Глабальная сетка за 45 хвілін

“Ну ўсё, хопіць плакаць! Хутка аддам табе тэлефон!”— гаворыць мой знаёмы свайму трохгадоваму сыну, падняўшы трубку, а потым мне тлумачыць, што хлопчык па галасавым пошуку ў мабільніку знайшоў любімы мультфільм акурат за хвіліну да майго званка. Ці трэба дазваляць малому карыстацца мабільным — асобнае пытанне, а вось той факт, што з гаджэтамі і інтэрнэтам дзіця так ці інакш сустракаецца яшчэ ў раннім дзяцінстве, бясспрэчны. Інфармацыі шмат, магчымасцей шмат, аднак умення крытычна адносіцца да яе ў дзяцей няма. Многія бацькі падлеткаў б’юць трывогу, расказваючы аб інтэрнэт-залежнасці сына або дачкі, у той жа час неасцярожны клік можа несці небяспеку і для маленькіх няўпэўненых карыстальнікаў сеткі.

Як супакоіць бацькоў і педагогаў, дапамагчы дзецям пасябраваць з інтэрнэтам і не заблытацца ў вялікай колькасці інфармацыі? Адна з найбуйнейшых тэлекамунікацыйных кампаній МТС ужо чацвёрты год рэалізуе цікавы праект “Дзеці ў інтэрнэце”, накіраваны на павышэнне інтэрнэт-адукаванасці адной з самых уразлівых катэгорый грамадства — вучняў малодшых класаў. Сёлета ініцыятыву па рэалізацыі праекта, які ахапіў многія навучальныя ўстановы краіны, падтрымала Міністэрства адукацыі, падпісаўшы пагадненне з кампаніяй.

Абняць неабдымнае

“Хочацца зрабіць інтэрнэт саюзнікам, а не ворагам для дзяцей, менавіта таму мы праводзім велізарную асветніцкую работу ва ўстановах адукацыі. Паколькі мы прапаноўваем паслугі інтэрнэту сваім карыстальнікам, нам трэба ўлічваць не толькі пазітыўныя, але і сумніўныя бакі гэтага пытання. Да малышоў мы стараемся даносіць інфармацыю, што інтэрнэт можа быць карысным, а галоўнае — бяспечным”, — тлумачыць вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і куратар сацыяльных праектаў МТС Ірына Галубенка.З самага пачатку да ўдзелу ў праекце ў якасці валанцёра запрасілі вядомага спевака і вядучага Георгія Калдуна, які да таго ж з’яўляецца дыпламаваным педагогам. І, трэба сказаць, усё атрымалася: сіламі Георгія за ўвесь час былі навучаны больш за тры тысячы дзяцей у многіх гарадах краіны.

“Мы жадаем, каб праект прыйшоў ва ўсе куткі Беларусі, паколькі ёсць зацікаўленасць і запыты як ад школ, так і ад бацькоў. І лагічна, што запатрабаванасць у майстар-класах не зусім сувымерная з нашымі магчымасцямі. Таму, каб маштабаваць гэты праект і даць яму самастойнае жыццё, мы вырашылі прывабіць старшакласнікаў і студэнтаў, якія будуць выконваць ролю педагогаў для малых. Сёлета да праекта далучыўся новы педагог — папулярны вядучы Павел Варацілін, — расказвае Ірына Галубенка. — Абняць неабдымнае і ахапіць усю краіну немагчыма, але мы вельмі спадзяёмся, што дзякуючы валанцёрскаму руху працэс пойдзе значна хутчэй”.

Капітан Браўзер запрашае ў падарожжа

Для будучых выкладчыкаў у пачатку лістапада Георгій Калдун правёў у сталічнай гімназіі № 10 адкрыты майстар-клас, на якім падзяліўся сваімі назіраннямі і вопытам. Ён расказаў, як проста растлумачыць малышам, што такое інтэрнэт, як зрабіць урокі цікавымі і захапляльнымі, утрымаць іх увагу і падабраць правільныя словы замест незнаёмых тэрмінаў.

