Смартфон пад замком

Барацьба паміж школай і мабільным тэлефонам за ўвагу вучняў ідзе не першы год. Школьныя статуты абмяжоўваюць карыстанне смартфонамі, старшакласнікі са сваімі дэвайсамі, як з цыгарэтамі, хаваюцца па кутках, бацькі не могуць адмовіць у куплянні апошняй мадэлі, а пасля скардзяцца, што дзіця не бачыць нічога, акрамя экрана. У красавіку інтэрнэт загаварыў пра новы крок у нялёгкім змаганні: маўляў, адна з мінскіх школ забараніла вучням праносіць тэлефоны далей за вахту. Каб праверыць чутку, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” накіраваўся ў сярэднюю школу № 87 Мінска.

Як “крадуць” дэвайсы

— Дзеці, ці хацелі б вы гуляць на мабільным тэлефоне на ўроку?

— Та-а-ак! — гучна адказваюць пяцікласнікі, і толькі 2—3 выдатніцы з першых парт адмоўна круцяць галовамі.

Дзеці на тое і дзеці, каб цягнуцца да ўсяго каляровага, яскравага і зіхатлівага. Таму смартфон сёння ў кожным школьным партфелі. Адсюль — шэраг праблем:

— Адбываецца відавочнае пагаршэнне адукацыйнага працэсу, бо дзеці не выпускаюць тэлефоны з рук, — скардзіцца дырэктар сярэдняй школы № 87 Мінска Віктар Іванавіч Кавальчук. — І першае, з чым мы сутыкаемся, — няўважлівасць. Настаўнікі вымушаны ўвесь час адрывацца ад тэмы ўрока, каб рабіць заўвагі. Больш за тое, на перапынку, калі дзеці павінны адпачываць, падсілкоўвацца ці паўтараць дамашняе заданне перад наступным урокам, яны “сядзяць” у тэлефонах. Некаторыя, нават калі ходзяць па вузкіх калідорах і лесвіцах, не адрываюцца ад экрана. А гэта вельмі небяспечна!

Уплываюць мабільныя тэлефоны і на агульную атмасферу ў класе: дзеці з пачатковай школы прывыкаюць “мерацца” дэвайсамі: у каго самая новая мадэль, самыя прыгожыя навушнікі ці самы вялікі памер памяці для гульняў.

— Я памятаю, у савецкі час хто на дапрызыўную падрыхтоўку прыходзіў у джынсах, той быў хлопец! — згадвае Віктар Іванавіч. — Але ж не ўсе бацькі маглі сабе дазволіць такую раскошу. Вось і зараз яны бяруць у растэрміноўку тэлефоны, бо дзіця не хоча быць горшым за іншых.

Што адбываецца пасля? Сцэнарыі дырэктар вывучыў даўно: школьнік кладзе мабільнік на край парты ці ў заднюю кішэню, сутыкаецца з кім-небудзь ці спатыкаецца сам… У выніку — разбіты экран, зламаная кнопка ці іншае пашкоджанне. А сумленна прызнацца ў такім бацькам вельмі няпроста.

— Хто не хітраваў у дзяцінстве? Вось і вучні пачынаюць хлусіць дома: перакладаюць віну на іншага, напрыклад. Гэта можа прывесці да канфлікту паміж бацькамі. Былі ў нас і такія выпадкі, калі вучні знарок пакідалі разбітыя тэлефоны ў сметніцах, каб не прыносіць дадому. У мяне нават зараз ляжаць і чакаюць сваіх гаспадароў два не самыя танныя смартфоны.

Зразумела, бацькі звяртаюцца ў міліцыю. Адміністрацыя і настаўнікі вымушаны разам са следчымі шукаць вінаватых, замест таго каб засяроджваць увагу на навучанні і выхаванні. Нават калі “выкрадзены” тэлефон знайшоўся, прыходзіцца марнаваць час на шматлікія адпіскі ў мясцовыя органы аховы парадку.

Ваш званок вельмі важны для нас…

Пошук выйсця з такога складанага становішча школа пачала з гутаркі з бацькамі, каб зразумець, навошта, па іх меркаванні, дзецям мабільныя тэлефоны. Асноўныя адказы былі прадказальнымі: пракантраляваць бяспечны шлях вучня дадому і арганізаваць наведванне гурткоў і секцый.

— Згодны, прасачыць за школьнікам патрэбна, але толькі да дзвярэй школы. Далей ужо мы нясём за яго адказнасць: сёння навучальныя ўстановы маюць ліцэнзію на ахоўную дзейнасць, — расказвае Віктар Іванавіч. — Калі раптам дзіця пачне дрэнна сябе адчуваць — ёсць медпункт, калі штосьці здарыцца — дзяжурны адміністратар. А празмерная апека з боку, напрыклад, маці, што тэлефануе падчас урока, — гэта лішняе.

Як паказала апытанне, бацькі прытрымліваюцца такога ж пункту гледжання: падчас анкетавання 70% з іх пагадзіліся з тым, што на занятках тэлефон дзецям не патрэбны. У студзені прайшоў сход папячыцельскага савета школы, які і прыняў рашэнне арганізаваць зручны спосаб захоўвання тэлефонаў падчас заняткаў.

