Гульня, якая вучыць сябраваць

На гэтых выхадных у Мінску на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы прайшоў этап Кубка свету Кубак Беларусі “Белы бусел” па авіямадэльным спорце ў класе мадэляў F-2D “Паветраны бой”. Спаборніцтвы авіямадэлістаў такога ўзроўню былі ўпершыню праведзены ў Рэспубліцы Беларусь. Арганізатарамі міжнародных спаборніцтваў авіямадэлістаў выступілі Міністэрства адукацыі нашай краіны,  Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, Беларускае добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту і Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту. У Мінск прыбылі авіямадэлісты з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана і  Рэспублікі Беларусь. У рангу ганаровых гасцей на спаборніцтве прысутнічалі намеснік міністра адукацыі С.В.Руды, начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай адукацыі міністэрства Э.М.Ганчар, прадстаўнікі авіяцыйнага спорту, пераможцы папярэдніх спаборніцтваў.

— Авіямадэльны спорт з’яўляецца найбольш папулярным і прывабным для сучаснай моладзі, —  адзначыў у прывітальным слове да спартсменаў Сяргей Валянцінавіч Руды. — Як паказвае практыка, авіямадэлізм развівае ў нашых падлеткаў кемлівасць, спрытнасць, творчае мысленне і загартоўвае характар. Удзельнікі такіх спаборніцтваў, як правіла, становяцца ў далейшым кіраўнікамі гурткоў авіямадэльнага спорту, перадаюць сакрэты майстэрства сваім выхаванцам і тым самым  далучаюць моладзь да творчасці. І на гэты раз спаборніцтвы такога высокага рангу будуць садзейнічаць не толькі ўдасканаленню навыкаў авіямадэлістаў, павышэнню іх спартыўнага майстэрства, але і абмену вопытам у галіне авіямадэлізму, будуць спрыяць развіццю міжнароднага супрацоўніцтва і ўсталявання сяброўскіх сувязей сярод авіямадэлістаў Беларусі і іншых краін.

Больш за трыццаць экіпажаў з’ехаліся ў гэтыя дні ў Мінск, каб прадэманстраваць свае авіямадэлі і ўменне кіраваць імі ў небе. І гэта ім удалося! Неперадавальныя эмоцыі ад яркіх паветраных баталій запаланілі ўсю атмасферу спаборніцтваў. Высока ў небе разгараліся гарачыя баі, у якіх пілоты дэманстравалі зайздроснае майстэрства, амаль філіграннае ўменне кіраваць міні-самалётам. Усё адбывалася на такіх высокіх хуткасцях, што было цяжка ўлавіць, што ж на самой справе адбываецца ў паветры. Часам у небе раздаваўся воплеск і на кардадром падала пашкоджаная авіямадэль, але некаторыя пілоты працягвалі бой нават з цяжкімі пашкоджаннямі сваіх самалётаў, чым пацвярджалі высокі прафесіяналізм.

— Авіямадэлізм — тэхнічны від спорту, у якім авіямадэлісты спаборнічаюць у канструяванні і вырабе мадэляў лятальных апаратаў і ў кіраванні імі на хуткасць, далёкасць, працягласць палёту і ў вышэйшым пілатажы, — расказвае М.М.Васількоў, галоўны суддзя спаборніцтва, член журы Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі (Украіна). — Увогуле, кордавыя авіямадэлі, якія ўдзельнічаюць у паветраных баях, уяўляюць сабой складаны механізм, здольны выконваць у небе разнастайныя манеўры і фігуры найвышэйшага пілатажу. У час спаборніцтва палёт такога самалёта можа дася­гаць вышыні трох метраў і мець хуткасць да 170 кіламетраў у гадзіну. Такія тэхнічныя паказчыкі дасягаюцца за кошт новых тэхналогій, сучасных матэрыялаў, больш дасканалых матораў, якія прымяняюцца сёння ў авіямадэлізме.

Гэтыя фактары патрабуюць больш дасканалай падрыхтоўкі і авіямадэліста, які павінен разбірацца ў аэрадынаміцы, электроніцы, валодаць навыкамі канструявання. Мадэлі­сту ў працэсе стварэння сваёй мадэлі даводзіцца самастойна выбіраць тэхналагічны працэс яе вырабу, падбіраць найбольш прыдатныя матэрыялы, якія дазваляюць атрымліваць надзейную і высокатэхналагічную канструкцыю. Таму вельмі важна, каб мадэліст добра разбіраўся ў чарцяжах і разнастайных прыёмах работы з матэрыяламі. Часта мадэліст сам стварае праект мадэлі, што пацвярджае творчы падыход у авіямадэлізме. Удасканаленню майстэрства авіямадэлістаў спрыяюць спаборніцтвы лятальных мадэляў самага рознага ўзроўню. Напрыклад, сусветныя чэмпіянаты па авіямадэльным спорце праводзяцца аж з 1925 года. На год пазней гэты від спорту з’явіўся і ў Беларусі.

