Пачынаем у Акіяніі, заканчваем на астравах Кука

Ці даводзілася вам калі-небудзь бачыць, як людзі саджаюць дрэвы па калена ў вадзе? Менавіта так гэты працэс выглядае на Філіпінах. Тым, хто вырас і жыве ў Беларусі, гэта здаецца дзіўным. Такім жа дзіўным, як і для насельнікаў аргенцінскай правінцыі Чубут той факт, што ў нашай краіне можна жыць на тэрыторыі Нацыянальнага парку. І толькі атрымаўшы інфармацыю пра Нацыянальны парк, які размясціўся ў гэтай далёкай правінцыі, вы зразумееце, у чым справа.
Школьнікам з сярэдняй школы № 2 курортнага пасёлка Нарач Мядзельскага раёна пашанцавала. Яны маюць унікальную магчымасць аб усім даведацца з першых вуснаў. Шматлікія міжнародныя выхаваўчыя і адукацыйныя праекты, у якіх навучэнцы ўдзельнічаюць разам са сваёй настаўніцай Валянцінай Станіславаўнай Шпакоўскай, знаёмяць іх з жыццём розных краін свету, а таксама становяцца пачаткам самага сапраўднага сяброўства.

У век інтэрнэту ўжо нікога не здзіўляе, што можна падтрымліваць зносіны з людзьмі, якія жывуць за тысячы кіламетраў ад цябе. І тым не менш уявіце сабе радасць і прыемнае здзіўленне беларускіх падлеткаў, якія атрымалі пасылку з падарункамі з далёкай Аргенціны. Аднак аб усім па парадку…
Нарачанская школа № 2 адным са сваіх кірункаў дзейнасці мае экалагічную адукацыю і выхаванне, што само па сабе натуральна, бо яна знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Яшчэ ў 2009 годзе педагогі і дзеці пачалі ўдзельнічаць у міжнароднай праектнай дзейнасці, якая сёння перарасла ў цеснае і цікавае супрацоўніцтва. Каардынатарам усіх праектаў з’яўляецца міжнародная адукацыйна-рэсурсная сетка iEarn.
“Адным з нашых першых праектаў стала вядомая цяпер у Беларусі акцыя ENO “Пасадзі дрэва”, — расказвае Валянціна Станіславаўна Шпакоўская. — Сутнасць яе ў тым, што два разы на год у пэўны дзень тысячы школ з 150 краін свету высаджваюць дрэвы. Першыя высаджваюцца ў Акіяніі, затым, па меры наступлення светлавога дня, да пасадкі падключаюцца Азія, Еўропа і Афрыка. Апошнімі высаджваюцца дрэвы на Гаваях і астравах Кука. Дарэчы, першая падобная акцыя была арганізавана ў свеце яшчэ ў 2004 годзе, крыху пазней у гэтым жа годзе яе пачынальніца Вангары Маатай атрымала Нобелеўскую прэмію за арганізацыю грамадскага руху па пасадцы дрэў “Зялёны пояс”.

Кожны год мы пасылаем у штаб-кватэру праекта, якая знаходзіцца ў Фінляндыі, справаздачу аб зробленай рабоце. Колькі дрэў мы пасадзілі? Думаю, цяпер не зможам і падлічыць. Вельмі шмат на тэрыторыі парку “Нарачанскі”, яшчэ больш у лясніцтвах. Кожны раз не менш за гектар. Аднак нашай мэтай была не колькасць дрэў, а далучэнне дзяцей да праблем аховы прыроды, хацелася даць ім магчымасць адчуць сябе часткай міжнароднай чалавечай супольнасці, часткай усяго свету”.
Што адбываецца ў гэты час у іншых краінах свету? Якія дрэвы саджаюць равеснікі нарачанскіх падлеткаў у розных кутках зямнога шара? Фотаздымкі з Філіпін, дзе дзеці саджаюць дрэвы прама ў вадзе, сталі адкрыццём для нарачанскіх школьнікаў, гэтак жа як і віды дрэў, якія высаджваюцца ў пясчаную глебу Аргенціны. Нарадзіўся інтарэс, і беларускія падлеткі, якія раней нічога падобнага не бачылі, агучвалі свае пытанні на ўроках біялогіі, у аб’яднаннях па інтарэсах.

