Не навучыць, а ўлюбіць у сваю справу

Калі я ўспамінаю вялікіх педагогаў гісторыі, у памяці ўзнікаюць амаль адны мужчыны… Тое ж і з мастакамі, майстрамі… У чым жа сакрэт? Ні ў якім разе не аспрэчваючы жаночыя таленты, хачу гэта высветліць. На маю просьбу падказаць, дзе знайсці мужчыну, які ўдала сумяшчае ў сабе талент педагога, мастака, дзіцячага сябра і дарадцы, супрацоўніцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, яшчэ не даслухаўшы, адказ далі хорам: “Анатоль Дзмітрыевіч з Парыч”. Такая аднадушнасць не пакінула сумненняў наконт майго суразмоўцы і журналісцкага маршруту.

У промнях сузор’я

Анатоль Дзмітрыевіч Туравец працуе педагогам дадатковай адукацыі ў Парыцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ўжо дваццаць два гады. Родам ён з Чэлябінска, там жа атрымаў мастацкую адукацыю, працаваў мастаком-афарміцелем і крыху выкладаў лепку. Але заўсёды марыў уцячы ад шуму паўтарамільённага горада і займацца любімай справай у цішы. Ідэальна ўпісвалася ў гэтыя мары беларуская правінцыя — пад Светлагорскам ён з дзяцінства часта гасцяваў у сваякоў. Ажаніўшыся, менавіта туды і пераехаў. Працаваў мастаком-афарміцелем, быў лаўрэатам і пераможцам мастацкіх конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных, стаў членам Саюза мастакоў Беларусі. Прыглядаючыся да яго поспехаў, дырэктар Парыцкага раённага цэнтра творчасці Любоў Ільінічна Ястрэмская запрасіла Анатоля Дзмітрыевіча паспрабаваць сябе ў ролі педагога. Не вагаючыся, ён згадзіўся, заснаваў студыю “Сузор’е” і сабраў вакол сябе маленькіх зорачак — хлопчыкаў і дзяўчынак, каб пазнаёміць іх з жывапісам, керамічнай лепкай, роспісам па дрэве. Гэтае іх знаёмства перарасло ў сур’ёзнае захапленне мастацтвам, і амаль адразу — ужо праз 4 гады — за дасягнутыя поспехі студыі “Сузор’е” было прысвоена званне “Узорны народны калектыў”. За гады працы студыя вырасла: сёння тут займаецца больш за 80 выхаванцаў. Выяўленчая творчасць, дэкаратыўная лепка і роспіс, жывапіс, камп’ютарная грамата — усё гэта дзеці асвойваюць з Анатолем Дзмітрыевічам. Да творчай кампаніі далучыліся чатыры новыя педагогі, якія вучаць дзяцей розным відам рукадзелля — вышываць, шыць мяккія цацкі, ствараць лялькі і сувеніры.
“Я змірыўся з тым, што паглыбленыя веды па адной пэўнай галіне даць выхаванцам мы не можам, — дзеліцца Анатоль Дзмітрыевіч. — Гэта ў вялікім горадзе знойдзецца хаця б дзясятак людзей, вельмі захопленых выключна жывапісам, графікай, керамікай ці роспісам, а вось у невялікім населеным пункце мы іх не знойдзем: на кожны з кірункаў назбіраецца чалавекі па тры. Таму мы аб’ядноўваем дзяцей і асвойваем з імі ўсё адразу, а калі дзеці вырашаюць, што будуць паступаць па пэўнай спецыяльнасці студыі, мы займаемся з імі ўжо індывідуальна і рыхтуемся да экзаменаў.
З іншага боку, вузкая спецыялізацыя збядняла б, як збядняе кампетэнтнасць толькі ў адной нейкай сферы. Я кажу дзецям: “Мастакоў-жывапісцаў свету шмат не патрэбна. Але нават калі вы будзеце токарамі, міліцыянерамі, прадаўцамі, то той культурны багаж, які вы набудзеце ў нас, не пашкодзіць і будзе прыносіць задавальненне вам і навакольным”. У гэтым я шмат разоў пераконваўся на мастацкіх выставах непрафесійных мастакоў — ваенных, настаўнікаў і г.д.”.
За гады існавання студыі амаль 40 яе выпускнікоў выбралі сабе прафесіі, першыя крокі ў якія яны рабілі якраз тут, з іх больш за 30 — выхаванцы Анатоля Дзмітрыевіча. Сёння яны працуюць у розных рэгіёнах Беларусі скульптарамі, архітэктарамі, мадэльерамі, рэкламнымі дызайнерамі, выкладчыкамі, мастакамі-афарміцелямі і інш.
“Мне падабаецца, калі дзеці асвойваюць тое, чаго не ўмелі, і асабліва калі асвойваюць тое, чаго не ўмею я”, — гаворыць Анатоль Дзмітрыевіч, сціпла ўтойваючы тое, што больш за 80 працэнтаў яго выхаванцаў выдатна здаюць уступныя іспыты і з лёгкасцю паступаюць у самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы. А за гады працы не было ніводнага выпадку, каб удзельнікі студыі не жадалі паступаць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы па профілі студыі.
Па словах дырэктара цэнтра, сакрэт не толькі ў тым, што Анатоль Дзмітрыевіч умее перадаваць свае ўменні іншым, раскрываць у дзецях мастацкі талент, пра наяўнасць якога тыя і не здагадваліся. Найперш ён захапляе выхаванцаў як асоба, становіцца для іх прыкладам.
“Анатоль Дзмітрыевіч усебакова развівае дзяцей, сам вельмі шмат чытае, таму кампетэнтна гутарыць з дзецьмі на любую тэму, — гаворыць Любоў Ільінічна. — Асабліва шмат каля яго хлопчыкаў: некаторыя з іх па пэўных прычынах больш часу праводзяць з мамамі, бабулямі, а ў нашым цэнтры яны папаўняюць дэфіцыт мужчынскага выхавання. У нашай сферы і так мала мужчын, а такія, як Анатоль Дзмітрыевіч, увогуле рэдкасць. Я бываю ў яго на занятках, на экскурсіях. Ён пачынае гаварыць і проста заварожвае, хочацца яго слухаць і слухаць, і я бачу, як гэта падабаецца дзецям. Гэта педагагічны талент”.

