Гісторыя ў ХХІ стагоддзі: лічбавая, асобасная, глыбокая

14—16 лістапада прайшоў 2-і Міжнародны гістарычны хакатон #hack4history. Удзельнікі распрацоўвалі новыя лічбавыя прадукты, якія будуць папулярызаваць памятныя месцы і музеі на тэму Другой сусветнай вайны. Расказваем, якія ідэі гучалі, як яны змяніліся за час работы з ментарамі і хто выйграў.

Каманда DOC Centr Gomel.

На ўсё — два дні

У хакатоне ўдзельнічалі 15 каманд. Сёлета фармат практычна цалкам пераехаў у анлайн. 5 каманд працавалі на месцы ў Мінску, 10 — праз Zoom. Удзельнікамі сталі гісторыкі, выкладчыкі, супрацоўнікі музеяў, прадстаўнікі арганізацый, журналісты, дызайнеры, IT-спецыялісты і студэнты з Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі і Украіны. Сярод экспертаў былі журналісты, менеджары, гісторыкі, даследчыкі, дызайнеры, інжынеры-праграмісты і іншыя з тых жа пяці краін. Яны дапамагалі камандам дапрацоўваць праекты і ацэньвалі вынікі.

На работу давалася 48 гадзін. У першы дзень удзельнікі знаёміліся адно з адным і экспертамі, прэзентавалі свае работы і абмяркоўвалі іх з ментарамі. Таксама прайшло некалькі анлайн-воркшопаў. Нямецкая журналістка менеджар некалькіх гістарычных крос-медыяпраектаў Ева Дэйнарт расказала пра дыджыталсторытэлінг-праекты ў кантэксце гісторыі. Польская журналістка і даследчыца аўдыявізуальных медыя, мастацтва і тэхналогій Ганна Дэспандс прысвяціла сесію бязмежным магчымасцям сеткавых і лічбавых праектаў, засяроджаных вакол гісторыі.

У другі дзень шмат часу пайшло на ментарскія сесіі і дапрацоўку праектаў. Прыемным расслабленнем сталі воркшопы “Як прадстаўляць праект інвестарам?” ад стратэгічнага медыяменеджара Сяргея Пракапенкі і “Як данесці сваю работу да як мага большай колькасці людзей?” ад журналісткі Ясі Каралевіч-Картэль.

У панядзелак, 16 лістапада, каманды правялі фінальныя прэзентацыі. Пераможцы атрымалі гранты для завяршэння распрацоўкі праекта.

Да ідэй

Каманда Vitebsk прадстаўляла праект “Віртуальная экскурсія: Віцебск акупацыйны”. Удзельнікі хочуць стварыць інтэрактыўную карту, на якой размесцяць тры пункты. Кожны ўключыць у сябе маленькую віртуальную экскурсію, дзе будуць 3D-ма­дэль аб’екта, фатаграфіі, відэаархівы сведак і аўдыяпадкасты. Мадэлямі стануць канцлагер “5-ы Полк”, Віцебскае гета і турма СД. Будынак былой турмы — адзінае месца, якое захавалася цалкам.

Каманда Vitebsk.

“Унікальнасць нашага праекта ў тым, што ўжо на стадыі стварэння мы прыцягнем школьнікаў. Яны будуць самі рабіць 3D-мадэлі. Праект стане доўгатэрміновым, бо потым мы будзем загружаць новыя пункты. У выніку чакаем паляпшэння якасці ведаў па тэме ў школьнікаў, студэнтаў і неабыякавых лю­дзей”, — гаворыць настаўніца гісторыі гімназіі № 3 Віцебска Ірына Уракова.

Каманда VEHA ў пачатку хакатона хацела стварыць музей архіўнай фатаграфіі Беларусі. Гэта сайт, куды людзі змогуць самі загружаць фота. Яны будуць з’яўляцца на карце з пэўнай лакацыяй, што дапаможа тым, хто даўно эміграваў, знайсці сваякоў. Пазней там з’явілася б сістэма распазнання асоб. Адна і тая ж фатаграфія можа быць у некалькіх сямейных архівах. Загрузіўшы яе, людзі змогуць знаходзіць праз сістэму сваякоў і знаёмых. Пасля работы з экспертамі каманда звузіла ідэю і спынілася на вясельных фотаздымках у час вайны. “Людзі дасылаюць нам фота са сваіх архіваў, мы іх апрацоўваем, каталагізуем, структуруем у архіве, публікуем, праводзім выставы, друкуем кнігі. Мы не адмаўляемся ад мэты, з якой сюды прыйшлі — стварыць музей архіўнай фата­графіі Беларусі. Кожны праект, які рэалізуе VEHA, наблізіць нас да яе”, — расказвае ў­дзельніца каманды Леся Пчолка.

