Любоў і маладзечанскія галубы

Пры характарыстыцы музея арніталогіі “Птушкі і мы” гімназіі № 3 Маладзечна Мінскай вобласці варта некалькі разоў ужыць слова “адзіны”. Па-першае, гэта адзіны ў краіне музей птушак; па-другое, адзіны музей, дзе расказваецца пра гісторыю і традыцыі айчыннай птушкагадоўлі; па-трэцяе, адзіны музей, дзе наведвальнікаў сустракаюць не словамі экскурсаводаў кшталту “добры дзень” або “рады вітаць у нашай зале”, а звонкім шчабятаннем канарэек і задуменным буркаваннем галубоў. І, нарэшце, гэта ці не адзіны музей установы адукацыі, якім кіруе не настаўнік гісторыі, геаграфіі або мовы і літаратуры, а… адстаўны супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

Лепш “каханне”

Усё ж нездарма здымачная група фільма “Каханне і галубы” выбрала для сваёй кінакарціны менавіта такую назву. Галубіная любоў — моцная, адзіная, на ўсё жыццё, яна вытрымае розныя жыццёвыя нягоды і нават здраду. І нам, людзям, безумоўна, варта павучыцца вернасці ў гэтых міралюбівых птушак. І яшчэ… Пасля таго як некалькі хвілін назіраеш за “пацалункамі” голуба і галубкі, за іх пяшчотнымі “абдымкамі”, разумееш, што ў Правілы беларускай арфаграфіі варта ўнесці дапаўненні і называць гэтыя птушыныя ўзаемаадносіны не любоўю, а больш рамантычным словам — “каханне”.
Такую ідылічную карціну кіраўнік арніталагічнага музея Дзмітрый Дзмітрыевіч Халадзінскі назірае амаль кожны дзень. І ўсё ж не толькі дзеля гэтага ў 1994 годзе на базе ўстановы адукацыі ствараўся спачатку арніталагічны гурток, потым клуб пеўчых дэкаратыўных птушак і галубоў, а пазней, у 2006 годзе, і музей. Галоўная мэта актыўнай арніталагічнай і педагагічнай дзейнасці Дзмітрыя Дзмітрыевіча з адміністрацыяй гімназіі заключаецца ў адраджэнні былой славы айчыннай голуба- і канарагадоўлі. Далучэнне навучэнцаў да гэтай справы выхоўвае ў дзяцей не толькі павагу да нашых крылатых сяброў, але і фарміруе пачуццё прыгожага і нават добры густ. Адбываецца гэта на занятках клуба падчас знаёмства з асаблівасцямі паводзін, характару, афарбоўкай апярэння розных парод дэкаратыўных птушак і, канечне, падчас музейных экскурсій.

