“Добры Open” для юных “сакратаўцаў”

Аб тым, што сучасных навучэнцаў нічога, акрамя камп’ютара, не цікавіць, гавораць выключна тыя людзі, якія нават не спрабавалі разабрацца ў інтарэсах і магчымасцях дзяцей. І калі папрасіць такіх “добразычліўцаў” прыдумаць для навучэнцаў цікавы занятак, яны знойдуць тысячу і адну прычыну гэтага не рабіць. Між тым, калі ёсць жаданне, можна з лёгкасцю знайсці такую сферу дзейнасці для падлеткаў, якая прынясе не толькі задавальненне, але і карысць. Да ліку карысных захапленняў можна аднесці інтэлектуальныя заняткі ў клубах знатакоў. І Андрэй Аляксеевіч Паўлухін, трэнер клуба інтэлектуальных гульняў “Мідгард”, які дзейнічае ў Рагачоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці, ведае аб гэтым як ніхто іншы.

— Андрэй Аляксеевіч, клуб інтэлектуальных гульняў “Мідгард” узнік не так даўно. Што вас падштурхнула да яго стварэння?
— Клуб быў створаны ў снежні 2010 года. Паводле скандынаўскай міфалогіі, “Мідгард” — гэта свет людзей, які знаходзіцца на сусветным дрэве Ігдрасіль. Да таго часу, як стварыць свой клуб, я ўжо меў багаты вопыт і ў гульнях, і ў рабоце трэнера. Увогуле любоў да інтэлектуальных гульняў з’явілася яшчэ тады, калі я сам быў школьнікам, вучыўся ў 8 класе. Памятаю, як каманда, сабраная з навучэнцаў майго класа, удзельнічала ў школьным турніры і стала пераможцай. Пасля гэтага тагачасны кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў “Сакрат” Аляксандр Самуілавіч Лейкін запрасіў нас на гарадскі тур. Мы, школьнікі, з радасцю прынялі запрашэнне і, зразумела, не занялі ніякага месца: прайгралі з-за таго, што нашымі сапернікамі былі прафесійныя клубныя каманды. Праз некаторы час я стаў гульцом зборнай Аляксандра Лейкіна. Я вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку за тое, што ён адкрыў для мяне свет інтэлектуальных гульняў. Дарэчы, праз некалькі гадоў менавіта мне выпала магчымасць кіраваць “Сакратам”. Я пачаў трэніраваць дзіцячыя каманды. Некаторыя з іх дасягнулі сур’ёзных поспехаў у інтэлектуальных гульнях.

— Ствараючы клуб, вы думалі над тым, наколькі цікава гэта будзе сучасным падлеткам?
— А як жа! Не думаючы над гэтым пытаннем, немагчыма стварыць цікавае для дзяцей аб’яднанне. Вось уявіце, што вы захацелі арганізаваць аб’яднанне па інтарэсах, якое будзе даваць веды навучэнцам, напрыклад, па асаблівасцях апрацоўкі зямлі. У прапанаванай сітуацыі вы можаце расказаць навучэнцам і пра класіфікацыю сельскагаспадарчых культур, і пра догляд за імі. Толькі праблема заключаецца ў тым, што дзецям гэтая тэма будзе нецікавай. І гэты “дачны” праект чакае поўны правал. Відавочна, што інтарэсы падлеткаў за мінулае дзесяцігоддзе змяніліся. Дзеці мала чытаюць, у іх знізіўся ўзровень ведаў у галіне гісторыі, геаграфіі і літаратуры. Затое вырасла эрудзіраванасць у камп’ютарных гульнях, кінематографе, поп-культуры і ў дэматыватарах. Прыкметна ўзрасла цікавасць і да такіх гульняў на вялікім экране, як “Медыяазбука”, “25 кадр”. Усё пацвярджае той факт, што тэкставая інфармацыя здае свае пазіцыі, саступаючы месца вобразнай.

