Налегчы на вёслы

У выніку неабдуманай меліярацыі мінулага стагоддзя баржы і цеплаходы ўжо не так часта сустракаюцца на беларускіх водных прасторах, як гадоў 30 назад. Аднак гэта не значыць, што айчыннае суднаходства села на мель, яно актыўна развіваецца, проста ў крыху іншым рэчышчы — рэчышчы маламерных суднаў. З амаль 21 тысячы беларускіх рэк і рачулак, напэўна, не засталося ніводнай, якую б не пакарылі юнгі, матросы і капітаны байдарачнага флоту, у тым ліку аматары водных падарожжаў з бабруйскага Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік” (рэгулярныя пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў намінацыі “Водныя паходы”).

Куды ж без вады?

Беларусу без вады, як вядома, ні туды і ні сюды, прычым без вады не толькі пітной. Для падтрымання жыццёвага тонусу нам проста неабходна хаця б раз у месяц (калі не ўжывую, то на маніторы камп’ютара) любавацца прасторам Браслаўскіх азёр; назіраць, як матухна-Прыпяць спакойна і павольна, нібы ў зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе сухадольнаму Дняпру сваю багатую даніну; здзіўляцца моцы і велічы нёманскай вады, якая па дарозе да Балтыйскага мора лічыць за гонар падмыць крутыя берагі, прыхапіўшы з сабой старасвецкі дуб, які некалькі стагоддзяў жыў у самай добрай згодзе з бацькам-Нёманам.
У нас, жыхароў краіны з “блакітнымі вачыма”, прага да водных падарожжаў у крыві. Не ведаю, як дзяўчаты, а мы, хлопцы, у дзяцінстве часта майстравалі плыты. Самым папулярным суднабудаўнічым матэрыялам былі звычайныя аўтамабільныя камеры. Нярэдка выкарыстоўвалі і пластыкавыя бутэлькі, якія ў пачатку 90-х ужо не былі рэдкасцю. Канечне, у далёкае плаванне на такім караблі не выправішся, аднак арганізаваць водную экспедыцыю па нешырокай старыцы або сажалцы ў канцы бабулінага агарода можна было лёгка. Прыкладна так пачынаўся шлях у прафесійны водны турызм дырэктара бабруйскага Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік” кіраўніка гуртка “Водны турызм” Аляксандра Генадзьевіча Фурса.
— Маё дзяцінства прайшло на прытоку Бярэзіны рэчцы Але, што ў Бабруйскім раёне. Рыбалка, вечаровыя вогнішчы — усё гэта было неад’емнай часткай нашых летніх канікул. І, канечне, падарожжы на плыце. Наша першае судна мы з сябрамі змайстравалі з аўтамабільнай камеры і кавалка бляхі, які выконваў функцыі палубы і днішча. Судну далі ганаровае імя Руды, тое ж самае, што і ў танка з нашага любімага фільма “Чатыры танкісты і сабака”. На гэтым судне мы і даследавалі рэчышча Алы, — узгадвае педагог дадатковай адукацыі.
Калі б не тыя дзіцячыя падарожжы, хто ведае, ці стаў бы Аляксандр Генадзьевіч адміралам бабруйскага байдарачнага флоту, ці выхаваў бы ён некалькі пакаленняў юнгаў, матросаў, капітанаў, якія няхай і не сталі прафесійнымі маракамі, затое выраслі фізічна моцнымі і вынослівымі, з павагай адносяцца да воднага багацця роднай зямлі. А яшчэ яны ніколі не пакінуць на беразе рэчкі смецце. Наогул, без пашаны да роднай зямлі складана быць турыстам-воднікам, як нельга падарожнічаць на байдарках і не быць рамантыкам, летуценнікам. Акрамя таго, трэба быць і фізічна вынослівым.
— Хоць нас, байдарачнікаў, і называюць у турыстычным асяроддзі гультаямі, бо свае рукзакі мы не нясём на плячах, аднак доля праўды ў гэтым жарце самая мінімальная. Веславаць цэлы дзень нават для самага закаранелага турыста-водніка — справа не самая простая, — гаворыць Аляксандр Генадзьевіч. — А колькі трэба смеласці, рэакцыі, узаемападтрымкі для праходжання парогаў!

