Стаць героем можа кожны

Мабыць, няма ніводнай школы, у якой бы не праводзіліся класныя гадзіны па прафілактыцы правапарушэнняў. На гэтых занятках абавязкова прысутнічаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, якія пужальна-папераджальным тонам прыводзяць статыстыку правапарушэнняў сярод непаўналетніх, а таксама медыкі, якія расказваюць пра шкодныя звычкі і дэманструюць слайды з лёгкімі і зубамі курцоў, непрыязнымі тварамі алка- і нарказалежных. Педагогі ставяць чарговую птушачку ў плане мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў і шкодных звычак. Навучэнцы ж, зачыніўшы дзверы школы, бягуць па прывычных вулічна-дваровых маршрутах. Пра неэфектыўнасць такой прафілактыкі непрадузята гаворыць нязменнасць статыстыкі падлеткавых правапарушэнняў, таму педагогі Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пайшлі іншым шляхам.

Пракладваючы ўласны шлях

Так, часта дакучлівае маралізатарства спецыялістаў выклікае ў падлетка рэакцыю пратэсту, і тады работа заходзіць у тупік ці, што яшчэ горш, можа прывесці да адваротнага выніку. Як жа дапамагчы гэтым дзецям знайсці сябе, даць магчымасць усвядоміць і выправіць сваю памылку і пры гэтым не быць залішне дакучлівымі?

“У 2014 годзе калектыў Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўпершыню сутыкнуўся з праблемай адсутнасці вопыту сацыяльна-педагагічнай работы ва ўстановах дадатковай адукацыі, — узгадвае метадыст цэнтра Марына Уладзіміраўна Саўкіна. — Але нас гэта не напалохала, а, наадварот, настроіла на пошук свайго шляху ў гэтым кірунку. Мы з Наталляй Эдуардаўнай Калацэй, загадчыкам аддзела па асноўнай дзейнасці, і іншымі педагогамі цэнтра распрацавалі сацыяльна-педагагічны праект “Цэнтральны герой” для вучняў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. Праект уяўляў сабой інтэрактыўную дзейнасць па прынцыпе рэаліці-шоу, што дало дзецям і падлеткам магчымасць у прыязнай атмасферы паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці (удзел у сацыяльных акцыях і праектах, гульнях, трэнінгах і інш.), зведаць новыя адчуванні (паходы, выезды, экскурсіі і г.д.), адчуць сябе запатрабаванымі”.

Удзельнікамі праекта сталі навучэнцы трох школ — падлеткі ва ўзросце ад 13 да 15 гадоў, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку, на ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх Рэчыцкага РАУС. Кожная з трох каманд складалася з 5 навучэнцаў 8—9 класаў і сацыяльнага педагога іх школы, які выступаў у ролі трэнера і памочніка.

Так, удзельнікі праекта адпраўляліся ў квесты, пазнавалі сябе падчас гульнявога псіхалагічнага трэнінгу “Лабараторыя самапазнання”, ацэньвалі рызыкі падчас дэбатаў “Дзеці ў піўной клетцы”, прымалі ўдзел у інтэрактыўнай прафілактычнай гульні “Жыві, каб жыць!”, знаёміліся з вулічнымі кірункамі спорту і магчымасцямі, якія прапаноўвае дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі “Алімп”, выпрабоўвалі сябе ў турнірах па боўлінгу, пейнтболе і інш. Юнакі прымалі ўдзел у конкурсе “Хлопец на ўсе 100”, для дзяўчат прайшоў трэнінг “Пагаворым пра жаночыя праблемы…” і гульня-сюрпрыз “Слабы пол”. Каб быў эфект параўнання таго, што ёсць і што можна страціць, падлеткі наведалі папраўчую калонію № 24 ДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці, дзе пагутарылі з асуджанымі на тэму “Чалавек — творца свайго лёсу”.

На працягу года ўдзельнікі зараблялі балы, якія прыраўноўваліся да грошай. На выйграную суму дзеці атрымлівалі білеты ў кінатэатр, у залу 5D, абанементы на наведванне басейна, трэнажорнай залы, на ўдзел у спаборніцтвах па боўлінгу, пейнтболе і інш.

