Шчаслівага плавання!

Беларусь і мора — паняцці несумяшчальныя? Канечне, сумяшчальныя! Ну і няхай аб беларускую зямлю б’юцца толькі рачныя і азёрныя хвалі, а для любавання марскім прасторам жыхару сінявокай неабходна пераадолець сотні кіламетраў. Марская рамантыка можа аказацца намнога бліжэй. І для гэтага не абавязкова набываць квіткі на самалёт. Напрыклад, навучэнцам сярэдняй школы № 1 Лёзна дастаткова наведваць прышкольны летнік “Юнга”.

Хто такі марак? Чалавек у цяльняшцы? Правільна. Чалавек у бесказырцы? Таксама правільна. Рамантык? І гэта так. А яшчэ ён смелы і адважны, адказны і сур’ёзны, гатовы пераадолець любы шторм, любы акіян, толькі б хутчэй пабачыць родную зямлю. Патрыёт? Канечне. Варта з яго браць прыклад? Несумненна. Выхаваць рысы характару, уласцівыя для марака, а таксама стварыць умовы для якаснага аздараўлення навучэнцаў, развіцця іх творчых і індывідуальных здольнасцей, працавітасці — менавіта з такой мэтай 110 навучэнцаў 1-й лёзненскай школы адправіліся ў незвычайнае марское падарожжа па бяскрайніх прасторах летніх канікул на караблі пад мілагучнай і рамантычнай назвай “Родная школа”.

— Кожны год мы з калегамі эксперыментуем і намагаемся знаходзіць новыя формы выхаваўчай работы на летніх канікулах. Самай лепшай узнагародай для нас з’яўляюцца словы выхаванцаў напрыканцы змены: “Шкада, што летнік скончыўся”. Гэта значыць, што нашы творчыя пошукі і старанні не прайшлі дарэмна, — дзеліцца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Раіса Мікалаеўна Хаванская.


Як і любое марское падарожжа, змена летніка “Юнга” напоўнена прыгодамі, яркімі момантамі. На працягу трох тыдняў хлопчыкі і дзяўчынкі з малодшых класаў шукаюць пірацкія скарбы, змагаюцца з марскім штормам, заплываюць у бухту Прыгод і нават наведваюцца ў госці да Нептуна. Усё гэта чакае юных маракоў падчас падарожжаў ад вострава да вострава, а кожны востраў — гэта тэматычны дзень. Наведаць астравы Прыгажосці, Рэкордаў, Творчасці, Памяці, Будучыні, Бяспекі, Здароўя, Нептуна, Банцікаў і вяснушак, Экалогіі, Разваг, Бізнесу, Вясёлкі, а таксама востраў 101 і востраў Да новых сустрэч — такая задача была пастаўлена перад экіпажам у першы дзень летнікавай змены капітанамі — выхавальнікамі атрадаў.

Гэта ўжо другое марское падарожжа па прасторах летніх канікул для выхаванцаў “Юнгі”. Першыя марскія мілі незвычайны карабель праплыў у мінулым годзе. “Шкада, што летнік скончыўся”, — гаварылі юнгі, пакідаючы палубу карабля. “У наступным годзе абавязкова сустрэнемся”, — нібыта гаварыў дзецям у адказ фанерны юнга — сімвал летніка і яго талісман. Навучальны год праляцеў хутка, і ледзь толькі празвінеў апошні званок, экіпаж быў хутка сфарміраваны. Яго касцяк склалі тыя, хто адправіўся ў марское падарожжа ў мінулым годзе. Цяпер яны не проста юнгі. Яны падраслі, і ў вачах сёлетніх навічкоў з’яўляюцца сапраўднымі марскімі ваўкамі. Вопытныя маракі ўжо ведаюць, як паводзіць сябе на востраве Рэкордаў, як шукаць пірацкі скарб або як вітацца і размаўляць з гаспадаром вострава Нептуна. Адрозніць вучняў-юнгаў ад вучняў-марскіх ваўкоў вельмі проста. Дастаткова было наведаць конкурсна-гульнявую праграму “Па морах, па хвалях”. Вопытныя маракі спраўна танцавалі марскі танец, хутка адказвалі на пытанні боцмана і капітана.
— Мы запрашаем вас здзейсніць унікальнае марское падарожжа. Якія ў вас узнікаюць асацыяцыі з морам? Так, бяскрайні прастор. Так, бурлівыя хвалі. Так, караблі з ветразямі. А ці ведаеце вы, што мора — гэта яшчэ і сімвал святла, свабоды? Многія кампазітары, мастакі, паэты, пісьменнікі прысвяцілі гэтай стыхіі свае творы. Вы згодны адправіцца ў марское падарожжа па бяскрайнім акіяне Сяброўства і адкрываць таямнічыя астравы? Добра. Аднак для пачатку нам трэба выканаць знакамітую песню “Бесказырка белая”, — звярнуўся да экіпажа боцман настаўнік англійскай мовы Мікалай Мікалаевіч Ганчароў.

Пасля выканання песні і заліхвацкіх танцаў, якія юнгі і марскія ваўкі выконвалі разам з капітанам — настаўніцай пачатковых класаў Юліяй Сяргееўнай Новікавай, пачалася конкурсная праграма. Конкурсы ў летніку “Юнга” — гэта не толькі спаборніцтвы, фарміраванне ў дзяцей пэўных уменняў і навыкаў, пашырэнне іх кругагляду, але і незвычайная ўзнагарода. Ды яшчэ якая! Так, за 1-е месца каманда або асобны вучань атрымліваюць прыгожы папяровы якар чырвонага колеру, за 2-е месца — сіняга, за 3-е — зялёнага, а за асаблівыя заслугі залацістага.

