Тэатр без нафталінавага паху

Не памылюся, калі скажу, што ў большасці людзей тэатр асацыіруецца з бардовай парцьерай, пахам нафталіну, смокінгамі і жабо акцёраў, класічным рэпертуарам. Тых, для каго гэта сумна і хто хоча ўбачыць тэатр кардынальна іншым, запрашае лялечна-драматычная студыя “Галактыка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і яе кіраўнікі Вера і Аляксандр Абрамовіч.

Тут няма дрэсуры

Калі звярнуцца да навукі, то галактыка — гэта сістэма зорак, якія звязаны сваёй гравітацыяй і круцяцца па арбітах вакол цэнтра. Такую навуковую з’яву выхаванцы “Галактыкі” ўжо 27 гадоў дэманструюць творча. “Зорак” з іх арбітамі за гэты час тут аб’ядноўвалася каля паўтары тысячы. І само па сабе аб’яднанне стала прынцыпам работы студыі.

Аб’ядналіся спачатку двое студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: Аляксандр, без пяці хвілін акцёр тэатра і кіно, і першакурсніца з лялечнага факультэта Вера. Аб’ядналіся адразу буйным творчым студэнцкім мерапрыемствам (арганізоўвалі яго разам), а потым — шлюбам. З таго часу яны ўсё робяць разам. Тэатральная студыя Абрамовічаў, іх галоўнае дзецішча, стала лялечна-драматычнай, задумвалася яна як сінтэз самых розных тэатральных дысцыплін: лялечнага і драматычнага акцёрскага майстэрства, пластыкі і харэаграфіі. Яны дабаўляюць да гэтых дысцыплін яшчэ і сцэнічнае маўленне, сцэнічны рух, элементы акрабатыкі, бою і іншае. У студыі сваімі рукамі ствараюцца лялькі, касцюмы, рэквізіт, элементы дэкарацый. Юныя аўтары тут самі пішуць сцэнарыі, здзіўляюць сваімі пастаноўкамі беларускіх і замежных гледачоў і нават экранізуюць іх.

У складзе “Галактыкі” — каля 80 выхаванцаў чатырох узроставых груп ад 5 да 16 гадоў. Нікому з іх не трэба вызначацца з тым, чым канкрэтна яны будуць займацца ў студыі на працягу года, бо тут яны спрабуюць “на зуб” усе тэатральныя жанры, тэатралізуюць вершы і казкі, ставяць пластычныя кампазіцыі, лялечныя спектаклі і акцэнтуюцца на тым, што ім блізка.

Адзінаццацігадовай Соф’і Таран, якая ў студыі ужо 5 гадоў, падабаецца не толькі шматпрофільнасць студыі, але і сама яе атмасфера. “Нас тут навучылі сябраваць, — развейвае міф пра жорсткасць творчага свету Соня. — Мы адзін калектыў, дзе даражым кожным яго ўдзельнікам. Нават адпачываем разам, ездзім у лагеры, дзе арганізоўваем творчыя святы, конкурсы, ставім спектаклі. У тэатры ў нас няма крыўд, маўляў, галоўную ролю далі табе, а не мне — у нас двайныя, нават трайныя, ролі. З аднаго боку, гэта замена, падстрахоўка. З другога, калі некалькі акцёраў прэтэндуюць на адну ролю, яны ўсе яе атрымліваюць. І не сядзяць на лаўцы запасных, а іграюць і на рэпетыцыях, і на выступленнях: першую палову спектакля — адзін акцёр, другую палову — другі”.

“Гэтае ўменне працаваць з дзецьмі, вучыць іх тварыць, разнявольвацца і адчуваць сябе адным калектывам, а не сапернікамі — вялікая рэдкасць, — працягвае мама Соні Наталля. — Мы займаліся ў іншых студыях, пачынаючы з 5—6 гадоў, але толькі тут дзяцей робяць камандай. Калі ў школе нелады з аднакласнікамі, дзеці адчуваюць сябе адзінока, тут жа ствараецца тая каманда, дзе цябе заўсёды чакаюць, дзе табе рады, дзе падтрымаюць. Для мяне гэта каштоўна. Унікальнасць студыі і ў тым, што тут дзяцей не заціскаюць, даюць ім магчымасць раскрыцца. Для малышоў падбіраюцца такія ролі, каб яны былі ў іх арганічнымі і ім не трэба было завучваць чужыя тэксты. Гэта адчуў і мой малодшы сын Саша, які займаецца ў студыі з пачатку года. Напярэдадні 1 верасня ён знайшоў сярод кніг аркуш з вершам і не мог дачакацца канца лінейкі (хоць ішоў у 1 клас!), каб пабегчы да Веры Васільеўны і расказаць верш. Ён не баіцца памыліцца, а наадварот, хоча атрымаць параду. Мае дзеці любяць танцаваць і спяваць, у нас дома ёсць сямейны тэатр, дзе мы ставім спектаклі. Маем традыцыю збіраць на Каляды і іншыя святы сем’і сяброў і разам ставіць спектаклі. А каб рабіць гэта больш прафесійна, я і прывяла дзяцей у тэатральную студыю”.

