Простае рашэнне складанай задачы

Ёсць дзеці, якія ніколі не заводзяць свае будзільнікі па суботах і заўсёды адмаўляюцца ад школьных мерыпрыемстваў, якімі б цікавымі яны ні абяцалі быць. Чаму? Вы ніколі не задаваліся гэтым пытаннем? А што, калі справа не ў іх ляноце, не ў жаданні выспацца пасля напружанага вучэбнага тыдня? Па адказ на гэтае пытанне завітаем да педагогаў сярэдняй школы № 34 Магілёва, якія перамаглі ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” з праектам “Арганізацыя вольнага часу навучэнцаў, якія патрабуюць павышанай увагі, праз рэалізацыю праграмы “ИдеЯ. ВолЯ. ДрузьЯ”.

Праблемы камунікацыі вырашыць агульная справа

Канечне, школьная субота — дзень выключна для жадаючых. Таму натуральна, што педагогі ацэньваюць сваю работу ў гэты дзень па іх колькасці. Але каб паставіць сабе высокую адзнаку, трэба пастарацца.
“У нашай школе, мабыць, як і ў іншых, ва ўсіх школьных мерапрыемствах задзейнічаны лідары маладзёжных арганізацый, — гаворыць педагог-псіхолаг школы Аксана Сяргееўна Вінцарэвіч, ініцыятар і аўтар праекта. — Яны ў нас вельмі актыўныя і стараюцца нічога не прапусціць. Як вынік, у мінулым годзе нашы дзеці занялі вышэйшыя пазіцыі ў гарадскім конкурсе на лепшую пярвічку БРСМ, у абласным аглядзе-конкурсе “Лідар года-2014”, на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і выйшлі ў фінал рэспубліканскага этапу, шмат перамог у творчых конкурсах рознага маштабу, у прыватнасці конкурсах відэаролікаў, у конкурсах даследчых работ.У мяне ж назапашаны вялікі вопыт работы з навучэнцамі так званай катэгорыі ўліку — дзецьмі, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку і ў інспекцыі па справах непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама школьнікамі, якія маюць эмацыянальна-валявыя праблемы. Але з далучэннем іх у школьную суботу ў нас праблемы. У віры школьных спраў, якія імкліва змяняюць адна адну, у нас, педагогаў, проста не хапае часу задзейнічаць дзяцей, якія, на першы погляд, не маюць жадання: гэта доўга, патрабуе большых высілкаў, асабліва калі размова ідзе пра сацыяльна значную дзейнасць. Выключэнне, бадай, толькі спартыўныя мерапрыемствы, уключыць у якія ўсіх без выключэння прасцей.
Між тым дзецям з цяжкасцямі ў камунікацыі як нікому неабходны зносіны і самарэалізацыя. І ў школе, і па-за яе сценамі гэтыя дзве катэгорыі дзяцей не маюць стасункаў і часта, наадварот, негатыўна адносяцца адна да адной. Троечнікі лічаць выдатнікаў завучкамі, а выдатнікі, у сваю чаргу, ігнаруюць непаспяваючых і асабліва тых, у каго ёсць праблемы з законам. Таму я пастаралася сумясціць сваю карэкцыйна-развіццёвую і прафілактычную дзейнасць з грамадскім жыццём школы”.
Так Аксана Сяргееўна ў суаўтарстве з куратарам школьнай пярвічкі БРСМ Інай Анатольеўнай Скобелевай стварыла праграму “ИдеЯ. ВолЯ. ДрузьЯ”. Зыходзячы з асноўных ідэй і назвы праекта былі вызначаны актуальныя метады праграмы: праектна-даследчы, “Роўны вучыць роўнага” і сумесныя маладзёжныя ініцыятывы. Стаць жа ўдзельнікамі праекта былі запрошаны 15 сацыяльна актыўных школьнікаў і 10 — з катэгорыі ўліку.Праграма прадстаўлена 4 тэматычнымі блокамі, і рэалізацыя кожнага з іх была разлічана на вучэбную чвэрць мінулага навучальнага года. У аснову кожнай з іх ляглі актуальныя праблемы: фарміраванне здаровага ладу жыцця — блок “Я і здароўе”, камунікатыўная і сацыяльная кампетэнтнасць — блок “Я і іншыя”, праблемы самавыражэння — “Я і творчасць”, жыццёвае самавызначэнне — “Я і будучыня”. Галоўнае, ад чаго адштурхоўвалася аўтар праекта і яе калегі, — ініцыятывы саміх дзяцей. Кожнае дзіця само выбірала, у якую групу ўвойдзе, — літаратурна-мастацкую, творчую, сцэнічную, сацыяльную, інфармацыйную ці іншую, прычым кожнае дзіця магло пераходзіць з адной групы ў другую, за выключэннем групы трэнераў, у якую ўвайшлі самыя актыўныя дзеці, здольныя арганізаваць мерапрыемства самастойна.

