Дадатковая адукацыя: курс на мабільнасць

Пакуль цэнтры дадатковай адукацыі раскрывалі свае дзверы для новых навучэнцаў, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адчыніў свае дзверы для іх педагогаў. Каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года і намеціць планы на новы, на міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Выхаваўчы патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: вопыт, праблемы, перспектывы” сабраліся педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі з усёй Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Кыргызстана.

Насустрач попыту

Адкрываючы канферэнцыю, Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыў, што сёння сістэма дадатковай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўлена 284 установамі з агульнай колькасцю навучэнцаў больш за 390 тысяч чалавек (а гэта амаль 60% усіх навучэнцаў). Каб захаваць гэтую папулярнасць дадатковай адукацыі, па яго меркаванні, важна ўлічваць тое, што жыццё ў сучасным грамадстве патрабуе ад маладых людзей гнуткасці паводзін і адпаведных ведаў, уменняў і навыкаў. Таму асаблівасцю дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі павінна быць магчымасць мабільна пераарыентавацца на змены запытаў дзяцей і моладзі, а самому педагогу варта імкнуцца стаць для падлеткаў старэйшым сябрам і дарадцам па шматлікіх важных жыццёвых пытаннях.

Сваю пазіцыю на асаблівасці работы ў кірунку мастацка-творчай дзейнасці прадставіла Н.В.Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Так, яна адзначыла, што неабходна ўлічваць канкурэнцыю з боку прыватных, камерцыйных структур, што вымагае прадстаўлення больш шырокага спектра адукацыйных паслуг у спалучэнні з больш якаснай працай педагогаў, новага змястоўнага напаўнення працы ад кожнай канкрэтнай установы і ўсёй педагагічнай грамадскасці. А для гэтага патрэбны адукацыйныя праграмы новага пакалення, якія адпавядаюць патрабаванням часу, інтарэсам дзіцяці, забяспечваюць матывацыю яго далейшага развіцця.


— У мінулым навучальным годзе мы завяршылі конкурс індывідуальных праграм для адораных навучэнцаў і навучэнцаў з ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У 2018/2019 навучальным годзе правядзём Рэспубліканскі конкурс праграм культурна-адпачынкавага профілю і дадзім старт конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю ў кірунку “Харэаграфія”. У 2019 годзе працягнем паспяхова праведзены першы конкурс літаратурных распрацовак для дзіцячых тэатральных калектываў. Мы адзначылі высокую актыўнасць педагогаў названага кірунку з усіх рэгіёнаў краіны. Па яго выніках выдадзены 4 зборнікі лепшых работ, што, несумненна, станоўча адбілася на рэпертуарнай палітыцы дзіцячых тэатраў, — адзначыла Надзея Васільеўна.

Тэхнічная творчасць — у нагу з эканомікай

Па меркаванні С.М.Сачко, дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, сёння галоўная задача дадатковай адукацыі — падхапіць сучасныя тэмпы развіцця эканомікі, зрабіць усё, каб выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі запатрабаваны ў новых умовах.

— Рынак працы Рэспублікі Беларусь ужо цяпер востра мае патрэбу ў спецыялістах, якія маюць кампетэнцыю ў галіне нейратэхналогій, прататыпавання, тэхналогій беспілотных лятальных апаратаў, валодаюць камп’ютарнымі тэхналогіямі, графічным і вэб-дызайнам, інжынернымі і іншымі кампетэнцыямі. Таму работа па ўключэнні дзяцей і моладзі ў навукова-тэхнічную творчасць і прафарыентацыю на сучасныя высокатэхналагічныя спецыяльнасці павінна насіць мэтанакіраваны і сістэмны характар.

Вядучай тэндэнцыяй абнаўлення зместу адукацыі дзяцей і моладзі становіцца ўключэнне ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць. Яшчэ ў 2014 годзе цэнтр стаў пляцоўкай для рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі”. З 2016/2017 навучальнага года эксперыментальны праект пераведзены ў інавацыйны з мэтай укаранення ў адукацыйны працэс распрацаваных эксперыментальных адукацыйных праграм.


Сёння такія адукацыйныя галіны, як нейрапілатаванне, прататыпаванне, камп’ютарныя тэхналогіі, графічны, вэб- і інжынерны дызайн, з’яўляюцца найважнейшымі напрамкамі інавацыйнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу, знаходзяцца на стыку такіх навук, як фізіка, мікраэлектроніка, мехатроніка, штучны інтэлект, механіка, праграмаванне.

У сувязі з гэтым у 2018 годзе ў эксперыментальную дзейнасць уключаны такія адукацыйныя галіны ведаў, як інжынерны дызайн CAD, нейрапілатаванне, прататыпаванне, сістэмнае адміністраванне, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, дапоўненая рэальнасць.

