Дадатковая адукацыя ці адукацыя для жыцця?

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі — адна з самых амбіцыйных устаноў дадатковай адукацыі краіны. У перыяд, калі многія ўстановы “нефармальнай” сістэмы спрабуюць асэнсаваць сваё месца і ролю ў адукацыйнай сістэме каардынат, спецыялісты палаца фарміруюць уласную нішу і ўжо шмат гадоў застаюцца канкурэнтаздольнымі і запатрабаванымі сваёй мэтавай аўдыторыяй.
Аб тым, як заставацца цікавымі дзецям, якія літаральна з касмічнай хуткасцю перарастаюць сістэму, наша размова з дырэктарам МДПДіМ Галінай Леанідаўнай ШКЛЯР.

— Мне асабіста не вельмі падабаецца фармулёўка “дадатковая адукацыя”. Мы не дапаўняем праграму дзіцячага садка, школы ці сістэмы прафтэхадукацыі, а працуем як абсалютна самастойная галіна. Некалі наша сістэма называлася пазашкольнай, што таксама не радавала. Пазашкольная — быццам не зусім важная, не абавязковая.
Сёння мы пазіцыянуем сваю галіну як адукацыю для жыцця. І гэта простая фармулёўка прасочваецца на ўсіх этапах развіцця чалавека, пачынаючы ад самага ранняга ўзросту і да 31 года, які з’яўляецца верхнім парогам узросту моладзі.

— Складваецца ўражанне, што “адукацыя для жыцця” сёння пражывае нейкі пошукавы этап. У сістэме няма дакладных арыенціраў, такіх, пра якія можна было гаварыць яшчэ дзесяць гадоў назад.
— Многае змянілася за гэты час. На мой погляд, зроблены пэўныя крокі наперад. Тады мы разлічвалі, што нават калі не будзе дзяржаўнай праграмы падтрымкі, з’явіцца мэтавая праграма. Выказвалася шмат прапаноў, але, на жаль, яны так і засталіся марамі. У 2012 годзе ў палацы з’явілася ўласная праграма развіцця. Мы разумеем, што павінны ствараць не проста якасны, а суперякасны адукацыйны прадукт, паколькі канкурыруем са школамі, дзе ёсць блокі дадатковай адукацыі, і сферай камерцыйных паслуг. Пры гэтым прадстаўнікі камерцыйнай сферы вельмі актыўныя ў барацьбе за аўдыторыю самага ранняга ўзросту: у горадзе можна знайсці заняткі для дзяцей літаральна першага года жыцця. Мы стараемся таксама кіравацца запытамі сучаснай сям’і і не аддаваць свой патэнцыяльны кантынгент. У палацы, напрыклад, па-ранейшаму папулярныя слінгатанцы, на якія прыходзяць бацькі са сваімі немаўляткамі.
У цэлым жа канцэпцыя нашага развіцця накіравана на тое, каб улічваць узроставы дыяпазон, гендарныя асаблівасці, прадставіць шырыню выбару адукацыйных праграм, якіх у палацы сёння каля 240.

— Зазірнуўшы ў гадавы каляндар вашай установы, можна ўбачыць у ім не менш за 400 мерапрыемстваў. Ці не замяняе гэта, па-вашаму, сапраўднай выхаваўчай і адукацыйнай работы?
— Сёння ў сістэме нямала спрэчак на гэтую тэму. У нашым выпадку 400 мерапрыемстваў не што іншае, як лагічнае завяршэнне кожнага віду дзейнасці. Мая цвёрдая пазіцыя: дзеці павінны мець магчымасць паказаць, чаму яны навучыліся ў той ці іншай сферы.
Калі ўзнікла пытанне фінансавання календара, мы перайшлі да самаакупнасці: шукаем спонсараў, бяром арганізацыйныя ўклады — у выніку дзеці атрымліваюць тое, чаго хацелі. Пагадзіцеся, немагчыма вырасціць мастака, калі ён не прымае ўдзел у выставачнай дзейнасці, танцора — калі не ўдзельнічае ў харэаграфічных конкурсах і канцэртах. Я ўпэўнена, нават тыя, хто займаецца не больш за пару месяцаў, павінны бачыць вынікі сваёй работы, разумець, што яны важныя.
У нас у адрозненне ад Расійскай Федэрацыі не выкарыстоўваецца ацэначная сістэма ў дадатковай адукацыі. Мерапрыемствы свайго роду альтэрнатыва.

