Кухарам? Настаўнікам? Хімікам? Метэаролагам?

Хачу, магу, трэба… На гэтых трох словах, нібыта на трох чарапахах, грунтуецца праца калектыву гімназіі № 1 Горак па рэалізацыі праекта “Шукаю сябе ў свеце прафесій. Ідэі, якімі хочацца падзяліцца”. Пра адвечную тэму правільнага выбару прафесіі, пра тое, ці ўсе прафесіі добрыя і што можна выбраць на свой густ, раскажуць пераможцы намінацыі “Ствары свой брэнд”.

Адвечныя пытанні

Тыповая сітуацыя. Мы нешта ўбачылі, ацанілі і… захацелі. Захацелі марожанае, захацелі цукерку, захацелі сучасны смартфон. Але ці трэба нам гэта? Ці трэба есці марожанае, калі ангіна? Ці трэба есці цукерку, калі салодкае супрацьпаказана? Ці трэба купляць новы смартфон, калі і стары добра працуе? Тое ж самае і ў адносінах да прафесій. Адзін вучань хоча быць лётчыкам. Але ці зможа, ці трэба звязваць жыццё з небам, калі баішся вышыні? Другі хоча быць праграмістам. Аднак ці трэба яму такая прафесія, калі з інфарматыкай або алгебрай ён далёка не ў сяброўскіх адносінах? Прыкладна такія пытанні абмяркоўваюць педагогі (члены прафарыентацыйнага савета гімназіі № 1 Горак) з навучэнцамі.

З першага па адзінаццаты

— Падрыхтоўка да выбару прафесіі з’яўляецца неад’емнай часткай ўсебаковага і гарманічнага развіцця асобы. У малодшым узросце пазнавальныя інтарэсы дзяцей, як правіла, эпізадычныя. Яны ўзнікаюць у пэўнай сітуацыі, часцей за ўсё пад непасрэдным уздзеяннем урока або сустрэчы з прадстаўнікамі той ці іншай прафесіі. З’яўленне ўстойлівых асэнсаваных прафесійных інтарэсаў узнікае ў вучняў у 13—14-гадовым узросце, калі пачынаецца развіццё прафесійнай самасвядомасці. Менавіта гэты ўзрост з’яўляецца самым спрыяльным перыядам для прафарыентацыйнай работы, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Аляксандраўна Панамарова.Кіраўнік праекта вылучыла чатыры этапы прафарыентацыйнай падтрымкі сацыяльнага сталення асобы. Першы этап ахоплівае 1—4 класы і накіраваны на развіццё ў малодшых вучняў станоўчых адносін да фізічнай працы, асаблівая ўвага засяроджваецца на значнасці будаўнічых прафесій, якія запатрабаваны на рынку працы краіны. Гэты этап Юлія Аляксандраўна назвала арыентацыйна-стасункавы. Наступныя (арыентацыйна-асобасны, арыентацыйна-прадукцыйны, арыентацыйна-ўдакладняльны) разлічаны на работу з навучэнцамі 5—7, 8—9 і 10—11 класаў і накіраваны на больш дэталёвае азнаямленне навучэнцаў са светам прафесій, фарміраванне дапрафесійных уменняў і навыкаў, дапамогу зрабіць усвядомлены выбар.
Прафарыентацыйны савет гімназіі выкарыстоўвае ў сваёй рабоце такія формы, як прафкансультацыя, навукова-даследчая дзейнасць у галіне прафарыентацыі, прафесіяграфія (складанне прафесіяграм і псіхаграм канкрэтнага вучня), прафарыентацыйныя гульні і мерапрыемствы (асабліва ў шосты дзень з прыцягненнем педагогаў, навучэнцаў, бацькоў, сацыяльных партнёраў), факультатыў па прафарыентацыі “Маё прафесійнае будучае”.

Дапамогуць журналісты

Актыўную дапамогу настаўнікам аказвае прэс-служба “Школьны экспрэс”. Будучыя журналісты асвятляюць жыццё ўстановы адукацыі па гімназічным радыё, на старонках газет “Наша газета”, “Калейдаскоп бяспекі”, “Піянерскі веснік”, “Стрымлайн”, “ПозитиFF”, “Парасткі духоўнасці”, размяшчаюць інфармацыю на сайце гімназіі, супрацоўнічаюць з друкаванымі СМІ, раённым радыё. Гімназічныя СМІ асвятляюць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, выпускаюць інфармацыйныя бюлетэні.— Гімназічныя газеты знаёмяць з прафесіяй журналіста, карэспандэнта, рэжысёра, гукааператара, фатографа. Вучні з задавальненнем “прымяраюць” на сябе розныя прафесіі. Будучыя аператары і рэжысёры здымаюць відэаролікі, займаюць прызавыя месцы на конкурсах. Так, супрацоўнікі гімназічнай “Нашай газеты” штогод удзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе школьнай прэсы “Свежы вецер”, а самыя актыўныя заахвочваюцца паездкамі ў “Зубраня” на тэматычную юнкараўскую змену. Многія выступленні, творчыя работы гімназістаў адзначаны дыпломамі і граматамі розных узроўняў. У рамках праекта “100 ідэй для Беларусі” актывісты прэс-цэнтра і пярвічкі БРСМ “Стрымлайн” распрацавалі інтэрнэт-праект “Маладзёжны экспрэс”. Актыўным удзельнікам праекта з’яўляецца вучаніца 11 “Б” класа Кацярына Міронава. На працягу некалькіх гадоў яна займаецца ў прэс-цэнтры, асвоіла навыкі фотакарэспандэнта, супрацоўнічае з перыядычнымі выданнямі, дзеліцца з гімназістамі асновамі журналістыкі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, — паведаміла Юлія Аляксандраўна.

