Руйнуючы стэрэатыпы

Аналізуючы вопыт нашых чытачоў-педагогаў, якія спрабуюць укараніць ідэі гендарнага выхавання ў сваёй школе, я заўважаю, што па сутнасці нічога не мяняецца. Амаль заўсёды пад выглядам гендарнай культуры ў свядомасць дзяцей убудоўваюць стэрэатыпы пра сацыяльныя ролі мужчыны і жанчыны. Каб развесці гэтыя рэчы, якія супярэчаць адна адной, разабрацца ў асаблівасцях гендарнага выхавання, я звярнулася да Святланы Буравай, дацэнта кафедры сацыялогіі БДУ, члена Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (2000—2018 гг.), спецыяліста ў галіне гендарнай сацыялогіі і сацыялогіі шлюбу і сям’і, аўтара некалькіх дапаможнікаў па гендарным выхаванні для настаўнікаў і класных кіраўнікоў школ, арганізатараў пазашкольнай работы, куратараў студэнцкіх груп.

— Святлана Нічыпараўна, давайце адразу расставім кропкі над “і”. Як жа ўсё-такі трэба разумець паняцці “гендар”, “гендарнае выхаванне”? Чаму іх нельга атаясамліваць з полам?

— Давайце паспрабуем. Але адразу хачу сказаць, што пытанне не простае. Людзі па некалькі гадоў унікаюць у гендарную праблематыку.

Ёсць паняцці “пол” і “гендар”. Яны ўзаемазвязаныя, але розныя. Гендар, гендарная роўнасць, гендарныя стэрэатыпы, гендарная палітыка дзяржавы — нярэдка людзі, калі чуюць гэтыя словы, якія яшчэ нядаўна з’явіліся ў нашым лексіконе, не зусім разумеюць, што яны азначаюць. Гэта пацвярджаюць сацыялагічныя даследаванні, якія праводзяцца ў нашай краіне, і намі ў тым ліку. Многія ўспрымаюць гендарную тэматыку як фемінісцкую (жаночую), а рух да гендарнай роўнасці як замах жанчын на правы і прывілеі мужчын. Для многіх людзей слова “гендар” азначае сучасную і модную назву слова “пол”. Але гэта не так.

Пол чалавека — гэта тое, што надала яму прырода ад нараджэння: знешнія і ўнутраныя палавыя органы, палавыя храмасомы, гармоны… Гендар жа выяўляецца ў паводзінах, якія ўзгадняюцца з уяўленнямі пра тое, што адпавядае ці не адпавядае мужчынскаму і жаночаму, што правільна (нармальна) або няправільна (ненармальна) для таго ці іншага полу ў канкрэтным грамадстве.

— Калі можна, праілюструйце гэта на прыкладах, каб убачыць гендарныя адрозненні.

— Калі ласка. Возьмем кантрасты сённяшняга свету. Сучасная Вануату — невялікая, пераважна сельскагаспадарчая краіна ў Меланезіі, на астравах Ціхага акіяна. У мужчын вельмі мала абавязкаў. Яны вядуць бяздзейны лад жыцця, штодня п’юць каву (адурманьваючы напітак), танцуюць. Жанчыны ж апрацоўваюць зямлю, вядуць хатнюю гаспадарку, збіраюць плады ў лесе, нараджаюць і выхоўваюць па 7—8 дзяцей, клапоцяцца пра мужчын. Абодва полы, здаецца, жывуць у поўнай гармоніі, нягледзячы на тое, што, па нашых уяўленнях, такое раздзяленне заняткаў несправядлівае.

Емен — адна з краін сучаснага арабскага свету. Гэта кансерватыўная краіна, многія звычаі ў ёй заснаваны на нормах шарыяту і векавых традыцыях. Сям’ю ўзначальвае самы старэйшы мужчына ў родзе. У цэлым мужчыны вызначаюць усе бакі жыцця сям’і і роду. Мужчыны могуць мець некалькі жонак, але ў сучасным Емене яны абмяжоўваюцца, як правіла, адной, таму што не здольны стварыць годныя ўмовы для некалькіх жанчын. Мужчына апякуе жанчыну, у якой вельмі мала свабоды. Большасць абавязкаў жанчыны зводзіцца да клопатаў пра дом і выхаванне дзяцей. Публічныя адносіны паміж жанчынамі і мужчынамі абмежаваныя. Жанчыны павінны апранацца ў адпаведнасці з канонамі ісламу, хаваючы і цела, і твар, і ў некаторых рэгіёнах краіны яны не могуць з’яўляцца на публіцы без суправаджэння мужчыны-сваяка. У дамах для жанчын існуе спецыяльная частка, якая строга аддзелена ад мужчынскай.