Адзіны, беларускі

З гісторыяй і традыцыямі голуба- і канарагадоўлі наведвальнікі музея знаёмяцца ў трох раздзелах экспазіцыі: гісторыі голубагадоўлі ў Рэспубліцы Беларусь, гісторыі канарагадоўлі і гісторыі развядзення і ўтрымання дзікіх птушак у хатніх умовах.
— На размешчаных у першым раздзеле стэндах адлюстравана ўся гісторыя голубагадоўлі ў нашай краіне. Цэнтральнае месца займае вялікі стэнд, на якім змешчаны ілюстрацыі пяці прыродных відаў галубоў і парод, выведзеных чалавекам у выніку штучнай селекцыі. Можна толькі здзіўляцца цярпенню, ведам, навыкам і любові да птушак людзей, якім удалося атрымаць такую прыгажосць. Узяць для прыкладу адну з самых старадаўніх парод селекцыйных галубоў — арлоўскага белага, выведзенага адным з трох знакамітых братоў Арловых. Дарэчы, наведвальнікі заўсёды здзіўляюцца, калі гавару ім пра тое, што чыстакроўны белы арлоўскі каштуе, як новы аўтамабіль прадстаўнічага класа, — расказвае Дзмітрый Дзмітрыевіч.
Асаблівая ўвага падчас экскурсіі ў першым раздзеле экспазіцыі ўдзяляецца апісанню адзінай чыстакроўнай беларускай пародзе галубоў — мінскаму бярозаваму — адной з самых маладых парод галубоў у свеце. Гэтая сітуацыя была выпраўлена ў 1981 годзе, і пастараліся нашы селекцыянеры-галубаводы, як кажуць, на славу. На кожнай выставе дэкаратыўных птушак голуб-беларус абавязкова заваёўвае кубкі і прызы. Аднак у апошні час адбываецца несанкцыянаваны вываз гэтай пароды з нашай краіны. І цяпер мін-скага бярозавага хутчэй сустрэнеш не на беларускіх выставах, а ў прыватных калекцыях за мяжой.
Каб змяніць гэтую сітуацыю, на базе арніталагічнага музея трэцяй маладзечанскай гімназіі пры аддзеле голубагадоўлі ў Рэспубліцы Беларусь створаны Цэнтр селекцыі племянной работы па захаванні адзінай беларускай пароды галубоў. Гэтай справай займаюцца сем чалавек. Акрамя Дзмітрыя Дзмітрыевіча і яго сына, сюды ўваходзяць іншыя аматары-галубаводы і былыя навучэнцы гімназіі. Актыўную дапамогу аказваюць і сённяшнія юныя ўдзельнікі клуба.
Работа па адраджэнні былой славы айчыннай голубагадоўлі знаходзіцца яшчэ на пачатковым этапе. Як паведаміў Дзмітрый Дзмітрыевіч, у Маладзечне створаны своеасаблівы галубадром, адкуль элегантныя птушкі стартуюць у неба і паказваюць, гаворачы прафесійнай мовай галубаводаў, палётныя даныя. Неад’емнай часткай будучай работы цэнтра стануць і аднадзённыя выставы айчыннай пароды галубоў з абавязковым удзелам лепшых калекцыянераў мінскага бярозавага. Тое, што гэтыя выставы будуць арганізоўвацца на самым высокім узроўні, можна не сумнявацца. У Дзмітрыя Дзмітрыевіча і яго калег-аднадумцаў падобны вопыт больш чым дастатковы. Пра гэта сведчыць вялікі шкляны куб, як знаходзіцца ў цэнтры першага раздзела экспазіцыі і ў якім захоўваюцца дыпломы, вымпелы з выстаў 10, 20, 30 і нават 40-гадовай даўнасці. Побач чорна-белыя фотаздымкі.
— Вось унікальны фотаздымак, у адзіным экзэмпляры. На ім удзельнікі І Рэспубліканскай выставы дэкаратыўных парод птушак. Арганізавана выстава была ў 1960 годзе секцыяй пеўчых дэкаратыўных птушак і галубоў, створанай за год да гэтай падзеі пры Рэспубліканскім таварыстве аховы прыроды, — адзначыў кіраўнік музея.