DOC Centr Gomel прапанавала стварыц­ь тапаграфію памяці. Удзельнікі адзначылі, што Другую сусветную вайну часцей за ўсё разглядаюць толькі з пазіцыі пераможцаў і пераможаных. Пра герояў без зброі, мірных жыхароў забываюць. Яны — проста статыстыка. Загінуў кожны чацвёрты. Але што за гэтай лічбай? Хто? Каманда хоча дабіцца гістарычнай справядлівасці ў адносінах да мірных грамадзян мінулай Палескай вобласці, якіх закатавалі і забілі.

На хакатоне ўдзельнікі прадставілі прататып сайта, у якім ёсць два асноўныя раздзелы. Першы — тапаграфія памяці. Гэта інтэрактыўная карта з нанесенымі гарадамі. Калі наведвальнік націскае на горад, то трапляе на гістарычную карту з прамаляванымі аб’ектамі памяці і інфармацыяй. Другі раздзел — спецпраекты. Гэта культурна-адукацыйны блок для педагогаў, супрацоўнікаў музеяў, даследчыкаў. Там размяшчаюцца віртуальныя праекты, выставы, конкурсы, інтэрактыўныя рашэнні. Любы зарэгістраваны карыстальнік можа дадаць сваю інфармацыю для карты, якая пасля праверкі з’явіцца на платформе.

Каманда Muzej Evreiskogo soprotivleniya з Навагрудка распрацоўвала інтэрнэт-сайт Музея яўрэйскага супраціўлення. “Мы хочам прыцягнуць увагу да праблемы захавання памяці пра Халакост і гісторыю яўрэяў у Беларусі. Яе можна вырашыць, калі прывесці максімальную колькасць людзей да месцаў памяці, паказаць гісторыю яўрэйскага су­праціўлення ў Навагрудку і атрымаць эмацыянальны водгук. Фізічна цяпер гэта зрабіць немагчыма, таму мы выкарыстоўваем некалькі тэхнічных рашэнняў”, — дзеліцца Кацярына Ківач.

Рашэнне — віртуальнае падарожжа па маршруце на сайце або ў мабільным дадатку. Там будзе карта маршруту, элементы дапоўненай і віртуальнай рэальнасцей, магчымасць персаніфікацыі маршруту з дапамогай штучнага інтэлекту з галасавым памочнікам, а таксама шэраг адукацыйных матэрыялаў. Каб матываваць людзей праходзіць такое падарожжа, яго можна зрабіць у выглядзе квеста. Карыстальнікі будуць зарабляць балы і траціць іх у партнёраў музея на куплю віртуальных сувеніраў.

Стварыць інтэрактыўную карту лагера “Шталаг 352” у Мінску хоча каманда Save Masyukovshchina. Шталаг 352 — гэта канцлагер, у якім утрымліваліся савецкія ваенна­палонныя ў час Другой сусветнай вайны. Тады ён знаходзіўся ў вёсцы Масюкоўшчына пад Мінскам, цяпер гэта а­дзін з мікрараёнаў сталіцы. Канц­лагер — самы вялікі на акупіраванай тэрыторыі. Там загінула каля 80 тысяч чалавек, што можна супаставіць з ахвярамі Бухенвальда (больш за 56 тысяч). Месца ўнікальнае, таму што там да гэтага часу захавалася шэсць гістарычных будынкаў, ёсць брукаванка, якую клалі зняволеныя, дрэвы, пасаджаныя да вайны. Тэрыторыя разбураецца з-за часу. Многія мясцовыя жыхары самі не ведаюць пра гісторыю месца, таму выгульваюць там сабак, ладзяць пікнікі.

Каманда Save Masyukovshchina.

Інтэрактыўная карта пасля можа стаць платформай для віртуальнага музея лагера. Зараз кропкай увахода з’яўляецца мультымедыйны даведнік у форме гісторый, расказаных ад імя вязня і ахоўніка. Удзельнікі ствараюць лэндынг, даступны на мабільных прыладах, па ім карыстальнік можа пражыць адзін дзень з жыцця лагера. Натхненнем пачаць праект паслужылі знаходкі — рэчы, якія належалі ахоўніку. Гэта бляшаначка крэму, самаробныя лыжка, брытва і абутак, пашыты з шынялёў зняволеных.