Разам з бацькамі

— Сістэма прафарыентацыйнай работы гімназіі цесна звязана з сістэмай профільнай падрыхтоўкі. Асноўнымі профілямі гімназіі з’яўляюцца фізіка-матэматычны, філалагічны, хіміка-біялагічны, гісторыка-грамадазнаўчы і эканамічны. Акрамя таго, наша ўстанова працуе ў эстэтычным кірунку, таму запатрабаванымі сярод выпускнікоў з’яўляюцца і творчыя прафесіі. Мы даём дзецям магчымасць у пазаўрочны час паглядзець на сябе ў розных вобразах, паспрабаваць сілы ў рознай дзейнасці. Актыўна ў прафарыентацыйным плане мы супрацоўнічаем з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На базе гімназіі працуе малая акадэмія кіравання, навучэнцы якой у рамках шостага дня сустракаюцца з выкладчыкамі сталічнай акадэміі. Канечне, не ўсе навучэнцы гімназічнай акадэміі стануць кіраўнікамі, таму палітра нашай прафарыентацыйнай дзейнасці разнастайная. Мы з калегамі выконваем сацыяльны заказ грамадства і арыентуем навучэнцаў у тым ліку і на рабочыя спецыяльнасці, прафесіі ваеннага профілю, — паведаміў дырэктар гімназіі Сяргей Іванавіч Пруднікаў.Значная прафарыентацыйная роля надаецца і дню самакіравання, супрацоўніцтву з бацькамі. Гімназічны савет бацькоў наладжвае экскурсіі на прадпрыемствы, у дзяржаўныя структуры і ўстановы, дзе працуюць таты і мамы навучэнцаў. Яны і самі прыходзяць у класы і расказваюць пра свае прафесіі. Да Дня маці бацькі традыцыйна даюць майстар-класы. Напрыклад, мамы-кухары праводзяць экскурсію па прыгатавальным цэху сталовай. Некаторыя мамы арганізоўваюць у вучэбных кабінетах імправізаваную цырульню і паказваюць, як за дзесяць хвілін можна стварыць сапраўдны шэдэўр цырульніцкага мастацтва. Сустракаліся гімназісты і з ветурачом мясцовай коннаспартыўнай школы, а таксама з інжынерам-метэаролагам.

Экзатычная прафесія

Экскурсія на метэастанцыю з’яўляецца адным са складнікаў прафарыентацыйнай работы і праводзіцца ў першую чаргу з мэтай знаёмства з разнастайным светам прафесій. Для чаго выкарыстоўваецца чорны шчыт, які прыбор вызначае хуткасць ветру? Ці можна залезці ў псіхраметрычную будку і што там можна пабачыць? Пра ўсё гэта горацкім навучэнцам расказвае начальнік аграметэастанцыі “Горкі” Тамара Валянцінаўна Шулякова. Яна з гордасцю адзначае сваім гасцям той факт, што горацкая аграметэастанцыя ўсяго на год маладзейшая за знакамітую сельскагаспадарчую акадэмію і ў наступным годзе ёй споўніцца 175 гадоў. Прагрэс не стаіць на месцы, і пры вызначэнні надвор’я выкарыстоўваюцца сучасныя прыборы. Да нашага часу дайшлі і такія даволі прымітыўныя, але надзейныя і эфектыўныя прыстасаванні, як чорны шчыт, дзякуючы якому вызначаецца шчыльнасць туману, або снегамерныя рэйкі. Дарэчы, туман для метэаролага — гэта не проста туман. Для Тамары Валянцінаўны і яе калег туман бывае слабы, умераны і моцны. Тое ж самае і з ветрам, дажджом. Дарэчы, горацкая метэапляцоўка — самая вялікая ў краіне, яе памер складае 20 на 30 метраў. А цяпер наконт пытанняў. Псіхраметрычная будка абараняе размешчаныя ўнутры прыборы ад шкоднага ўплыву сонечнай радыяцыі, ападкаў і ветру. А вось вызначыць сілу ветру можна з дапамогай анемометра.
— Метэаролаг — прафесія даволі рэдкая, нават экзатычная. У нас бываюць вольныя вакансіі, аднак навічкі не заўсёды затрымліваюцца, бо праца карпатлівая і спецыфічная. Трэба цярпенне, уважлівасць, гэтую прафесію трэба проста любіць, як любіць і беларускае надвор’е. Сёння, напрыклад, дождж і туман, аднак у прыроды, як вядома, не бывае дрэннага надвор’я, — адзначыла Тамара Валянцінаўна.

Выбірай з любоўю!

Сапраўды, дрэннага надвор’я не бывае, як не бывае і дрэнных прафесій. Каб стаць прафесіяналам, сваю працу, як бы банальна гэта ні гучала, трэба проста любіць. Калі ты ведаеш, што ты хочаш, што ты можаш, што табе трэба і, самае галоўнае, што ты любіш — толькі ў такім выпадку можна зрабіць правільны прафесійны выбар. Усе прафесіі добрыя, выбірай на любы густ, але выбірай з любоўю!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.