“Марозны” анонс зімовых канікул

Многім дзецям майго пакалення часцей у дом прыносілі свята і падарункі таты ў чырвоных футрах і з белымі бародамі. У школу падарункі прыносілі фізрукі (гэта выдавалі кеды пад іх футрам), настаўнікі працоўнага навучання, а навучэнцы школ, дзе мужчыны-педагогі — рэдкасць, на штучна басавітае прывітанне “дзеда” адказвалі: “Добры дзень, Марыя Іванаўна!” Ці то барада так маскіравала, ці то мы такія даверлівыя былі, але ў сучасных дзяцей такія нумары не праходзяць! І каб ацаніць узровень майстэрства чараўнікоў і іх унучак, даць ім магчымасць абмяняцца вопытам, падтрымаць традыцыі і развіваць інавацыі пры правядзенні навагодніх мерапрыемстваў, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі шосты раз правёў рэспубліканскі агляд-конкурс Дзедаў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст”.

Творчая “салянка”

У конкурсе прынялі ўдзел 15 пар дзядуляў і ўнучак з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі ўсёй краіны — пераможцы і прызёры абласных этапаў конкурсу з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Упершыню, каб дапамагчы журы ацаніць майстэрства сваіх памочнікаў, на фэст прыехаў і галоўны аксакал нацыянальнага чараўніцтва — Дзед Мароз з Белавежскай пушчы.Тое, што ў журы будзе шмат работы, было відавочна адразу, яшчэ падчас дэфіле: адны галантна кланяліся, другія выбралі фарматам ніжні брэйк, трэція паспелі міні-спектакль сыграць. Ды і ў сваіх праграмах яны закруцілі такія сюжэты, такія прыгоды! І шукалі ўкрадзеную ёлку, і зараджалі батарэйку ў гадзінніку, і ладзілі зламаныя стрэ­лкі, праводзілі майстар-клас па выпечцы навагодніх пірагоў, падарожнічалі ў краіну Мультляндыю на чароўным паравозе…

У творчых нумарах канкурсанты пастараліся традыцыйныя песні і скокі замяніць на ілюзійнае шоу, піратэхнічныя эфекты, відэапраекцыю і нават сапраўдныя фокусы.

Белабароды дзядуля і яго ўнучка з абласнога Цэнтра творчасці Магілёва растлумачылі дзецям правілы ветлівасці, у прыватнасці, парушылі традыцыю камандаваць галоўнай гераіняй свята — ёлкай. Зялёная госця хоць і пакапрызіла (не дзьмі­це на мяне — прастуджуся, не палівайце — заплеснею), але ж навучыла дзяцей: калі хочаш ззяючую ёлку, кінь загадваць — толькі ласкавае “Раз, два, тры, калі ласка, ёлачка, гары!”.

Казачная пара з Пінска запрасіла ўсіх у Краіну цудаў, у якой адчыняць дзверы дапамагалі выкананыя заданні. Фішкай пінчукоў стаў тэатр рук.

 Сталічныя дзед і ўнучка запрасілі ўсіх на Новы год у краіну троляў. Іх праграма “Усё пад канТРОЛЕМ!”, ды і сам знешні выгляд вельмі далёкія ад класікі жанру, тым не менш Дзед Цвятан і Ружачка пры такім антуражы паказалі ўменне працаваць з аўдыторыяй, дзеці актыўна ўключаліся ў гульнявую праграму.Гаворачы пра тое, на што журы звяртае ўвагу, ацэньваючы канкурсантаў, загадчык аддзела культурна-забаўляльных праграм НЦМТДіМ Наталля Камзалава адзначыла: “Асноўныя складнікі для перамогі пары ў намінацыі Дзед Мароз і Снягурачка — гэта іх знешні выгляд, уменне працаваць з залай, уменне актывізаваць аўдыторыю і ўтрымліваць яе ўвагу. Павінен быць цікавым і творчы нумар, Дзед Мароз і Снягурка павінны ўмець актывізаваць зал, зацікавіць і падключыць дзяцей. Пры гэтым вітаецца арыгінальнасць, незвычайнае рэжысёрскае рашэнне, пажадана, каб не паўтараліся ўсім вядомыя гульнявыя праграмы і конкурсы. Хочацца, каб канкурсанты знаходзілі нешта новае, цікавае, сучаснае.

Важнымі для нас  былі пасыл, з якім звяртаецца Снягурка да Дзеда Мароза, да дзяцей, казачныя вобразы герояў, якія яны павінны стварыць, дабрыня, якая павінна ад іх ісці, а таксама эмацыянальны настрой, які яны ствараюць у дзецях. Бо Новы год — гэта казка, у якую трэба верыць. Гэта дабро, тое, што нясе людзям станоўчыя эмоцыі. Таму Дзед Мароз і Снягурка павінны гэтыя эмоцыі абу­джаць. Аднак былі праграмы, пасля якіх дзеці вельмі актывізаваліся: пачыналі та­п­таць шарыкі і нават біцца. Ад Дзеда Мароза і Снягуркі ні ў якім разе не павінна ісці агрэсіўная напорыстасць”.