Мяняючы краявіды

Акрамя размоў, якія так вабяць дзяцей, сам педагог прытрымліваецца правіла: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму ён вось ужо 10 гадоў рэалізоўвае праект “Краявід”: студыйцы на некалькі дзён адпраўляюцца ў творчыя паездкі па месцах, звязаных з гісторыяй і культурай Беларусі, абменьваюцца вопытам з іншымі скульптарамі і мастакамі краіны, наведваюць мастацкія выставы і музеі, знаёмяцца з творчасцю майстроў па кераміцы, саломапляценні. Абавязкова падчас падарожжаў студыйцы наведваюць профільныя навучальныя ўстановы, сустракаюцца з выкладчыкамі, навучэнцамі, на пленэры малююць новыя краявіды. Геаграфія іх падарожжаў шырокая: Полацк, Нясвіж, Брэст, Магілёў, Мазыр, Мір, Віцебск і інш. Напрыклад, у Магілёве разам з мастаком-рэстаўратарам унікалі ў сучасныя тэхналогіі аднаўлення твораў мастацтва і спасцігалі старадаўнія рацэпты, з майстрамі-керамістамі з Мазыра асвойвалі новы для іх від керамічнай вытворчасці. “З нашай гліны, не надта пластычнай, спрадвеку рабілі кафлю, цэглу, дахоўку, гарлачы. Яна добра абпальваецца, не трэскаецца. Мазырская ж гліна больш тлустая, пластычная, і таму працаваць з ёй трэба па іншай тэхналогіі, — тлумачыць Анатоль Дзмітрыевіч. — З яе можна рабіць толькі пустацелыя фігуркі — інакш яны трэснуць у печы. Але затое з яе можна рабіць вельмі маленькія дэталі. Мы прывезлі адтуль запас гліны, камбінавалі яе з нашай, параўноўвалі і з Радашковіцкай глінай, якая таксама мае свае асаблівасці”.
У 2011 годзе студыйцы разам з Анатолем Дзмітрыевічам і прафесарам Сяргеем Рассадзіным прымалі ўдзел у археалагічных раскопках непадалёк ад Парыч — на тэрыторыі, дзе па летапісных звестках некалі быў горад Казімір.“Уражанні ад таго, што ты прымаеш удзел у аднаўленні гісторыі, складана перадаць, а ў дзіцячым узросце — тым больш, — разважае педагог. — Мы з дзецьмі ўбачылі попел горада, спаленага стагоддзі назад, патрымалі ў руках абпаленую тэракотавую кафлю XVI—XVII стагоддзяў. Да гэтага археолагі рабілі шмат знаходак на тэрыторыі Парыч і іх ваколіц, знаходзілі фрагменты керамічных вырабаў ад эпохі неаліту да найноўшага часу, але гэтыя — асаблівыя. На іх былі выявы фантастычных істот, якія не сустракаліся ў іншых рэгіёнах. Высветліць дакладна, адкуль такая тэматыка, не ўдалося. Але тое, што кафля рабілася тут, з парыцкай гліны, нам удалося высветліць — мы з дзецьмі правялі яе аналіз”. Каб гэтыя артэфакты не канулі ў гісторыю, Анатоль Дзмітрыевіч і яго выхаванцы працягнулі традыцыі парыцкай керамікі ў сваіх работах. А пра тое, наколькі паспяхова ў іх гэта атрымліваецца, сведчаць шматлікія перамогі юных керамістаў. Цыкл кафлі геральдычнай керамікі самога педагога стаў лепшым на Рэспубліканскім конкурсе прафесійных мастакоў.

