Мінулага таямніцы на вуліцах сталіцы

Нядаўна на вуліцах Мінска прайшла інтэрактыўна-пазнавальная гульня-квест “Таямніцы мінулых дзён”. Яе ініцыятарамі выступілі ўдзельнікі праекта “Сацыяльныя інтэрны” Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”.

Новы IV сезон праекта стартаваў у сакавіку 2014 года. Гэта выдатная магчымасць для моладзі атрымаць першы прафесійны вопыт, самарэалізавацца і адкрыць для сябе свет нефармальнай адукацыі. Праект пачаўся зусім нядаўна, але маладыя і мэтанакіраваныя ўдзельнікі здолелі не толькі актыўна ўключыцца ў дзейнасць арганізацыі, але і дасягнуць першых значных вынікаў сваёй работы. Правядзенне квеста “Таямніцы мінулых дзён” стала завяршэннем першага этапу стажыроўкі ў БелАЮ.

Гарадскі квест — папулярная форма актыўнага правядзення часу моладзі. Гэтая гульня спалучае ў сабе і актыўны адпачынак, і пазнавальны турызм. Каманды адпраўляюцца ў падарожжа па пунктах маршруту, разгадваючы шыфры, адгадваючы загадкі, знаходзячы неабходныя аб’екты і людзей. Такія мерапрыемствы дапамагаюць укараніць новыя формы вольнага часу ў маладзёжнае асяроддзе, развіваюць здольнасці працаваць у камандзе, а таксама спрыяюць знаёмству маладых людзей з выдатнымі мясцінамі краіны.
У квесце “Таямніцы мінулых дзён” паўдзельнічала больш за 30 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных школ і ўніверсітэтаў Мінска і Барысава ў складзе пяці каманд: Freemen, “Паўночнае ззянне”, Fox, каманда клуба-кандыдата “Пакаленне Next” і клуба ЮНЕСКА “Пунсовыя ветразі”. Уся гульня была заснавана на легендзе пра прадракальніка, мудраца і чараўніка Мэрліна, які згадваецца ў старажытных міфах. Згодна з імі, вялікі чараўнік бываў на ўсходнеславянскіх землях і пакінуў спадчыну нашчадкам у выглядзе куфра, схаванага на востраве ў цэнтры цяперашняга Мінска. Мэрлін вёў дзённік, у якім зашыфраваў шлях да запаветнага месца. Частку запісаў удзельнікі атрымалі на старце, але, каб вытлумачыць усе падказкі і знайсці правільны шлях, камандам прыйшлося папрацаваць, прайсці ўсе станцыі і выканаць заданні, прыгатаваныя агентамі. Менавіта тэматыка чараўніцтва дапамагае паўнавартасна паглыбіцца ў гульнявы працэс, тады ва ўдзельнікаў з’яўляецца яшчэ больш азарту і зацікаўленасці.

Пачатак квеста быў пакладзены яшчэ ў анонсе, бо месца збору было зашыфравана. Стартавалі каманды ў 12:00 ад помніка мастаку Язэпу Драздовічу, якога называюць беларускім Леанарда да Вінчы, і накіраваліся па пунктах маршруту. Гарадская ратуша, Дом масонаў, музей Максіма Багдановіча, Тэатр оперы і балета — гэта далёка не ўсе славутасці, якія наведалі нашы ўдзельнікі. На кожнай з іх знаходзіўся агент, які прасіў выканаць пэўныя заданні, каб каманды змаглі перайсці на наступную станцыю. Удзельнікі гулялі ў кракадзіла з прахожымі, майстравалі мумію, а потым збіралі подпісы ў пацвярджэнне яе існавання, шукалі код на мясцовасці. Паказваючы кемлівасць і знаходлівасць, адгадвалі загадкі, рашалі рэбусы і, вядома, фатаграфаваліся. На апошніх этапах гульні школьнікі адправіліся ў парк Перамогі, дзе ім было неабходна зрабіць букеты з падручных прыродных матэрыялаў і падарыць іх наведвальнікам парку. Як паказала практыка, крэатыву і камунікабельнасці ўдзельнікам не займаць. Яшчэ адно заданне, якое было прапанавана кожнай камандзе арганізатарамі квеста, — арыгінальна выбудаваць літару і сфатаграфавацца. У выніку з усіх фатаграфій атрымалася слова “ЮНЕСКА”.
За дзень да пачатку квеста мы схавалі на Востраве Птушак куфар, у які паклалі падарункі для пераможцаў. Усе каманды паспяхова справіліся з заданнямі і выдатна праявілі сябе. Першымі ў прызначанае месца прыбыла каманда Freemen — чатыры актыўныя і імклівыя дзяўчынкі. Завяршальным этапам гульні для іх сталі раскопкі куфра і атрыманне прыза.

