Чыста там, дзе прыбіраюць

Наша краіна славіцца чысцінёй населеных пунктаў, прыгажосцю прыроды, маляўнічасцю краявідаў. За гэтай чысцінёй, якой так часта захапляюцца замежныя госці, стаіць штодзённая праца работнікаў камунальных службаў, лясной і сельскай гаспадаркі, а таксама валанцёраў. Нехта па прафесійных абавязках, а нехта і па закліку сэрца вымятае, выграбае, збірае штогод у месцах масавага адпачынку тоны смецця і пры гэтым, безумоўна, спадзяецца, што нашы грамадзяне, нарэшце, пазбавяцца шкоднай, брыдкай і агіднай звычкі засмечваць чыстую і ўтульную родную зямлю.

Вось такі парадокс. Зямля чыстая і ўтульная, аднак кожную вясну, як толькі сыходзіць снег, і кожную восень пасля любімага намі лета яна выглядае ў месцах масавага адпачынку зусім не чыста і ўтульна. Засмеціць яе, кінуць хаця б паперчыну, хаця б бутэлечку міма сметніцы для некаторых людзей з’яўляецца звычнай справай, неад’емнай часткай рытуалу пад гучнай назвай “культурны адпачынак на прыродзе”. Калі б работнікі камунальных службаў, лясной і сельскай гаспадаркі, а таксама валанцёры зрабілі гадавы перапынак у сваёй дзейнасці, то можна толькі з жахам уявіць, у што ператварылася б наша маляўнічая і ўтульная зямля. Вось і атрымліваецца: чыста там, дзе прыбіраюць.Самыя ахайныя і неабыякавыя людзі — турысты. Але гэта не тыя “турысты”, якія ў выхадныя дні вясенне-летне-асенняга перыяду акупуюць берагі вадаёмаў, лесапаркавыя зоны і пасля якіх смецце хоць рыдлёўкай выграбай. Сапраўдныя турысты — гэта тыя, што любяць падарожнічаць з цяжкімі рукзакамі. І ў гэтых рукзаках, акрамя палатак, спальнікаў, посуду, іншага турысцкага рыштунку, абавязкова знойдзецца некалькі пакецікаў для смецця. Сапраўдны турыстычны паход — гэта не толькі пераадоленне пэўнага маршруту, выкананне спартыўна-турыстычных нарматываў, знаёмства з адметнасцямі роднага краю, гэта яшчэ і навядзенне чысціні на роднай зямлі.

— Турызм выхаднога дня трывала ўвайшоў у наша жыццё і з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных форм рэкрэацыі. Аднак ад некаторых аматараў адпачынку на прыродзе прырода якраз і пакутуе, асабліва найбольш даступныя ў транспартным плане лясныя масівы. Некаторыя маляўнічыя куточкі Глыбоччыны ператвораны гора-адпачывальнікамі ў звалкі смецця, забруджваюцца вадаёмы, гіне раслінны і жывёльны свет. Таму тэма падтрымання чысціні роднага краю прасочваецца ў праграме работы кожнага нашага гуртка турыстычна-краязнаўчай накіраванасці. Мы выхоўваем не проста тып чалавека “пакаральніка прыроды” (пакаральніка на байдарцы рэк, пакаральніка пехатой лясных сцяжын), але і “захавальніка прыроды”. Мы выхоўваем чалавека, які ўжываецца ў прыроду праз удзел у паходах, спаборніцтвах і пры гэтым не наносіць ёй шкоду. Акрамя прымятай травы, якая пасля дожджыка абавязкова падымецца і будзе далей расці, мы нічога не мяняем у прыродзе, не парушаем яе адвечны лад і тым больш не пакідаем смецце, — гаворыць дырэктар Падсвільскага цэнтра турызму і краязнаўства Глыбоцкага раёна Людміла Васільеўна Марговіч.Турысты не пакідаюць, аднак абавязкова знойдзецца той, хто пакіне. Таму для захавання чысціні роднай зямлі і асабліва мясцін, праз якія праходзяць турыстычна-краязнаўчыя маршруты, педагогі і навучэнцы Падсвільскага цэнтра турызму і краязнаўства рэалізуюць турыстычна-экалагічны праект “Чыстая планета”. У рамках праекта праводзяцца турыстычна-экалагічныя разведкі, паходы, экспедыцыі, складаюцца рэкрэацыйныя і краязнаўча-экалагічныя карты, добраўпарадкоўваюцца стаянкі для адпачынку, па турыстычна-экалагічнай сцяжыне “Выхаванне пачуццяў” ладзяцца экскурсіі і аднадзённыя паходы для навучэнцаў Глыбоцкага раёна, вывучаюцца мясцовыя ландшафты, складаецца рэгіянальны “Чырвоны сшытак”, праводзяцца лекцыі і гутаркі з навучэнцамі і бацькамі аб правілах паводзін у прыродзе, збору і ліквідацыі бытавога смецця. Рэалізацыя праекта праводзіцца сумесна з Глыбоцкім лясгасам, ЖКГ раёна, сельсаветамі, Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеем.

— Маштабную акцыю па навядзенні чысціні на роднай зямлі мы часцей за ўсё праводзім у рамках праекта ў красавіку з нагоды Дня Зямлі. Тое, што мы бачым, лепш за ўсё не бачыць. Пластыкавыя бутэлькі, пакеты, папера — гэта яшчэ што, а вось калі нам, педагогам, даводзіцца даставаць з азёрнай вады разам са смеццем патопленых шчанят, а потым закопваць іх, то міжволі думаеш: добра што побач няма дзяцей. Наогул, мы намагаемся не катаваць сябе добрымі справамі. Усё трэба рабіць з розумам, — адзначае Людміла Васільеўна.