Брэсцкая каманда Sferitus хоча даць унікальную магчымасць віртуальна наведац­ь аб’екты фартыфікацыі перыяду Другой су­светнай вайны і музеяў, прысвечаных гэтай тэматыцы. Усе жадаючыя змогуць пагля­дзець на архітэктурную спадчыну з вышыні, з паверхні зямлі, пабываць унутры будынкаў і збудаванняў. На першым этапе ўдзельнікі створаць прататып праекта на аснове Брэсцкай крэпасці і яе дапаможных фартыфікацыйных збудаванняў. У будучыні плануюць пакрыць тэрыторыю Беларусі і выйсці за яе межы.

Праект каманды Sferitus.

“Большасць сённяшніх праектаў акцэнтуюць увагу на людзях, але гісторыя сцен і цэглы таксама важная, бо яны былі сведкамі падзей, якія змянілі лёс велізарнай колькасці людзей, — гаворыць Павел Бабкоў. — Час не шкадуе нічога і нікога, і аб’ектаў ваеннай архітэктуры з кожным годам становіцца ўсё менш. Шматлікія будынкі і збудаванні руйнуюцца з-за часу або ў ходзе выкарыстання ў якіх заўгодна мэтах, акрамя стварэння музеяў. Таму мы хочам захаваць гэтыя месцы ў максімальна арыгінальным выглядзе дзякуючы сучасным тэхналогіям, сферычным панарамам і фотаграметрыі”.

Каманда Belarus 100 прапанавала распрацаваць вэб-дадатак, які пакажа памеры і маштабы вайны ў розных кантэкстах. “Самае галоўнае, з чым вы сутыкняцеся, — гэта анімацыйная 3D-скульптура, якая складаецца з накладзеных тэрыторый Беларусі за апошнія 100 гадоў. З дапамогай скетчаў вы можаце выбраць любы перыяд і перавесці гэта ў 2D-карту. На гэтай карце размешчаны індывідуальныя гісторыі, дзе апісана адна або некалькі падзей. Будзе складана і амбіцыйна сканцэнтраваць 100 гадоў гісторыі Беларусі ў рамках аднаго праекта, але мы ў асноўным сфакусіруемся на Другой сусветнай вайне”, — расказвае Паўл Прымбс.

Праект каманды Belarus 100.

Карыстальнікі змогуць загружаць, кантэкстуалізаваць і структураваць свае гісторыі, рабіць іх больш даступнымі для іншых. Такім чынам выкладчыкі і навуковыя даследчыкі будуць мець зносіны, дзяліцца інфармацыяй з іншымі. На платформе яны змогуць ствараць тэсты для сваіх студэнтаў.

Каманда Survivors in Kharkiv хоча стварыць інтэрактыўны дадатак, які дазволіць самастойна вывучаць гісторыю горада. Карыстальнік нібыта пражыве адзін дзень у акупіраваным Харкаве падчас Другой су­светнай вайны і адчуе атмасферу таго часу.

Дадатак — гэта інтэрактыўная карта горада, на якой пракладваецца маршрут у залежнасці ад выбару ролі. Гэта можа быць жанчына, падлетак і нямецкі афіцэр. Маршруты і заданні будуць залежаць ад ролі. Кожны персанаж раскажа пра свой дзень, складаны шлях да выжывання ў Харкаве. Па ходзе маршруту можна будзе азнаёміцца з гістарычнымі звесткамі, картай горада, як ён выглядаў, што ў ім было да акупацыі, праслухаць або прачытаць успаміны жыхароў, што былі ў акупацыі, прагле­дзець кінахронікі, фатаграфіі прадметаў побыту, людзей, вуліц, будынкаў і г.д.

Праект каманды Miras — nasledie звязаны са станцыяй, якая на лініі Волжскай ракады пазначана як Свіяжск. Ракадная чыгунка — гэта чыгунка, якая праходзіць паралельна лініі фронту. Яна прызначана для манеўру і перагрупоўкі войскаў, забеспячэння іх матэрыяльнымі сродкамі, пры неабходнасці — для эвакуацыі або лжывых перавозак. “Сёння гісторыя вострава Свіяжск звязана ў першую чаргу з планамі Івана Грознага ў 1551 годзе пачаць захоп Казані. Частка аб’ектаў вострава ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра гэта расказваюць усім турыстам, але забываюць пра савецкую і рэвалюцыйную гісторыю, што паўплывала на востраў не менш, — гаворыць Алія Хуснуліна. — У 1942 годзе камітэт абароны прыняў рашэнне аб будаўніцтве веткі чыгункі ад Сталінграда да Свіяж­ска, якую назвалі Волжскай ракадай. Нягле­дзячы на тое, што ракаду зрабілі з адхіленнямі ад некаторых норм будаўніцтва, яна дазволіла забяспечваць абаронныя прадпрыемствы Паволжа, Чырвоную Армію рэзервамі ўзбраенняў на працягу ўсёй бітвы пад Сталінградам”.