— Палац — шматпрофільная ўстанова, якая развівае і дзіцячую тэхнічную творчасць у тым ліку. І якраз тут існуе небяспека не паспяваць за дзецьмі, якія з прагай убіраюць у сябе сусветныя навінкі і тэндэнцыі. Што робіць палац, каб заставацца запатрабаваным і цікавым новаму пакаленню юных тэхнікаў?
— Мы стараемся вытрымаць прыярытэты ў сваім развіцці і не дапусціць перакосу ў той ці іншы бок. Мода на кірункі дзейнасці мяняецца пастаянна. Так сталася, што навукова-тэхнічны і спартыўна-тэхнічны кірункі сёння сапраўды слабае месца, і я лічу, што не толькі ў нашай установе, у сістэме дадатковай адукацыі ўвогуле. Хоць статыстычна мы і ўтрымліваем неабходную колькасць навучэнцаў у аб’яднаннях па інтарэсах.
У палацы дастаткова жорсткая палітыка: калі любое аб’яднанне страчвае 25 працэнтаў сваіх выхаванцаў, яно закрываецца. Тым не менш мы разумеем: страціць напрацаванае гадамі вельмі лёгка, пераасэнсаваць — намнога цяжэй. Напрыклад, сёння мы ўсімі сіламі стараемся захаваць фотастудыю “Краявід”, якая ў свой час была суперзапатрабаванай, камп’ютарны цэнтр, у якім раней займаліся 1200 дзяцей, а цяпер усяго 300.
Канечне, мы не ізаляваныя ад грамадства і гэтак жа, як і ўсе, пакутуем ад недахопу матэрыяльных сродкаў, цікавых і кваліфікаваных педагогаў у галіне тэхнічнай творчасці. Напрыклад, у авіямадэльнай сферы ў нас застаўся працаваць толькі адзін педагог. У свой час актыўна пачалі развівацца беспілотнікі, якія забралі пэўную колькасць таленавітых спецыялістаў. Цяпер мы спрабуем удыхнуць у авіямадэлізм новы змест і знаходзімся ў пошуку педагогаў, якія маглі б распрацаваць унікальную праграму. На жаль, у нас няма такіх трэнажораў-сімулятараў, як у палацы Санкт-Пецярбурга, якія далі б дзецям адчуць стан палёту, адкарэкціраваць сваю мадэль.
Такога ж падыходу патрабуе і суднамадэлізм. У абодвух кірунках мы павінны перайсці да комплексных праграм.

— Аднак, здаецца, вы можаце ганарыцца развіццём робататэхнікі…
— У робататэхніцы таксама не ўсё проста. Мы развіваем некалькі кірункаў. Нашы педагогі скіраваны да праграмуемых робатаў, дзе, на іх погляд, большы прастор для творчасці і больш перспектыў. Цяпер працуем над стварэннем асацыяцыі аматараў робататэхнікі, плануем прыцягнуць да гэтага кірунку сродкі інвестараў, а таксама стварыць каманду педагогаў, сярод якіх быў бы не толькі інжынер-электронік, але і інжынер-праграміст. Толькі так можна не адстаць ад жыцця ў гэтым кірунку ў найбліжэйшы час.