Трэба сказаць, што заняткі для навучэнцаў пачатковай школы праводзяцца ў рамках класнай гадзіны або пазакласнага мерапрыемства ў форме інтэрактыўнай гульні з выкарыстаннем анімацыі. На працягу 45—60 хвілін пад кіраўніцтвам вопытнага мараплаўца капітана Браўзера (у якасці якога выступае выкладчык) дзеці адпраўляюцца ў падарожжа па моры, якое сімвалізуе інтэрнэт. Школьнікі разам з капітанам вызваляюць віртуальных герояў Машу і Мішу, адказваючы на пытанні і выконваючы пэўныя заданні. На шляху ў іх сустракаюцца астравы — пагрозы, з якімі можа сутыкнуцца карыстальнік сусветнай павуціны. На працягу падарожжа дзеці знаёмяцца з правіламі бяспечных паводзін у сетцы, наведваюць востраў Пошуку, востраў Патрэбных файлаў, Вірусны востраў, востраў Сацыяльных сетак, востраў Культурнага карыстальніка.Дарэчы, з прыблізнай праграмай урока, а таксама метадычнымі рэкамендацыямі, якія спатрэбяцца ў рабоце, валанцёры могуць пазнаёміцца на сайце праекта “Дзеці ў інтэрнэце”. А вось на праблемных момантах у рабоце з малымі Георгій Калдун спыніўся асобна: “Самае складанае, з чым вам прыйдзецца сутыкнуцца на практыцы, — утрымаць увагу дзяцей і кантраляваць усё гэта на працягу ўрока. Аб гэтым скажа любы настаўнік пачатковых класаў. Калі ваш аповед будзе незахапляльным, а тлумачэнні нуднымі, калі вы заўважыце, што дзеці вас не разумеюць і вы ўжо самі адказваеце на свае пытанні, — усё, гэта правал і… урок на будучае. Растлумачыць 7—8-гадоваму дзіцяці, што такое “тролінг” і абразы ў сетцы, вельмі складана. Дзіця не павінна адчуваць сваёй віны за гэта, не павінна хаміць у адказ. Бо ёсць людзі, якія іграюць пэўную ролю, у якіх, магчыма, штосьці не склалася ў жыцці. Расказаць, што рабіць у такім выпадку, неабходна, але зразумелай для дзяцей мовай, падбіраючы простыя словы”.

Педагог расказаў, як проста пазнаёміць дзяцей з азначэннямі “вірус” і “антывірус”, з правіламі бяспечнага пошуку ў інтэрнэце, зносін і бяспекі ў сацыяльных сетках, як рэагаваць на незнаёмцаў, якія могуць хавацца за вядомымі фотаздымкамі, а таксама падзяліўся іншымі складанасцямі ў правядзенні майстар-класа, з якімі яму прыйшлося сутыкнуцца падчас работы ў праекце.

Гульня ў асацыяцыі

“Трэба разумець, што на адным уроку немагчыма навучыць дзяцей бяспечнаму інтэрнэту, бо нават дарослыя нярэдка паддаюцца на хітрыкі ў сетцы. Усё гэтае махлярства кожны раз набывае новыя формы і рысы, а людзі, якія жадаюць неяк нажыцца на іншых, — вялікія вынаходнікі. Таму ўсё растлумачыць дзецям і даць універсальныя парады мы ня здольныя. Аднак з дапамогай гэтых заняткаў можна нядрэнна разабраць агульныя правілы і падвесці нейкія вынікі”, — упэўнены артыст.

Георгій заўважыў, што нават вопытныя настаўнікі, часам выкарыстоўваючы на ўроку пэўныя словы, не разумеюць, што дзецям гэтая тэрміналогія зусім невядомая. Валанцёрам не трэба аб гэтым забываць, бо ў такім выпадку ўвага навучэнцаў будзе страчана. Напрыклад, словы “глабальная сетка”, якія для нас з’яўляюцца звычайнымі, у размове з малодшымі школьнікамі абсалютна недапушчальныя. Ім патрэбны асацыяцыі, каб можна было ўявіць нейкі вобраз, і такім чынам узніклі прычынна-выніковыя сувязі. Для дзяцей незнаёмыя словы як для дарослага тэкст на замежнай мове: калі незразумела хоць адно слова, пачынаеш на гэтым канцэнтравацца, а ў выніку не разумееш кантэкст”.

