Стомленасць — галоўная рыса педагогаў?

Роздумы на тэму “Узаемадзеянне сям’і і школы”, якімі я збіраюся сёння з вамі падзяліцца, наспявалі даўно. Стрымлівалі некалькі момантаў: хацелася як мага больш паглыбіцца ў праблему, пачуць меркаванні іншых людзей і, натуральна, нікога не пакрыўдзіць. Таму будзем думаць, што маё бачанне тэмы не што іншае, як ІМХО (беларуская транслітарацыя англійскага акроніма, які абазначае “па маім сціплым меркаванні”. — Заўвага аўт.)
Урэшце момант выпаў. Абмеркаваўшы з калегамі актуальнасць тэмы, вырашылі апошні восеньскі выхаваўчы дадатак прысвяць сям’і і школе. І я дастала са значнага электроннага стоса матэрыялаў, дасланых нашымі паважанымі аўтарамі, нямала адпаведных… Яшчэ вывучаючы іх пры паступленні, разумела: матэрыялы падобныя, калі не як блізняты, то вельмі блізкія да гэтага. І ў кожным праблема, у кожным сістэма работы, у кожным гатовы для пераймання вопыт. Шчасце, калі ўсё гэта сапраўды так і знойдзены ў канкрэтнай навучальнай установе алгарытм працуе. Як быць з узаемным непаразуменнем — нярэдкім госцем у адносінах двух бакоў? І вось тут у многім страчвае сваё значэнне колькасць праведзеных мерапрыемстваў.

