Папяровы снегапад

Хто з нас не памятае яркія моманты з дзяцінства, калі, рыхтуючыся да Новага года, мы выразалі з белага ліста паперы сняжынкі? Гэта і былі нашы першыя выцінанкі. Аднак толькі адзінкі становяцца майстрамі ў гэтым напрамку дэкаратыўнага мастацтва дзякуючы свайму таленту і ўпартай працы, жаданню ствараць, невычэрпнай фантазіі і цярпенню. Як, напрыклад, удзельнікі адкрытага гарадскога конкурсу майстроў мастацтва выразання з паперы “Сняжынка-2016”, які прайшоў 14 снежня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

У гэтым годзе на конкурс прыехалі 19 каманд з усіх раёнаў сталіцы: у адной зале са сваімі папяровымі творамі сабралася амаль сотня дзяцей і два дзясяткі педагогаў (па ўмовах конкурсу, у кожнай камандзе павінна быць пяцёра дзяцей пад кіраўніцтвам выкладчыка). На ўвесь творчы працэс камандам выдзелілі 45 хвілін, так што ўдзельнікі прывезлі папяровыя загатоўкі з сабой. А на самім конкурсе трэба было выразаць і сабраць самыя дробныя дэталі, каб у гатовым выглядзе прэзентаваць журы створаную кампазіцыю. Здавалася б, з адной паперы шмат чаго не зробіш, але на сталах у Мармуровай зале Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі выраслі вялізныя складаныя канструкцыі: дамы, елкі, галовы жывёл і проста дзівосныя ажурныя творы мастацтва, якія мы прывыклі ляпіць на вокны. Нават не верыцца, што ўся гэтая разнастайнасць можа быць выразана з аднаго і таго ж лістка паперы.

Каманды на конкурс прыехалі не зборныя, па адной ад кожнай установы, а ад спрацаваных творчых гурткоў, таму ад МДПДіМ адразу некалькі прадстаўнікоў: аб’яднанні “Графіка”, “Чароўны куфэрак”, “Сувенір”, “Азбука лялечнага дызайну”, “Арт-Асарці”. Прыехалі ўдзельнікі і ад іншых цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: сваё майстэрства паказвалі гурткі з “Эўрыкі”, “Ранку”, “Кантакту”, “Арыёна”, “Зоркі”, “Ветразя”, “Маяка”, “Светача”, “Золака”. Можа здацца, што на конкурсе сабраліся адны толькі ўстановы дадатковай адукацыі, але гэта не так: прыехалі каманды і з сярэдняй школы № 3, і з гімназіі № 7. Цікава, што на “Сняжынцы” ўзрост удзельнікаў значэння не мае: на роўных могуць спаборнічаць і першакласнікі, і вучні старшай школы — у статуце конкурсу пазначана: “7—18 гадоў”. Зрэшты, больш за ўсё прыехала дзяцей гадоў 8—13 — самага актыўнага гуртковага ўзросту.

— Выставу-конкурс праводзяць камітэт па адукацыі Мінскага гарвыканкама і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, — расказала загадчыца сектара выставачнай і фестывальна-конкурснай дзейнасці МДПДіМ Таццяна Юр’еўна Снегірова. — “Сняжынка” ўжо стала традыцыйнай, і з году ў год нашы творчыя калектывы яе чакаюць і загадзя рыхтуюцца. Мы праводзім конкурс ужо шосты раз. У гэтым годзе вырашылі ўвесці яшчэ адну намінацыю: акрамя аб’ёмнай, падвясной і плоскаснай кампазіцыі, якія былі і ў мінулыя гады, з’явілася намінацыя “Маска”. Як гэта асэнсавалі дзеці і педагогі — пабачым. Мы хацелі, каб яны звярнуліся да традыцый народнага, каляднага майстэрства, а ў масках якраз выкарыстоўваецца сіметрыя, як і ў традыцыйнай беларускай выцінанцы, якая прадугледжвае строгую сіметрычнасць. Выразанне з паперы ёсць у любой нацыянальнай традыцыі: у Японіі, Кітаі, Германіі, у краінах Прыбалтыкі, але яны іншыя. Адметныя беларускія рысы — геаметрычны арнамент, сечаныя правільныя формы і люстраная сіметрыя.

Плоскасная кампазіцыя — самая звыклая нам аплікацыя, толькі ў многа разоў больш складаная за тыя, якія мы прывыклі бачыць на ўроках працоўнага навучання. Пакуль удзельнікі варожаць над сваімі сталамі і перадаюць адно аднаму клей, цяжка ўтрымаць погляд на чымсьці адным: тут велізарны ажурны “Церамок” разрастаецца на ўвесь стол; вунь там па падрыхтаванай схеме дзеці склейваюць з палосак паперы складаны геаметрычны арнамент, а побач сотні маленькіх каляровых “сняжынак” складваюцца ў пухнатага пеўня, сімвал будучага года.

Аб’ёмныя кампазіцыі прыходзіцца абыходзіць па некалькі разоў, каб разгледзець усе дэталі. У адной з каманд на сінім ватмане вырас цэлы зімовы гарадок: з каляднай ёлкай, маленькім лядовым катком і дамамі з утульнымі жоўтымі акенцамі. У іншай над сталом узвышаецца грандыёзная ёлка на размаляваным блакітнымі фарбамі снежным полі, дзе “скачуць” балерыны ў пачках з ажурных папяровых сняжынак.

