Арыенціры суботняга адпачынку

Завяршэнне конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня не азначае, што цяпер педагогі могуць выдыхнуць і даць сабе слабінку. Хутчэй наадварот — пазнаёміўшыся з творчымі знаходкамі сёлетніх пераможцаў, хочацца іх пераўзысці ўжо ў найбліжэйшыя суботы. Каб скіраваць творчыя намаганні педагогаў, для куратараў выхаваўчага кірунку ўсіх рэгіёнаў і Мінска, у прыватнасці супрацоўнікаў інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікоў выхаваўчага кірунку ў сваіх адукацыйных установах, Міністэрствам адукацыі быў праведзены круглы стол “Актуальныя аспекты ўдасканальвання арганізацыйна-змястоўнага напаўнення шостага школьнага дня”.

Крочыць у нагу са школамі

Адной з тэм сустрэчы стала роля і месца ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў арганізацыйна-змястоўным напаўненні шостага школьнага дня. Чамусьці так сталася, што актыўны ўдзел у конкурсе прымаюць толькі агульнаадукацыйныя ўстановы, але пры гэтым усе прысутныя ў адзін голас адзначаюць, што і ўстановам дадатковай адукацыі ёсць што сказаць і паказаць. Па словах Ларысы Васільеўны Емяльянчык, кансультанта ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ва ўстановах дадатковай адукацыі назапашаны багаты вопыт. Так, у Віцебскай вобласці каардынатарам работы ў шосты школьны дзень з’яўляецца Пастаўскі раён, у Гомельскай — Кармянскі раён. У кожным рэгіёне можна знайсці такую ўстанову дадатковай адукацыі, якая каардынуе работу ў гэтым кірунку.


Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, пагадзілася, што педагогі дадатковай адукацыі недастаткова расказваюць пра свае суботы, хаця іх установы займаюць актыўную пазіцыю і адыгрываюць важную ролю ў арганізацыі шостага школьнага дня. Калі, як не ў суботу, прыйсці і цікава правесці час. “Нам у шосты школьны дзень трэба крочыць са школамі разам”, — зазначыла яна.

Любоў Леанідаўна Пяткова, метадыст Цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, паведаміла, што ў гэтым годзе ўпершыню на абласны этап конкурсу былі запрошаны да ўдзелу не толькі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, але і ўстановы дадатковай адукацыі (для іх былі заснаваны спецыяльныя намінацыі), і вынік арганізатараў парадаваў. Большасць іх праектаў рэалізуецца ў супрацоўніцтве з агульнаадукацыйнымі ўстановамі і з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Арганізатары спадзяюцца, што ў наступны раз нарэшце ўбачаць сярод фіналістаў і ўстановы дадатковай адукацыі.

Не знаёміцца з прафесіямі, а спрабаваць іх на сабе

Ірына Усеваладаўна Тарасевіч, метадыст Цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, зазначыла, што сёння ярка выяўленых праблем па арганізацыі шостага школьнага дня, як было на першых этапах, ужо няма. У многім, лічыць, дзякуючы і гэтаму конкурсу, бо педагогі вучацца і адыходзяць ад напаўнення школьных субот мерапрыемствамі, забываючыся пра тэматыку. Паступова вырашаецца і тое, што малодшыя школьнікі па суботах больш хочуць заставацца з бацькамі. Сёння ў школу яны ходзяць разам. Нягледзячы на тое, што ў асноўным вырашаецца і праблема падвозу дзяцей у шосты школьны дзень, але ўсё ж часам яна застаецца. Аднак нават у такім выпадку шосты школьны дзень не выпадае. Гэта спрыяе не менш актуальным і зусім лакальным праектам, як, напрыклад, праект Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Педагогі і навучэнцы школы — жыхары некалькіх маленькіх навакольных вёсак, з якіх складана арганізаваць падвоз па суботах. Таму педагог збірае дзяцей у сваёй вёсцы, разам яны адпраўляюцца ў госці да старажылаў і запісваюць цэлыя альбомы народных песень.