І звернемся да нашых рэалій. Мужчыны і жанчыны ў Беларусі, згодна з заканадаўствам, роўныя. Дзяўчынкі і хлопчыкі, мужчыны і жанчыны маюць доступ да адукацыі, да прафесійнай працы, да адпачынку і падарожжаў.

І вось калі мы параўнаем хаця б гэтыя тры сучасныя краіны, то ўбачым, наколькі рознымі з’яўляюцца культурныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да жанчын і мужчын. Усе гэтыя сацыяльныя нормы ў кожным грамадстве ствараюцца ў працэсе выхавання і сацыялізацыі дзяўчынак і хлопчыкаў. У Вануату дзяўчынку рыхтуюць да поўнай адказнасці за ўсё. У Емене ёй унушаюць, што яна цалкам залежыць ад мужчыны: спачатку — ад бацькі і брата, затым — ад мужа. А ў Беларусі на дзяржаўным узроўні дэкларуецца, што хлопчыкі і дзяўчынкі маюць роўныя правы і роўныя абавязкі. Вось гэта і ёсць гендарнае канструяванне, гендарнае выхаванне.

— Ці можа адбывацца сіметрычнае і раўнацэннае ўключэнне мужчын і жанчын ва ўсе сферы грамадскага жыцця, калі для вучняў рознага полу ўводзяцца розныя прадметы, якія замацоўваюць існуючы пола-ролевы падыход? Хлопчык па-ранейшаму стругае табурэткі і апрацоўчыя дошкі, а дзяўчынка вяжа і кулінарыць. Ці бачыце вы тут супярэчнасць?

— Так, на жаль. У Беларусі ў многіх рэчах на бытавым узроўні адбываецца традыцыйнае прайграванне палавых роляў. Таму і ўзнікае праблема ў тых, хто абавязаны займацца гендарным выхаваннем. Як яго адрозніць ад палавога выхавання? Калі мы гаворым пра палавое выхаванне, мы абапіраемся на прыроднае. Што гэта значыць? Гэта патрыярхальная тэорыя размеркавання роляў. Мужчына — карміцель, абаронца, кіраўнік. Жанчына — захавальніца ачага, маці, выхавальніца. Мужчына — моцны пол. Жанчына — слабы пол. Але наша грамадства змянілася, жыццё змянілася. Мужчыны і жанчыны вучацца, зарабляюць грошы, асвойваюць прафесіі. Патрыярхальная сацыяльная сістэма паступова замяняецца раўнапраўнай. Гендарны парадак сёння мяняецца. Гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Трансфармацыя ранейшага парадку ў святле сучасных імкненняў да абароны і захавання правоў кожнага чалавека заканамерная і незваротная па многіх прычынах. Звыклы гендарны парадак (адносіны паміж жанчынамі і мужчынамі) састарэў, тармозіць грамадскае развіццё, бо стварае мноства перашкод для раскрыцця асобаснага патэнцыялу і мужчын, і жанчын, якія загнаны ў рамкі сваіх гендарных роляў і абмежаваны ў самаразвіцці як індывіды.

Вось ваш прыклад з табурэткамі, якія павінны рабіць у школе хлопчыкі, і кулінарныя пазнанні, якія павінны асвоіць дзяўчынкі. Гэта чыста пола-ролевы падыход. Калі б быў зроблены гендарны падыход, то навучэнцам бы далі магчымасць выбраць, што яны могуць рабіць на ўроках працы: майстраваць табурэткі і шпакоўні або вучыцца гата-ваць бліны, баршчы і піцу. Чаму мы адмаўляем дзяўчынкам у засваенні гэбля, а хлопчыкам у навыках па вязанні? Гаворка павінна ісці не пра палавое раздзяленне заняткаў, а пра раздзяленне жадаючых рабіць тое ці іншае. У кожнага хлопчыка і ў кожнай дзяўчынкі ёсць уласныя інтарэсы, схільнасці, здольнасці. Чаму трэба адмаўляць ім у тым, што яны хочуць рабіць? Але ёсць рэчы, якія павінен рабіць кожны здаровы чалавек — і мужчына (хлопчык), і жанчына (дзяўчынка), каб быць незалежным і самастойным: прышыць гузік, папрасаваць вопратку, прывесці ў парадак абутак, убіць цвік, згатаваць снеданне… Бо ў адукацыі і прафесіі мы раўнапраўныя. Чаму не павінна быць ва ўсіх элементарных навыкаў у побыце?

