Паравозік са Смаргоні

Тое, што школа павінна выхоўваць дзіця ў цеснай сувязі з яго бацькамі, ніколі не выклікала ў педагогаў сумненняў. Ды і бацькі, на першы погляд, ужо згадзіліся. Але на практыцы, акрамя бацькоўскіх сходаў, яны рэдка ідуць у школу. І педагогі, спрабуючы вырваць хоць на гадзінку татаў і мам з імклівага жыццёвага віру, уключыць іх у школьнае дзіцячае жыццё, вельмі часта прайграюць іх спадару Часу. А вось педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 Смаргоні Гродзенскай вобласці Наталля Пятроўна Ганчар у гэтым саперніцтве атрымала перамогу. І ў выйгрышы ўсе, а галоўнае — дзеці. Яе праект па арганізацыі школьнай суботы “Мы многае зможам, калі будзем разам!” стаў фіналістам рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.
Дзіцячыя слёзы зрабілі сваю справу

Калі Наталля Пятроўна цікавілася ў дзяцей, як яны дома бавяць час, чым займаюцца вечарамі і па выхадных з бацькамі, адказы гучалі амаль аднолькавыя: бацькі займаюцца сваімі справамі, якія накапіліся за дзень ці тыдзень, а дзеці гуляюць у камп’ютар ці глядзяць тэлевізар, а калі ўрэшце прысядуць побач, у кожнага на каленях свой ноўтбук ці планшэт, маўляў, ім трэба адпачыць. А каб куды-небудзь выехаць, схадзіць на экскурсію, проста падыхаць свежым паветрам — гэтага не бывае.
“Акрамя таго, трэба прызнацца, што сям’і і школе не заўсёды хапае ўзаемаразумення, такту, цярпення, каб пачуць і зразумець адно аднаго, — гаворыць Наталля Пятроўна. — І гэтае непаразуменне ўсім цяжарам кладзецца на дзіця. Як змяніць гэта? Як зацікавіць татаў і мам сумеснай працай? Калі мы толькі рыхтавалі праект і праводзілі апытанне, любая прапанова ўспрымалася ў штыкі. Бацькі прама заяўлялі: “Не, не прыйдзем, у нас мора работы”. А ў дачны перыяд, калі то пасадзіць агарод трэба, то даглядаць яго, то ўраджай збіраць, увогуле нерэальна”.
Тут галоўную ролю адыгралі не столькі педагогі, колькі дзеці. Якое ж сэрца не закрануць просьбы дзіцяці? А ў малодшых яшчэ і слёзы: маўляў, іншыя бацькі прыйшлі (хоць гэта і дзве-тры самыя актыўныя мамы, як правіла, настаўніцы), а вас, як заўсёды, не было. Пакрыху пачалі ісці, потым дзяліліся першымі ўражаннямі на бацькоўскіх сходах, да іх сталі далучацца іншыя. Цяпер на кожным мерапрыемстве не менш як палова ўсіх бацькоў, прычым не адны і тыя ж. І толькі лічаныя дзеці могуць “забыцца прыйсці” ці “праспаць”.

