Да бабулі ў Шамкір

Прыходу самых доўгіх, самых любімых летніх канікул з нецярпеннем чакаюць не толькі навучэнцы Брэста, Гродна, Петрыкава, Полацка, Салігорска, дзясяткаў іншых гарадоў і вёсак Беларусі, але і хлопчыкі і дзяўчынкі з далёкага, экзатычнага, але ў многім блізкага для нас Азербайджана. Як праводзяць летнія канікулы з сем’ямі азербайджанскія дзеці? Адказ на гэтае пытанне знойдзем падчас прагулкі па ўтульных вулачках Шамкіра — маладзёжнай сталіцы гэтай гасціннай краіны.

Знайсці дзесяць падабенстваў

Беларускае лета з сям’ёй і азербайджанскае лета з сям’ёй… У гэтых з’явах прасцей знайсці 10 ці нават 100 падабенстваў, чым 10 або хаця б 5 адрозненняў. З прыходам чэрвеня і для беларускіх, і для азербайджанскіх навучэнцаў пачынаецца воля вольная! Заняткі ў школах скончыліся, дамашнія заданні рыхтаваць не трэба, таму хочаш гуляй з сябрамі на вуліцы з раніцы да позняга вечара, хочаш — бяры вуды ды адпраўляйся на рэчку, возера (Так, у Азербайджане таксама ловяць рыбу, ды яшчэ якую!).
Канечне, калі ёсць магчымасць, то можна разам з бацькамі адправіцца ў далёкія заморскія краіны. Але, безумоўна, лепш адпачываць на роднай зямлі. Тым больш што ў Азербайджане ёсць і мора, і пляжы. А колькі незабыўных і захапляльных падарожжаў можна здзейсніць разам з бацькамі пехатой, на веласіпедах, нарэшце, на аўтамабілі! У Беларусі — па лясах, палях і ўзгорках. У Азербайджане, напрыклад, у Шамкірскім раёне, — па берагах горных рэк, перавалаў, горных сцяжынах.

Праз усю краіну

8-гадовы бакінец Алі з нецярпеннем чакае летніх канікул. Літаральна на наступны дзень пасля апошняга ў навучальным годзе званка бацькі адвозяць яго да бабулі Нурай у Шамкір. Аўтамабільнае падарожжа ад сталіцы Азербайджана да райцэнтра, размешчанага ў паўночных перадгор’ях Малога Каўказа, займае каля 5 гадзін і заўсёды праходзіць для хлопчыка цікава і запамінальна. Яшчэ б! Шлях працягласцю больш за 400 кіламетраў пралягае праз усю краіну, амаль праз усе яе 9 кліматычных зон.

За вокнамі аўтамабіля “праносяцца” нафтавыя платформы і танкеры Каспія; павольна “праплываюць” бяскрайнія, з рэдкай зелянінай далі Апшэронскага паўвострава; праз гадзінку-другую яны змяняюцца ўжо тыповым для беларускага Палесся краявідам Кура-Араксінскай нізіны з зялёнымі палямі, з каналамі і рэчкамі, з трыснягом і вербамі на іх берагах. Адным словам, сам таго не ведаючы, Алі здзяйсняе своеасаблівае завочнае падарожжа па далёкай і экзатычнай для яго Беларусі.

Калі за акном з’яўляюцца вінаграднікі і сілуэты велічных Каўказскіх гор, трапяткое сэрца Алі пачынае біцца больш часта: хутка, ужо зусім хутка хлопчыка чакае чароўная ўсмешка бабулі, яе ласкавы погляд, а яшчэ сустрэча са стрыечнымі братамі і сёстрамі, шматлікімі шамкірскімі сябрамі.