Пра балерын дбае Вера Міхайлаўна Сталярова, педагог аб’яднання па інтарэсах “Чароўны куфэрак” МДПДіМ. Спрытна ўпраўляючыся з клеявым пісталетам, яна хутка саджае па кроплі клею на кожную сняжынку, якую працягваюць ёй выхаванкі: часу застаецца няшмат, а кампазіцыя павінна быць густа ўпрыгожана “снегам”. На просьбу расказаць пра сваю работу Вера Міхайлаўна ўсміхаецца: “Канечне, калі ласка”. Аказваецца, што загатоўку для ёлкі і пляцоўкі перад ёй рабілі загадзя, выдаткаваўшы на гэта тры заняткі гуртка. Кардон, з якога зроблена ёлка, — з простых гафрыраваных каробак. Дзеці яго не проста пафарбавалі, але і здагадаліся абклеіць цёртым пенапластам — дрэва набыло заснежаны выгляд. На самім конкурсе заняліся ўжо балерынамі і іх ажурнымі пачкамі. “Спачатку былі проста балерыны, — расказала Вера Міхайлаўна, — а потым вырашылі зрабіць так: гэта балерынкі-сняжынкі. У навагоднюю ноч гэтыя сняжынкі, якія вісяць на ёлцы, ператвараюцца ў балерын і танцуюць. Цуды спраўджваюцца: яны ператварыліся вось у такіх прыгожых танцорак і наладзілі сабе баль”.

Падвясныя кампазіцыі асабліва складаныя ў выкананні: шматслойныя папяровыя элементы трэба не толькі скласці і склеіць, але і хутка і акуратна размясціць на шнурах і шпагатах: у Палацы дзяцей і моладзі пад кожную падвясную кампазіцыю загадзя падрыхтавалі свой кручок, так што напрыканцы конкурсу ўся зала абрасла фантастычнымі канструкцыямі — белымі і рознакаляровымі.

А да конкурсу “Маска” ўдзельнікі падышлі па-рознаму: некаторыя зрабілі з паперы звыклыя карнавальныя маскі, а хтосьці не пайшоў па класічным шляху. На стале ў аб’яднання “Графіка” МДПДіМ замест звычайнай маскі ляжыць белая галава аленя з тонкімі галінастымі рагамі, якая больш нагадвае скульптуру. “Гэта маска аленя з пап’е-машэ з выкарыстаннем элементаў выцінанкі, — расказвае педагог Ала Анатольеўна Рыбчынская. — Алень — адзін з сімвалаў Новага года, Каляд, зімы, і мы ўзялі за аснову маскі менавіта яго вобраз. Аснову пад пап’е-машэ ў форме галавы аленя зляпілі з пластыліну, а рогі зрабілі на драцяной аснове, але яны аблеплены ўсё той жа паперай. Гэта ўсё было ідэяй дзяцей: перад конкурсам убачылі, што з’явілася намінацыя “Маска”, і вырашылі паспрабаваць зрабіць нешта ў гэтым кірунку”.

— У кожнай намінацыі журы будзе вылучаць першае, другое і трэцяе месца, — патлумачыла Таццяна Снегірова. — Астатнія каманды атрымаюць дыпломы ўдзельнікаў. Таксама мы падрыхтавалі памятныя прызы, звязаныя з тэмай конкурсу: кнігі па гісторыі мастацтваў, вучэбныя дапаможнікі.

У журы конкурсу — старшыня член Саюза мастакоў і Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Ніна Мікалаеўна Сакалова-Кубай, мастацтвазнаўца спецыяліст па народных рамёствах Таццяна Віктараўна Маркавец і Ларыса Паўлаўна Насановіч, член Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі і вядучы метадыст па дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве дзяржаўнай установы “Мінскканцэрт”. Праца і судзейства ідуць адначасова: члены журы ходзяць паміж сталамі, разглядаюць работы, задаюць пытанні і заадно сочаць, каб педагогі не рабілі ўсё за дзяцей.

— На конкурсе не вітаюцца запазычанні з інтэрнэту, паўторы ўжо вядомых работ майстроў выразання з паперы, — падкрэсліла Таццяна Снегірова. — Мы хочам убачыць творчае рашэнне, творчы пачатак у дзецях. І просім, каб выкладчыкі адпускалі дзяцей, давяралі ім, каб яны маглі выказаць сваё ўяўленне пра мастацтва. Выкладчыкі не павінны самі рабіць усю работу: яны кіруюць, а дзеці збіраюць кампазіцыю.

Пасля заканчэння працоўнага часу шум у Мармуровай зале не сціхае: дзяцей забаўляюць гульнямі і песнямі, пакуль журы выбірае, каму аддаць першынство. Нарэшце вырашылі: у намінацыі “Аб’ёмная кампазіцыя” адразу два першыя месцы. Іх атрымалі “Замак Снежнай каралевы” аб’яднання “Арт-Асарці” МДПДіМ (педагог В.П.Пракопчык) і “Навагодні Алень” гуртка “БУМ” Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” (І.Э.Мут). Лепшай маскай прызналі “Яе вялікасць Маску” аб’яднання па інтарэсах “Майстэрня” Палаца дзяцей і моладзі “Золак” (Н.Г.Рубан). Туды ж адправіцца і дыплом І ступені ў намінацыі “Падвясная кампазіцыя” — яе атрымала народная студыя выяўленчай творчасці “Сонейка” за свой “Церам-церамок” (А.П.Панамарэнка). А лепшая плоскасная кампазіцыя — “Зімовыя святы ў вокнах вялікага горада” гуртка “Добры настрой” сярэдняй школы № 3 Мінска (кіраўнік — В.В.Пазднякова).

Зрэшты, у творчых спаборніцтвах заўсёды складана вызначыць лепшага, і вялікую ролю тут адыгрывае суб’ектыўнае меркаванне журы. Галоўнае, што ацаніць папяровыя творы мастацтва зможа любы жадаючы. Пасля конкурсу ўсе кампазіцыі ўдзельнікаў і пераможцаў чакае выстава ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, якая будзе доўжыцца некалькі тыдняў.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*