Вікторыя Добкіна, якой 11 гадоў, апошнія тры гады таксама не “скача” па гуртках і секцыях, гаворыць, што тут аб’ядноўваюцца многія з іх. Але самым каштоўным у тэатры для яе стала тое, што яна пазбавілася ад залішняй сарамлівасці. “Я не магла лішні раз на сябе ўвагу звярнуць, падтрымаць гутарку сярод знаёмых і тым больш незнаёмых людзей, выступіць на ўроку. Цяпер у мяне такіх праблем няма, на сцэне я ў цэнтры ўвагі, і мне гэта падабаецца. Падабаецца настолькі, што часам з’яўляюцца думкі ў будучыні іграць у тэатры прафесійна”, — гаворыць дзяўчынка.

Дарэчы, такія думкі ў выхаванцаў “Галактыкі” з’яўляюцца (і рэалізоўваюцца!) часта, хаця выгадаваць будучых акцёраў ніколі не было мэтай кіраўнікоў студыі. Адзінаццацікласніца Алеся Алісіевіч адзначае: “Калі чалавек таленавіты, ён даб’ецца свайго пры мінімальнай дапамозе, але калі чалавек унутры сябе не арыентуецца, то трэба ісці менавіта сюды. Толькі тут педагогі дастаюць з сярэдзіны нашы рэзервы, а не паказваюць, як трэба іграць. Тут няма дрэсуры”.

Сцэнічная псіхалогія

“Так, студыя не для кожнага становіцца прыступкай да прафесіі, затое для кожнага яна — дарога да разумення сябе і іншых людзей, — разважае Дар’я Зубрыліна, выпускніца студыі і гімназіі № 24 Мінска. — Мы паглыбляемся ў псіхалогію сваіх герояў, і многія іх рысы перадаюцца нам, мы вучымся разбірацца ў людзях. Мабыць, гэта самае галоўнае, ды і ў жыцці мы пачынаем па-новаму расстаўляць прыярытэты. Не праходзяць дарма трэнінгі па зносінах, дзе мы вучымся таму, у чым раней не разбіраліся, вучымся разумець, дзе табой маніпуліруюць, а дзе па-сапраўднаму маюць пачуцці”.

“Ролі дапамагаюць больш разумець жыццё, — згаджаецца Вера Васільеўна. — Калі мы разбіраемся, чаму гэты чалавек грубы, чаму аднаго не любяць, а ад другога ўсе ў захапленні. Дзеці разумеюць, што ўсе людзі розныя, што не бывае адназначных сітуацый. Вось чаму яны ўсе ў нас любяць і паважаюць адно аднаго, нягледзячы на рознасць характараў”.

“Нават калі потым чалавек не займаецца тэатрам прафесійна, заняткі ў студыі раскрываюць яго лінейку пачуццяў, бачанне, разуменне, узаемаадносіны, — працягвае Аляксандр Юльянавіч Абрамовіч. — Дзеці “стрыгуць адносіны” яшчэ на падыходзе, на думцы, адчуваюць энергію, з якой да іх звяртаецца чалавек, яны разумеюць, чаго ён ад іх хоча, бо ім усё гэта знаёма. А ўсё таму, што дзеці пазнаюць тэатральны твор знутры, яны не прызнаюць прыёмаў накшталт “скажы так”, “з такой інтанацыяй”. Паказаць, як павінен сказаць акцёр, — гэта крайні выпадак, хоць мне як акцёру паказаць прасцей, чым растлумачыць, і гэта паказчык майго бяссілля ў нейкім сэнсе. Затое дзеці разумеюць усё, учытваючыся ў кнігу, якая да нашых заняткаў часта не ўспрымаецца імі як крыніца інфармацыі. Нашы акцёры ведаюць, пра што трэба іграць, а як — гэта кожны вырашае па-свойму”.

Для таго каб у дзяцей выпрацавалася гэтае “па-свойму”, яны разбіраюць хады, узаемаадносіны, прычынна-выніковую сувязь дзеянняў герояў, разважаюць над іх учынкамі.

