Трэнды дадатковай адукацыі: развіццё ў дзяцей інжынернага і прадпрымальніцкага мыслення

Шосты школьны дзень, дадатковая адукацыя сельскіх школьнікаў, праблемы і перспектывы турыстычна-краязнаўчага і тэхнічнага кірункаў галіны трапілі пад асаблівую ўвагу Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі краіны. Сустрэўшыся на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнага развіцця і тэхнічнай творчасці, спецыялісты абмеркавалі асноўныя праблемы і перспектывы развіцця сістэмы.

Аптымізацыя не сінонім скарачэння

Мы заўсёды ганарыліся тым, што менавіта ў Беларусі ўдалося захаваць лепшыя педагагічныя традыцыі яшчэ з савецкіх часоў і на гэтай базе стварыць уласную, адну з наймацнейшых у Еўропе сістэму дадатковай адукацыі. Аднак чым багатыя мы сёння? Што патрэбна нашым дзецям? Як і для каго мы працуем?
Падводзячы вынікі работы за мінулы працоўны год, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык акрэсліў як станоўчыя, так і негатыўныя тэндэнцыі ў дадатковай адукацыі. Значным плюсам, па меркаванні намесніка міністра, з’яўляецца захаванне колькасці дзіцячых узорных і народных калектываў. Сёння іх у Беларусі 240.
“Гэта наша багацце, той патэнцыял, які мы павінны развіваць і якому, па магчымасці, павінны забяспечваць прыярытэтнае фінансаванне”, — падкрэсліў падчас сустрэчы Віктар Якжык.
Таксама ў якасці прыярытэту для сістэмы называлася развіццё такіх аб’яднанняў па інтарэсах для старшых школьнікаў, як экалагічныя тэатры, цэнтры робататэхнікі, навукова-даследчыя лабараторыі, розных кірункаў краязнаўства і інш. Адзначалася, што новае напаўненне набылі дзіцяча-юнацкія клубы фізічнай падрыхтоўкі.
Разам з тым 2014 год выявіў і шэраг праблем, галоўнай сярод якіх Віктар Віктаравіч назваў значнае змяншэнне не толькі колькасці аб’яднанняў па інтарэсах, але і колькасці выхаванцаў сістэмы.
“Мы, канечне, гаварылі пра аптымізацыю, аднак яна не з’яўляецца сінонімам слова “скарачэнне”, — адзначыў выступоўца. — Сітуацыя непакоіць, бо гэта нематываваная страта. Застаюцца пытанні і па дадатковай адукацыі ў сельскай мясцовасці. Сёння на абласным узроўні павінны быць зацверджаны індывідуальныя праграмы дадатковай адукацыі сельскіх школьнікаў”.
Адкрытым назваў намеснік міністра пытанне работы з дзецьмі, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі, а таксама падкрэсліў, што сёння трэба спыніць спрэчкі аб неабходнасці ў школе сацыяльна-педагагічнай работы, паколькі яна павінна не проста быць, а быць на высокім узроўні.
Трапіў у поле зроку ўдзельнікаў савета і стан матэрыяльна-тэхнічнай базы. Як аказалася, сістэма дадатковай адукацыі страціла ў колькасці спартыўных зал, камп’ютарных класаў, аўтобусаў і бібліятэк. Узнікла лагічнае пытанне аб развіцці пазабюджэтнай дзейнасці, якая мае прамую залежнасць ад матэрыяльна-тэхнічнага фактару. Прагучала інфармацыя, што ў лідарах па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці сёння знаходзіцца Мінск,
які мае 3,9 працэнта прыбытку ад агульнай колькасці, у той час як рэальны патэнцыял сістэмы бачыцца як мінімум у 10 працэнтах.
Эксперыментальна-інавацыйная дзейнасць на цяперашні момант — адзін з самых актуальных кірункаў развіцця дадатковай адукацыі. Аднак практыка паказвае, што той патэнцыял, якім валодае сістэма, застаецца практычна незапатрабаваным. Напрыклад, педагогі абсалютна не выкарыстоўваюць магчымасць атрымання грантаў са знешніх структур.
“Толькі два спецыялісты з Салігорска атрымалі грант прэзідэнта Беларусі на 2015 год, — падкрэсліў Віктар Якжык, — хаця я ўпэўнены, што можна знайсці ў 20—30 разоў больш педагогаў, якія хочуць развівацца”.
Кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі краіны адзначылі, што не атрымліваюць на месцах дастатковай інфармацыі аб магчымасцях атрымання грантаў, што і з’яўляецца асноўнай прычынай неактыўнасці педагогаў.
Па-ранейшаму ў спісе самых актуальных праблем застаецца развіццё турыстычна-краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці: пры наяўнасці Цэнтра турызму і краязнаўства амаль у кожным раёне школы ўсё яшчэ аддаюць перавагу рабоце з прыватнымі структурамі. У 2015 годзе, па словах прадстаўніка міністэрства, экскурсійную дзейнасць у рамках сістэмы адукацыі плануецца ўзяць пад асаблівы кантроль.
Члены савета дырэктараў абмеркавалі неабходнасць стварэння ў рамках сістэмы адукацыйных праграм павышанага ўзроўню, а таксама атэстацыі навучэнцаў пасля праходжання падобных праграм.