У цяні таполяў

Пра вялікія азербайджанскія сем’і і іх традыцыі варта сказаць асобна. Канечне, сем’і ў сучасным Азербайджане ўжо не такія мнагадзетныя, як, скажам, гадоў 100 назад, аднак тры або чатыры дзіцяці ў сям’і — гэта звычайная з’ява. Хлопчыкі і дзяўчынкі з маленства разумеюць, што наяўнасць брацікаў і сястрычак — гэта норма, і ў адпаведнасці з гэтай нормай яны будуюць сваё жыццё. Старэйшыя даглядаюць малодшых, малодшыя гуляюць са старэйшымі, і пры гэтым ад падлеткаў і юнакоў ніколі не пачуеш слоў накшалт “я не хачу гуляць з малодшым братам, лепш пайду пагуляю з сябрамі”. Сем’і вялікія і вельмі дружныя. Кампаніі, у якіх камфортна сябе адчуваюць і дзеткі, і дзеці, і падлеткі, і юнакі, і дарослыя, для Шамкіра — звычайная з’ява. Вось такое яно, лета, з сям’ёй па-азербайджанску, па-шамкірску.
Менавіта такую дружную і вялікую кампанію сустрэлі на вуліцы Шамкіра ўдзельнікі Дзён моладзі Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы, калі прагульваліся пад спякотнымі промнямі азербайджанскага сонца. Ласкавае “добры дзень” прагучала як з боку гасцінных і прыветлівых беларусаў, так і з боку гасцінных і прыветлівых азербайджанцаў. Пакуль Алі з малодшым брацікам, сястрычкамі і дзядулем пазіраваў перад фотакамерай для “Настаўніцкай газеты”, яго стрыечны 12-гадовы брат Амар, пачуўшы вясёлы дзіцячы смех, ужо імчаўся да нас на ролікавых каньках разам са стрыечнай сястрой Зейнаб. “Вось тут, на гэтай вуліцы, у цяні вялізных таполяў, і праводзяць большую частку летніх канікул мае ўнукі”, — падзяліўся дзядуля Мурад.
Шамкірская готыка

Усе дзеці дапытлівыя, цікаўныя, таму, канечне, летнія дні ў Шамкіры для Алі і яго сяброў не абмяжоўваюцца толькі ціхімі вуліцамі горада. Усё ж такі Шамкір — гэта не толькі адзін з самых старажытных у перадгор’ях Малога Каўказа гарадоў, але і адзін з самых утульных, самых адметных населеных пунктаў Азербайджана. Дзецям цікава даведацца пра яго багатую гісторыю, убачыць помнікі архітэктуры, памацаць рукамі старажытнае каменне. Шамкір вядомы яшчэ з V стагоддзя. Калісьці тут жылі хазары, савіры, арабы, а ў 1818 годзе пасяліліся… немцы. Таму ў багатай архітэктурнай спадчыне Шамкіра цесна перапляліся еўрапейскія, азіяцкія, усходнія рысы. Галоўнай архітэктурнай дамінантай гістарычнага цэнтра горада з’яўляюцца аднапавярховыя дамы, пабудаваныя ў гатычным стылі і пры гэтым упрыгожаныя адмысловай разьбой з усходнімі матывамі.

Летнія канікулы ў Шамкіры — выдатны час і выдатнае месца для спасціжэння багацця гістарычнай, прыроднай і культурнай спадчыны Азербайджана. Таму адным з любімых месцаў летняга адпачынку для Алі з’яўляюцца не толькі вуліца, на якой жыве яго бабуля Нурай, але і старадаўняя крэпасць у ваколіцах горада, да якой на аглядавую экскурсію яны часта выязджаюць з дзядулем і бабуляй на “жыгулях” (самым папулярным аўтамабільным транспарце Шамкіра). А яшчэ любімымі месцамі з’яўляюцца бераг ракі Джагірчай і Мінгачавірскае вадасховішча, праз якое праходзіць рэчышча ракі Куры.