Педагог параіў юным валанцёрам не баяцца эксперыментаваць у правядзенні ўрока і адзначыў, што такі вопыт зносін з незнаёмай аўдыторыяй стане для школьнікаў вельмі карысным у далейшым жыцці. А прадстаўнік кампаніі МТС Ірына Галубенка запэўніла, што самыя актыўныя і крэатыўныя валанцёры праекта “Дзеці ў інтэрнэце” атрымаюць добрыя падарункі ад МТС і іншых партнёраў праекта.

Дарэчы, майстар-класы для юных валанцёраў будуць праведзены ў многіх гарадах краіны, а першыя ўрокі для малых на чале з новымі педагогамі ўжо пачаліся.

Настаўнікам кампанія МТС раіць наступнае:

* адкрываць профіль настаўніка толькі для сяброў;

* вучні ў спісе сяброў павінны быць схаваны ад усіх;

* група класа павінна быць прыватная і ўступіць у яе магчыма толькі па запрашэнні адміністрацыі.

Для бацькоў таксама падрыхтаваны карысныя рэкамендацыі.

* Давярай, але правярай. Праглядайце на гаджэце дзіцяці гісторыю наведвання сайтаў, каб быць у курсе яго дзеянняў у інтэрнэце.

* Асцярожна, вірусы! Устанавіце на дзіцячы гаджэт антывірусную праграму і фільтры, не забывайце аднаўляць іх — фільтры абароняць школьніка ад небяспечнай і непрыемнай інфармацыі, а антывірусныя праграмы дапамогуць устройству працаваць выдатна.

* Гульня ў шпіёнаў. Растлумачце дзіцяці рызыку размяшчэння ў агульным доступе асабістай інфармацыі і перадачы яе незнаёмым людзям. Раскажыце сыну ці дачцэ аб інтэрнэт-махлярах, іх хітрыках для атрымання хуткіх грошай. Растлумачце, што нікому нельга выдаваць паролі доступу да сваіх акаўнтаў у сацыяльных сетках.

* Хто ты ёсць на самай справе? Пагаварыце аб тым, што не ўся інфармацыя ў інтэрнэце дакладная і не ўсе людзі, з якімі маюцца зносіны ў сетцы, добрыя. Любую інфармацыю трэба правяраць, а аб падазроных субяседніках расказваць бацькам.

* Ты мне, я табе. Будзьце для дзіцяці прыкладам высокай культуры зносін, у тым ліку і ў сетцы. Растлумачце, што размаўляць у інтэрнэце трэба таксама, як і ў рэальнасці — ветліва і тактоўна, бо паведамленні атрымліваюць жывыя людзі.

* Пазітыўнае мысленне. Менш думайце аб рызыках і засяродзьце ўвагу на пазітыўных магчымасцях інтэрнэту. Пакажыце дзіцяці, як можна яго выкарыстоўваць у якасці карыснага правядзення часу.

* Інтэрнэт па раскладзе. Дамоўцеся з дзіцем, колькі часу яно будзе праводзіць у інтэрнэце, для кожнага ўзросту — свая норма.

У дапамогу настаўнікам

Гарантаваць бяспеку дзяцей у глабальнай сетцы — задача, бясспрэчна, у большай ступені бацькоў і настаўнікаў. Спецыяльна для апошніх МТС падрыхтавала праект пад назвай “Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетцы”.

“Гэта, па сутнасці, другі бок медаля ў адрозненне ад праекта “Дзеці ў інтэрнэце”, — тлумачыць Ірына Галубенка. — Настаўнікам мы расказваем, як сябе паводзіць у сетцы, каб самім ненаўмысна не стаць для сваіх вучняў крыніцай некамфортнай ці патэнцыяльна небяспечнай сітуацыі. Размова ідзе ў большай ступені аб тым, як важна ў сацыяльных сетках мець закрыты профіль, каб любы жадаючы, які бачыць у сябрах вучняў, не выкарыстаў гэтую сітуацыю. Вельмі важна адсочваць, каб вобраз настаўніка ў рэальным жыцці супадаў з тым, які ён у жыцці віртуальным, каб у вучня не было пытання: дык які з іх сапраўдны? Партрэты павінны супадаць, гэта вельмі важна”, — упэўнена спецыяліст МТС.

Стаць бяспечнымі карыстальнікамі глабальнай сеткі сёння проста неабходна не толькі дзецям, але і дарослым. Але якім чынам дзіця зробіць першыя крокі ў інтэрнэт — выбар за бацькамі і настаўнікамі.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з сайта mts.by.