Па меркаванні Сяргея Міхайлавіча, распрацоўка і ўкараненне ў адукацыйны працэс праграм па новых адукацыйных галінах тэхнічнага профілю дасць магчымасць павысіць цікавасць навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі да навукова-тэхнічнай творчасці, развіць навыкі і ўменні тэхнічнага праектавання, канструявання і мадэлявання, уцягнуць моладзь у раннюю прафарыентацыю на высокатэхналагічныя і інжынерна-тэхнічныя прафесіі і спецыяльнасці.

Вучымся ў прыроды

Для Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства адным з ключавых праектаў бягучага навучальнага года стане стварэнне на сваёй базе галоўнага рэсурснага цэнтра “Зялёная школа” ў межах праграмы ААН “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні” пры падтрымцы ААН і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дырэктар установы А.У.Ануфровіч упэўнена, што праект паспрыяе пашырэнню кірункаў і колькасці даследчых праектаў навучэнцаў па вывучэнні біяразнастайнасці і этнаэкалогіі, уключэнню ў дзейнасць лабараторый вядучых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі, правядзенню лабараторных заняткаў для навучэнцаў краіны пад іх кіраўніцтвам. У прыватнасці, пры правядзенні практычных заняткаў па генетыцы, селекцыі, мікалогіі будзе выкарыстоўвацца і ўкараняцца вопыт работы вучэбнай базы БДУ, будзе развівацца сеткавае супрацоўніцтва з філіялам кафедры біялогіі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ.

У межах “Зялёнай школы” будзе распрацавана вучэбна-праграмная дакументацыя і адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па праблемах біяразнастайнасці, энергазберажэння, водазабеспячэння, абыходжання з адходамі, маніторынгу паветра і г.д. Будзе наладжана работа рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагогаў дадатковай адукацыі, якія займаюцца развіццём навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Акрамя таго, у новым навучальным годзе будзе працягнута работа па падрыхтоўцы педагогаў дадатковай адукацыі да правядзення заняткаў з навучэнцамі ў межах “Дзіцячай навукова-эксперыментальнай лабараторыі па вывучэнні прыродаахоўных рэсурсаў” і “Дзіцячай навукова-эксперыментальнай лабараторыі па вывучэнні біяразнастайнасці і антрапагенных фактараў водных экасістэм і атмасферных з’яў”. Адкрываецца новы кірунак дыстанцыйнага навучання — “Ландшафтны і інтэр’ерны дызайн”, які дасць магчымасць асвойваць веды ў галіне экадызайну, архітэктуры, дэндралогіі, садаводства, авалодваць майстэрствам ландшафтнага праектавання, фітадызайну, дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Актывізуе сваю работу створаны нядаўна на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства дзіцячы навукова-даследчы цэнтр па водных рэсурсах і біяразнастайнасці для выканання навукова-даследчых праектаў, лабараторных і практычных работ, дэманстрацыйных эксперыментаў і доследаў па дапрофільным і профільным навучанні па біялогіі, экалогіі, геаграфіі, хіміі, гідрабіялогіі і лесазнаўстве.

Разам мы мацнейшыя

Трэба адзначыць, што прадстаўлены вопыт беларускіх педагогаў для большасці замежных гасцей — гэта хутчэй карта ідэй для будучай рэалізацыі. Калі з Расійскай Федэрацыяй мы ідзём плячо ў плячо, то, напрыклад, з украінскімі і кыргызскімі педагогамі такой цеснай сувязі няма. Перашкаджаюць роўна развівацца і розныя акалічнасці. Так, у Кыргызстане толькі нядаўна сур’ёзна задумаліся пра неабходнасць пераарыентацыі адукацыйнага працэсу на работу ў фармаце кампетэнтнаснага падыходу, з выкарыстаннем сучасных метадаў і форм. Безумоўна, гэта вымагае перш за ўсё перападрыхтоўкі педагагічных кадраў, але ў Кыргызстане адсутнічае дзяржаўная сістэма павышэння кваліфікацыі педагогаў дадатковай адукацыі. Таму ўсе клопаты па перападрыхтоўцы ўзяў на сябе Рэспубліканскі вучэбна-метадычны цэнтр эстэтычнага выхавання “Балажан” (Бішкек). Першымі поспехамі і прыемнымі зрухамі падзялілася яго дырэктар Дарыя Мусіна.

Удзельнікі канферэнцыі спадзяюцца, што далейшаму развіццю і ўдасканальванню сістэм дадатковай адукацыі ўсіх нашых суседніх краін паслужыць Еўразійская асацыяцыя дадатковай адукацыі дзяцей, якая была заснавана 13 ліпеня бягучага года вядучымі нацыянальнымі ўстановамі дадатковай адукацыі Кыргызстана, Беларусі, Расіі і Казахстана.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*