— Як можна стаць адным з членаў “Мідгарда”? Прыйсці да вас можа любы зацікаўлены?
— Набор у “Мідгард” праходзіў ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Некаторыя дзеці, якія трэніраваліся раней у мяне, перайшлі ў “Мідгард” з “Сакрата”. Тым не менш большасць гульцоў, якія займаюцца ў клубе з 2010 года, я запрасіў у каманду падчас школьнага турніру, які праходзіў у сярэдняй школе № 2 Рагачова. Дзіўна, але адна са створаных мною каманд літаральна праз некалькі дзён заняла 2 месца на рэспубліканскім турніры ў Жлобіне. Безумоўна, гэта быў шчаслівы выпадак. Навічкі насамрэч яшчэ не былі гатовы да перамогі, яны толькі пачыналі свой шлях у сферы інтэлектуальных гульняў. Па ўласным вопыце ведаю, як цяжка канкурыраваць з вопытнымі камандамі, якія трэніруюцца не першы год. Затое дыпломы з конкурсаў прывозілі мае старэйшыя выхаванцы — былыя “сакратаўцы”.

— Каб займацца інтэлектуальнымі гульнямі, неабходна быць эрудзіраваным у многіх сферах. Якім чынам вы рыхтуеце дзяцей да турніру?
— Неяк Леанід Клімовіч сказаў: “Нам не патрэбны разумныя, нам патрэбны кемлівыя”. Эрудыцыя для мяне ніколі не з’яўлялася галоўным фактарам для набору ў клуб. Задача трэнера заключаецца ў тым, каб праз 2-3 гады звычайнага сярэднестатыстычнага вучня зрабіць гульцом сярэдняга і нават высокага класа. Я ўпэўнены ў тым, што трэнер не павінен аддаваць перавагу “хадзячым энцыклапедыям”, хаця такія людзі ў камандзе таксама павінны быць. У трэніровачным працэсе я раблю ўпор на ўзаемадзеянне гульцоў у камандзе, добразычлівую атмасферу і тэхніку. Менавіта тэхніка разумення пытання вылучае добра натрэніраваную каманду з ліку астатніх. Зараз я, безумоўна, нічога новага не скажу, але “мазгавы штурм”, як і раней, ляжыць у аснове ўсяго. Для нагляднасці можна правесці эксперымент. Уявіце, што адзін разумны гулец сядзіць насупраць трэніраванай каманды. Мы задаём адны і тыя ж пытанні і камандзе, і самастойнаму гульцу. Відавочна, што пераможа каманда. Калі ж, напрыклад, пасадзіць за стол каманду навічкоў, у якой толькі адзін чалавек будзе гаварыць і пісаць адказы, а астатнія пяцёра будуць маўчаць і абдумваць пытанне самі сабе, самастойны гулец можа перамагчы. Таму што супраць яго гуляюць не шэсць чалавек, а ўсяго толькі адзін — той, які працуе. Зыходзячы з гэтага, варта адзначыць, што задача трэнера — зрабіць так, каб каэфіцыент карыснага дзеяння каманды быў роўны шасці, а не аднаму. “Што? Дзе? Калі?” не любіць лянівых.

— Ведаю, што вы заснавалі “Кубак “Мідгарда” — самы маштабны Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях для ювеналаў.
— Так, “Кубак “Мідгарда” — гэта мая ініцыятыва. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць самыя маленькія гульцы — дзеці, якія вучацца ў 5—7 класах, і ювеналы (8-9 класы). Дарэчы, турніраў для згаданай узроставай катэгорыі дзяцей у краіне право-дзіцца мала, і наш — адзін з самых маштабных. Год назад “Кубак “Мідгарда” набыў міжнародны статус — да нас далучыліся гарады-пабрацімы Рагачова з Расіі і Украіны. У рамках фестывалю праводзіцца Міжнародны турнір па гульні “Што? Дзе? Калі?” пад назвай “У сяброўстве — адзіныя!”.
Ужо літаральна праз два тыдні, 28 сакавіка, пройдзе ІІІ “Кубак “Мідгарда”. Сёлета мы чакаем у госці юных знатакоў з Мінска і Мінскай вобласці, з Гомельскай, Магілёўскай і, магчыма, Віцебскай абласцей. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву нашага ЦТДіМ, аддзелу адукацыі, спорту і турызму і гарадской адміністрацыі за ўклад у інтэлектуальны рух. Дзякуючы ім, на нашым турніры будуць кубкі і прызы, а гэта ў наш час на інтэлектуальных гульнях вялікая рэдкасць.