З цягам часу авіямадэлізм стаў яшчэ больш папулярным сярод дзяцей і моладзі. Так, напрыклад, шырокую папулярнасць у нашай краіне набылі гурткі мадэлявання і кан­струявання лятальных апаратаў Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Сюды за вопытам едуць не толькі з Беларусі, але і з іншых краін.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Людмілы Пятроўны Раманько, юныя пілоты вывучаюць тэорыю палёту і кан­струкцыю лятальных апаратаў, асновы навігацыі, метэаралогіі і паветранага права, асвойваюць тэхніку пілатавання пара­плана, дэльтаплана, маторных лятальных апаратаў, а таксама самі іх канструююць. Заняткі ў гуртках мадэлявання і канструявання дапамагаюць маладым людзям зрабіць правільны прафесійны выбар, і многія з іх звязалі сваё жыццё з авія­цыяй.

Каб папулярызаваць авіямадэльны спорт, у Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду авіяцыйных відаў спорту, паветраплавання і авіямадэлізму, прыцягненне моладзі да ўдзелу ў мадэляванні і канструяванні, а таксама на развіццё супрацоўніцтва паміж авіятарамі-аматарамі іншых краін. Так, у прыватнасці, стаў ужо знакамітым сярод моладзі міжнародны авіясалон лятальных апаратаў, які не першы год праводзіцца ў Мінску дзякуючы ініцыятыве Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Рэспубліканскаму дому вялікая заслуга належыць і ў арганізацыі гэтага спаборніцтва па авіямадэльным спорце.

Кіраванне кордавай мадэллю пілот ажыццяўляе праз корд (трос), які мацуецца непасрэдна да корпуса. Для паветранага бою даўжыня корда складае 16 метраў. Сам паветраны бой доўжыцца ўсяго 4 хвіліны, але якога напружання, цярпення, майстэрства ён патрабуе ад кожнага пілота, каб пратрымацца гэтыя такія кароткія і такія доўгія хвіліны! За гэты час пілоту трэба прынаравіцца адсекчы ў машыны саперніка стужку даўжынёй у 2,5 м, якую прывязваюць перад узлётам, і не даваць яму  адсекчы такую ж стужку на хвасце сваёй авіяма­дэлі. А зрабіць гэта магчыма толькі паветраным вінтом. За такі высакакласны манеўр спартсмен можа атры­маць адразу 100 ачкоў.

Падчас бою адбываюцца падзенні і сутыкненні самалётаў. Але спартыўная мадэль зроблена з тым разлікам, каб на вялікай хуткасці вытры­маць нават лабавы ўдар. Калі пры сутыкненні бывае, што застаецца палова самалёта, а матор не пашкоджаны, вопытны пілот можа і далей працягваць бой і нават перамагчы.  У склад экіпажа, акрамя пілота, увахо­дзіць механік. Калі мадэль падае пад ударам саперніка, то ён павінен паспець да канца бою завесці запасную авіямадэль і хутка паднесці яе пілоту.

Паўлік Няхай на спаборніцтве авіямадэлістаў быў самым маладым удзельнікам, але ў першыя хвіліны спаборніцтва стаў самым папулярным. Менавіта яму, мінскаму школьніку, было даверана ўзняць над кардадромам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы нацыянальны сцяг. Павел вучыцца ў школе № 70 Мінска, у гэтым годзе пойдзе ў 7 клас.

— Я зацікавіўся авіямадэлізмам яшчэ ў дашкольным узросце, — расказвае хлопчык. — Я назіраў, як мой тата май­страваў маленькія аэрапланы, а потым “вучыў” іх лятаць. Мне настолькі гэта спадабалася, што я стаў спрабаваць рабіць самалёты сваімі рукамі. Спачатку нічога не атрымлівалася, але заўсёды быў побач тата, які  мяне навучыў гэтай справе. Калі я запусціў свой першы самалёт, то адчуў непаўторнае пачуццё палёту і ўявіў сябе сапраўдным лётчыкам, які кіруе самалётам высока ў небе. Пасля першага такога палёту я вырашыў сур’ёзна займацца авіямадэлізмам і паспрабаваць свае сілы на спаборніцтвах.

Сёння Павел мае ганаровую для кожнага авіямадэліста ліцэнзію Міжнароднай авіяцыйнай фэдэрацыі, якую можна атрымаць толькі пасля паспяховага выступлення ў многіх спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Свой спартыўны дух, які загартоўвае Павел у авіямадэльным спорце, ён выкарыстоўвае і ў іншых відах спорту, напрыклад у лёгкай атлетыцы, якой хлопчык таксама вельмі захапляецца.