Для атрымання рознакаляровых якараў удзельнікам конкурсна-гульнявой праграмы ў дзень Сяброўства неабходна было паспяхова справіцца з заданнямі на сямі станцыях. Так, на першай станцыі “Пабудуй каманду” ад юных маракоў патрабавалася падзяліцца на дзве каманды. Удзельнікі кожнай каманды атрымлівалі картачкі з пазначанымі званнямі (юнга, матрос, лоцман, штурман, старпам, капітан) і строіліся злева направа ў адпаведнасці з рангам. Другая станцыя — гэта загадкі на марскую тэматыку. Прапаноўваем і чытачам “Настаўніцкай газеты” праверыць сваю кемлівасць і веды. Такім чынам, загадка першая: калі ён на марскім дне ляжыць, то карабель не пабяжыць. Здагадаліся? Правільна, якар. Загадка другая: пёры ёсць, а не лётае. Таксама здагадаліся? Правільна, рыба. Ну, і трэцяя, самая цяжкая: я і хмара, і туман, і ручай, і акіян. Канечне, вада. Што ж, цяпер вам можна ўручыць папяровы якар залацістага колеру і прысвоіць званне матроса. У падобнай форме праходзіць і наступнае спаборніцтва — віктарына, удзельнікам якой неабходна адказаць на пытанні кшталту “Высокі слуп для ветразя на караблі (мачта)”, “Плоская, як талерка, і жыве на дне мора (камбала)” і г.д.

На трэцяй станцыі юнгам і марскім ваўкам прапаноўваецца напісаць на аркушы паперы як мага больш марскіх прафесій і пры гэтым выканаць песню, звязаную з вадой. На чацвёртай станцыі дзеці дзеляцца на дзве каманды і на хуткасць пераліваюць з дапамогай шпрыца ваду ў пустую шклянку. І якое ж марское падарожжа без рыбалкі? На пятай станцыі дзецям прапаноўваецца “закінуць вуды”. Праўда, вуды гэтыя незвычайныя, як і вадаём і рыбы. Удзельнікам спаборніцтва неабходна перанесці з дапамогай лыжачкі з вядра з вадой запалкі ў пустую шклянку. Захапляльна прайшлі і спаборніцтвы на станцыях “Танец русалкі” і “Спрытнюга”. Калі з танцам русалкі зразумела, то пра сёмую станцыю варта сказаць асобна. Сутнасць заключаецца ў тым, што дзецям неабходна прачытаць тэкст на шыльдачцы, якая вешаецца на спіну саперніка, пры гэтым сапернік увесь час круціцца.

Падчас марскога падарожжа галоўнае што? Канечне, прыгоды, незабыўныя ўражанні, любаванне марскімі краявідамі, а ў нашым выпадку яшчэ і конкурсы, гульні, віктарыны, экскурсіі. Аднак, каб хапіла сіл пераадолець сотні марскіх міль, важна падтрымліваць добрую фізічную форму (фізкультхвілінкі і спартыўныя спаборніцтвы з’яўляюцца абавязковай часткай летнікавай праграмы) і добра харчавацца. Камбуз (на час летніка яго ролю выконвала школьная сталовая) працаваў як трэба, кок не ленаваўся, а гэта, пагадзіцеся, вельмі важна.

Праграма летнікавай змены прадугледжвае не толькі конкурсы і спаборніцтвы. Адной з галоўных задач дзейнасці летніка “Юнга” з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Гэтая задача паспяхова вырашаецца на востраве Памяці. Тут дзяцей чакаюць акцыі “Абеліск”, “Ветэран жыве побач”, ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, экскурсіі ў школьны музей баявой славы і Лёзненскі ваенна-гістарычны музей. У перыяд змены абавязкова праводзяцца міні-паходы па мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўваюцца і сустрэчы з ветэранамі.


— Самым запамінальным для навучэнцаў з’яўляецца падарожжа на востраў Нептуна. У тэматычны дзень імправізаваны востраў размяшчаецца на беразе невялікага лёзненскага возера. Экіпаж, які тут высаджваецца, чакае сапраўдны сюрпрыз — воднае свята. Пачынаецца яно з раптоўнага з’яўлення на катамаране Нептуна ў акружэнні педагогаў-выхавальнікаў, якія выконваюць ролю русалак і іншых казачных вадзяных жыхароў. Праводзяцца конкурсы, спаборніцтвы, за якія дзеці атрымліваюць ракавінкі, зорачкі. З радасцю наш экіпаж прычальвае да вострава 101. Яшчэ б! Прыязджае сапраўдная пажарная машына, а супрацоўнікі МНС дазваляюць кожнаму вучню пасядзець у кабіне вадзіцеля і патрымаць у руках сапраўдны пажарны рукаў. На востраве Бізнес-ідэй вучняў чакае знаёмства з асновамі маркетынгу і рэкламы, праводзяцца эканамічныя гульні. Завяршае змену наведванне вострава Развітальнага, — паведаміла начальнік летніка Вера Уладзіміраўна Іванова.

Кажуць, што жанчына на караблі… Не верце, усё гэта выдумкі. Большая частка экіпажа незвычайнага лёзненскага карабля — нашы мілыя і прыгожыя дзяўчаткі і жанчыны. А тое, з якой радасцю дзеці кожную раніцу першага летняга месяца спяшаюцца на палубу, каб адправіцца ў захапляльнае марское падарожжа, гаворыць толькі пра адно: жанчына на караблі — гэта да шчасця. Шчаслівага плавання, лёзненскія юнгі!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.