Аргенціна ўвогуле стала асаблівай краінай для сярэдняй школы № 2 Нарачы. Так склалася, што школьнікі абедзвюх краін удзельнічалі разам у некалькіх праектах, а калі стартаваў міжнародны праект My school — your school (“Мая школа — твая школа”), то высветлілася, што дзеці з аргенцінскай правінцыі Чубут, гэтак жа як і іх беларускія равеснікі, тэрытарыяльна звязаны з Нацыянальнымі паркамі.
“Аднак, калі мы жывём на тэрыторыі парку, то нашы аргенцінскія сябры побач з ім, — адзначае Валянціна Станіславаўна. — І для іх незразумела, як можна жыць у парку. Уся справа ў тым, што Нацыянальны парк у Аргенціне ўяўляе сабой тэрыторыю акамянелых дрэў. І колькі мы ні тлумачылі, што наш парк мае зусім іншую спецыфіку, яны не маглі гэта ўявіць”.
Усё ж убачыць прыгажосць беларускай прыроды некаторым з юных аргенцінцаў удалося. Не так даўно яны прымалі ўдзел у чэмпіянаце свету па таэквандо, які праходзіў у Мінску. Ужо са сталіцы патэлефанавалі ў Нарач і сказалі, што прывезлі для беларускіх сяброў падарункі. Валянціна Станіславаўна тэрмінова сабрала сваіх выхаванцаў, і зусім хутка была падрыхтавана пасылка з сувенірамі ў адказ.
“Вы не ўяўляеце, колькі радасці было, — падкрэслівае мая суразмоўца. — Пра гэту сустрэчу і абмен падарункамі напісала нават буйная аргенцінская газета. Мы атрымалі сувеніры са скуры, аргенцінскі сцяг, невялікія кубкі з трубачкамі, з якіх п’юць знакамітую аргенцінскую гарбату матэ, а таксама нацыянальныя галаўныя ўборы. Нашым адказам стаў беларускі сцяг і невялікія ілюстраваныя кніжкі пра Нарач і Нацыянальны парк “Нарачанскі”. Хацелася, каб аргенцінцы ведалі, у якой прыгажосці мы жывём. А яшчэ мы зрабілі відэакліп пра наш цудоўны край, дзе пад вядомую песню Анжалікі Агурбаш дэманструюцца беларускія краявіды і помнікі архітэктуры. Дадалі да пасылкі сувеніры з керамікі, льняныя сурвэткі, саламяныя сувенірчыкі. Таксама адправілі ў Аргенціну беларускі буквар”.
Цікава, што праз нейкі час з Аргенціны прыйшоў фотаздымак, на якім сябры з Лацінскай Амерыкі трымалі ў руках беларускія сувеніры.
Падобны абмен адбыўся і з міжнароднай школай Ізраіля, дзе вучацца дзеці з Ізраіля, Сірыі, Ірана, Ірака.

Міжнародны праект “Плюшавы мядзведзік” стаў яшчэ адной сувязной нітачкай паміж Беларуссю і Аргенцінай. Паводле ідэі праекта, дзеці розных краін мяняліся гэтымі цудоўнымі мяккімі цацкамі. Потым мядзведзік, які прыбыў у другую краіну, адсылаў дадому нешта накшталт нататак падарожніка, дзякуючы якім яго адрасаты на радзіме маглі даведацца як мага больш пра месца яго знаходжання. Як вы ўжо зразумелі, у пасёлак Нарач прыбыў аргенцінскі Тэдзі, а ў Аргенціну паляцеў мяккі “беларус” Мішка.
Як адзначаюць нарачанскія педагогі, гэта дало магчымасць не толькі ўдасканаліць навыкі пісьма, але і паглядзець на сябе збоку, бо электронныя лісты за Тэдзі прыходзілася пісаць ад імя замежнага госця.
Чым жа займаўся Тэдзі ў Нарачы? Хадзіў у госці, наведваў спаборніцтвы, слухаў беларускія казкі, гуляў па лесе, любаваўся возерам Нарач і вельмі-вельмі шмат фатаграфаваўся. Павінны ж бачыць у Аргенціне, як цікава ён праводзіць час.
Самі дзеці адзначалі, што праект дапамог ім шмат даведацца пра іншую краіну: “Калі Тэдзі прыляцеў да нас, здавалася, што і частка Аргенціны перамясцілася ў Беларусь. Нашы бацькі так радаваліся, калі мішка жыў у кожнага з нас дома. Нам здавалася, што ён жывы і разумее ўсё, пра што мы расказваем. Мы разам пісалі лісты ў Аргенціну і, канечне ж, з нецярпеннем чакалі расказаў пра падарожжы нашага Мішы”.