Асноўная ідэя праекта — візуалізацыя гісторыі будаўніцтва Волжскай ракады. Пачаткам стане станцыя Свіяжск. Каманда ўжо сабрала частку дакументаў і а­ўтэнтычных прадметаў, асобным бокам хоча паказаць жыццё будаўнікоў ракады як гісторыю што­дзённасці той эпохі. Будавалі яе этнічныя нем­цы, рэпрэсіраваныя і іншыя. Праект, перш за ўсё, накіраваны на наведвальнікаў музеяў, але пасля каманда хацела б выйсці да пасажыраў цягнікоў і зрабіць музей на выездзе.

Еліас Баброўскі з каманды History to go падзяліўся ідэяй распрацаваць адукацыйную гульню, дзе карыстальнікі могуць шукац­ь віртуальныя артэфакты. “Мы хочам, каб людзі вывучалі гісторыю, выкарыстоўваючы сваё ўяўленне і свае дэвайсы. Вельмі важна, каб яны маглі выйсці прагуляцца або пазаймацца спортам і паралельна вывучаць гістарычныя месцы. Там можна будзе паглядзець на гістарычныя будынкі, месцы баёў, скульптуры і г.д. З намі змогуць супрацоўнічаць розныя музеі, галерэі, атэлі, якія захочуць прыцягнуць да сябе дадатковых наведвальнікаў”.

Праект “Віртуальны музей” Багданаўка — лагер смерці на Мікалаеўшчыне” прапанавала каманда Nasha Pamyat. Багданаўскі лагер смерці — адно з найбуйнейшых месцаў знішчэння яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны, супастаўнае з маштабамі трагедыі ў Бабіным Яры. У публічным дыскурсе падзея дагэтуль не мае належнага рэзанансу. Віртуальны музей вырашыць праблему мемарыя­лізацыі ахвяр і захавання памяці аб трагічных падзеях тых часоў, а таксама будзе мець шырокі выхаваўчы эфект.

Каманда хоча размясціць на адным інтэрнэт-рэсурсе комплекс матэрыялаў і звестак пра падзеі вайны і гісторыю Халакоста. Дзякуючы віртуальнаму музею, інфармацыю аб Багданаўскай трагедыі, месцах памяці, мемарыялах, помніках і іншых аб’ектах атрымаецца ўключыць у публічнае абмеркаванне. Анлайн-музей будзе цікавы ўкраінскім наведвальнікам, таму што гэта адносна новая з’ява ў іх краіне.

“Як “узламаць” гісторыю з дапамогай медыя: вопыт Arzamas і сёе-тое яшчэ”

Arzamas — гэта праект, прысвечаны гісторыі культуры да 1991 года. Сёлета яму споўнілася 5 гадоў. “Чаму мы задумалі гэтую гісторыю? —расказвае заснавальнік і галоўны рэдактар Arzamas Піліп Дзядко. — Нам хацелася, каб многія даведаліся пра людзей, пра якіх яны раней не чулі, зноў адкрыць усімі любімыя тэксты, карціны, гісторыі.

У нас была даволі амбіцыйная ідэя — запісаць як мага больш выбітных гуманітарыяў краіны. Запісаць іх сучаснай, адэкватнай мовай, каб відэа захацелі паглядзець людзі ў 2015 годзе”. Спачатку ў Arzamas рабілі кароткія лекцыі і аб’ядноўвалі іх у курсы. Удзельнікі праекта прыходзілі да вучонага і гаварылі: “Вы займаецеся неверагоднай тэмай, раманам Пастарнака “Доктар Жывага”, раскажыце пра яго”. Але часта спецыялісты былі пагружаны ў сваю тэму вельмі вузка. Для таго, каб даць кантэкст, у Arzamas прыдумалі прыём “Суправаджальныя ці дадатковыя матэрыялы”. Хутка высветлілася, што яны часта больш папулярныя, чым самі лекцыі.