Усмешка аб’ядноўвае

Значнай часткай “здаровай” праграмы стаў комплекс лакальных праектаў, у якіх дзеці высвятлялі, як уплывае на здароўе школьнікаў і іх адзнакі пыл у складзе кабінетнага паветра, які ўплыў аказваюць фітанцыдныя расліны, на прыкладзе раслін высвятлялі, што робіць з біялагічным арганізмам алкаголь і тытунь. Дзеці самі рабілі высновы пра ўплыў біярытмаў ці прывычных для кожнага мабільнага тэлефона або камп’ютара на арганізм школьніка, высвятлялі суадносіны карысці і шкоды, даследуючы прывычныя прадукты — каўбасу, чыпсы, жавальныя гумкі, гарбату. Дарэчы, праект па вывучэнні карысці настояў з вітамінных траў мінулай восенню паклаў пачатак перапынкам на гарбату. Калі на вуліцы пачыналася золкая восень, а ў навінах — гаворка пра вірус і чэргі ў паліклініках, перапынкі пасля трэцяга ўрока шасцікласнікі запаўнялі водарам сушаных суніц, ажын, малін і шыпшыны, а свае арганізмы — вітамінамі з кубкаў гаючай гарбаты.Вясной навучэнцы творча далучыліся да міжнароднай экалагічнай акцыі “Марш жаб”. Для гэтага яны зрабілі з пап’е-машэ чатыры жабкі, і падчас акцыі кожная з іх “харчавалася абяцаннямі”. Сімвалам абяцанняў сталі вечкі ад пластыкавых бутэлек, якія трэба было ўкінуць у рот жабцы, папярэдне даўшы абяцанне, абранае з прапанаваных навучэнцамі або сваё. З маршам і з жабкамі навучэнцы прайшліся па школе, наведаліся ў магазіны, банкі, бібліятэкі горада і ў выніку сабралі 1234 абяцанні: пасаджу дрэва, замяню звычайныя лямпачкі энергазберагальнымі, буду сартаваць смецце, здаваць на перапрацоўку непатрэбныя рэчы, хадзіць пяшком, ездзіць на веласіпедзе, аддаваць перавагу прадуктам у папяровай упакоўцы і інш. Гэтая акцыя паклала старт экалагічнаму праекту па навучанні сартаваць адходы. Дзеці на сваім прыкладзе вучылі равеснікаў правільна ўтылізаваць бытавыя адходы, збіралі пластыкавыя бутэлькі і батарэйкі ў школе і мікразоне, наладзілі ўзаемадзеянне з гарадской інспекцыяй па ахове прыродных рэсурсаў.
“Усміхніся свету — і свет усміхнецца табе” — пад такім дэвізам прайшла школьная акцыя, прысвечаная Сусветнаму дню псіхалагічнага здароўя. Безумоўна, ролю ўсмешкі ў гэтых адносінах пераацаніць цяжка — нездарма яшчэ з маленства нас навучылі, што ад усмешкі стане ўсім святлей. Таму дзеці заклікалі ўсіх, хто пераступаў школьны парог, усміхнуцца, раздавалі святочныя віншаванні. Эксклюзіўнай прановай гэтага дня было прымераць усмешку казачнага персанажа, таму ў гэты дзень звонкі смех і добры настрой на працягу ўсяго вучэбнага дня быў школьнікам забяспечаны.

Пераадольваючы страх зносін

Адной з самых запамінальных сярод акцый у блоку “Я і іншыя” была сумесная акцыя школы і дзіцячай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна, якая праводзілася 15 верасня і была прысвечана Дню бібліятэк. Дзевяцікласнікі, удзельнікі праекта, правялі сваё сацыялагічнае даследаванне “Што чытае сучасная моладзь?”. Сумныя вынікі пра тое, што моладзь забылася пра друкаваныя кнігі, сталі прычынай наступнага этапу акцыі: на галоўнай вуліцы дзевяцікласнікі сустракалі жыхароў горада каля перасовачнай кніжнай выставы, раздавалі буклеты, запрашалі іх наведаць бібліятэку і прыняць удзел у буккросінгу.Акрамя таго, падчас мерапрыемстваў блока “Я і іншыя” навучэнцы абмяркоўвалі праблемы талерантнасці і развейвалі гендарныя стэрэатыпы, падчас трэнінгу асвойвалі асновы прадукцыйных зносін “Зносіны без канфліктаў”. Тут галоўны акцэнт быў зроблены на наладжванні дыялогу паміж дзецьмі, іх партнёрства.
На шляху пераадолення страху зносін складана пераацаніць ролю творчасці. Зацікавіць пэўным творчым гуртком у гэтым выпадку складана, таму на выручку прыйшлі разавыя творчыя акцыі. Напрыклад, на працягу некалькіх субот у школе праводзіліся майстар-класы ад педагогаў і бацькоў навучэнцаў па тэхніцы арыгамі, па стварэнні сувеніраў, паштовак, па пляценні кос і інш. Майстры з Магілёўскага цэнтра народных рамёстваў навучылі дзяцей ствараць аксесуары з меднага дроту. Часам розныя мастацкія фішкі дапаўнялі традыцыйныя школьныя мерапрыемствы, напрыклад, падчас жыццесцвярджальнай акцыі “Мандарынавы настрой” на перапынках разгортваліся тату-салоны. Мастацкія групы малявалі невялічкія яго сімвалы — сонца, мандарынку — на руках і тварах школьнікаў.
У модулі “Я і будучыня. Шлях да поспеху” навучэнцы высвятлялі, ад чаго залежыць асобасны і прафесійны рост чалавека, праводзілі самадыягностыку інтэлектуальных здольнасцей, а падчас трэнінгаў высвятлялі, якія ў іх ёсць якасці для прафесійнага росту і як іх развіваць.“Самае галоўнае ў нашым праекце не глабальнасць акцый, а, наадварот, іх прастата, так бы мовіць “акцыі аднаго дня”, якія прадугледжваюць хуткую падрыхтоўку і хуткую рэалізацыю, — тлумачыць Аксана Сяргееўна. — І галоўнай задачай мы ставілі навучыць дзяцей сацыяльным зносінам: як падысці да іншага чалавека, як даць яму лістоўку, як сфармуляваць пытанне, як прапанаваць усміхнуцца ці выпіць гарбаты, што яшчэ нядаўна ў іх выклікала цяжкасці. І галоўнае — данесці да іх само ўсведамленне, што іх дзейнасць значная для іншых”.

Святлана НІКІФАРАВА.