— У чым вам дакладна ўдаецца не адставаць ад жыцця, дык гэта ў інфармацыйным асвятленні сваёй работы. У той жа час, калі гаварыць пра сістэму дадатковай адукацыі ў цэлым, то гэта адна з самых актуальных праблем. Раскрыеце сакрэт?
— Тут няма асаблівых сакрэтаў. Калі мы сустракаемся з калегамі, я заўсёды падкрэсліваю, што рэкламная і інфармацыйная работа — важная частка нашай стратэгічнай палітыкі. Не браць пад увагу інфармацыйнае прасоўванне — сур’ёзная памылка. Маркетынг і PR у любой установе адукацыі павінны выходзіць на першае месца. Больш за дзесяць гадоў назад для мяне гэта было сапраўдным адкрыццём. Разам з калегамі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева ў рамках работы Еўрапейскай асацыяцыі вольнага часу дзяцей, членамі якой мы з’яўляемся, мы наведалі Палац дзяцей і моладзі ў Вільнюсе. Дадатковая адукацыя ў Літве ў той час змагалася за сваё выжыванне, яны зразумелі многія рэчы раней, чым мы.
У свой час мы па аналогіі стварылі службу спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю. Сёння маем сфарміраваны журналісцкі пул, дамоўленасці з такімі інфармацыйнымі “кітамі”, як агенцтва “Мінск-Навіны”, “Беларускае тэлеграфнае агенцтва”.
У нас раней, чым у іншых, з’явіўся ўласны сайт. На цяперашні момант сайтаў ужо некалькі, паколькі мы падзялілі інфармацыю для знешніх карыстальнікаў і інфармацыю, якой карыстаюцца педагогі палаца. Тры гады назад прыйшлі да высновы, што трэба мець метадычны сайт для педагогаў горада. На ім размяшчаецца спецыялізаваная інфармацыя, пры гэтым кожная ўстанова дадатковай адукацыі мае там сваю інфармацыйную прастору.
Што тычыцца сайта палаца, мы ўспрымаем яго як уласны твар. Ён пастаянна абнаўляецца, з’яўляюцца анонсы, навіны, фота- і відэагалерэі. Цяпер працуем над тым, каб мець магчымасць прамой трансляцыі нашых мерапрыемстваў.

— Некалькі гадоў назад у палаца з’явіўся крэатыўна-інавацыйны цэнтр, дзейнасць якога накіравана на работу з маладзёжнымі лідарамі. Ці не дубліруе цэнтр аналагічную работу Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі? У чым сутнасць такой дзейнасці?
— Па сутнасці, крэатыўна-інавацыйны цэнтр выступае ў ролі пэўнага інкубатара, які дае магчымасці і плошчу для рэалізацыі маладзёжных праектаў. Мы ў гэтым плане з’яўляемся партнёрамі з БРСМ.
Нярэдка даводзіцца бачыць праекты, над якімі моладзь працуе са сваімі педагогамі, навуковымі кіраўнікамі. Калі праект ад школы — за ім стаіць школьны настаўнік. А вось знайсці ўласна маладзёжныя ініцыятывы значна цяжэй.
Нядаўна да нас звярнуўся студэнт з ідэяй стварыць цыркавую аматарскую студыю, з якой ён плануе выязджаць у медыцынскія ўстановы, дамы-інтэрнаты. Гэта дастаткова папулярны ў Еўропе кірунак. Аднак у нашай краіне падобных ініцыятыў недастаткова. Мы дапамагаем маладому чалавеку тым, што прадастаўляем месца для трэніровак цыркавой студыі.

— Ці не зашмат у нас работы з лідарамі? А саміх лідараў па-ранейшаму не часта сустрэнеш…
— Магчыма, такая работа сапраўды часам занадта фармалізаваная. Нам патрэбна моладзь, якая адчувае ўнутраную патрэбнасць у лідарскай рэалізацыі. Не хочацца, каб вылучэнне лідараў было пастаўлена на канвеер. Я з’яўляюся членам камісіі па прысуджэнні грантаў Мінгарвыканкама, і калі мы пачынаем абмяркоўваць, каму з маладых людзей іх накіраваць, то іншым часам прыходзім да несуцяшальнай высновы: значная частка моладзі не ўмее думаць самастойна, не ўмее падаць сваю ідэю.
Думаецца, сістэма дадатковай адукацыі якраз і дае тую самастойнасць, якая нараджае сапраўдных лідараў. Дае магчымасць педагогам быць цікавымі настолькі, наколькі дазваляе асабісты патэнцыял і асоба.

Гутарыла Наталля АЛЁХІНА.
Фота Аляксея ПАЎЛЮЦЯ.