Адукацыя без натацый

Безумоўна, галоўны прынцып праекта — гульня. Па-першае, гэта магчымасць расказаць бацькам пра гульнявыя тэхналогіі, расказаць пра іх ролю ў выхаванні. Па-другое, гульня неабходна і даросламу: як спосаб адпачыць, зняць псіхалагічнае напружанне і як сродак для разумення дзіцячай душы. Таму ключавое слова ў праекце — “разам”: разам адпачываем, разам вучымся, бо мы многае зможам, калі будзем разам.
“У праекце сямейнай суботы “Мы многае зможам, калі будзем разам!” — два модулі: універсітэт “Разам вучымся быць бацькамі” і гульнявы экспрэс “Разам адпачываем усёй сям’ёй”. Апошні складаецца з блокаў: спартыўны экспрэс “Ветразі Перамогі”, прысвечаны 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, гульнявы экспрэс “Гуляюць дзеці — гуляем мы”, творчы экспрэс “Адчыні дзверы ў свет творчасці” і сямейны экспрэс “Неразлучныя сябры — дарослыя і дзеці, — тлумачыць аўтар. — Задзейнічаны ў ім усе педагогі школы, і ім заняты ўсе суботы навучальнага года”.
Універсітэт “Вучымся быць бацькамі” — гэта шэраг мерапрыемстваў, на якіх бацькі спрабуюць разумець сваіх дзяцей, размаўляць з імі на іх мове, вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць штодзень. Пераважаюць інтэрактыўныя формы: кейс-стады, адкрыты мікрафон, педагагічная майстэрня, дрэва рашэнняў, бацькоўска-настаўніцкі капуснік і самыя разнастайныя гульні. Прычым кожнае мерапрыемства праводзіцца асобна для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей малодшага ўзросту, дзяцей сярэдняга звяна школы і асобна для бацькоў старшакласнікаў”.
Так, на “Бацькавым палігоне” ўзнімаліся пытанні фізічнага пакарання. Яго тэмамі сталі: “Што пасееш, тое і пажнеш”, “Бацька і дзіця: хто каго, ці Шанс знайсці ўзаемаразуменне”, “Бацька ці ўтаймавальнік?”. На кейс-стады “Час пытанняў і адказаў” прапанавана было справіцца з дзіцячай маніпуляцыяй бацькамі, устанавіць меру бацькоўскага кантролю, знайсці падыход да паразумення з падлеткам. Цяжкасцямі і радасцямі вялікіх сем’яў змаглі падзяліцца са школьным псіхолагам бацькі з мнагадзетных сем’яў, пра значэнне станоўчых эмоцый у жыцці дзіцяці гаварылі бацькі з замяшчальных сем’яў, пра гіперапеку — з няпоўных сем’яў. “Гарачая лінія” адкрылася для бацькоў, дзеці якіх пераходзяць у сярэдняе звяно школы. Ад тэорыі да практыкі перайшлі таты і мамы, калі ім было прапанавана справіцца з дзіцячымі скаргамі, пратэстам, канфліктамі. Бацькі малодшых школьнікаў паспрабавалі асвоіць прынцыпы ролевай гульні дома. Бацькі вучняў сярэдняга звяна з педагогам-псіхолагам вучыліся будаваць размову з дзіцем, а таты і мамы старшакласнікаў навучыліся даваць параду сваім дзецям. Са “Скарбонкі мудрасці” кожны змог узяць ідэі для дамашняга дзіцячага свята, для сумеснага адпачынку. Такі прыём, як “Сітуацыя-проба”, дапамог знайсці адказы на пытанні: “Як паладзіць з сябрамі дзіцяці?”, “Жыццё адно, ці Як знайсці пазітыў там, дзе яго няма?”
Паход.Ніводнае пытанне не засталося па-за ўвагай педагогаў і бацькоў: розніца паміж выхаваннем дзяўчынак і хлопчыкаў, адораныя дзеці, выхаванне талерантнасці, першае каханне, карысць і шкода камп’ютара, маладзёжныя субкультуры, брыдкаслоўе, дзіцячы алкагалізм і наркаманія. Але большая частка заняткаў ва ўніверсітэце была прысвечана бацькоўскай дапамозе сваім дзецям, вучням малодшых класаў, вучыцца.
“Больш як дзве трэці дзяцей, якія не паспяваюць, патэнцыяльна здольныя, але гэтыя здольнасці не атрымалі развіцця па розных прычынах, — упэўнена педагог-псіхолаг Алена Георгіеўна Міхель, “рэктар” бацькоўскага ўніверсітэта. — Магчыма, адна з прычын — няўменне, а часам і нежаданне своечасова аказаць падтрымку свайму дзіцяці. Вучоба ператвараецца ў цяжкую павіннасць, а яе фармальная прыкмета — адзнака — часта не радуе. Наша задача зрабіць так, каб перамог было больш, а паражэнні не пакідалі траўм на ўсё астатняе жыццё. Варта помніць: няма правільных і няправільных рашэнняў у складанай для дзіцяці сітуацыі ў вучобе. Проста ёсць рашэнні, адэкватныя ці неадэкватныя магчымасцям, здольнасцям і спадзяванням бацькоў. Каб менш прымалася неадэкватных, трэба вывучаць сваіх дзяцей, быць побач з імі, раздзяляць іх праблемы і вырашаць гэтыя праблемы разам”.

Эх! Пракачуся!

