“Скаўцкае лета-2015”

Ужо добрай традыцыяй сталі летнія сустрэчы беларускіх скаўтаў на беразе Нёмана. У гэтым годзе ў праекце “Скаўцкае лета-2015” узялі ўдзел больш за 600 юнакоў і дзяўчат.

Той самы скаўцкі лагер, тыя самыя людзі. Скаўцкае братэрства непарушнае, і чарговая сустрэча з даўнімі сябрамі была як сустрэча са сваякамі, якіх не бачыў доўгі час.
За 17 дзён дзвюх змен “Скаўцкага лета-2015” у летніку пабывала больш за 6 соцень хлопчыкаў і дзяўчынак, трэцяй частцы з якіх яшчэ не споўнілася 11 гадоў. Сапраўды, гэта летнік для любога ўзросту: тут было весела і цікава як “ваўчанятам” і “вавёрачкам”, так і колішнім скаўтам і скаўт-лідарам. Усіх збліжалі разнастайныя гульні, без якіх такі летнік немагчымы.
Скаўцкія гульні — гэта не толькі гульні на знаёмства, начныя гульні, але і гульні, выдуманыя самімі скаўтамі. Так, скаўт-лідары, якія прыехалі з Мінска на выхадныя, правялі самы сапраўдны “Форт Баярд” з яркімі касцюмамі, адпаведным рэквізітам і, канечне, скарбамі. Увесь лагер удзельнічаў у разнастайных выпрабаваннях, пачынаючы ад сінхроннага пераступання вяроўкі са звязанымі нагамі і заканчваючы палётамі на альпінісцкім рыштунку і перакідваннем праз грані падвешанага куба. У канцы гульні каманды павінны былі выбраць аднаго чалавека, якому на спецыяльна выдуманай мове трэба было падказваць, куды ісці, каб адкрыць куфар са скарбамі. А скарбамі былі фарбы холі. Кожная з 10 каманд атрымала свой прыз, і неўзабаве на беразе Нёмана адбыўся самы сапраўдны color fest.
Штодзённыя агульныя зборы (“мачты”), заняткі, дзяжурствы па кухні, паходы даюць магчымасць праверыць свае сілы і адчуць падтрымку сяброў. А як прыемна выходзіць на агульным зборы ў ліку лепшых, тых, хто вызначыўся за дзень сваімі дасягненнямі і добрымі справамі!
Ці можаце вы ўявіць сабе рыцарскі баль сярод лесу? Не? Ну і дарма. Сёлетняя праграма летніка была прысвечана рыцарству. Сапраўды, многія скаўцкія законы заснаваны на прынцыпах паводзін старадаўніх рыцараў. А хто, як не рыцар, можа абараніць прынцэсу? Менавіта з гэтага мы і зыходзілі, калі ўдзельнічалі ў рыцарскім турніры: “конны” турнір, баі на драўляных мячах, спаборніцтвы лучнікаў, якія з самаробных лукаў самаробнымі стрэламі павінны былі трапіць у мішэні. Прынцэсы ў самаробных уборах павінны былі прыдумаць сваю дзяржаву, прадставіць сцяг і кліч.
Асабліва хочацца расказаць пра скаўцкія ночы ў летніку. Ледзь не ўсю ноч каля атрадных кастроў гучыць шэпт і нягучныя спевы пад гітару. Быць кастравым і ўсю ноч захоўваць вогнішча — узнагарода і ганаровае даручэнне. Кастравым можа быць не толькі скаўт, але і кадэт і нават навічок, які нечым вызначаўся за мінулы дзень. Калі ты кастравы, ты захавальнік ачага лагера, цяпла і сноў скаўтаў. Паводле скаўцкіх традыцый, калі ўначы кастравы не збярог вогнішча, дадому могуць адправіць цэлую дружыну.
“Скаўцкае лета-2015” скончылася, але наперадзе ў нас новыя сустрэчы, падарожжы і выпрабаванні.

Паліна ФАЛАЛЕЕВА.
Фота Кацярыны НІКІЦІНАЙ.