Візітоўка ў панцыры

Увогуле, на працягу ўсіх гадоў дзейнасць студыі выбудоўвалася з апорай на вывучэнне, асэнсаванне і творчае развіццё мясцовых мастацка-дэкаратыўных традыцый. Для Парыч гэта вышыўка і кераміка, але дзякуючы Анатолю Дзмітрыевічу тут з’явіўся яшчэ адзін брэнд — чарапахі. Дакладней, чарапахі тут з’явіліся самі, а за іх ахову ўзяўся педагог.
“Наш цэнтр стаіць на беразе Бярэзіны: вада ад нас — метраў за трыццаць, а ў час разліву — метраў за пятнаццаць. Дзеці часта знаходзілі ўздоўж берага чарапашак, спадзеючыся, што яны будуць іх гадаванцамі. Чарапашкі трапляюцца на вуды рыбакоў-аматараў, і тыя адносяць іх дадому дзецям у якасці жывых цацак. І кожны раз прыходзіцца ім тлумачыць, што балотных чарапах утрымліваць у няволі немагчыма: злавілі — адпусціце, не крыўдзіце іх. Але такія выпадкі ўсё роўна здараліся, асабліва радаваліся сваім знаходкам прыезджыя людзі, таму мы вырашылі стварыць эколага-інфармацыйны музей”, — адзначыў педагог.Галоўная яго ідэя — расказаць, што еўрапейская балотная чарапаха занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі і знаходзіцца пад аховай Бернскай канвенцыі, бо ўжо амаль знікла: засталіся асобныя папуляцыі ў запаведніках паміж Польшчай і Германіяй і адзінкавыя асобіны ў натуральным асяроддзі. Толькі ў ваколіцах пасёлка Парычы, у пойме ракі Бярэзіны, захавалася адносна буйная папуляцыя чарапах у натуральным асяроддзі пасялення, якую неабходна зберагчы ад знікнення, павялічыць яе папуляцыю.
Тут жа ёсць экспазіцыя “Чарапахі ў мастацтве”, у якой вобраз чарапахі раскрываюць скульптары, мастакі, музыканты, кінематаграфісты і пісьменнікі, сабрана калекцыя “Рацэпты Тарцілы” — стравы з выкарыстаннем вобраза чарапахі.
Папулярнасць атрымала багатая экспазіцыя дэкаратыўнай творчасці вырабаў майстроў розных краін свету і народаў з выкарыстаннем вобраза чарапахі. Гэта вышыўка, кераміка, шкло, фарфор, дрэва, камяні, ракавінкі і іншыя вырабы, прывезеныя з Расіі, Украіны, Германіі, Ізраіля, Туніса. У аддзеле нумізматыкі ўжо каля паўтара дзясятка манет з выявай чарапахі з Мальдыўскіх і Сейшэльскіх астравоў, афрыканскіх краін і інш.
Няма тут толькі жывых чарапах. Праўда, паверыць у гэта складана — традыцыйна прыцягвае ўвагу гасцей чарапаха Тарпеда, якая прытаілася ў зарасніку водарасцей у акварыуме. Гэта дакладная копія адной з парыцкіх чарапах, якую вынесла хваляй на тэрыторыю цэнтра. Пасля кароткага гасцявання юныя эколагі правялі ўрачыстае выпусканне мадэлі на волю, а за яе хуткасць дзеці яе так і назвалі — Тарпеда. Самая ж багатая экспазіцыя — вернісаж дзіцячых малюнкаў. Прыгажуні ў панцырах, рэдкія для беларускіх прастораў і звычайныя — для Парыцкіх, станавіліся гераінямі дзіцячых палотнаў з першых гадоў існавання студыі. А два гады назад Анатоль Дзмітрыевіч аб’явіў конкурс творчасці на чарапашую тэму ў дзвюх намінацыях — “Жывапіс” і “Графіка” для школ раёна. У наступным годзе да конкурсу далучыліся школы вобласці і іншых рэгіёнаў. 23 мая, якое ЮНЕСКА абвясціла Сусветным днём чарапах, журы падвяло вынікі конкурсу “Ізумрудная чарапаха — 2015”. Мясцовыя прызёры атрымалі ўзнагароды ў Дзень абароны дзяцей, а іншагароднім пераможцам і прызёрам дыпломы з падарункамі былі адпраўлены па пошце. Гэтай вясной у Парычах пройдзе ўжо рэспубліканскі конкурс.
Пасля размовы з Анатолем Дзмітрыевічам у мяне склаўся партрэт выдатнага педагога, выхавальніка, улюбёнага ў сваю справу, зацікаўленага ў поспехах сваіх выхаванцаў больш, чым у сваіх. Гэта не агучана — гэта лунае ў паветры. Гэта відаць, калі дзеці падчас заняткаў ціснуцца за першымі партамі па тры чалавекі пры свабодных астатніх партах, калі дацямна не згасае святло ва ўтульных майстэрнях, калі, каб проста пабачыць любімага педагога, не трэба ніякага раскладу, калі выпускнікі выбіраюць яго прафесію і прыводзяць у студыю да свайго педагога ўжо сваіх дзяцей. І, бадай, галоўная выснова, якая напрошваецца, — не расказваць дзіцяці, якім трэба быць, а проста стаць для іх прыкладам.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.