У кожнага ўдзельніка была назапашвальная кніжка, якая запаўнялася сацыяльнымі педагогамі. Штотыдзень сацыяльныя педагогі ў школах адсочвалі змены ў паводзінах удзельнікаў праекта, запісвалі звесткі аб дасягненнях або правіннасцях удзельніка і колькасць балаў. Для гэтага была распрацавана спецыяльная сістэма налічэння балаў у якасці заахвочвання і зняцце балаў за парушэнні.

Завяршыўся праект падвядзеннем вынікаў, узнагароджваннем пераможцаў і канцэртнай гульнявой праграмай “Я — герой”. Напрыканцы заняткаў падлеткі шляхам галасавання выбіралі Цэнтральнага героя сваёй каманды.

Рэалізацыя праекта стала яркім, цікавым і незвычайным вопытам работы для ўсіх яго ўдзельнікаў — як для кіраўнікоў і трэнераў, так і для падлеткаў. А ў любой справе галоўным крытэрыем паспяховасці з’яўляецца жаданне працягнуць або паўтарыць зробленае. Апытанне ўдзельнікаў праекта паказала, што з 15 падлеткаў, якія прымалі ў ім ўдзел, 14 хацелі паўтарыць і палепшыць свае вынікі ў мерапрыемствах. Дзеці ўбачылі, што стымул паважаць закон ёсць, таму яны стараліся як маглі.

Уваходзьце! Адчынена!

Метадычная распрацоўка праекта была прадстаўлена ў 2015 годзе на XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і была ўдастоена дыплома II ступені. Атрымала ўзнагароду яшчэ адна ідэя педагогаў, якая стала лагічным працягам праекта: стаўшы адным з пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, цэнтр атрымаў грант на стварэнне хобі-клуба для падлеткаў “Адчыненыя дзверы” — аб’яднання па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю.

Яго выхаванцамі сталі падлеткі 12—17 гадоў. У клубе яны атрымалі магчымасць з карысцю і цікавасцю праводзіць вольны час, гутарыць з аднагодкамі і пры гэтым у ненадакучлівай форме атрымліваць карысную інфармацыю па прафілактыцы правапарушэнняў, негатыўных з’яў, аб здаровым ладзе жыцця. Пры гэтым іх актыўнасць і стараннасць мелі ўзнагароду ў выглядзе сеанса ў відэагульні, аэрахакей, прыстаўку з кінектам, караоке і інш.

Пра папулярнасць і актуальнасць клуба гаворыць тое, што за 6 месяцаў яго дзейнасці замест чаканых першапачаткова 30 падлеткаў у мерапрыемствах прынялі ўдзел 162. А ўсяго да праекта далучыліся 234 чалавекі. Прычым ніводны з падлеткаў падуліковых катэгорый з ліку ўдзельнікаў не ўчыніў правапарушэнняў, злачынстваў на працягу двух апошніх гадоў. За гэты час з 24 падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, УШУ, 6 чалавек былі зняты з прафілактычнага ўліку.

Магчыма, у многім дзякуючы і таму, што ў маі 2016 года, нягледзячы на завяршэнне навучальнага года, дзейнасць хобі-клуба не была спынена, а, наадварот, прыняла больш маштабныя формы. На летніх канікулах падлеткі мелі шмат вольнага часу, таму было прынята рашэнне час працы хобі-клуба падоўжыць. З чэрвеня хобі-клуб працаваў з раніцы да вечара.

Альтэрнатыў вулічным прыгодам у падлеткаў сапраўды стала шмат: прафілактычныя трэнінгі (“Бяспечнасць у сетцы”, “Мы разам” і інш.), адукацыйныя падарожжы (“Фізіка вакол нас”, “Рыцарскі турнір”), заняткі з выкарыстаннем кейс-метадаў, з элементамі арт-, гульня- і смехатэрапіі, майстар-класы ад педагогаў дадатковай адукацыі (“З танцам па жыцці”, “У фармаце 3D”), квесты, святочныя майстэрні, творчыя капуснікі, інтэлектуальныя і спартыўныя турніры, конкурсы “Чалавек дня”, сустрэчы “Чалавек у масцы”. Новы погляд на здаровы лад жыцця адкрылі здаровыя вечарынкі (“Дзень без курэння”, “Назад у будучыню, або Жыццё без наркотыкаў”, “Бітва супраць спайсаў”, “Вітамінавы бар”, “Запальвай! Спальвай калорыі!”, “Мыльная вечарынка”, “Молодёжь, лайкни ЗОЖ!”. Шмат праводзілася тэматычных вечарын: “Беларусь-party”, “Лэдзі і джэнтльмены”, “Аб-ла-ла, або Французская вечарынка”, “Вечарынка ў стылі стыляг”, “Вечарынка ў японскім стылі”, “Movie-party, або Кінавечарына”, “Бэбі-бум”, “Вечарынка ў стылі фільма “Аватар”, “Асарці-стайл” і інш.