Так, па меркаванні журы, пара з Гродна (ЦТДіМ “Спектр”) аказалася самай па-казачнаму добрай. Усіх прыемна ўразіў казачны голас Дзеда Мароза: як толькі ён пачаў гаварыць з дзецьмі, яму ўсе верылі. У яго свяціліся вочы дабром. І дзеці на гэта адгукаліся. Парадавала і праграма музычнага Дзеда Мароза, які цудоўна спяваў ужывую.Сюжэтна-гульнявая праграма Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч была вельмі цікавай. Сюжэтна яна была дакладна выверанай, добрай, цікавай, цэласнай. І творчы нумар гэтай каманды быў выбудаваны па ўсіх законах драматургіі: была завязка, кульмінацыя і вельмі прыгожая, добрая развязка, якая адпавядае навагодняму настрою. Былі дарэчы і персанажы — снегавічкі і робат, які ў ходзе праграмы ажываў, у яго пачынала біцца сэрца — гэты момант добра запомнілі ўсе дзеці ў зале. На ўра ўспрыняла публіка гульню, дзе трэба было, пляскаючы ў далоні, паўтараць мелодыю бітбоксінга.

“Прыемна, што былі пары, якія ўмеюць працаваць з залай і адно з адным, — працягвае Наталля Камзалава. — Яны працуюць разам, адчуваюць і разумеюць адно аднаго, узаемадзейнічаюць адно з адным. І знайсці такі тандэм для нас — самае галоўнае. Бо прыходзяць Дзед Мароз са Снягуркай у кожны дом, у сям’ю, у школу без памочнікаў. І яны павінны ўмець без дэкарацый, без асаблівага рэквізіту захапіць, зацікавіць дзіця і  дапамагчы паверыць у казку. Таму мы шукалі тых, хто не хаваецца за рэжысёрскія рашэнні. Але калі цікавыя рэжысёрскія рашэнні ёсць і пры гэтым спалучаюцца з арганічным тандэмам — гэта залог перамогі”.

Журы пажурылі

У конкурсны дзень акцэнтаваць увагу на недахопах у арганізатара конкурсу — НЦМТДіМ — часу не хапае. Але ў міжконкурсны перыяд яго супрацоўнікі абавязкова праводзяць семінары, збіраюць культарганізатараў, тлумачаць ім патрабаванні і нормы.

“З году ў год мы тлумачым, што беларуская Снягурка ў шапачцы. Карона, какошнік — усё гэта не ў нашай традыцыі, таму на гэта мы абавязкова звяртаем увагу і знімаем балы. Але кожны імкнецца выдзеліць сваю пару, магчыма, няма магчымасці заказаць выраб касцюма, які б стварыў ідэальны вобраз, і купляюць тое, што ёсць у продажы. Была, напрыклад, Снягурка ва ўбранні, упрыгожаным роспісам пад гжэль, і ў какошніку — такая Снягурка была б арганічнай у сярэдняй паласе Расіі, толькі не ў нас. І, канечне, мы гаворым, як павінна будавацца сюжэтна-гульнявая праграма, які музычны матэрыял трэба выкарыстоўваць”, — гаворыць пра нюансы Наталля Камзалава.Вельмі асцярожна журы аднеслася да ўжо традыцыйнай засяроджанасці казачных герояў на гаджэтах. Сучасныя дзеці, канечне, адгукаюцца на з’яўленне знаёмых ім планшэтаў і смартфонаў у руках Дзеда Мароза, на яго актыўнасць у сацыяльнай сетцы, на яго імкненне набраць як мага больш лайкаў, але журы заклікае ўключаць тэхнічныя навінкі вельмі абмежавана. Яны мо­гуць прысутнічаць у праграме, адсылаючы нас да сучасных рэалій, але на іх выкарыстанні не павінна будавацца праграма. Напрыклад, канкурсант са Шчучына — Дзед Айс — вельмі засмуціўся, што ён не экшн-герой і што ён, у адрозненне ад папулярных галівудскіх акцёраў, не модны, таму не мае фанатаў. Уся яго праграма была гонкай за лайкамі ў Ютубе. Прынцыпу “сэлфі і лайкі — залог шчасця” прытрымліваліся і іншыя канкурсанты. Хоць акунуцца ў прывычную сферу юныя гледачы былі не супраць, але дзе гарантыя, што яны не ўспрынялі дзедава “давай сэлфіцца!” як заклік? Вось чаму выбіраючы паміж новенькім айфонам пад ёлкай і перспектывай зарадзіцца здароўем і шчасцем на год усе хорам выбіралі першае.