— Напэўна, самая галоўная праблема ў гэтым кірунку — разбурэнне гендарных стэрэатыпаў, якія стагоддзямі складваліся ў нашым грамадстве. На ваш погляд, у чым іх небяспека і ці трэба іх разбураць? Чаму менавіта ў апошнія гады для грамадства гэтая тэма стала настолькі актуальнай?

— Так, гендарныя стэрэатыпы перашкаджаюць. Іх цяжка разбураць, таму што, як вы правільна заўважылі, яны фарміраваліся стагоддзямі, яны глыбока ўкараніліся ў свядомасці многіх людзей. Але большасць стэрэатыпаў аджылі сваё і вельмі перашкаджаюць рухацца наперад. Гендарны стэрэатып — гэта прадузятае распаўсюджанае ўяўленне аб мужчынскім і жаночым. Часта ў іх закладзена скажонае бачанне жанчыны ці мужчыны ў сучасным свеце. Ну, вось, напрыклад, сцвярджэнне: “мужчыны разумнейшыя за жанчын”. Хто з тых, хто валодае дастатковай інфармацыяй і ведамі, сёння будзе на гэтым настойваць? Або “жанчыны водзяць аўтамабіль горш, чым мужчыны”. Нават у студэнцкім асяроддзі з гэтым згодна большасць. А на самай справе ніякая статыстыка аб ДТЗ гэтага не пацвярджае. І тыя, і іншыя здзяйсняюць парушэнні правіл практычна ў аднолькавай меры. А вось стэрэатып, які тычыцца эканамічнага боку сямейнага жыцця: “жонка не павінна зарабляць больш за мужа”. Колькі разоў мы абмяркоўвалі гэтае пытанне ў студэнцкіх аўдыторыях… Спачатку большасць казала: “Так, жонка не павінна зарабляць больш”. Пытаешся: “Чаму?” Адказваюць, што муж будзе адчуваць сябе некамфортна, бо ён галоўны карміцель. І вось адказ на ваша пытанне “Чаму трэба разбураць стэрэатыпы?”. Таму што, калі іх прытрымлівацца, мы застанемся ва ўчарашнім дні. Калі жонка заробіць больш, то бюджэт сям’і павялічыцца, а мужчыну трэба не крыўдзіцца і камплексаваць з гэтай прычыны, а ганарыцца жонкай і імкнуцца да ўласнага прафесійнага росту. На жаль, у сучасных шлюбах мужчына і жанчына нярэдка выступаюць не як партнёры, а як канкурэнты.

— Сёння часта гавораць пра імкненне да гендарнай роўнасці. Што пад гэтым трэба разумець?

— Наша краіна ў 1995 годзе на міжнародным узроўні абвясціла аб сваёй прыхільнасці праводзіць палітыку гендарнай роўнасці, ствараць роўныя магчымасці для самаразвіцця жанчын і мужчын. У нас ёсць Нацыянальны савет па правядзенні палітыкі гендарнай роўнасці пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, створаны ў 2000 годзе. У краіне рэгулярна з 1995 года прымаюцца нацыянальныя планы дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці. Зараз ажыццяўляецца план на 2017—2020 гады. Паводле версіі Сусветнага эканамічнага форуму і даклада аб глабальным гендарным разрыве 2016 года, Беларусь займае 30-е месца сярод 144 краін свету. Гэта нядрэнны паказчык, але нам ёсць куды імкнуцца. У кожным з нацыянальных планаў ёсць задачы для Міністэрства адукацыі, якія павінны вырашацца на месцах — у школах, гімназіях, каледжах, УВА.