Засяродзілася Ірына Усеваладаўна і на самай актуальнай тэме ў рэгіёне — прафарыентацыі. Правядзенне прафарыентацыйных субот на Брэстчыне ўжо стала фірменным стылем. Дарэчы, на мінулым конкурсе менавіта гэтая тэма дапамагла Жамчужненскай сярэдняй школе атрымаць гран-пры. І цяпер праект па прафарыентацыі “Город — дорог” сярэдняй школы № 19 Баранавіч зноў у пераможцах.

Ірына Уладзіміраўна Дабравольская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце наваполацкай гімназіі № 1, прапанавала яшчэ больш паглыбіцца ў тэму прафарыентацыі, перайсці ад знаёмства з прафесіямі да іх апрабавання — вярнуць у школы вучэбна-вытворчыя камбінаты: “У свой час у школьным вучэбна-вытворчым камбінаце я атрымала спецыяльнасць “Муляр другога разраду”. У жыцці мне гэта спатрэбілася — я сама пабудавала тату гараж. Я і сёння памятаю складаныя і простыя растворы, тое, як правільна класці цэглу і якой яна бывае. І калі гэта вярнуць, гэта практычна дапаможа маладым людзям. Нават пакуль яны будуць вызначацца з прафесіяй, вучэбна-вытворчы камбінат дасць жывое рамяство ў рукі, а з ім — і час сур’ёзна, усвядомлена падумаць пра прафесійны выбар”. Магчыма, гэта б стала профілем працоўных брыгад, у якія, па словах Ірыны Уладзіміраўны, хочуць трапіць вельмі многія старшакласнікі, але пакуль няма магчымасці забяспечыць работай усіх жадаючых.

Л.В.Емяльянчык згадзілася з гэтай прапановай і зазначыла, што міністр адукацыі таксама сур’ёзна прадумвае, як адрадзіць гэты вопыт.

Падтрымала тэму і Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч, прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі: “Пакуль мы на пераходным этапе да вучэбна-вытворчых камбінатаў, у Мінску праводзяцца распрацаваныя нашым інстытутам прафтуры па ўстановах прафесійнай адукацыі сталіцы з наведваннем іх майстар-класаў. Ладзім мы і прафесійныя пробы, бо пакуль падлетак не стаў да станка — не ўбачыў, не адчуў і не дакрануўся рукамі, не паспрабаваў прафесію — выбраць яе яму будзе цяжка. У гэтым кірунку мы і будзем рухацца”.


Аляксей Пятровіч Хадоскін, метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, расказаў пра прафесійныя суботы, якія ладзяцца ў Гомельскім рэгіёне. У вобласці школы 6 раёнаў актыўна супрацоўнічаюць з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і далей гэтая работа будзе пашырацца і паглыбляцца. У наступным конкурсе рэгіён плануе прадставіць вопыт супрацоўніцтва з прафтэхустановамі, таму прапанаваў арганізатарам конкурсу разгледзець мэтазгоднасць уключэння намінацыі, якая б прадугледжвала такое супрацоўніцтва.

Ларыса Васільеўна зазначыла, што ў Міністэрстве адукацыі ўжо ў гэтым годзе абмяркоўвалі ўвядзенне гэтай намінацыі і хацелі запрасіць у склад журы начальніка Цэнтра выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, але вырашылі спачатку даць магчымасць шырэй разгарнуць узаемадзеянне з установамі прафтэхадукацыі. Але ў наступным годзе, паабяцала, гэтая намінацыя будзе ўведзена.

Творчасць без межаў і турнэ пераможцаў

Таццяна Анатольеўна Цвірко, начальнік Цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, падзякавала арганізатарам конкурсу за тое, што дзеці са сцэны сыходзілі задаволенымі: “За працай педагога заўсёды дзеці. Але нашы прафесійныя пытанні, якія ім і не трэба ведаць, часам псуюць іх стаўленне да таго, што яны робяць. Дык вось дзеці былі шчаслівыя — і ад таго, што свята адбылося, і, галоўнае, ад таго, што яны ўбачылі: шосты школьны дзень — гэта цікава, нясумна і, галоўнае, нефармальна”.

Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч адзначыла і тое, што сёння, дзякуючы адказным за гэта арганізацыям і ўстановам, шосты школьны дзень забяспечаны ўсёй нарматыўнай і прававой базай. “Сёння мы маем усё, што нам неабходна па рэалізацыі шостага школьнага дня, — зазначыла яна. — Аналізуючы конкурсныя выступленні, і Мінск, і ўсе рэгіёны выкарыстоўваюць 4 узроўні рэалізацыі сваіх праектаў: лакальны (уласная ўстанова адукацыі і размешчаныя паблізу), рэгіянальны (раён), гарадскі (ці абласны) і рэспубліканскі. І кіраўнік установы адукацыі можа дакладна планаваць кожную суботу па асаблівым узоры. Мы бачылі тэматычныя суботы, бачылі ў субоце тэматычныя блокі, суботы-квесты — па-рознаму педагогі паказваюць і фарміруюць гэты дзень. І здорава, што яны не заціснуты ў рамкі, адчуваецца свабода. Нам гавораць, што ўстанова адукацыі — кансерватыўная структура. А вы паглядзіце на шосты школьны дзень — абсалютная творчасць.


Што да тэматыкі сталічных праектаў, то нашы педагогі пастараліся прадставіць самыя актуальныя тэмы. Так, для Мінска вельмі балючая тэма — патрыятычнае выхаванне, таму быў зроблены акцэнт на тым, што трэба спачатку свой край ведаць, а потым ужо Італію. Другі аспект — здаровы лад жыцця: хвалі суіцыдаў, ужывання спайсаў пракаціліся па Мінску больш, чым па іншых гарадах і рэгіёнах. Трэці блок — работа з бацькамі, якія, на мой погляд, больш крытычныя, чым бацькі ў іншых гарадах. І нашай задачай было агітаваць іх прагаласаваць за шосты школьны дзень “нагамі”. Што, мяркую, атрымалася. Сёння мы гаворым і пра тое, што сучасны малады чалавек — з гаджэтамі ў руках. Сёння блогі, сацыяльныя сеткі — неад’емная частка нашага дня. Мы павінны прымусіць мабільныя ўстройствы працаваць на шосты школьны дзень. І тут мы выходзім не толькі на бацькоўскія аб’яднанні, наша ідэя — выйсці на бізнес-партнёраў. Напрыклад, з кампаніяй “Інтэлект-анлайн” мы пачынаем смарт-марафоны, якія будуць праходзіць кожную суботу ў 11 гадзін: з дапамогай мабільных тэлефонаў дзеці могуць уключацца і спаборнічаць як паміж сабой, так і паміж установамі адукацыі. Палажэнне пра смарт-марафон ёсць на нашым сайце, падключацца да яго могуць і рэгіёны. З аднаго боку, гэта ўключэнне бізнес-суполкі ў нашу суботнюю дзейнасць, а з другога — яшчэ і актывізацыя пазнавальнай дзейнасці дзяцей”.

Ларыса Васільеўна Емяльянчык падкрэсліла, што перамога многіх педагогаў стала не толькі ацэнкай іх асобнага ўдалага праекта, а лагічным вынікам маштабнай выхаваўчай работы іх і іх калег. У прыклад прывяла Наталлю Віктараўну Гарчычка, педагога гімназіі № 1 Зэльвы: “Зайдзіце на сайт школы — там велізарная колькасць праектаў не толькі шостага школьнага дня, але і праекты па інфармацыйнай бяспецы, прапагандзе і папулярызацыі беларускай мовы, па арганізацыі гадзін інфармавання. Паглядзіце, як Наталля Віктараўна падтрымлівае зносіны з бацькамі праз блогі: не даносіць інфармацыю пра іх дзяцей, а арганізуе іх, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Таму невыпадкова сёння Зэльва стала фарватарам нашага шостага школьнага дня”.

Удзельнікамі круглага стала была выказана, а арганізатарамі конкурсу — падтрымана ідэя наладзіць турнэ пераможцаў конкурсу. Пераможцы праедуць па Беларусі і пакажуць калегам свой вопыт па арганізацыі шостага школьнага дня, свае адточаныя, дасканалыя выступленні. Магчыма, іх праекты прыжывуцца і на шляху іх прэзентацыі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*