Дык дзе перасякаюцца выхаваўчыя інтарэсы сям’і і школы? Што лічыць індыкатарам выхаваўчай работы? І каго ў рэшце рэшт цікавіць рэальнае становішча спраў, калі справаздачы аб выхаваўчай рабоце запоўнены акуратна і прыгожым почыркам?
Пачнём з таго, што дзеці патрабуюць увагі. Кожнае паасобку і ўсе разам! Кожнае мае права быць сабой! Праблем не ўзнікае, калі дзіця паспяховае і прывыкла адпавядаць. А вось калі не прывыкла ці не мае магчымасці, пачынаецца пошук вінаватых. Таму і не спяшаюцца на бацькоўскія сходы дарослыя, якія прыкладна ведаюць, што іх там чакае. Неяк нават пачула такое выказванне, як “перажыць”, у іншых варыянтах “перацярпець” школьныя гады дзіцяці.
Жыццё паказвае, што ўзаемадзеянне сям’і і школы не абавязкова ўпісваецца ў прапанаваныя сцэнарыі, што размовы пра індывідуальны падыход нярэдка застаюцца толькі размовамі, што прэзентацыя вопыту паспяховага бацькоўства (цікава, што часта гэта паказальны вопыт паспяховага бацькоўства саміх настаўнікаў) раздражняе тых, каго не зразумелі. Зноў і зноў учытваюся ў матэрыялы педагогаў і бачу глыбокае перакананне настаўнікаў у тым, што пачынаць выхаванне сучаснага пакалення трэба з бацькоў. Думаецца, за такой перакананасцю пераважна стаіць канкрэтны вопыт работы з асацыяльнымі сем’ямі, аднак, калі паглыбіцца ў школьную канфлікталогію, становіцца зразумела: тэорыя набывае рысы аксіёмы.
Між іншым аксіёма тут можа быць толькі адна: любое ўзаемадзеянне сям’і і школы павінна быць прысвечана таму, як сумеснымі намаганнямі справіцца з праблемай дзіцяці, а не бацькоўскай некампетэнтнасцю. Бацькі са свайго боку ўспрымаюць любыя заўвагі настаўніка як пастаўленую ім “двойку” і пачынаюць даказваць, што гэта няпраўда. Прэтэнзіі школы ўспрымаюцца як “тваё дзіця дрэннае” ці “ты дрэнны”, уключаюцца механізмы самаабароны, і фокус узаемадзеяння безнадзейна змяшчаецца ў бок, далёкі ад вырашэння рэальнай праблемы.
Магчыма, вось на гэтым моманце мой чытач скажа нешта агульнапрынятае: “Ну вось, зноў на школу ўсё павесілі” ці слэнгавае “Школа зноў крайняя”. Вырасшы ў педагагічнай сям’і, скончыўшы педагагічную ўстанову адукацыі, маючы хоць і невялікі вопыт работы з дзецьмі і працуючы ў сістэме адукацыі, ведаю сітуацыю як знутры, так і звонку. Адказнасць за выхаванне перакідваецца, як мячык у гульні “Гарачая бульба”. Скажаце не так? Да першага сур’ёзнага здарэння ў вашай школе.
Па родзе дзейнасці наведваючы шматлікія выхаваўчыя форумы, нярэдка чую своеасаблівы лейтматыў выступленняў: “Выхаванне дзяцей трэба пачынаць з выхавання сям’і”, “Неабходна павышаць педагагічную кампетэнтнасць бацькоў”. На што хочацца заўважыць, што многім педагогам не пашкодзіла б пачаць з павышэння кампетэнтнасці ўласнай, каб словы не разыходзіліся са справамі. Сёння аргументам у адказ на любую праблемную сітуацыю гучаць чарговыя рэплікі пра загружанасць, вялікую колькасць нікому не патрэбных справаздач, невялікую зарплату… Стомленасць становіцца галоўнай рысай педагагічнага грамадства. Ці адмяняе гэта адказнасць за кожнае даверанае настаўніку дзіця, адказнасць прафесійную і чалавечую?
Цяпер пра другі бок медаля, бо ён, як і любы іншы, мае два бакі. Часу на работу з сям’ёй амаль не застаецца. Вялікая колькасць не належных школе функцый на самай справе мае быць. Чаго варты толькі абавязковы ўдзел у шматлікіх конкурсах, рамонты кабінетаў, напаўненне іх нагляднымі матэрыяламі за свой кошт і інш.
Несумяшчальнасць перапоўненых класаў і індывідуальнага падыходу відавочная. Як сумна жартуюць педагогі, пры такой колькасці вучняў самае важнае — “прасачыць, каб не пазабіваліся”. Ну і якое там выхаванне, калі галоўны арыенцір школы — на вынік. Усе размовы вакол рэйтынгаў школ, у аснове якіх — колькасць набраных на ЦТ балаў. Якая методыка дазволіць падлічыць шчаслівых і нешчаслівых, упэўненых і трывожных, адкрытых і параненых словамі і ўчынкамі?
Настаўнікі скардзяцца, што ў пагоні за матэрыяльным бацькі забываюцца пра сваіх дзяцей. Маўляў, добра, калі большасць з іх напрыканцы дня запытаецца, якія дзіця атрымала адзнакі і ці з’ела школьны абед. Вось і разыходзіцца ўвечары сям’я па камп’ютарах ды тэлевізарах. А педагогі вымушаны канстатаваць: больш за ўсё раздражняе ў бацьках абыякавасць, якая пры візіце ў школу нярэдка ператвараецца ў святую веру, што “Маё дзіця самае лепшае” і “Вы самі вінаваты”. Натуральна, што школай падобныя заявы ўспрымаюцца як перакладанне адказнасці.
Дадайце сюды сярэдні ўзрост педагогаў, прафесійнае выгаранне — і праблема набудзе канкрэтныя рысы. Менавіта стомленасць прымушае многіх працаваць шаблонна, на ініцыятыву і адказнасць за яе яшчэ трэба адважыцца. Можа, таму так падобныя выхаваўчыя справаздачы?
Мне давялося не аднойчы выслухаць пазіцыі абодвух бакоў. Цікава, што адну кропку сутыкнення ўсё ж удалося знайсці. І педагогі, і бацькі пагаджаюцца: не так і важна, што педагог прапануе сваім вучням — урокі матэматыкі ці ўрокі фларыстыкі. Важна як. І тое, і іншае можа мець аднолькавы выхаваўчы эфект, калі дзеці прыходзяць да Асобы. Калі зрабіць паўкрока да настаўніка, той зробіць шчыры крок насустрач. Калі дзеці і педагогі цікавыя адно аднаму, згладжваюцца ўсе праблемы. Вучань думае: “Я — важны!” Бацькі разумеюць: “Маё дзіця — важнае”. А педагог бачыць: “Мая работа — важная!”

Наталля АЛЁХІНА,
рэдактар аддзела выхавання.