Пакарыць 21-тысячнік

Каб праплыць па амаль 21 тысячы беларускіх рэк, здаецца, і цэлага жыцця не хопіць. Аднак гэта толькі здаецца, і тое на першы погляд. Па словах Аляксандра Генадзьевіча, калі на працягу воднага сезона кожны месяц ажыццяўляць байдарачны сплаў па некалькіх рэках, то гэтая водная вяршыня ўжо не будзе здавацца недасягальнай. Для яе пакарэння бабруйскія вандроўнікі кожны чарговы маршрут плануюць па новых, нязведаных мясцінах. Для Аляксандра Генадзьевіча першай ракой, пройдзенай на прафесійным узроўні, стала Свіслач, потым быў Бобр з выхадам на Бярэзіну. Памятнымі сталі падарожжы па Іслачы, Заходняй Бярэзіне, Нёмане, Страчы, Случы, Браслаўскіх азёрах. Маршрут аднаго з апошніх водных паходаў першай катэгорыі складанасці (справаздача па ім дапамагла бабруйскім байдарачнікам атрымаць на мінулагоднім рэспубліканскім конкурсе “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” дыплом І ступені) пралягаў па Друці, па тэрыторыі Бялыніцкага, Клічаўскага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Працягласць маршруту складала 160 кіламетраў, доўжылася падарожжа 8 дзён.
Падрыхтоўка да паходу была самая грунтоўная і вялася гурткоўцамі ўвесь навучальны год: распрацоўваўся маршрут, вывучалася краязнаўчая літаратура, рыхтаваліся байдаркі, неабходны рыштунак. Фарміраванне экіпажаў і размеркаванне абавязкаў адбывалася з улікам паходнага вопыту навучэнцаў, іх удзелу ў папярэдніх турзлётах і водным паходзе па Случы. Так былі вызначаны капітаны экіпажаў, матросамі сталі навучэнцы, якія да гэтага не ўдзельнічалі ў водных паходах або недастаткова асвоілі неабходныя навыкі.

Згодна з інструкцыямі

Каб воднае падарожжа было захапляльным і запамінальным, важна слухацца кіраўніка групы, дакладна прытрымлівацца інструкцый і правіл. Яшчэ патрэбны добры настрой і прага да пазнання роднага краю, бо сплаў на байдарках — гэта не толькі перамяшчэнне з пункта А ў пункт Б за пэўны адрэзак часу па вызначаным маршруце. Гэта яшчэ і знаёмства з гістарычнымі, архітэктурнымі, прыроднымі адметнасцямі, якія сустракаюцца на шляху. Вось некаторыя вытрымкі з паходнага дзённіка:
“Старт. Ідзём не спяшаючыся. На выхадзе з Бялыніч рака паварочвае на ўсход. Яна актыўна віляе ад аднаго краю поймы да другога, то звужаецца, то пашыраецца. Ландшафт такі ж зменлівы. Праз кіламетр шляху перашкода. Першы завал. Адмірал прыбірае дрэва, якое перагарадзіла рэчышча. Пры праходжанні перашкод прытрымліваемся загадзя спланаванай тактыкі: першай перашкоду праходзіць байдарка кіраўніка паходу і становіцца ніжэй ад перашкоды для каардынацыі дзеянняў астатніх экіпажаў. Завяршае праходжанне перашкоды байдарка намесніка кіраўніка групы.
Амаль увесь дзень рака цячэ па шырокай, забалочанай даліне. Сустракаюцца невялікія водмелі і выспы, зарослыя травой. Надвор’е выдатнае. Першую вячэру па традыцыі рыхтуе адмірал. Сёння ў нас макароны, салат з памідораў і гуркоў, шашлыкі. Пасля вячэры праверылі стан байдарак. Прыйшлося некаторыя праклеіць. Пад ноч пачалі збірацца хмары. Усе рэчы спакавалі ў палаткі.
Пад’ём у 7:00. Дождж скончыўся. Снедаем. Падсілкаваўшыся, згортваем лагер. Загружаем байдаркі. Экіпажы па чарзе пакідаюць бераг. Падчас збораў не забываем і аб экалагічным аспекце: “Не забруджваць прыроду!” Пасля сябе пакідаем зусім чыстае месца”.
Як бачым, дзённік — гэта не толькі ўражанні, апісанне навакольных краявідаў, а практычныя парады, якія асабліва будуць карыснымі для тых, хто толькі пачынае шлях да вяршыні незвычайнага 21-тысячніка.
Па словах Аляксандра Генадзьевіча, пасля кожнага падарожжа на стэндах Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік”, а таксама аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска змяшчаюцца паходныя фотасправаздачы. Усё гэта робіцца толькі з адной мэтай — папулярызацыі спартыўнага воднага турызму.