Яшчэ адным праектам, які надоўга запомніўся ў 2-й школе, стаў праект “Свет у кроплі вады”, у якім партнёрамі нарачанскіх школьнікаў былі іх аднагодкі з Масквы. Мэтай праекта стала павышэнне экалагічнай культуры не толькі дзяцей і педагогаў, але і бацькоў.
“Ён цікавы тым, што меў некалькі кірункаў, — адзначае Валянціна Станіславаўна. — Напрыклад, гісторыка-этнаграфічны, у рамках якога праводзіўся конкурс гісторый і легенд, мы пісалі казкі і паданні пра ваду. Дэкаратыўна-мастацкі конкурс “Гармонія ў вадзе” прынёс вялікую колькасць вырабаў, малюнкаў, пано. Атрымалася вельмі прыгожая выстава, якую мы ладзілі ў Маскве. Работы маскоўскіх школьнікаў у сваю чаргу выстаўляліся ў Нарачы”.
Таксама дзеці фантазіравалі на тэму, якія прыборы можна выкарыстоўваць для ачысткі вады. Атрымаўся творчы конкурс, дзе былі прадстаўлены самыя нечаканыя альтэрнатывы сучасным прыборам.
Прымаць удзел у самых розных праектах навучэнцам школы № 2 дапамагаюць веданне іспанскай і англійскай моў. Напрыклад, англійская мова спатрэбілася для ўдзелу ў конкурсе “Лес міру і дабра”, дзе трэба было прыдумаць тэматычныя гісторыі для аднайменнай электроннай кнігі. Таксама менавіта на англійскай мове праводзілася міжнародная кампанія па захаванні клімату “Думай пра клімат”, у рамках якой прайшоў Марш жабак.

Адным з самых папулярных англамоўных выхаваўчых і адукацыйных праектаў штогод з’яўляецца абмен каляднымі паштоўкамі, у якім прымаюць удзел школьнікі многіх краін. Часта менавіта з яго і пачынаецца міжнароднае супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі школамі.
“Нам яшчэ і цяпер працягваюць прыходзіць паштоўкі, — усміхаецца мая суразмоўца, — напрыклад, са Злучаных Штатаў Амерыкі, бо, самі разумееце, адлегласць сур’ёзная. Мы атрымалі віншаванні з Тайваня, Славакіі, Славеніі, Аргенціны, Пуэрта-Рыка, Канады… І асабліва нас уразілі паштоўкі з Тайваня. Прыемна здзівіла якасць іх выканання, гэта вельмі тонкая работа. Самі паштоўкі мініяцюрныя па памерах і фантастычна прыгожыя. Мы паслалі свае навагоднія і калядныя віншаванні нашым сябрам, пры гэтым юныя аўтары работ пакідалі ў канцы віншаванняў уласныя электронныя адрасы. І цяпер, наколькі я ведаю, паміж многімі з дзяцей завязалася перапіска.
Я з прыемнасцю ўспамінаю наш удзел у першых міжнародных праектах. Што для мяне самае галоўнае ў гэтым? Ды, бадай, тое, што, ужо нават скончыўшы школу, паехаўшы з роднай Нарачы, мае вучні працягваюць падтрымліваць адносіны з сябрамі з Аргенціны і Ізраіля, з якімі яны пазнаёміліся дзякуючы нашай рабоце. А што можа быць важнейшым, чым чалавечыя адносіны?!”

Наталля АЛЁХІНА.