Усе ўдзельнікі квеста атрымалі сертыфікаты ад “Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА” і зарад бадзёрага настрою на доўгі час.
Пасля мерапрыемства мы пагутарылі з пераможцамі і даведаліся пра іх уражанні ад квеста.
“Нам было вельмі прыемна ўдзельнічаць і, канечне ж, перамагчы. Усе выпрабаванні былі цікавымі, і ў кожным схавана іскрынка. Было цікава разгадваць шыфры, арыентавацца па карце, знаходзіць патрэбныя месцы. Больш за ўсё ўразіла работа з людзьмі: аказалася, не так проста падыходзіць да прахожых, задаваць пытанні, збіраць подпісы. Але нам шанцавала: трапляліся спагадлівыя людзі. Яны разумелі нас, а некаторыя нават самі расказвалі, як удзельнічалі ў падобных мерапрыемствах”, — па-дзялілася ўражаннямі Настасся Саўкова, капітан каманды Freemen.
Дзяўчынкі прыехалі з Барысава. Як каманда яны другі раз удзельнічаюць у такім мерапрыемстве. Упершыню яны паўдзельнічалі ў квесце ў Барысаве і занялі там другое месца. Сёння каманда палепшыла сваю пазіцыю і выйшла наперад.

Іншыя ўдзельнікі таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі аб гульні. Так, каманда ад клуба-кандыдата “Пакаленне Next” расказала нам, што яны першы раз удзельнічаюць у такім мерапрыемстве і ім усё вельмі спадабалася. Заданні былі цікавыя і разнастайныя. Часам даводзілася крыху папацець, бо пункты знаходзіліся на значнай адлеегласці, таму неабходна было хутка перамяшчацца, каб не адставаць ад іншых каманд. Гэтая гульня падарыла шмат станоўчых эмоцый і цікавых ведаў пра горад. А свой час яны правялі з вялікай карысцю. Варта адзначыць, што гэта была самая мужчынская каманда з усіх: у склад яе ўваходзіла чацвёра хлопцаў і адна дзяўчына.
Каманда “Паўночнае ззянне” была зборнай. Яе ўдзельнікі — чатыры дзяўчыны з БНТУ, БДЭУ, БДТУ і БДУІР — раней не былі знаёмыя. Яны таксама першы раз удзельнічалі ў квесце, і ім, як і іншым удзельнікам, было цікава. Спадабалася, што гульня мела пэўную тэматыку. Усе конкурсы падпарадкоўваліся легендзе, і ўсе агенты выконвалі пэўную ролю, іх пошук таксама быў у пэўнай ступені складаным. Падчас квеста ўдзельніцы даведаліся многа новага аб горадзе, загарэлі і весела адпачылі.
Члены каманд Fox і “Пунсовыя ветразі” імкнуліся крэатыўна падыходзіць да выканання кожнага задання, і ў іх гэта выдатна атрымлівалася.

Мерапрыемствы кшталту інтэрактыўна-пазнавальнага квеста “Таямніцы мінулых дзён” — выдатны прыклад для цікавага правядзення часу маладых людзей у вялікіх гарадах. І нам, арганізатарам, прыемна ад таго, што мы змаглі падарыць удзельнікам шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў. Спадзяёмся, што ў Мінску будзе многа падобных праектаў. Віншуем пераможцаў і ўдзельнікаў квеста “Таямніцы мінулых дзён”!

Аляксандр АЛЯКСЕЕЎ.