Яшчэ раз пра вясну

У Год гасціннасці стала модным ствараць топ-3, 5, 10, 20 і г.д. мясцін, прыцягальных для турыстаў. З такой прапановай звярнуўся і да Аляксандра Генадзьевіча. Як і належыць водніку-прафесіяналу, свой спіс ён складаў у залежнасці ад пор года. І гэта нядзіўна, бо праходнасць рэк, стан іх рэчышча змяняецца на працягу года. Калі вясной усе рэкі паўнаводныя, то летам ужо не па кожнай з іх можна спакойна прайсці на байдарцы.
Найбольш прыцягальная для беларускіх воднікаў рака Страча. Такая любоў тлумачыцца наяўнасцю на ёй перакатаў. Захапляльным будзе падарожжа і па Блакітных азёрах. Калі гаварыць пра лета, то гэта Іслач, Заходняя Бярэзіна, Нёман, Нарачанка, возера Мястра. Незабыўным будзе і сплаў па рэчцы Скема паміж азёрамі Нарач і Мястра. Яе даўжыня ўсяго 150—200 метраў (ці не адна з самых кароткіх рэк у свеце).
— Думаю, што некаторыя турысты-воднікі пры слове “вясна” ўсміхнуцца, маўляў, няма чаго нас падманваць, бо вясной, калі ідзе нераст рыб, заканадаўствам забараняецца рух нават маламерных суднаў. Абмеркаванне гэтага пытання нярэдка сустракаю на інтэрнэт-форумах. Каб падобных праблем не ўзнікала, трэба ўважліва чытаць заканадаўства, а там напісана, што перамяшчэнне ў гэты перыяд сапраўды забаронена, аднак дазваляецца пры ўмове, калі група ідзе з упаўнаважаным кіраўніком і ў групы ёсць маршрутная кніжка. Адзінае абмежаванне тычыцца мясцін, дзе нерастуе вугор. Гэта, наколькі ведаю, азёры Нарач і Мястра, частка ракі Нарачанкі, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.

Усё бясплатна

Абмеркавалі мы з бабруйскім адміралам і яшчэ некаторыя аспекты развіцця айчыннага воднага турызму, напрыклад, яго магчымасці прыцягнення ў краіну замежных турыстаў. Асаблівую ўвагу Аляксандр Генадзьевіч засяродзіў на тым, што гэтыя магчымасці выкарыстоўваюцца далёка не ў поўнай ступені, найперш нашымі шматлікімі аграсядзібамі. Папулярызацыя падарожжаў па водных прасторах краіны асабліва актуальная ў Год гасціннасці, бо дзе яшчэ ў Еўропе той жа немец або англічанін можа прап-лыць дзясяткі кіламетраў па некранутых чалавечай гаспадарлівасцю (або безгаспадарлівасцю) мясцінах, можа проста спыніцца на беразе вадаёма, гэтак жа проста паставіць палатку і пры гэтым не заплаціць ні цэнта. Усё бясплатна. Прыязджай, вандруй, ці, больш правільна сказаць, сплаўляйся. І тычыцца гэта не толькі замежных гасцей, але і нас, беларусаў, у першую чаргу тых, для каго паўнавартасны летні адпачынак — гэта мора, цеплаход, круіз. Але ж не менш цікава, захапляльна і пазнавальна можа быць па-іншаму: рака, байдарка, паход.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік” Бабруйска.