“Мы пастараліся не толькі захапіць падлеткаў яркім забаўляльным зместам мерапрыемстваў — усе яны маюць выхаваўчую падаплёку, — расказвае Марына Уладзіміраўна. — Напрыклад, яшчэ падчас “Цэнтральнага героя” нашы выхаванцы ўпадабалі квесты. Цяпер мы іх распрацоўваем для клуба. Напрыклад, адзін з апошніх маіх квестаў — “Хто падставіў Труса Роджэра?” — накіраваны на прафілактыку курэння спайсаў. Мы змадэлявалі сітуацыю, быццам дзеці — звяры і жывуць у Звераполісе. Адзін з іх — Трус Роджэр, навучэнец 7 класа, трапіў у турму. Задача квеста — карыстаючыся падказкамі, высветліць, за што і ці вінаваты ён. Мы падзяліліся на каманды — сям’я, міліцыя і школа, якія аб’ядноўваюць свае сілы і высвятляюць акалічнасці справы, ідучы разам па доўгім ланцужку падказак. Па ім мы выйшлі на азнаямленне з канкрэтнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса і з рэальнымі гісторыямі аб наступствах ужывання спайсаў, якія я ўзяла з інтэрнэту (эмоцыі перажывання гэтых гісторый сталі запісамі ў асабістым дзённіку Труса Роджэра).

Высветлілася, што падставіў Роджэра яго аднакласнік — Асёл, каб адпомсціць за адмову пакурыць з ім. Дзеці падчас мазгавога штурму абмяркоўвалі небяспеку нядобранадзейнай кампаніі, разважалі аб правах і абавязках непаўналетніх, высвятлялі, якое пакаранне чакае Асла, і інш. Упэўнена, такая прафілактыка робіць сваю справу і аказвае моцнае ўздзеянне, бо яна не нудная, не надакучлівая і праводзіцца ў тэматыцы, блізкай да захапленняў дзяцей.

Была, напрыклад, экалагічная вечарынка ў стылі вядомага кожнаму падлетку фільма “Аватар”. Мы рабілі аквагрым сіняга колеру, у памяшканні стваралі адпаведны антураж і, як і героі фільма, ратавалі сваю планету. Усе гульні, віктарыны я звязала з экалогіяй і з сінімі аватарчыкамі”.

Уся інавацыйная творчаць педагогаў цэнтра, іх аўтарскія распрацоўкі (сцэнарыяў мерапрыемстваў — ужо цэлыя паліцы) — яскравы доказ таго, што прафілактыка правапарушэнняў, шкодных звычак можа быць захапляльнай. І што можна паўплываць на тых, хто перакананы, што ўсё ведае пра наркотыкі і псіхатропы, што нічога страшнага не будзе ад аднаго-двух ужыванняў.

Праект “Цэнтральны герой”, якім цэнтр ахвотна дзеліцца з калегамі, з нязначнымі змяненнямі ўжо праходзіць і ў іншых установах дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці. Ужо ўтварылася чарга з жадаючых атрымаць метадычныя распрацоўкі і сцэнарыі мерапрыемстваў клуба. Сам жа Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі стаў апорнай метадычнай пляцоўкай у інавацыйнай галіне “Абагульненне перадавога педагагічнага вопыту як умова эфектыўнага метадычнага ўзаемадзеяння УДАДіМ” па тэме “Сацыяльная адаптацыя падлеткаў, якія стаяць на розных відах уліку, ва ўмовах установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Рэчыцкага ЦТДіМ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*