Танцуюць усе!

Трапіць у сярэднюю школу № 30 Мінска заўсёды многа жадаючых і сярод вучняў, і сярод настаўнікаў. Пра той узровень, на якім выкладаюць свае прадметы настаўнікі, гавораць вынікі на алімпіядах і конкурсах. А вось іх поспеху дапамагаюць педагогі-арганізатары. Якім чынам? Сакрэтамі дзеліцца Павел Аляксандравіч Радкевіч.

Географ-арганізатар

Першы раз словы “Добры дзень! Сядайце, калі ласка” вучням сталічнай школы № 30 Павел Аляксандравіч Радкевіч сказаў на ўроках геаграфіі, яшчэ калі быў студэнтам 5 курса БДПУ імя Максіма Танка. А калі пасля ўніверсітэта ўдалося вярнуцца сюды па размеркаванні настаўнікам геаграфіі і біялогіі, адразу паставіў сабе задачу: працаваць на адпаведным узроўні, каб тое, што ён робіць, падабалася і самому, і дзецям, і адміністрацыі. І хоць гэтая праца была яму даспадобы, былі нядрэнныя вынікі ў навукова-практычных канферэнцыях, ён адразу ўключыўся ў арганізацыйную работу. Пад пахай, акрамя класных журналаў, усё часцей насіў стосы сцэнарных распрацовак, а ў галаве — новыя і новыя ідэі для школьных мерапрыемстваў.
Пачынаючы з 2011 года па прапанове адміністрацыі перайшоў на пасаду педагога-арганізатара. Дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Чурбанава бачыла ў асобе Паўла Аляксандравіча прэтэндэнта на пераможцу конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2011” у намінацыі “Педагог-арганізатар” і конкурсу “Мінскі майстар — 2011”. І мела рыцыю: у абодвух гэтых конкурсах ён перамог. Увогуле, узнарод у маладога настаўніка за гэтыя амаль чатыры гады было многа. Нядаўна за праектную работу па сістэме калектыўных творчых спраў ён атрымаў прэмію Мінгарвыканкама. Дыпломы на сцяне ў рамачках у яго кабінеце не вісяць. Па-першае, для яго гэта не мае вялікага значэння, а па-другое, улічваючы іх колькасць, яны заслоняць цудоўнае графіці на ўсю сцяну.
Творчы запал і арганізатарскія здольнасці былі ў Паўла яшчэ ў школе. А калі стаў студэнтам, адразу заняў актыўную пазіцыю: з першага да апошняга курса ўзначальваў студэнцкі савет факультэта, быў актывістам, прымаў удзел у зорных паходах па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, чатыры гады выступаў за зборную каманду КВЗ педагагічнага ўніверсітэта і быў завадатарам на факультэце, арганізоўваў канцэрты, акцыі, дыскатэкі і іншыя мерапрыемствы нават для ўсяго ўніверсітэта.
Першы вопыт арганізацыі дзіцячага вольнага часу атрымаў падчас педагагічнай практыкі пасля 3 курса ў дзіцячым лагеры “Лясная казка”, што пад Мар’інай Горкай Мінскай вобласці. Менавіта тады, калі ўбачыў, што ў яго гэта атрымліваецца, хлопец зразумеў, што гэта яго прызванне. Праз год ён зноў вярнуўся туды на лета важатым. А пасля ўніверсітэта ў яго жыцці з’явілася школа.

Свая каманда

Да сябе ў каманду Павел пераманіў сваіх лепшых студэнцкіх сяброў. Вікторыя Мікалаеўна Кавальчук была суседкай у інтэрнаце і памочніцай пры арганізацыі любога мерапрыемства, цяпер — яго паплечніца і таксама працуе педагогам-арганізатарам (у школе больш за 1300 дзяцей — аднаму тут не справіцца). З імі ў звязцы і настаўніца хіміі Таццяна Сяргееўна Грачова, тут жа настаўнічае і яе муж. Літаральна месяц назад настаўніцай англійскай мовы яшчэ працавала з імі Дар’я Сяргееўна Адаменка, таксама заўзятая ўдзельніца КВЗ, якая цяпер памяняла месца працы. Да гэтай каманды далучыліся і іншыя педагогі, а тыя, для каго яны ажыццяўляюць свае самыя смелыя ідэі, проста захапляюцца сваімі неардынарнымі настаўнікамі.