Каб зрабіць лекцыю зразумелай шырокай аўдыторыі, трэба прайсці вялікі шлях разам з лектарам. Для спрашчэння працэсу ім дасылалі памяткі з рэкамендацыямі і парадамі. “Даволі хутка мы зразумелі, што іх ніхто не чытае. Тады я стаў рассылаць новыя, у якіх вялікімі літарамі было напісана нецэнзурнае слова. Колькасць людзей, якія чыталі памяткі, узрасла, — расказвае Піліп Дзядко. — Яны абураліся, адкуль там гэтае слова, я прасіў прабачэння і гаварыў, што гэта памылка, і дабіваўся патрэбнага”.

Каманда разлічвала прыкладна на 100 тысяч праглядаў у месяц, але праз год іх глядзела паўмільёна. Тады яны рашыліся на новы праект унутры старога — “Часопіс”. Людзям не заўсёды патрэбны вялікія выказванні накшталт цэлага курса, таму з’явілася медыя на кожны дзень. Каб прыцягнуць да сябе яшчэ больш увагі, каманда стварыла некалькі калекцый гістарычных стыкераў з розных стагоддзяў і культур, асобныя дадаткі пра паэзію і радыё Arzamas.

“Фармат, які ў апошні час мяне натхняе — аўдыя, — прызнаецца Міка Галубоўскі, галоўны рэдактар Bookmate Originals. — Летам 2019 года было 50 гадоў з моманту высадкі чалавека на Месяц. Я ведаў, што астранаўтам кожны дзень перадавалі дзіўныя, смешныя і цікавыя зводкі навін з Зямлі. Напрыклад, што Мексіка збіраецца забараніць уезд на сваю тэрыторыю хіпі, калі тыя не пачнуць стрыгчыся і мыцца. Або што ў брытанскім парламенце абмяркоўваюць пагрозу малых амерыканскіх субмарын для Лахнэскай пачвары. Літаральна за пару месяцаў да гадавіны высветлілася, што NASA выклала велізарны аўдыяархіў на 19 тысяч гадзін. У запісах атрымалася вылучыць выпускі навін, якія потым мы давалі кожны дзень”.

Людзі, якія робяць Arzamas, успрымаюць сябе перакладчыкамі або пераўпакоўшчыкамі. У сучаснікаў-навукоўцаў ёсць шмат ведаў, трэба проста знайсці розныя спосабы і фарматы, каб перавесці іх на мову шырокай аўдыторыі.

Аніка Хірсекорн з каманды Inclusionmap прэзентавала праект “Inclusionmap — безбар’ерная карта”. Гэта інструмент для забеспячэння лічбавай інклюзіі. Каманда хоча даць магчымасць людзям з дадатковымі патрэбамі ўдзельнічаць у працэсах захавання памяці пра Другую сусветную вайну. Перш за ўсё гэта тычыцца мемарыяльных манументаў і былых канцлагераў.

Праект Inclusionmap.

“Ёсць дзве праблемы. Першая — існуе шмат фізічных бар’ераў, якія перашкаджаюць людзям з дадатковымі патрэбамі да­брацца да гэтых месцаў. Другая — не хапае адукацыйных інструментаў для людзей, якія маюць праблемы з кагнітыўнымі здольнасцямі. Наш праект будзе дзейнічаць як Вікіпедыя: людзі самі змогуць дадаваць інфармацыю і загружаць матэрыялы. Напрыклад, мовай жэстаў расказаць пра пэўнае месца”, — падзялілася ідэяй Аніка.

Novatory распрацоўвалі праект “Мультымедыйныя фарматы навучання аб праведніках народаў свету”. Алена Гадунова адзначыла, што тэма праведнікаў практычна не прадстаўлена ў гістарыяграфіі і школьным курсе гісторыі, але мае вялікі выхаваўчы патэнцыял. “Наша мэта — стварыц­ь адукацыйны анлайн-рэсурс, напоўніць яго заданнямі па тэме праведнікаў народаў свету, распрацаваць метадычныя матэрыялы і мерапрыемствы для падтрымкі і навучання настаўнікаў. Праект дазваляе педагогу ўзяць гатовы, якасны матэрыял для хуткай падрыхтоўкі заняткаў па гэтай ня­простай тэме”.