Тэхнічная творчасць — тэрыторыя інавацый

Дарэчы, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці невыпадкова стаў месцам сустрэчы савета дырэктараў. Сёння ўстанова разглядаецца спецыялістамі як пляцоўка ўкаранення інавацыйнай мадэлі ўстановы дадатковай адукацыі.
Развіццё творчага і прадпрымальніцкага патэнцыялу моладзі, цікавасці да вынаходніцтва і рацыяналізатарства бачыцца спецыялістам цэнтра магчымым праз здзяйсненне выставачна-презентацыйнай работы. На базе цэнтра дзейнічае вядомая выстава “ТэхнаЭвалюцыя”, дзе прадстаўлены інавацыйныя праекты, тэхнічныя мадэлі пераможцаў гарадскіх, раённых і абласных выстаў тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Колькасць экспанатаў “ТэхнаЭвалюцыі” перавышае 2,5 тысячы, і пры гэтым экспазіцыя пастаянна абнаўляецца. Яе запатрабаванасць дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнага развіцця і тэхнічнай творчасці Сяргей Сачко падкрэсліў тым фактам, што за год наведвальнікамі выставы становяцца больш за 10 тысяч навучэнцаў і педагогаў Беларусі, а таксама замежных гасцей.
Па-ранейшаму на базе цэнтра працягваюць сваю работу аб’яднанні па інтарэсах у кірунку “Творчасць у маёй прафесіі” з выкарыстаннем базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Захоўваюцца і такія традыцыйныя мерапрыемствы і праекты, як выстава-кірмаш “Горад майстроў”, конкурс тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”, спартакіяда навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт” і інш.
Сяргей Сачко адзначыў, што сёння ва ўсім свеце ўсё больш запатрабаванымі становяцца ІТ-спецыялісты, і беларуская сістэма дадатковай адукацыі не павінна заставацца ўбаку. А таму аб’яднанні па інтарэсах, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, прапануюць сваім выхаванцам такія кірункі, як распрацоўка і развіццё web-сайтаў, вывучэнне камп’ютарнай графікі, дызайну і анімацыі, 3D-праектавання, фота-, відэамантажу, асноў праектавання сістэм аховы і відэаназірання. Прадэманстраваць свае ўменні навучэнцы могуць у рамках Рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by”, а таксама ў рамках Рэспубліканскага форуму медыятворчасці і праграмавання “Натхненне”.
Што тычыцца метадычнага забеспячэння сістэмы дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю, то, па словах дырэктара, у спецыялістаў цэнтра ёсць дакладнае разуменне запатрабаванасці і сацыяльнай значнасці адукацыйных праграм. Так, у лік найбольш прыярытэтных трапілі праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, звязаных з тэхнічным мадэляваннем, энергетыкай і электратэхнікай, інфарматыкай, вылічальнай тэхнікай і мультымедыйнымі тэхналогіямі, навуковымі даследаваннямі ў галіне энергазберагальных тэхналогій, аўтаматыкай, тэлемеханікай, робататэхнікай і інтэлектуальнымі сістэмамі, радыётэхнікай і радыёэлектронікай, авіяцыяй, касманаўтыкай і аэракасмічнай тэхнікай.
У 2014 годзе цэнтр стаў вядучай установай па здзяйсненні эксперыментальнага і інавацыйнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі”. Разам з ім у праекце ўдзельнічаюць Гродзенскі і Брэсцкі абласныя цэнтры тэхнічнай творчасці навучэнцаў, Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электронікі, Абласны цэнтр творчасці Магілёва, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі.
У ходзе савета было агучана, што ў рамках эксперыментальнага праекта на базе цэнтра праведзены шэраг семінараў па вызначэнні перспектыў укаранення робататэхнікі ў адукацыйны працэс устаноў адукацыі. Мяркуючы па ўсім, перспектывы аказаліся нядрэннымі, бо ўжо сёння ў цэнтры працуе рэспубліканская лабараторыя “Робататэхніка”, якая займаецца арганізацыяй падобных аб’яднанняў па інтарэсах для навучэнцаў. Як аказалася, усё геніяльнае проста. У аснове работы лабараторыі ляжыць канструяванне з дапамогай спецыяльных канструктараў Legо, асвоіць якія пры жаданні можа кожны педагог і потым ужо самастойна займацца з дзецьмі.
У рамках праекта на базе цэнтра ўпершыню арганізаваны і праведзены беларускі этап Сусветнай алімпіяды робатаў, у якім узялі ўдзел больш за 20 каманд і больш за 40 юных стваральнікаў робатаў з розных рэгіёнаў краіны. Ужо зусім хутка, а дакладней у маі, будзе праведзены беларускі этап Сусветнай алімпіяды робатаў сярод навучэнскай моладзі ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў (World Robot Olympiad-2015).

