя як бацькі? Што скажаце вы, мама, малодшаму члену сям’і? Ці ўпрыгожвае чалавека брыдкаслоўе? Сітуацыя другая, для бацькоў: да вашага сына прыйшлі сябры. У іх цікавая гутарка, але ад зін з сяброў брыдкасловіць. І вы, бацькі, гэта чуеце. Як вы паступіце? Зробіце заўвагу, папросіце гэтага госця сысці або… Сітуацыя трэцяя, для вучняў: бацькі не дазваляюць сябраваць з тым чалавекам, які табе цікавы, матывуючы гэта клопатам пра цябе: “Ён дрэнны! Толькі паслухай, што і як ён гаворыць! Хіба ты дазваляеш сабе так размаўляць з іншымі людзьмі?!” Як выйсці з падобнай сітуацыі? — гаворыць Марына Іванаўна.

Выхад з падобных сітуацый нягневіцкія настаўнікі і вучні шукаюць не толькі на класных гадзінах. Напрыклад, ток-шоу “Душа словамі добрымі жывая — не гаварыце мёртвых слоў!” дапамагае пераканацца вучням у тым, што нецэнзурная лаянка несумяшчальная са здаровым ладам жыцця. Часта на падобных выхаваўчых мерапрыемствах прысутнічае праваслаўны святар айцец Георгій Марук, які даносіць вучням простую ісціну: слова — гэта адзін з найкаштоўнейшых дароў, дадзеных чалавеку Богам.

— У мінулым навучальным годзе падчас агульнараённага Тыдня барацьбы з брыдкаслоўем у нашай школе праходзілі класныя гадзіны “Правілы ветлівых людзей”, “Уплыў нецэнзурных выразаў на арганізм чалавека”. Члены пярвічнай арганізацыі БРПА вырабілі і распаўсюдзілі сярод навучэнцаў лістоўкі на тэму барацьбы з брыдкаслоўем “Тэрыторыя школы без брыдкаслоўя”, правялі сацыялагічнае апытанне сярод навучэнцаў 5—8 класаў. Для старшакласнікаў адбылася сустрэча на тэму “Паняцце нецэнзурнай лексікі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Міхайлаўна Нагорная.

Духоўна-маральнае выхаванне — аснова работы і сярэдняй школы № 2 Навагрудка, якая вядзецца сумесна з праваслаўным прыходам у гонар святых Кірыла і Мяфодзія пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка 9 “Б” класа Ніны Аляксандраўны Пашкевіч. 29 гадоў педагог фарміруе ў вучняў высокія маральныя якасці, у гэтым годзе сваю работу яна працягвае ў рамках рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 10—11 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”.

— Ці часта мы задумваемся над тым, якую ролю ў нашым жыцці адыгрывае гаворка? Без перабольшання можна сказаць: вызначальную. Усё наша жыццё арганізавана словамі. Якую б сферу жыцця мы ні ўзялі, усюды заўважна сцвярджальная сіла слова. За кожным словам схавана ўсё наша жыццё. Здавалася б, што такое слова? Некалькі вымаўленых і зніклых у паветры гукаў. Аднак цяжка ўявіць што-небудзь больш мімалётнае і адначасова важнае, чым слова. У той жа час слова здзіўляе нас сваёй сілай. Усё чалавечае жыццё, усялякае слова ёсць сіла, энергія. На жаль, “гнілыя словы” сталі часткай мовы некаторых людзей. Брыдкаслоўе гучыць сёння не толькі ў зносінах паміж дарослымі, але часам і ў размове дарослых з дзецьмі. І прычынай з’яўляюцца нават не раздражненне і гнеў. Брыдкаслоўе стала нормай. Лаянка, нецэнзурная лексіка разбураюць дабро ў душы чалавека. Станем мы лепшымі, дабрэйшымі — стануць мяняцца ў лепшы бок нашы родныя, блізкія. І калі словы нашы будуць несці мір, дабро, любоў, то побач з намі будзе радасна і спакойна, — адзначае Ніна Аляксандраўна.

Навукоўцы прыйшлі да высновы: пры дапамозе слоў і вобразаў чалавек можа ўмацоўваць або разбураць свой спадчынны апарат. Аказваецца, ДНК здольная ўспрымаць чалавечую гаворку. Добрыя словы абуджаюць рэзервовыя магчымасці генетычнага апарату, а праклёны выклікаюць мутацыі.

Верыць ці не верыць гэтай чарговай інтэрнэтнай сенсацыі — справа кожнага, аднак тое, што добрае слова нібыта бальзам для душы, а дрэннае слова разбурае наш душэўны спакой, — чыстая праўда. Таму, хто пры табе лаецца, шчодра раскідвае “мацюкі”, часам хочацца зрабіць заўвагу “моцным слоўцам”. Але не будзем змагацца са шкоднай звычкай пры дапамозе шкоднай звычкі. Перамагаць зло, як вядома, трэба дабром: проста прамаўчым, адыдзем убок, а лепш за ўсё ўсміхнёмся брыдкаслову.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*