А мы ў Мінск, у Палац краязнаўства!

Для 107 актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і 14 іх педагогаў пачатак ліпеня быў асабліва насычаным на краязнаўчыя і ваколкраязнаўчыя падзеі: з 4 па 12 ліпеня яны адпачывалі ў рэспубліканскім профільным аздараўленчым летніку, што ладзіўся на базе аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Для тых, хто ніводнага дня не ўяўляе без спазнання таямніц роднага краю, хто носіць гордае імя краязнаўцы, сталічны адрас “вуліца Лук’яновіча, 18” традыцыйна асацыіруецца з цудоўным адпачынкам, сустрэчамі з сябрамі, новымі знаёмствамі. Пражыванне ў своеасаблівым Палацы краязнаўства з’яўляецца для навучэнцаў выдатнай узнагародай за плённае вывучэнне на працягу навучальнага года малой радзімы, удзел у конкурсах акцыі. Па калідорах і пакоях незвычайнага палаца прагульвалася не адно пакаленне краязнаўцаў. Сёлета гэта ўдзельнікі конкурсу-фестывалю “Мясціны майго дзяцінства”, конкурсаў юных экскурсаводаў музеяў (музейных пакояў) устаноў адукацыі і творчых работ “Шляхам добрых спраў”, краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.
Узнагарода, як вядома, павінна быць каштоўнай і памятнай. А якая найлепшая ўзнагарода для сучасных краязнаўцаў? Апошняя мадэль смартфона або планшэта? Канечне! Энцыклапедыя па гісторыі, народнай культуры або прыроды Беларусі? Безумоўна! Аднак самы любімы, самы доўгачаканы падарунак — адпачынак у сталіцы. Арганізатары летніка зрабілі ўсё магчымае, каб апраўдаць чаканні. Яркімі, насычанымі, запамінальнымі былі экскурсіі па мінскіх храмах, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеі валуноў. Чакалі навучэнцаў цікавыя спектаклі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, незабыўным было падарожжа па дзіцячай чыгунцы, а таксама наведванне Беларускага дзяржаўнага цырка. Акрамя таго, кожны дзень быў напоўнены сустрэчамі з вядомымі тэлевядучымі, паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі.
— Калі назіраеш за тым, з якім захапленнем дзеці глядзяць на шматпавярховыя дамы, на помнікі архітэктуры, як назіраюць за ігрой сталічных акцёраў, уважліва слухаюць аповеды экскурсаводаў у музейных залах, то разумееш, што для іх краязнаўчы летнік — гэта сапраўднае свята. Таму нядзіўна, што ў школах Беларусі нават існуе неафіцыйнае спаборніцтва: вельмі многія імкнуцца трапіць да нас, — дзеліцца начальнік летніка Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Сярод вялікай колькасці мерапрыемстваў найбольш яркія і маштабныя — гэта конкурс прадстаўлення каманд і навукова-практычная канферэнцыя. Як паказаў конкурс візітовак, краязнаўцы любяць не толькі сустракацца са старажыламі, знаходзіць рэдкія дакументы і фотаздымкі, працаваць у музеях і архівах, падарожнічаць па роднай зямлі, але і не горш за прафесійных артыстаў малых і вялікіх сцэн танцаваць, спяваць, выконваць ролі. Менавіта гэты конкурс сведчыць пра ўсю разнастайнасць творчай натуры юных даследчыкаў. У гэтым пераканалі прадстаўнікі Гомельшчыны (Насовіцкай сярэдняй школы Добрушскага раёна і гімназіі № 36 імя І.П.Мележа Гомеля). Краязнаўчы гонар Гродзеншчыны сёлета абаранялі навучэнцы сярэдняй школы № 1 Ліды, а таксама Бярозаўскай сярэдняй школы і Бердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна. Віцебшчыну на злёце прадстаўлялі навучэнцы з Лепельшчыны (гімназія Лепеля імя І.М.Ерашова і сярэдняя школа № 3 Лепеля). На сённяшні час адны з самых актыўных даследчыкаў Брэстчыны — навучэнцы сярэдняй школы № 33 Брэста, якія займаюцца ў гуртках Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Яны добразычлівыя, адкрытыя, сур’ёзныя, разважлівыя і шчырыя, умеюць слухаць дарослых, сябраваць, вучыцца жыццю, а яшчэ вандраваць і рабіць краязнаўчыя адкрыцці. Тое ж самае можна сказаць і пра навучэнцаў сярэдняй школы № 12 Слуцка, Міханавіцкай сярэдняй школы і Буцавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мінскага раёна, гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня, сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў, Куркаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Смалявіцкага раёна, якія прадстаўлялі цэнтральны рэгіён краіны.