Рух у кірунку да гендарнай роўнасці можа быць паспяховым у тым выпадку, калі ідучыя па гэтым шляху разумеюць, куды і навошта яны ідуць і што ім дасць дасягненне мэты — грамадства, у якім існуе гендарная роўнасць. Пакуль такіх ідэальных таварыстваў няма. На сёння найбольшых вынікаў дасягнулі краіны Скандынавіі, якія адрозніваюцца высокім узроўнем сацыяльнай абароны насельніцтва і эфектыўнымі эканомікамі, стварэннем умоў для найбольшай самарэалізацыі ўсіх людзей ва ўсіх сферах, у тым ліку ў шлюбна-сямейнай. Яшчэ з сярэдзіны 70-х гадоў дзяржавы гэтага рэгіёна актыўна праводзяць палітыку, накіраваную на стварэнне аднолькавых умоў для абодвух бацькоў па выхаванні дзяцей з самага ранняга ўзросту. Права на водпуск па доглядзе нованароджанага атрымалі не толькі маці, але і таты. І для мужчын гэта не толькі права, але і абавязак. Многія з іх зразумелі, што гэта шчасце — быць рэальным бацькам, праводзіць час са сваім дзіцем, назіраць за яго ростам і развіццём, напаўняцца станоўчымі эмоцыямі. У такіх выпадках мужы і жонкі пачынаюць лепш разумець адно аднаго, сем’і становяцца мацнейшымі. І, дарэчы, колькасць шлюбных здрад памяншаецца. У жанчын жа з’явілася больш магчымасцей для самаразвіцця, самарэалізацыі за межамі дома. Хатняя ўтульнасць і дзеці — гэта выдатна і звыкла, але сучасным адукаваным жанчынам гэтага недастаткова. Многія хочуць быць добрымі прафесіяналамі, праяўляць сябе як спецыялісты. У нашай краіне ў мужчын ужо таксама ёсць права ўзяць водпуск па доглядзе дзіцяці. Аднак ім пакуль карыстаецца толькі каля 1% бацькаў, хоць ёсць невялікая станоўчая дынаміка.

— Святлана Нічыпараўна, раскажыце, як, на ваш погляд, трэба будаваць выхаваўчую работу па прынцыпах гендарнай роўнасці ў школе? Якія крокі нам варта зрабіць, каб былі рэальныя, адчувальныя вынікі?

— Я пачала б з суб’ектаў выхавання. Людзі, якія закліканы займацца гендарным выхаваннем, павінны самі быць адукаванымі ў гэтай сферы. Вопыт паказвае, што, калі праводзіш заняткі з навучэнцамі па гендарнай праблематыцы, і ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак узнікае шмат пытанняў. Адказваць на іх не заўсёды лёгка, таму што гэта звязана з пераасэнсаваннем звыклых рэчаў, звыклага парадку, са штодзённымі практыкамі. Мы ўжо неаднаразова прапаноўвалі ўвесці гендарную тэматыку ў школьную праграму і праграму УВА. Пачынаць трэба з больш простых пытанняў, пераходзячы да больш складаных. Гэта як матэматыка. У першым класе — арыфметыка, а ва ўніверсітэце — вышэйшая матэматыка. У пытаннях гендарнай адукацыі і выхавання гаворка ідзе пра перабудову ўсяго гендарнага парадку, пра змену адносін паміж мужчынам і жанчынай, пра новую стратэгію жыцця, якая зробіць наша грамадства больш паспяховым і гарманічным. Сёння ў адсутнасці прафесійнай адукацыі трэба заняцца самаадукацыяй. Чытаць публікацыі на гэтую тэму, слухаць лекцыі, аналізаваць тое, што адбываецца вакол, разам з вучнямі абмяркоўваць нейкія сітуацыі, звязаныя з размеркаваннем роляў мужчын і жанчын у грамадстве і сям’і.

І яшчэ. Акрамя гендарнага выхавання, ёсць паняцце маральнасці. Трэба рабіць упор на выпрацоўку пазітыўных чалавечых якасцей ва ўсіх навучэнцаў: павага да іншых, асабліва да старэйшых, працавітасць, добразычлівасць, клопат пра слабых, дапытлівасць, творчасць, мэтанакіраванасць і інш. Хто б вы ні былі — хлопчык ці дзяўчынка, юнак ці дзяўчына, жанчына ці мужчына — вашы маральныя якасці заўсёды раскажуць пра вас перш за ўсё як пра чалавека.

Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.