Ад зараджэння ідэі да стварэння камерцыйнага прадукту

Яшчэ адной асаблівасцю Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнага развіцця і тэхнічнай творчасці з’яўляецца створаны не так даўно разам з расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам” Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі. Нашы чытачы маглі бачыць на старонках газеты рэпартаж аб тэхнічнай прыёмцы цэнтра, якая прайшла напрыканцы мінулага года. Сёння інфармацыйны цэнтр прымае сваіх першых наведвальнікаў і чакае ўрачыстага адкрыцця. Плануецца, што дасведчанасць маладога пакалення ў сферы атамнай энергіі дазволіць узняць у гэтай аўдыторыі і прэстыж галіновых прафесій. Дарэчы, падрыхтоўка кадраў для ядзернай энергетыкі Беларусі становіцца як ніколі актуальнай, паколькі ўжо ў 2018 годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю першы блок Беларускай атамнай электрастанцыі.
Не сакрэт, што сучасны рынак працы патрабуе развіцця інжынернага і прадпрымальніцкага мыслення ў старшакласнікаў і студэнтаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што для развіцця такога мыслення навучэнцы павінны мець магчымасць асвоіць на практыцы і прайсці тэхналагічны ланцуг ад зараджэння інавацыйнай ідэі да стварэння камерцыйнага прадукту. Пры гэтым перад моладдзю ставіцца задача не толькі вырашаць вынаходніцкія задачы, але і пераканаўча і граматна прэзентаваць свой прадукт патэнцыяльным інвестарам.
І вось тут, здаецца, задачы маладога пакалення і сучасных педагогаў набываюць паралельную траекторыю развіцця, бо нават самая якасная работа страчвае сваю значнасць, калі яна не вядома сваёй жа мэтавай аўдыторыі.
“Мяне здзіўляе пры такім узроўні работы амаль поўная адсутнасць яе папулярызацыі, — звярнуўся да ўдзельнікаў Рэспубліканскага савета дырэктараў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. — Той прадукт, які прадстаўляе сёння наша сістэма, у прыватнасці ў сферы камп’ютарных гульняў, можа скласці канкурэнцыю сусветна вядомым брэндам, а ў краіне пра яго мала што ведаюць”.
Завяршыўся савет абмеркаваннем рабочых пытанняў і пастаноўкай такіх глабальных задач, як унясенне змяненняў у Кодэкс аб адукацыі і падрыхтоўка праграмы дадатковага развіцця з магчымасцю адпаведнага фінансавання.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.