“Мне часам няёмка закранаць пэўныя тэмы, асабліва з дзяўчатамі. Многае яны павінны абмяркоўваць толькі з мамамі, — гаворыць Аляксандр Юльянавіч. — Вось як растлумачыць 15-гадовай дзяўчыне, якая іграе маму дваіх дзяцей, што можна кахаць не толькі мужа, але і іншага чалавека? Чаму? Як гэта адбываецца? І ці каханне гэта на самай справе? Гэтыя паняцці вельмі старанна ўзважваюцца. Мы жывём у свеце парадаксальнасці: тое, што правільна, не заўсёды добра, а тое, што няправільна, можа быць добрым”.Тое, што дзеці, іх бацькі і выкладчыкі сталі адной вялікай сям’ёй, нядзіўна. Яны сустракаюцца не толькі на калідорах ці ў глядзельнай зале. Яны разам ездзяць на фестывалі, часцей за ўсё ў Маскву, Санкт-Пецярбург, на востраў Валаам. Усё лета яны сустракаліся, хадзілі разам у паходы, каталіся на конях, проста збіраліся папіць чаю. Прычым дружба паміж бацькамі працягваецца нават тады, калі іх дзеці выпускаюцца са студыі.

Лялька, ажыві!

Наколькі Абрамовічы ўмеюць натхніць тэатрам, сведчыць і тое, што ў студыі займаецца іх дачка — 7-гадовая Аня, абодва іх сыны таксама займаліся ў студыі і, як і бацькі, скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Эрык стаў акцёрам, а Ягор, хаця і на сцэне адчувае сябе добра, стаў дызайнерам-мастаком, бо любіць заставацца ў цені. Гэта ў ім ад маці. Вера Васільеўна таксама не любіць прыцягваць да сябе ўвагу, таму аддае перавагу рэжысёрскай рабоце і лялечнаму тэатру. Пасябраваць з лялькамі ёсць магчымасць у кожнага выхаванца “Галактыкі”, толькі далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Але калі акцёр і лялька ўжывуцца на сцэне, то гэта ўжо надоўга.

“Мы 12 гадоў паралельна са студыяй працавалі не тэлебачанні. У нас не было сцэны ў палацы, але мы маглі паказаць дзецям, якой яна павінна быць. У нас была аўтарская праграма “Востраў натхнення”, дзе мы здымалі не толькі нашы спектаклі, але і спектаклі іншых студый, экранізавалі вершы. І нашы выханцы, і лялькі шмат гадоў былі героямі тэлевізійнай “Калыханкі”, аўтарскай праграмы “Парады цётачкі Савы”. Мы самі рабілі ўсіх лялек, усе касцюмы, многія — па эскізах дзяцей і па іх літаратурных творах, — гаворыць Вера Васільеўна. — Наша студыя — адна з нямногіх лялечных студый, дзе працуюць выключна з паркетнымі лялькамі, тымі — вялікімі лялькамі, побач з якімі на сцэне — акцёр. І мы ніколі не ставілі шырмавых спектакляў, бо нам важна бачыць вочы акцёра, тое, як ён дайграе, дабірае сабой выразнасць лялькі. Я імкнуся прывіваць дзецям разуменне, што лялька пры ўсёй аскетычнасці свайго вобраза можа расказаць вельмі шмат, яна можа і плакаць, і смяяцца, і рабіць акрабатычныя і цыркавыя трукі, і ўвогуле можа больш, чым чалавек”.

У студыі не сыграны ні адзін класічны спектакль — усё без выключэння пішуць для студыі яе кіраўнікі. Так, матэрыял “Дзюймовачкі” мог спачатку здацца занадта збітым, але Абрамовічы прадставілі яго неардынарна. Тут была і драма жыцця Дзюймовачкі, кінутай у вялікі свет жукоў, жаб, мышэй, і неверагодная музычнасць. Вера Васільеўна напісала тэксты і палажыла іх на музыку ар-н-бі, якую дзеці вельмі любяць. Знайшлі музыкантаў, зрабілі копіі аранжыровак, запісы, пазаймаліся з педагогам па сучасных танцах. Спектакль стаў вельмі папулярным сярод моладзі, атрымаў мноства ўзнагарод на міжнародных конкурсах і фестывалях.

Урэшце, хоць на рахунку студыі мноства ўзнагарод тэатральных конкурсаў і мерапрыемстваў, усё ж самая галоўная з іх — гэта тое, што кожны верасень у “Галактыцы” з’яўляюцца новыя зорачкі. І няхай пакуль іх бляск бачны толькі кіраўнікам студыі, можна быць упэўненымі, што хутка яны заззяюць ярка для ўсіх.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.