Парады ад белабародага Маэстра

Кампетэнтнае меркаванне выказаў і самы каларытны член журы — Дзед Мароз з Белавежскай пушчы. Ён ужо стаў сімвалам нашай краіны. Для яго гэта не толькі вобраз, а жыццё. Ён вывучае звычаі і традыцыі беларусаў і іншых народаў, сам праводзіць гульнявыя праграмы, знаёміцца з калегамі з розных краін.

 “Я рады сустрэчы са сваімі памочнікамі, рады бачыць, што яны не толькі існуюць, але і плённа працуюць, дапамагаюць мне. Я спадзяюся, што яны данясуць мае пачуцці да кожнага дзіцяці і дарослага, — усміхаецца ў бараду дзядуля. — Але ў той жа час у мяне ёсць да іх парады, нават прось­бы. Я заўважаю інтэграцыю расійскага, ці нават агульнаславянскага, вобраза Дзеда Мароза і ўсёй навагодняй гісторыі. Праглядваецца тэндэнцыя вельмі мудрагелістых сцэнарыяў, праекцый, за кошт чаго непасрэдна дзейнасці Дзеда Мароза і Снягуркі застаецца малавата. Але мне хочацца, каб захоўваліся беларускія традыцыі, а іх элементы ўключаліся ў праграмы. Напрыклад, было б цікава ўбачыць на навагоднім свяце батлейку. У сцэнарый можна было б уключыць беларускіх нацыянальных пачвар.Увогуле, я заклікаю ўсіх адраджаць беларускую культуру, пачынаючы з выхавання ў яслях, дзіцячых садах і ў саміх сем’ях. Новае пакаленне вырасла на сродках масавай інфармацыі, якія часта вядуць не туды і выхоўваюць ужо не так. Пазнавальнасць замянілася забаўляльнасцю — за 16 гадоў пражывання ў сваім маёнтку я заў­важаю гэта ў маіх наведвальніках. Так, яшчэ 10 гадоў назад дзеці ведалі Леаніда Захлеўнага, Валянціну Сярых, Валерыя Іванова, Ігара Лучанка, ведалі іх песні, а цяпер выхаванцы толькі спецыялізаваных школ могуць пра іх творчасць нешта сказаць.

І зусім засмучае тое, што я не пачуў ніводнага беларускага слова. На мой погляд, хоць у нас і двухмоўе, але ж беларуская мова павінна быць. Хоць кропелечку, хоць элемент які — нічога!”

Быццам бы ў адказ на пажаданне Маэстра Мароза было апошняе выступленне — дзядулі і яго ўнучкі з Віцебскага раёна. На чысцюткай беларускай мове, аздобленае каларытнымі песнямі і трапнымі жартамі герояў. Прычым на беларускую мову перайшлі і юныя госці, якія з задавальненнем падключаліся да святочных конкурсаў.

Да вышынь навагодняй творчасці

Пераможцамі ў намінацыі “Дзед Мароз і Снягурка года” стала казачная пара Сяргей Шчыткоўскі і Марыя Сіняўская з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” (Гродна). На другім месцы — Вадзім Сакратароў (Старасельская сярэдняя школа Віцебскага раёна) і Вольга Цярэнцьева (Бабініцкая сярэдняя школа Віцебскага раёна). Завяршыла тройку лідараў пара са Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Дзмітрый Паварга і Ірына Краўчук.

У намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма” перамогу атрымалі Міхаіл Стрыжоў і Дар’я Кузьміч з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. “Серабро” атрымалі Генадзь Лісковіч і Тамара Пазняк з Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. “Бронза” дасталася Віктару Шаўчуку і Марыі Руцкай-Разумавай з абласнога Цэнтра творчасці Магілёва.Спецыяльнымі дыпломамі ўзнагаро­джаны Руслан Балаш і Вераніка Раманчук з ЦДАДіМ “Ветразь” Мінска (за выкарыстанне інавацыйных гульнявых тэхналогій), Аляксей Астроўскі і Таццяна Кунцэвіч з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска (за яркае выканальніцкае май­стэрства), Дзяніс Руцкі са шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч (як самы актыўны Дзед Мароз) і Валянціна Дылейка са Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці (за яркае ўвасабленне вобраза Снягуркі).

Галоўныя члены журы сталі непасрэднымі ўдзельнікамі навагодняй феерыі. Сваё “веру не веру” і “правільна-няправільна” яны выказвалі не баламі ў пратаколах, а шчырымі ўсмешкамі, бляскам у вачах і маленькімі далонькамі. І думаецца, што для Дзядуляў Марозаў, Снягурак і ўсіх іх памочнікаў гэта галоўнае прызнанне.

Новы год толькі надыходзіць. А гэта значыць, што яшчэ свае прызнанні за казачную атмасферу ім гучнымі апладысментамі выкажуць сотні хлопчыкаў і дзяўчынак па ўсёй краіне.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*