Настаўніцкі рок зрабіў сапраўдны фурор

Сярод безлічы яркіх, запамінальных мерапрыемстваў складана вылучыць самае-самае. Для іх не хапае субот, таму часта яны праводзяцца ў буднія дні. А хто сказаў, што адпачываць можна толькі па выхадных? Педагогі школы прапанавалі школьнікам цудоўны варыянт падбадзёрыцца і расправіць спіны пасля сядзення на ўроках.
Адзін раз у год школа патанае ў танцавальных рытмах. Пра тое, што ў гэты дзень у школе будзе весела, ведаюць нават жыхары бліжэйшых дамоў і прахожыя, якія спяшаюцца раніцай на працу. Для ўсёй малодшай школы, а гэта каля 500 дзяцей, гэты дзень пачынаецца з музычнай зарадкі прама перад школай. З дынамікаў вырываюцца вясёлыя гімнастычныя кампазіцыі, а пад гэтыя рытмы школьнікі і настаўнікі весела настройваюцца на музычны дзень.
У гэты дзень на кожным перапынку фае школы ператвараецца ў танцпляцоўку. Пускаюцца ў вір танца ўсе жадаючыя, незалежна ад узросту і харэаграфічнай падрыхтаванасці. Сярод іх ёсць і тыя, хто займаецца ў школьных, гарадскіх харэаграфічных студыях, і тыя, хто проста не змог устаяць на месцы. А каб задзейнічаць усіх, праводзяцца флэш-мобы: за педагогамі танцавальныя рухі паўтарае ўся школа.
“Наша школа танцуе ўжо тры гады, — гаворыць Павел Аляксандравіч. — Мы спрабавалі выкарыстоўваць розныя формы. Напрыклад, першы раз фае дзялілася папалам, і каманды вучняў і настаўнікаў станавіліся адна насупраць другой. Ім мы ўключалі паўхвілінныя нарэзкі музычных трэкаў: па пяць для кожнай каманды. І ў мінулым годзе, і сёлета жадаючых было значна больш — арганізаваліся ўжо тры каманды. Каб прадаставіць усім месца і даць магчымасць выпусціць пару, мы вырашылі выступаць па чарзе”.
Такое адчуванне, што гэтую школу архітэктары праектавалі спецыяльна для такіх відовішчных шоу. Яна трохпавярховая, і фае, якое ператвараецца ў танцпляцоўку і сцэну адначасова, як на далоні ў гледачоў з балконаў другога і трэцяга паверхаў. Асабліва гэта актуальна, калі трэба хутка заняць глядацкае месца, — перапынкі ўсяго толькі па 15 хвілін.
Але кульмінацыя дня наступіла пасля чацвёртага ўрока, на самым вялікім перапынку. Гэта былі 20 хвілін танцавальнага паядынку паміж камандай адзінаццацікласнікаў і камандай настаўнікаў. Як толькі празвінеў званок з урока, сотні хлопчыкаў і дзяўчынак ужо лічылі секунды да пачатку шоу. Першымі бурныя авацыі ад гледачоў атрымала зборная каманда 7—10-х класаў, эстафету пераняла каманда 11-х класаў. Сваю справу зрабілі самыя розныя кампазіцыі, пачынаючы ад Gangnam Style да Y.M.C.A., ад айрнбі да клубных хітоў, якія разрывалі школьную прастору. Нікому не дазволіла быць толькі гледачом і кампазіцыя ўсіх часоў — “Макарэна”.
Заставалася інтрыгай толькі выступленне настаўнікаў. Ні адзін вучань не ведаў, чым здзівяць іх настаўнікі на гэты раз. У мінулым годзе, напрыклад, ажыятаж выклікала іх спартыўная тэма: свае нумары са стужкамі, мячамі, абручамі і іншымі спартыўнымі снарадамі яны выконвалі ў прафесійных гімнастычных касцюмах. Не падвялі іх чаканні і на гэты раз: іх рок зрабіў сапраўдны фурор!
Настаўніцы беларускай мовы Алеся Леанідаўна Банькоўская, хіміі — Вікторыя Мікалаеўна Кавальчук, фізікі — Алена Віктараўна Касцюк, тры настаўніцы англійскай мовы — Марына Міхайлаўна Траццяк, Таццяна Сяргееўна Чарнікевіч і Дар’я Сяргееўна Адаменка і настаўніца фізкультуры Валянціна Фёдараўна Клінковіч сарвалі самыя бурныя авацыі. Іх энергія проста зашкальвала! З першымі акордамі AC/DC Back in Black сваю порцыю авацый адхапіў і Павел Аляксандравіч у вобразе Фрэдзі Мэрк’юры. Pink Floyd у выкананні яго рок-групы таксама быў на вышыні.
Дагэтуль у атмасферы школы лунаюць эмоцыі пасля танцавальнага паядынку. Толькі ў электронным галасаванні “Укантакце” было больш за 500 відэапраглядаў танцавальных батлаў, і 43 працэнты аддалі свае галасы адзінаццацікласнікам.
“У гэтым годзе да падрыхтоўкі 11-я класы аднесліся вельмі сур’ёзна, рэпетыцыі праходзілі больш за два тыдні, — гаворыць Павел Аляксандравіч. — Дзеці ўзялі галасы гледачоў бездакорнай тэхнікай, камандным духам, згуртаванасцю і перамаглі з вялікім адрывам, хаця салодкія пачастункі атрымалі ўсе танцоры. Але для нас, настаўнікаў, канечне, галоўнай была не перамога”.