З краязнаўчымі традыцыямі Падняпроўя знаёмілі навучэнцы гімназіі і сярэдняй школы № 4 Асіповіч, Пратасевіцкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. Адна з самых актыўных юных краязнаўцаў Магілёўшчыны — навучэнка Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Ксенія Сітнік, якая займаецца вывучэннем малой радзімы ці не з першага класа. Дарэчы, землякі Ксеніі не толькі частыя ўдзельнікі абласных, рэспубліканскіх, але і міжнародных канферэнцый. Асноўная тэма іх даследаванняў — Вялікая Айчынная вайна. У год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны менавіта тэма гераізму нашага народа чырвонай ніткай прахо-дзіла праз выступленні ўдзельнікаў краязнаўчай канферэнцыі.
Ад кожнага рэгіёна, згодна з рэгламентам канферэнцыі, прадстаўлялася адно выступленне. Выступленне адно, а вось малавядомых фактаў нашай агульнай гісторыі агучвалася кожным вучнем з добрую сотню. Узяць, напрыклад, выступленне вучня 11 класа сярэдняй школы № 33 Брэста Дзмітрыя Уснарскага “Партызанскі рух на Брэстчыне”. З вынікамі яго даследавання было б цікава пазнаёміцца не толькі навучэнцам, педагогам, але і кандыдатам, дактарам навук, прафесарам. Тэма, якую Дзмітрый выбраў для даследавання, неадназначная і цікавая, бо на тэрыторыі Заходняй Беларусі (у прыватнасці, Брэсцкай вобласці) партызанскі рух развіваўся з шэрагам асаблівасцей: тут дзейнічалі не толькі савецкія партызаны, але і ўкраінскія і польскія нацыяналістычныя фарміраванні.
Разам з удзельнікамі краязнаўчага гуртка “Жывіца” Дзмітрый пабываў у музеях баявой славы вёсак Магілёўцы і Белавічы, горада Косава Івацэвіцкага раёна. Асабліва памятным стала наведванне найбуйнейшых у Брэсцкай вобласці партызанскіх могілак у Гута-Міхалінскім лесе, стаянкі партызанскага атрада імя Чэрнака ў Старасельскім лесе Жабінкаўскага раёна. Праводзіліся сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, мясцовымі краязнаўцамі. Асабліва памятнай была размова з Раісай Ільінічнай Дзмітрыевай, удавой камандзіра партызанскага атрада імя Дзімітрава Дзмітрыя Сямёнавіча Дзмітрыева. Акрамя каштоўных успамінаў, вучань атрымаў ад жанчыны важны дакумент — ксеракопію дзённіка яе мужа. Актыўную дапамогу ў пошуках аказаў кіраўнік музея Белавіцкай сярэдняй школы Алесь Фаміч Зайка, а настаўніца беларускай мовы і літаратуры 33-й брэсцкай школы Ларыса Іванаўна Квашэвіч перадала рукапіс свайго дзядулі, падпольшчыка, а потым партызана атрада імя Дзімітрава, яго фотаздымак, перапіску з баявымі таварышамі.