Для дзяцей і іх бацькоў з пачатку гэтага каляндарнага года пачала працаваць віртуальная школьная чыгунка, дзе кожны па сваім маршруце імчаць экспрэсы: спартыўны — “Ветразі Перамогі”, прысвечаны 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, гульнявы — “Гуляюць дзеці — гуляем мы”, творчы — “Адчыні дзверы ў свет творчасці” і сямейны — “Неразлучныя сябры — дарослыя і дзеці”.
Адразу пры ўваходзе ў школу ўсміхаецца Паравозік з Рамашкава і запрашае ў дарогу. Яго задача, як і ў старым добрым мультфільме, не толькі прыехаць своечасова, але і паспець за гэты час убачыць як мага больш. Гэтак жа і пасажыры, якія адправяцца на ім: галоўнае не хвіліна ў хвіліну быць дома, а з карысцю пражыць гэты дзень.
Так, маршрут пачаўся вялікім спартыўным святам. У лютым спартыўны экспрэс спыніўся на прыпынку “Зімнія забавы”, і ў школе прайшлі “Малыя алімпійскія гульні”. “Спартыўны калейдаскоп” — прыпынак для самых заўзятых аматараў спорту і камандных гульняў. Дзень рэкордаў “Мы — спартыўная сям’я” плануецца правесці на прыпынку “Самы-самы”. Яшчэ адзін чаканы прыпынак — “У аб’ектыве — турызм”. Турпаходы і сумесныя экскурсіі ўжо сталі візітоўкай гэтай школы. Настаўнік гісторыі Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны расказаў, што толькі за гэты год школьнікі разам са сваімі бацькамі і настаўнікам пабывалі ў маёнтку Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, у маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, многа даследавалі горад і яго ваколіцы. Старшакласнікі, іх мамы і таты зрабілі тур па Залатым коле, вывучалі гісторыю Крэўскага і Гальшанскага замкаў, пабылі ў Брэсце, Полацку, Лідзе, Нясвіжы, Гродне, Мінску. “Падарожнічаць цікава ў любую пару года: зімой на лыжах, калі цёпла — на веласіпедах ці пешшу, калі падводзіць надвор’е ці калі занадта далёка — на машынах, аўтобусе, — зазначыў Расціслаў Сцяпанавіч. — А як цікава ўцячы на пару дзён ад гарадской мітусні, прайсці сцежкамі Берандзея, паставіць палаткі на ўзбярэжжы ракі ці возера, пабыць са сваімі дзецьмі на ўлонні прыроды! У нас ёсць бацькі — супрацоўнікі дзіцячай спартыўнай школы, так што гэта яшчэ і лішнія рукі, якія спатрэбяцца ў любым паходзе”.
Гульнявы экспрэс правёз сваіх пасажыраў па тэрыторыі Беларусі і завітаў у іншыя краіны: Расію, Эстонію, Грузію, Польшчу. На кожным прыпынку дзеці змаглі пагуляць у забытыя беларускія народныя гульні — “Міхасік”, “Млын”, “У Мазаля”; рускія — “Гусі-лебедзі”, “Лапта”, “Малечына-калечына”; грузінскія — “Лахці”, “Зарабана”; польскія — “Баландварак” і “Мяцёлкі”; эстонскія — “Рэбанэ”, “Ратавіскамінэ” і іншыя. Анжаліка Шорац, вучаніца 10 “Б” класа, правяла сапраўднае даследаванне па вывучэнні гульняў сваёй сям’і. І ў школе расказала правілы любімых гульняў сваіх мамы, бабулі і прабабулі і пагуляла ў іх з аднакласнікамі.
У падарожжа па творчай краіне адправіліся школьнікі на творчым экспрэсе. Яны завіталі на калядныя фальклорныя вячоркі, папрацавалі ў творчай лабараторыі, прысвечанай Дню абаронцаў Айчыны. Вынікам стаў зборнік “Напісалі кніжку самі разам з бацькамі” і творчыя прэзентацыі “Мае сваякі — абаронцы Айчыны”. А трапіўшы на свята сямейнай творчасці, вучні змаглі паказаць і ўласныя таленты, і таленты сваіх мам, татаў, бабуль і дзядуляў. Напрыклад, мама адзінаццацікласніцы Каці Герасімовіч правяла майстар-клас у тэхніцы дэкупаж, і кожны змог стварыць сваімі рукамі падарунак сябру ў гэтай тэхніцы. Дапамагалі і сама Каця, якая надаўна скончыла школу мастацтваў, і яе малодшы брат.
Экспрэс “Неразлучныя сябры — дарослыя і дзеці” вазіў сваіх пасажыраў на сямейныя мерапрыемствы. У адкрытай гасцёўні мамы падзяліліся з дзецьмі сакрэтамі стварэння дамашняга ачага, а тыя нагадалі матулям любімыя песні іх маладосці. Бабулі для юных гаспадынек прыадкрылі таямніцы прыгатавання прысмакаў, а самым маленькім “з куфэрка насыпалі поўныя прыгаршчы казак”. Для татаў і сыноў прайшоў рыцарскі турнір “Таты могуць усё, што заўгодна”. Напрыканцы ўсе разам стваралі сямейныя альбомы: высвятлялі, адкуль пайшлі іх прозвішчы, кім былі продкі, чым праславілі сям’ю.
“Зараз праект у самым разгары, — гаворыць Наталля Пятроўна. — Зімой і вясной мы плануем правесці выставу “Календароў сямейных дат”, аформіць сумесную музейную экспазіцыю “Традыцыі маёй сям’і”, выпусціць зборнік памятак для бацькоў “Дзесяць запаветаў бацькоўства”, буклетаў “Гутарыце з дзіцем на мове гульні”, лістовак “У гульні гуляем — памяць развіваем”. Будзе створаны экран дасягненняў “Што мы змаглі, калі сталі разам”, а напрыканцы мая пройдзе “Мінута сямейнай славы”, дзе ўдзельнікі пакажуць сямейныя нумары”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.