— Андрэй Аляксеевіч, ведаю, што па спецыяльнасці вы бібліятэкар. Можа, пытанні для турніраў рыхтуеце пры дапамозе кніг?
— Не, пытанні ў бібліятэцы не рыхтую. Бібліятэчная сістэма ўжо даўно не з’яўляецца манапалістам у сферы захоўвання і перадачы інфармацыі. Усё, што мяне цікавіць, я магу знайсці пры дапамозе пошукавых сістэм. Пры жаданні можна нават адшукаць старажытныя рукапісы і копіі гістарычных крыніц. І для гэтага мне не патрэбна сістэма бібліятэчнай класіфікацыі, каталогі і картатэкі, на працу з якімі патрэбна многа часу. У інтэрнэце ўсё намнога прасцей. Што да мастацкай літаратуры, то яе чытаю з электроннай кнігі, памяць якой, дарэчы, перавышае аб’ёмы кнігасховішча сярэднестатыстычнай цэнтральнай бібліятэкі. Выснова несуцяшальная. Бібліятэкі павольна ператвараюцца ў музеі. З кожным годам чытачоў там будзе ўсё менш. Я не лічу, што гэта правільна і добра, але гэта непазбежнае наступленне тэхналогій будучыні.

— Тым не менш з літаратурай вас аб’ядноўвае не толькі адукацыя. Вы — пісьменнік-фантаст.
— Дазвольце зрабіць невялікае ўдакладненне: я — былы пісьменнік, ці пісьменнік, які “дрэмле”. У мяне выйшлі чатыры кнігі, дзве з якіх выдадзены ў буйных расійскіх выдавецтвах. Большая частка маіх твораў напісана ў стылі кіберпанк і закранае тэхналагічны і маральны воблік будучыні. Мой апошні раман “Час ценяў” выйшаў у 2007 годзе. З той пары, калі не лічыць апавяданняў, я нічога маштабнага не пісаў. Дагэтуль чакаюць свайго часу два незавершаныя раманы, якія адкладзены ў стол. Прычын, па якіх больш не пішу, некалькі. Па-першае, у мяне змянілася сфера інтарэсаў. Па-другое, прафесійна зарабляць літаратурай у Беларусі немагчыма. Па-трэцяе, на гэтым этапе я пераасэнсоўваю карціну свету. І сваю творчасць — у тым ліку.

— Андрэй Аляксеевіч, штогод вы ўдзельнічаеце ў арганізацыі і правядзенні Міжнароднага лагера дружбы дзяцей славянскіх народаў “Крынічка”. Напэўна, і ўдзельнікі “Мідгарда” з задавальненнем займаюцца турызмам…
— Так, дзеці з задавальненнем прымаюць удзел у турыстычным жыцці нашага раёна — наведваюць “Крынічку” ў складзе атрадаў сваіх школ. Можа, гэта падасца дзіўным, але, дзякуючы “Крынічцы”, да мяне ў “Мідгард” штогод прыходзяць новыя гульцы. Мінулым летам у клуб запісаліся дзеці, якія дазналіся пра “Што? Дзе? Калі?” менавіта ў міжнародным лагеры. Яны адгулялі на Добрым возеры Міжнародны турнір “Добры Open”, канцэпцыю якога я некалі прыдумаў. Дарэчы, зараз гэтыя дзеці гуляюць у складзе каманды “Эфект фрустрацыі”. Упэўнены, іх чакае вялікая будучыня, таму што яны займаюцца тым, што ім насамрэч цікава!

Наталля ДУБІК.