На аснове архіўных дакументаў, успамінаў родных, інтэрнэт-рэсурсаў, матэрыялаў ваенкаматаў, сельскіх саветаў навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 12 Слуцка Яна Бяліцкая высветліла лёс сваіх родзічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пагадзіцеся, справа вельмі важная, заняцца ёй варта было б кожнаму з нас. Дзяўчына, напрыклад, знайшла ў Падольскім архіве звесткі аб узнагароджанні яе прадзеда Аляксандра Маркавіча Жупранскага медалём “За адвагу” за тое, што ён першым уварваўся ў траншэю праціўніка і ў рукапашным баі знішчыў трох гітлераўцаў. Адбылося гэта за 18 дзён да гібелі. Узнагароду салдат так і не атрымаў. Прабабуля Яны — Вольга Сямёнаўна Жупранская — засталася адна з трыма дзецьмі, але выгадавала іх годнымі людзьмі. Гэтую любоў яны перадалі сваім дзецям, унукам.

Родныя дзядулі Яны па мацярынскай лініі жылі падчас вайны на акупіраванай тэрыторыі. Вось якія ўспаміны ад свайго дзядулі Расціслава Леанідавіча Валадковіча запісала дзяўчынка: “Я выдатна памятаю той дзень перастрэлкі. Немцы супраць партызан. Танкі, гарматы, кулямёты. Столькі смярцей! Мы сядзелі ў зямлянцы. Тата выглянуў і бачыць, што ўсе сыходзяць. Мы выйшлі са схованкі і пагналі нашу жывёлу ў лес, каб схаваць ад немцаў. Фашысты пачалі страляць. Асколак ад снарада ляцеў прама на брата Валодзю. Яму было 3 гады. Мама закрыла яго і цаной уласнага жыцця выратавала сыночка. Асколак трапіў прама ў вісок і адабраў жыццё ў маёй матулі. Я бег да яе з крыкам! Да маёй матулі! Як мы жылі без мамы, я цяпер не разумею. Прывыклі, напэўна. Але ведаю адно: яе не хапае заўсёды, бо яна — наша матуля. Адна і самая любімая”.
Тэме Вялікай Айчыннай вайны было прысвечана і выступленне вучня 11 класа гімназіі № 36 Гомеля Аляксандра Архіпава, які зрабіў спробу пераасэнсавання падзей Вялікай Айчыннай вайны праз зварот да жыццёвага і вайсковага шляху свайго земляка Героя Савецкага Саюза Аляксандра Ільіча Лізюкова. Цікавым было і паведамленне вучаніц сярэдняй школы № 1 Ліды Паліны Няхаевай і Ангеліны Кіман пра авіяцыйныя фарміраванні, што базіраваліся на лідскім аэрадроме ў перыяд Першай сусветнай вайны. Дзяўчаты сабралі грунтоўны матэрыял, а пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Сяргея Анатольевіча Фанасава быў нават створаны сайт, раздзелы якога адпавядаюць структуры даследчай работы, устаноўлены прозвішчы 97 лётчыкаў, у тым ліку двух беларусаў. Кароткія біяграфіі 42 лётчыкаў можна прачытаць па гіперспасылцы. На сайце прадстаўлены звесткі і пра паветраплавальную тэхніку, якая базіравалася на лідскім аэрадроме, пра асаблівасці формы лётчыкаў перыяду Першай сусветнай вайны. Падчас канферэнцыі хлопцы і дзяўчаты не толькі расказвалі пра мінулае родных мясцін, але і дзяліліся сваімі думкамі, развагамі наконт перспектыў развіцця краязнаўства, актыўна абмяркоўвалі пытанні маралі і маральнасці.
Куды вядуць тысячы краязнаўчых дарог і маршрутаў, пракладзеных па роднай зямлі навучэнцамі і педагогамі? Канечне, да помнікаў гісторыі, архітэктуры, прыроды; безумоўна, у госці да ветэранаў, старажылаў, сведкаў даўніх падзей. І ўсё ж самы доўгачаканы, самы шырокі шлях, па якім заўсёды прыемна і лёгка падарожнічаць, вядзе падчас летніх канікул юных даследчыкаў роднага краю ў Мінск, да незвычайнага Палаца краязнаўства.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва аддзялення краязнаўства РЦЭіК.