Тых, хто любіць фізкультуру, стане больш?

Дзіўная рэч: абмяркоўваючы з сябрамі, калегамі, знаёмымі школьныя ўрокі фізкультуры, заўважыла, што не так і шмат сярод іх людзей, якія ўспамінаюць гэты прадмет з прыемнасцю. Хаця, здавалася б, менавіта фізкультура дае магчымасць пабегаць пасля напружанай работы на іншых уроках, скінуць стомленасць і адпачыць. Аднак адпачыць можна толькі тады, калі чалавек адчувае сябе на ўроку гарманічна, інакш кажучы, знаходзіцца ў сітуацыі поспеху.
— Самае галоўнае на ўроках фізкультуры — уменне і жаданне чалавека працаваць над сваім развіццём, а зусім не выкананне ўстаноўленых нарматываў, — адзначыў неяк у размове адзін з педагогаў. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Дык чаму ж адзін з самых высакародных прадметаў, які мае на мэце прыгажосць і здароўе цела, нярэдка становіцца крыніцай псіхалагічных комплексаў?

Сённяшнія падлеткі, як і многія з пакаленняў папярэдніх, трапляюць на ўроках фізкультуры ў тыя ж стрэсавыя сітуацыі. Калі хлопец не можа падцягнуцца, адціснуцца ад падлогі, ён амаль аўтаматычна становіцца мішэнню для насмешак. Дзяўчыне для непрыемнасцей патрэбна яшчэ менш падстаў: дастаткова проста мець пышныя формы і выглядаць пры выкананні нарматываў не так зграбна, як іншыя.
Як вядома, беларуская сістэма адукацыі прадугледжвае магчымасць раздзельных урокаў фізкультуры для хлопцаў і дзяўчат, праўда, толькі ў 10—11 класах, што, на думку яго распрацоўшчыкаў, засцерагае старшакласнікаў ад падобных момантаў. У выпадку, калі ёсць магчымасць арганізаваць правядзенне асобных заняткаў для хлопцаў і дзяўчат у іншых класах, па рашэнні мясцовых органаў кіравання класы таксама дзеляцца па гендарнай прыкмеце. Аднак як выглядае сітуацыя на самай справе?
Не памылюся, калі скажу, што адміністрацыі школ, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, такой магчымасці не маюць. Ім не да раздзельнага навучання, тут бы настаўніка фізкультуры добрага знайсці і ўтрымаць. У гарадскіх школах пытанне ўпіраецца калі не ў кадры, то ў памяшканні ці тэрыторыі… Атрымліваецца, што калі навучэнцы 10—11 класаў у вялікай гарадской школе яшчэ могуць займацца асобна, то пра іншых гаварыць амаль не прыходзіцца. І ўсё ж справа не ў раздзяленні, хаця яно, без сумненняў, дае настаўніку больш магчымасцей для работы. Праблема непрыняцця фізкультуры хаваецца крыху ў іншай плоскасці…
Цікавы факт. Многія ўзгадваюць, што, пазбягаючы ў дзяцінстве ўрокаў фізкультуры, летам з захапленнем гулялі ў рухавыя дваровыя гульні, зімой увесь вольны час праводзілі на катку ці горцы, любілі зімовую лыжню і свежае паветра. Усё рабілася не па прымусе ці для дасягнення вынікаў. І ў гэтым увесь сакрэт. Чалавека ніхто не ацэньваў, ён проста атрымліваў задавальненне ад уласнай актыўнасці, інтуітыўна адчуваючы, што і як рабіць. Яшчэ лепш, калі тое ці іншае практыкаванне прыносіць не проста “мышачную радасць”, а разуменне яго ўплыву на арганізм.
Думка аб тым, што дзіця на ўроках фізкультуры павінна знаходзіцца ў сітуацыі поспеху, узята за аснову ў сістэмах адукацыі многіх краін. Вельмі цікавы вопыт вырашэння праблемы ў суседняй Расіі, дзе распрацоўваюцца новыя тэхналогіі фізічнага выхавання. Перш за ўсё ўлічваюцца фізіялагічныя асаблівасці школьнікаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што гэта лёгка вызначыць, зрабіўшы простыя вымярэнні вагі, росту, аб’ёму грудной клеткі і таліі. Ацаніўшы прапорцыі цела, навучэнца можна аднесці да аднаго з тыпаў целаскладу — астэна-таракальнага, мышачнага ці дыгестыўнага. Патрабаванні і нарматывы рухальнай актыўнасці ў іх не могуць быць аднолькавымі, паколькі яны розныя ад прыроды. Астэна-таракальны тып маюць людзі надзвычай вынослівыя, але сілы ад іх чакаць не прыходзіцца, колькі не трэніруй. Дыгестыўны тып валодае вялікай сілай, пры гэтым абсалютна не прыгодны для доўгай напружанай работы. Смешна патрабаваць, каб плывец паднімаў штангу, а штурхальнік молата выконваў піруэты на гімнастычных кольцах. Мышачны тып мае дастаткова шырокі дыяпазон рухальных магчымасцей. Гэты тып займае прыкладна палову папуляцыі, аднак практычна ўсе школьныя нарматывы разлічаны на яго. Атрымліваецца, што да двух іншых тыпаў на ўроках прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. З непаспяховых дзяцей смяюцца — так нараджаюцца псіхалагічныя комплексы, якія для многіх закрываюць тэму фізічнай культуры, калі не назаўсёды, то вельмі надоўга.
Трэба адзначыць, што некаторыя расійскія наватары пайшлі далей і прапануюць у якасці альтэрнатывы сумным урокам выкарыстанне новых відаў фізічнай актыўнасці пачынаючы ад папулярных відаў фітнесу да ўсходніх відаў гімнастыкі. Галоўны дэвіз такіх педагогаў — усё, што модна, можа лёгка прыйсці ў школу. Галоўным павінна стаць разуменне каштоўнасці здаровага ладу жыцця.
Такі падыход да справы ўжо сёння ўзялі на ўзбраенне дзясяткі расійскіх школ. Што тычыцца сістэмы ацэньвання, то ў камп’ютарнай праграме, якая дазваляе вызначыць тып целаскладу дзіцяці, ёсць простыя тэсты для ацэнкі рухальных навыкаў і дынамікі поспехаў. Пры кожным тэсціраванні навучэнец атрымлівае раздрукоўку з ацэнкай узроўню, гарманічнасці і дынамікі фізічнага развіцця, рухальнай падрыхтаванасці па шкалах для яго тыпу целаскладу, аналізам дынамікі вынікаў. Даюцца рэкамендацыі, якім відам спорту яму лепш займацца. У выніку ўсе змяненні бачны і яму, і педагогу, і бацькам. Калі дзіця дабіваецца паляпшэння свайго выніку, значыць, заслугоўвае высокай ацэнкі.
Натуральна, што такі падыход значна ўскладняе арганізацыю школьных урокаў фізкультуры. Як і ў выпадку дзялення класа па гендарнай прыкмеце, ён магчымы пераважна ў вялікіх школах, дзе можна аб’яднаць у групы дзяцей з паралельных класаў. Аднак калі педагог нават у рамках аднаго ўрока будзе кіравацца прыроднымі данымі школьнікаў, а не ўсярэдненымі нарматывамі, тых, хто любіць фізкультуру, стане больш. У рэшце рэшт ці не гэта галоўная задача фізічнага выхавання?

Наталля АЛЁХІНА.