Галоўнае — пачуць вучня

Магчыма, для многіх школ сумесныя танцы непрымальныя. Тут сваю адмоўную справу робяць стэрэатыпы. Для педагогаў і вучняў гэтай школы літаральна ўсе мера-прыемствы сумесныя.
“На ўзаемаадносіны настаўніка і вучня ўплывае асоба настаўніка, і ў першую чаргу яго чалавечыя якасці, — лічыць дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Чурбанава. — Бо настаўнік — гэта чалавек, які не толькі тлумачыць новую тэму, але і сябар, з якім можна разам адпачываць, напрыклад, спяваць ці танцаваць. Настаўнік павінен не назіраць, а прымаць самы актыўны ўдзел. Як вынік, адносіны да настаўніка і, адпаведна, да яго прадмета, паляпшаюцца. Сорамна не падрыхтавацца да ўрока, які вядзе такі крэатыўны педагог”.
А на крэатыўнасць тут прэтэндуюць многія, і не толькі самыя маладыя. Ну як дзеці могуць не захапляцца сваёй настаўніцай фізкультуры Валянцінай Фёдараўнай Клінковіч? Хто можа сказаць, што яна ў пенсійным узросце? Яе энергіі і запалу хопіць на дзясятак яе маладых калег. Пра характар і ўнутраную энергію гаворыць і тое, што свой рок-касцюм яна ўзяла ва ўласнай шафе — скураную “касуху”, рваныя джынсы, парык, рокерскія акуляры і “жалеза”. Няхай гэта сказваецца багаты вопыт у летніках, але тым не менш…
“Калі педагог-арганізатар складае свае планы, не трэба ўгадваць, што будзе цікава дзецям. Лепш у іх спытаць, — гаворыць Павел Аляксандравіч. — У нас даволі дэмакратычныя адносіны, мы не толькі прапаноўваем ім свае ідэі, а стараемся ажыццявіць іх ідэі. Дзеці хочуць адчуваць сябе як роўныя з настаўнікам. Гэтага часта не хапае ў школах. Калі настаўнік не бачыць нічога асаблівага ў тым, што ён выходзіць разам з вучнем і танцуе прама ў фае або складае вакальны дуэт (у нас папулярны школьны конкурс “Дзве зоркі”), стаўленне да такога настаўніка будзе больш пазітыўным, успрымацца ў класе ён будзе лепш. Для гэтага мы стараемся раскрыць патэнцыял не толькі кожнага вучня, але і кожнага настаўніка. Настаўнікі, якія прымаюць актыўны ўдзел у сумесных мерапрыемствах, — лідары. Менавіта іх памятаюць выпускнікі, менавіта да іх прыходзяць у першую суботу лютага і ў любы іншы дзень”.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены школай.