Чай з шашлыком

Мы, беларусы, звычайна характарызуем свой выезд на прыроду вельмі проста і лаканічна: “На шашлыкі”. Гэта значыць, не проста паесці смажанага на вуголлі мяса, але і пагаварыць з сябрамі, пагуляць на свежым паветры ў валейбол або бадмінтон, адным словам, правесці якасны адпачынак на прыродзе, а шашлык — гэта ўсяго толькі маленькая нагода. Адкуль пайшла традыцыя выезду на прыроду з шашлыком? Адказ вельмі просты: з Закаўказзя і, у прыватнасці, з Азербайджана. Вы езд “на шашлыкі” — гэта традыцыйны спосаб баўлення вольнага часу ў азербайджанскіх сем’ях. Як і ў Беларусі, такі адпачынак тут суправаджаецца не толькі паяданнем сапраўднага шашлыка (смажанай на вуголлях бараніны), але і гутаркай з сябрамі і роднымі за агульным сталом, гульнямі на свежым паветры. Калі ў Беларусі такі від сямейнага адпачынку праходзіць часцей за ўсё на беразе вадаёма сярод лесу, то ў Азербайджане, дакладней Шамкірскім раёне, — на беразе імклівай Джагірчай у атачэнні гор.Размовы “пад шашлычок”, асабліва размовы ў мужчынскай кампаніі, абавязкова праходзяць… за кубкам духмянай гарбаты. Тыповая для Шамкіра, як і для іншых гарадоў і сёл Азербайджана, карціна: летняя спёка, а ў цяні дрэў за столікам сядзяць некалькі мужчын і вядуць за кубачкам гарбаты (армудам — спецыяльным шкляным кубачкам грушападобнай формы) няспешную размову. Для кожнага азербайджанца чаяпіцце — асаблівы рытуал, які абавязкова павінен праходзіць у кампаніі сяброў. Добры чай, добрыя сябры… Што можа быць лепш? Колькі чорнага байхавага ліставога чаю выпіваюць азербайджанцы за тыдзень або за месяц, ніхто не лічыў. Аднак дакладна вядома, што азербайджанскія навучэнцы, якія ва ўсім стараюцца браць прыклад са сваіх старэйшых сваякоў і ў першую чаргу татаў, куды ахвотней вып’юць у спякотны летні дзень кубачак гарбаты, чым газіраваную колу. Вось што значыць моцныя сямейныя традыцыі, вось што значыць здаровы лад жыцця.

Лавіся рыбка!

Чай-чаем, але ж які летні адпачынак без рыбалкі? Сустракаць світанне з вудай у руках побач з татам любяць не толькі беларускія, але і азербайджанскія хлопчыкі. Самай галоўнай і самай багатай на рыбу ракой Закаўказзя з’яўляецца Кура. Кура для Азербайджана — тое ж самае, што і Прыпяць або Дняпро для Беларусі. Сваім рыбным багаццем славіцца і Мінгачавірскае вадасховішча. У Азербайджане вельмі шмат дробных лясных рэчак карставага паходжання, якія сілкуюцца падземнымі водамі. Гэтыя нешырокія і неглыбокія рэчкі маюць умераную хуткасць цячэння, чарнаватага колеру ваду, хаця сустракаюцца і з чыстай, празрыстай крынічнай вадой. Рэчышча рэчак праходзіць па забалочаных участках у атачэнні хмызняку, часцей за ўсё ажыны. Забалочаныя ўчасткі, хмызняк, ажыны… Чытаеш гэтыя словы і адразу ўяўляеш тыповы беларускі краявід. Па-азербайджанску гэтыя рачулкі называюцца Кара-су, што значыць “чорная вада”. Нягледзячы на свой колер, яны надзвычай багатыя на рыбу, асабліва сазана (які рыбак не марыць, каб яму на вуду трапіў гэты волат сямейства карпавых?) і горную разнавіднасць вусача.

Адно для ўсіх

Летні адпачынак з сям’ёй у Беларусі і летні адпачынак з сям’ёй у Азербайджане… Як бачым, у гэтых з’явах куды больш падабенстваў, чым адрозненняў. І гэта нядзіўна, бо лета — самая любімая, самая доўгачаканая пара года і на гасціннай беларускай, і на гасціннай азербайджанскай зямлі. Лета аднолькава любіць і 8-гадовы Алі, і яго мінскія равеснікі. Эх, лета, цябе так доўга чакаеш і ты так хутка мінаеш! Але нічога, наперадзе яшчэ частка ліпеня і цэлы жнівень, а значыць, адпачынак з сям’ёй можна зрабіць яшчэ больш разнастайным і цікавым. І дапаможа ў гэтым далёкі, экзатычны, але ў многім блізкі для нас Азербайджан.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.