Калі ў Паўла толькі-толькі пачынаецца спартыўная кар’ера, то яго тата Віктар Сяргеевіч займаецца авіямадэлізмам ужо шмат гадоў і мае многа заслужаных узнагарод. Ён майстар спорту і ўваходзіць у склад зборнай каманды Беларусі.

— Захапляцца авіямадэлізмам я пачаў таксама ў дзяцінстве, на занятках гуртка ў школе, потым — у сталічным цэнтры тэхнічнай творчасці, — расказвае Віктар Сяргеевіч. — Гэтыя заняткі сталі часткай майго жыцця, якім я прысвячаю ўвесь свой вольны час. Самі па сабе заняткі авіямадэльным  спортам я б не назваў толькі звычайным хобі. Гэтая справа дазваляе развіваць свае творчыя здольнасці, паглыбіць тэхнічныя веды, умацаваць характар і рэалізаваць сябе як асобу.

Навыкі чытаць чарцяжы, разбірацца ў сучасных тэхналогіях вытворчасці, асвойваць новае абсталяванне дапамагаюць Віктару Сяргеевічу і ў яго прафесіі наладчыка станкоў на адным з мінскіх машынабудаўнічых прадпрыем­стваў.

А вось Арцём Васіленка з гомельскага ПТВ № 152 прыборабудавання пакуль толькі вучыцца на электраманцёра, затое ў авіямадэльным спорце лічыцца ўжо асам. У спартыўнай біяграфіі хлопца — шматлікія спаборніцтвы і ўзнагароды самай высокай пробы.

Разам са сваім сябрам, механікам экіпажа Сяргеем Кахно, выпускніком гомельскага ПТВ № 144, Арцём з кожным новым спаборніцтвам удасканальвае сваё прафесійнае майстэрства і яго мадэлі становяцца ўсё больш паслухмянымі ў руках. Вось і на гэты раз хлопцы прадэманстравалі найвышэйшы пілатаж і па-майстэрску кіравалі сваімі мадэлямі ў паветраным баі.

— Уменне кіраваць мадэллю прыходзіць не адразу, — падзяліўся Арцём Васіленка. — Першыя заняткі ў гуртку даліся мне няпроста, бо не хапала цярпення. Я тады меркаваў, што гэтая справа не для мяне. Але, дзякуючы майму трэнеру Валерыю Васільевічу Лобзікаву, які знайшоў у мяне, як ка-жуць, схаваны талент, авіямадэльны спорт стаў для мяне захапляльным заняткам. Я не ўпершыню ўдзельнічаю ў спаборніцтвах такога высокага рангу і ў Мінск прыязджаў многа разоў.

А вось Ілья Качатыгаў хоць і з’яўляецца пастаянным удзельнікам спаборніцтваў авіямадэлістаў, на спаборніцтвы ў Мінск прыехаў упершыню. Ён жыве ў Зеленаградзе (Расія). Яго тата Аляксандр Уладзіміравіч, таксама ўдзельнік паветраных баёў у Мінску, заўважыў здольнасці сына яшчэ ў раннім дзяцінстве. Сыну вельмі падабалася рабіць папяровыя самалёцікі і запускаць іх у паветра. Калі хлопчык падрос, бацька пачаў яго далучаць да вырабу авіямадэляў, а ў далейшым стаў браць на спаборніцтвы. Цяпер Ілья у сваіх 12 гадоў паўнапраўны член расійскай каманды і мае ліцэнзію Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі. Трэнерам бацькі і сына Качатыгавых з’яўляецца  Мікалай Анатольевіч Іршынскі, суддзя міжнароднай катэгорыі, член журы Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі. Ён увайшоў у склад экспертна-тэхнічнай камісіі і судзейскай калегіі спаборніцтваў у Мінску як прадстаўнік Расіі.

У якасці суддзі Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі на спаборніцтвах у Мінску выступае і Нерыюс Жукаўскас з Літвы.

— Я сам былы ўдзельнік шматлікіх міжнародных спаборніцтваў сярод авіямадэлістаў, і мне ёсць, як кажуць, з чым параўноўваць, — расказвае Нерыюс. — Арганізацыі паветраных баёў у Мінску можна паставіць самую высокую адзнаку. У першую чаргу гэта тычыцца стану кардадрома, дзе праводзяцца спаборніцтвы. Ён адпавядае ўсім нормам, правілам і патрабаванням, што прад’яўляюцца да правя­дзення спаборніцтваў з боку Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі. Акрамя таго, на самым высокім узроўні арганізаваны пражыванне, харчаванне і адпачынак спартсменаў. Відавочна, што нашы мінскія сябры пры арганізацыі спаборніцтваў не пашкадавалі сіл, часцінкі свайго сэрца, каб стварыць камфортныя ўмовы для спартсменаў. І няважна, што ў гэтых баях прысутнічаў дух саперніцтва, яны заўсёды будуць толькі гульнёй, якая аб’ядноўвае ўсіх нас.

Ала КЛЮЙКО.
kliuiko@ng-press.by