Самы дзейсны спосаб змагання са шкоднай звычкай — асабісты прыклад. Калі дарослы сам не кіне паперчыну, то і дзіця не будзе так рабіць. Гэты прыклад бацькі і педагогі павінны паказваць дзецям з малых гадоў. Часам здараецца, што і навучэнцы падсвільскага цэнтра паказваюць прыклад сваім бацькам. Хаця гэта даволі рэдкія выпадкі, бо ў вёсках Глыбоччыны спакон веку лічылася грэшным кінуць смецце на зямлю: яна карміцелька. Гэтае разуменне яшчэ засталося ў крыві сельскіх жыхароў. Там, дзе ходзяць сяляне, часцей за ўсё чыста. Аднак такое не заўсёды скажаш пра прыезджых.— Неяк супрацоўнікі лясгаса прапаноўвалі нам абсталяваць месца на беразе Пліскага возера, дзе мы штогод ладзім палатачны летнік, устанавіць там драўляныя столікі, крэслы, альтанкі. Мы адмовіліся, бо нават тое, што самі рабілі сякерным спосабам, нехта з прыезджых проста спаліў. Навошта спакушаць нявыхаваных людзей на дрэнныя ўчынкі? Таму столікі, крэслы — усё гэта мы прывозім з сабой. Крыўдна, калі дзеці прыбіраюць месца свайго адпачынку і трэніровак, а праз нейкі час там з’яўляецца смецце. Аднак калі менавіта мы не будзем наводзіць чысціню, то наша любімае месца ператворыцца ў звалку. Калі перафразаваць знакаміты выраз, то можна сказаць, што не прыгажосць уратуе свет, а разуменне прыгажосці ўратуе свет, — паведамляе суразмоўца.

Спазнаваць прыгажосць роднага краю навучэнцам Глыбоччыны дапамагаюць турыстычна-краязнаўчыя маршруты, створаныя супрацоўнікамі Падсвільскага цэнтра турызму і краязнаўства. Установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі знаходзіцца практычна ў цэнтры Еўропы, таму адзін з маршрутаў так і называецца “Вакол цэнтра Еўропы”. Маршрут працягласцю 10 км праходзіць праз філіял “Івесь” Цэнтра турызму і краязнаўства, культурны гісторыка-турыстычны цэнтр вёскі Івесь, помнік загінуўшым аднавяскоўцам, азёры Шо, Івесь, Азёрка, азёрны заказнік “Белае”, вёскі Шо, Хралы, Івесь.

— Калі нехта вырашыць завітаць у наш край і прайсці па гэтым маршруце, то яго чакае знаёмства з маляўнічымі азёрамі, іх легендамі, наведванне курганнага могільніка, некаторымі гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі. Першы аб’ект для наведвання — культурны гісторыка-турыстычны цэнтр, які быў адкрыты 10 верасня 2006 года ў памяшканні былой канторы саўгаса “Івесь”. Тут кожны год ладзіцца абласное свята “Купалле Паазер’я”, “Жаніцьба Цярэшкі”, раённыя агляды мастацкай самадзейнасці, а таксама Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач “Магніфікат”. На тэрыторыі вёскі Івесь знаходзіцца магіла, дзе пахаваны невядомыя партызаны брыгады імя Кароткіна, якія загінулі ў час блакады ў маі 1944 года. Побач з магілай восенню 1990 года ў вёсцы быў устаноўлены помнік загінуўшым жыхарам вёсак Івесь, Хралы, Шо, Асінаўка, Завулак. На паўночна-заходнім беразе возера Івесь знаходзіцца стары хрысціянскі могільнік Х—ХІ стагоддзяў. Маляўнічае возера Шо ласкава сустрэне плёскатам сваіх хваль. А вось цэнтр Еўропы, як лічаць нашы землякі, знаходзіцца ў вусці рэчкі, якая ўпадае ў невялікае па плошчы з забалочанымі берагамі возера Азёрка. Філіял “Івесь” Падсвільскага цэнтра турызму і краязнаўства таксама ласкава запрашае гасцей. Ён адкрыты ў 2012 годзе ў двухпавярховым будынку былой базавай школы. Цяпер на беразе возера Молена размешчана турыстычная база на 70 месцаў, дзе можна добра адпачыць, а на добраўпарадкаванай тэрыторыі базы навучыцца асновам турызму і спартыўнага арыентавання, — расказвае Людміла Васільеўна.

Здаецца, што тэма засмечвання роднай зямлі бясконцая. Журналісты ўздымаюць праблему, работнікі спецыяльных службаў і валанцёры рэгулярна вымятаюць, зграбаюць, выносяць тоны смецця, аднак у тым жа месцы праз той жа час з’яўляюцца новыя тоны. Замкнутае кола? Так. Аднак пакрыху (на жаль, не так хутка, як нам хочацца) яно разрываецца. Пакаленні навучэнцаў, якіх калісьці вучылі правільным паводзінам на прыродзе, вырастаюць, у іх з’яўляюцца свае дзеці, тыя дзеці ідуць у школу, запісваюцца ў турыстычна-краязнаўчыя гурткі, таксама падарожнічаюць па родным краі і пры гэтым ужо не засмечваюць прыроду. Гадоў 20— 30 — і можна быць упэўненым: калі работнікі камунальных службаў, лясной і сельскай гаспадаркі, а таксама валанцёры зробяць гадавы перапынак, то наша маляўнічая і ўтульная зямля застанецца такой жа маляўнічай і ўтульнай. А пакуль што чыста там, дзе прыбіраюць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*