Хлопчык з галубамі

Калі гаварыць пра тэхнічны бок афармлення экспазіцыі, то варта адзначыць, што чорна-белыя фотаздымкі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, унікальны не толькі сваёй гістарычнай каштоўнасцю, але і мастацкімі якасцямі. Увагу адразу прыцягвае серыя фотаздымкаў, якую можна ўмоўна назваць “Хлопчык з галубамі”. Колькі шчасця ў дзіцячых вачах ад таго, што яму далі патрымаць птушку, а колькі радасці ў вачах дарослых, якія стаяць побач і з усмешкай сочаць за тым, каб голуб раптоўна не вылецеў з дзіцячых рук!
— Гэта мае сыны, а побач — я. Хіба не падобны? — усміхаючыся, спытаў Дзмітрый Дзмітрыевіч і дадаў: — Фотаздымкам больш за 30 гадоў.
Наогул, голубагадоўля — сямейная справа Халадзінскіх. Яшчэ бацька Дзмітрыя Дзмітрыевіча быў паважаным у Мінску галубаводам. І нядзіўна, што ўсе самыя прыемныя дзіцячыя ўспаміны Дзмітрыя Дзмітрыевіча звязаны з галубамі. З асаблівай цеплынёй кіраўнік музея расказваў пра тое, як ён разам з сябрамі з нецярпеннем чакаў таго моманту, калі дарослыя давалі ў рукі галубоў і на лік “тры” дзеці дружна адпускалі іх у неба. Як там птушкі паказвалі незвычайныя піруэты (кожны ў залежнасці ад сваёй пароды), як потым дружна сядалі на галубятню!
— Гавораць, што моладзь цяпер іншая. Так, яна стала больш дасканалай у плане камп’ютарнай і тэхнічнай асветы. Аднак сучасныя навучэнцы, як калісьці і мы ў дзяцін-стве, таксама з нецярпеннем чакаюць той хвіліны, калі я адкрыю вальер і дастану адтуль мінскага бярозавага. На іх тварах тое ж шчырае захапленне і тая ж радасць, якую калісьці адчуваў сам у дзяцінстве, якую пазнаў і мой сын, — адзначыў Дзмітрый Дзмітрыевіч.
Для пацвярджэння гэтых слоў мой суразмоўца запрасіў на перапынку да вальераў некалькіх навучэнцаў. Не буду падрабязна апісваць увесь рытуал даставання і перадачы птушкі ў дзіцячыя рукі, адзначу толькі, што ў выніку атрымалася тая ж карціна, што і на чорна-белых фотаздымках з серыі “Хлопчык з галубамі”.
Акрамя інфармацыі пра пароды галубоў, у першым раздзеле экспазіцыі захоўваюцца кнігі па голубагадоўлі (многія з аўтографамі аўтараў), даследчыя работы навучэнцаў па адпаведнай тэматыцы, а таксама кармушкі, створаныя рукамі навучэнцаў. І гэта не проста драўляныя домікі, гэта сапраўдныя птушыныя палацы, якія хлопчыкі і дзяўчынкі кожную зіму развешваюць на тэрыторыі гімназіі, запрашаючы крылатых сяброў на смачны абед. Сярод кармушак ёсць і ўніверсальныя, якія прапануюць птушкам паласавацца насеннем сланечніка, крошкамі хлеба, кавалачкамі сала і свіным тлушчам. Кожны год на базе музея сярод навучэнцаў праходзяць конкурсы на лепшую шпакоўню-сінічнік і лепшую кармушку. Сярод самых арыгінальных конкурсных работ, якія займаюць ганаровае месца ў экспазіцыі, прыродная кармушка — нараст на дрэве з адтулінай, які некалькі гадоў назад знайшоў навучэнец гімназіі, акуратна адпілаваў і прынёс у музей.
Падобныя экспанаты (фотаздымкі, спецыяльная літаратура, стэнды з інфармацыяй пра птушак) захоўваюцца і ў раздзеле, прысвечаным канарагадоўлі. Асабліва цікавымі з’яўляюцца самаробныя клеткі для ўтрымання канарэек, адну з якіх у свой час змайстраваў заслужаны артыст балета канаравод-аматар Яўген Міхайлавіч Глінскіх. У трэцім раздзеле прадстаўлена інфармацыя пра дзікія віды птушак, якіх удалося прыручыць чалавеку. Тут і фотаздымкі, і стэнды з неабходнай інфармацыяй, і калекцыя птушыных яек.
Асабліва памятнай будзе экскурсія ў гімназічны птушнік. Акрамя некалькіх парод галубоў (напрыклад, мінскага бярозавага, паўночнакаўказскага чарнахвостага, тульскага манаха), тут мітусяцца, чырыкаюць, спяваюць і зелянушка, і шчыгол, і дубанос, і нават вялікі стракаты дзяцел. Гэта ўсё нашы беларускія птушкі. Сярод замежных гасцей — японская перапёлка, папугай карэла. Усяго ў гэтым незвычайным птушыным інтэрнаце ў пяці вальерах-пакоях жыве каля трох дзясяткаў жыхароў.

Асабісты ўклад

Пасля наведвання арніталагічнага музея і цікавай размовы з Дзмітрыем Дзмітрыевічам Халадзінскім мне таксама захацелася адчуць сябе галубаводам, зрабіць хоць невялікі, але свой уклад у справу адраджэння айчыннай голубагадоўлі. Думаю, набыццё на маладзечанскім аўтавакзале вялікага і смачнага батона і сумесны абед на пероне са шматлікімі прадстаўнікамі пароды шызага голуба сталі добрай справай.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.