Для пачатку работы каманда выбрала біяграфію Мікалая Якаўлевіча Кісялёва, паколькі ён быў задзейнічаны і ў Беларусі, і ў Расіі. Мікалай Кісялёў правёў праз лінію фронту 218 яўрэяў, сярод якіх былі жанчыны, дзеці і старыя. Матэрыял разбіты на тры асноўныя часткі. Першая прысвечана сітуацыі гэтага перыяду на акупіраванай тэрыторыі, другая — подзвігу Кісялёва і трэцяя — падвядзенню вынікаў з элементамі даследавання. Novatory плануюць стварыць пяць такіх методыка-дыдактычных блокаў. Акрамя Мікалая Кісялёва, з’явяцца гісторыі Маці Марыі, Івана Боўта, Фёдара Міхальчанкі і Антона Кяцко.

Каманда Äänislinna хоча стварыць інтэрактыўны рэсурс пра гісторыю сталіцы Ка­рэліі Петразаводску ў гады нямецкай акупацыі. “Карэлія — рэспубліка турыстычная. Мы часта сутыкаемся з гасцямі і разумеем, што пра гісторыю сярэдніх вякоў гавораць шмат, а пра ХХ стагоддзе — мала. Наш інтэрактыўны рэсурс пакажа гісторыю сямі канцэнтрацыйных лагераў, якія размяшчаліся ў Петразаводску”, — расказвае Наталля Кузняцова.

За час хакатона каманда зрабіла прататып сайта. Ён прадстаўлены некалькімі часткамі. Першая — гэта інтэрактыўная карта, якая ўтрымлівае памятныя мясціны, звязаныя з акупацыяй. Другая — схема абслугоўвання петразаводскіх канцлагераў. Ключавы элемент — гэта архіў. Там утрымліваюцца дакументы, фота-, аўдыя- і відэасведчанні.

У будучыні ўдзельнікі плануюць стварыць дыялогавы телеграм-бот, які прыцягне аўдыторыю. Ён будзе ўтрымліваць факты і цытаты з агульнага архіва, а таксама дапаможа адсачыць, якімі пытаннямі больш за ўсё цікавіцца аўдыторыя.

Праблема, з якой працуе каманда Dnipro, — гэта безабаронныя ахвяры нацызму — інваліды і псіхічна хворыя на акупіраванай Днепрапятроўшчыне. “Нельга забыць, але як успамінаць?” — галоўнае пытанне ў­дзельнікаў.

“Мы хочам дапамагчы прафесійнай супольнасці медыкаў не баяцца прыгадваць падзеі, звязаныя са знішчэннем псіхічна хворых. Зараз яны ад гэтага дыстанцуюцца. Таксама наша мэта — змяніць стэрэатыпы, якія склаліся ў мясцовага насельніцтва аб медыках-забойцах, уключыць інфармацыю аб знішчэнні інвалідаў і псіхічна хворых у экспазіцыю Днепрапятроў­скага нацыянальнага гістарычнага музея імя Дзмітрыя Яварніцкага, публічна рэабілітаваць персанал псіхічных бальніц, ахвяр пасляакупацыйнай феміды, якіх ілжыва абвінавацілі ў знішчэнні хворых”, — дзеліцца Альберт Венгер.

Для гэтага трэба стварыць платформу, інтэрактыўную карту Днепрапятроў­скай вобласці. Там будуць месцы знішчэння і інфармацыйныя відэаролікі пра іх, відэаролікі з развагамі дактароў-псіхіятраў аб прафесійнай этыцы іх калег у перыяд акупацыі, асобныя дакументы з рассакрэчаных архіваў КДБ, імёны ахвяр, кароткія біяграфіі персаналу. Наступным крокам стануць інфармацыйныя сюжэты на мясцовым тэлебачанні, прысвечаныя памяці безабаронных ахвяр і рэабілітацыі персаналу.

Пераможцы хакатона:

· Inclusionmap — прасоўвае лічбавую інклюзію ў месцах памяці;

· Dnipro — сайт аб інвалідах і псіхічна хворых людзях на акупіраванай Днепрапятроўшчыне падчас Другой сусветнай вайны;

· VEHA — праект пра вясельныя фотаздымкі падчас вайны;

· Захаваем Масюкоўшчыну — інтэрактыўная карта пра канцлагер “Шталаг 352” у Мінску;

· DOC Centr Gomel — платформа пра герояў без зброі на тэрыторыі былой Палескай вобласці.


Нягледзячы на тое, што пераможцаў усяго пяць, іншыя праекты не закрываюцца. Лю­дзі пачалі іх рабіць, не разлічваючы на фінансавую дапамогу, і ў любы момант да іх могуць далучыцца такія ж апантаныя спецыялісты.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і Настассі РЫЖАНКОВАЙ.