Ідэю са скрыняй для дэвайсаў Віктара Іванавіч падгледзеў у Брэсце падчас абмену вопытам паміж мясцовымі гімназіямі і каледжамі. На апошніх партах у многіх класах былі пастаўлены простыя кардонныя скрыні, у якія перад урокам дзеці складваюць тэлефоны.

— Ды гэта не ідэальны варыянт, бо скрыню таксама могуць зачапіць вучні, якія хутка выбягаюць на перапынак. Да таго ж па эстэтычнасці сейф выйграе.

Сейф з асобнымі ячэйкамі для кожнага класа знаходзіцца ў настаўніцкім пакоі з сакавіка. Педкалектыў да яго ўжо прызвычаіўся. Перад першым урокам класныя кіраўнікі збіраюць тэлефоны ў сваіх вучняў, закрываюць іх у пранумараванай ячэйцы, а ключ перадаюць дзяжурнаму адміністратару. Там ён і будзе да канца заняткаў.

— Казаць, што мы адбіраем тэлефоны — глупства, — тлумачыць сістэму Віктар Іванавіч. — Мы даём магчымасць тым, хто шануе свою маёмасць, засцерагчыся ад нечаканасцей. Паглядзіце, нават зараз сейф напалову пусты — 9—11 класы ўвогуле ім не карыстаюцца, а вось малодшыя школьнікі наадварот.

Што на практыцы?

У 5 класе, на ўрок да якога мы завіталі, большасць дзяцей без мабільнікаў. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Георгіеўна Ярашэўская на “тэлефонную” дысцыпліну падчас заняткаў не скардзіцца:

— Дзеці разумеюць, што ёсць правілы. Яшчэ вялікі аўтарытэт і бацькоў, і настаўніка, таму падчас урока дастаткова зрабіць строгую заўвагу, каб тэлефон знік з парты. У 7 класе, дзе я класны кіраўнік, мне яшчэ прасцей, бо кантакт наладжаны: дзеці мяне адчуваюць, а я добра ведаю, як лепш уздзейнічаць на кожнага з іх.

Затое на перапынках адарваць дзяцей ад дэвайсаў немагчыма — дзе па адным, дзе маленькімі групамі яны рассаджваюцца па кабінеце, каб страляць па іншапланецянах, будаваць замкі ці трэніраваць пакемонаў. Узрушаныя ходам гульні, спрачаюцца ледзь не да бойкі.

— А пасля на ўроку не могуць сканцэнтравацца, — дзеліцца Наталля Георгіеўна. — Званок ужо празвінеў, але думкамі дзеці яшчэ ў гульні. Тое ж і пасля заняткаў. Бацькі некаторых вучняў ужо не ведаюць, што і рабіць, бо некаторыя дзеці становяцца раздражняльнымі, гарачлівымі, могуць нагрубіць.

Канечне, гэта асобныя выпадкі, але настаўнікі даўно адзначаюць, што расце агульная абыякавасць школьнікаў да вучобы. На думку Наталлі Георгіеўны, апошнім часам стала значна больш вучняў, якія, атрымаўшы нездавальняючую адзнаку, адказваюць: “І што?”. Ці то гэта асаблівасці псіхалогіі дзяцей новага часу, ці так насамрэч на іх адбіваецца жыццё ў віртуальным свеце мабільных дадаткаў — пытанне адкрытае.
А пакуль што бацькі адключаюць школьнікаў ад інтэрнэту і ахвотна галасуюць за з’яўленне сейфа для тэлефонаў. Здаецца, яны не столькі хочуць зберагчы дарагую тэхніку ад дзяцей, колькі саміх дзяцей ад гэтай дарагой тэхнікі. Хаця і сярод бацькоў аднадушнасці няма.

— Быў у нас прыклад, калі бацька спрабаваў звязацца з дачкой пасля ўрокаў, а яна яшчэ не ўзяла тэлефон, бо засталася на дадатковыя заняткі, — згадвае Наталля Георгіеўна. — І ён быў незадаволены нашай сістэмай, ды, па-першае, мы яшчэ толькі ўводзім карыстанне сейфам, і гэты працэс будзе адпрацоўвацца. А па-другое, звязацца з вучаніцай ён усё ж такі змог, таму вялікай праблемы тут няма.

Зусім па-іншаму падыходзяць настаўнікі да старшых школьнікаў — даўніх “жыхароў” сацыяльных сетак. Менавіта яны найбольш варожа ставяцца да “рэформы”.

— Канечне, былі пытанні “Чаму?” і “Якое маеце права?” — такі ўзрост, — тлумачыць Наталля Георгіеўна. — Таму з імі вельмі важна размаўляць: патлумачыць ім праблему як людзям дарослым і адказным, параіцца з імі і, самае галоўнае, не прымушаць.

Уводзіць абавязковую здачу тэлефонаў для старшакласнікаў, як лічыць настаўніца, было б няправільна, бо тыя з іх, хто плануе сваё паступленне ва УВА і шмат часу праводзіць на курсах і ў рэпетытараў, часта выкарыстоўваюць смартфон, каб арганізаваць свой дзень. Да таго ж у тэлефоне “жывуць” такія карысныя рэчы, як інжынерны калькулятар, слоўнік англійскай мовы ці арфаграфічны трэнажор. Было б глупствам выкінуць іх з жыцця абітурыента.

Этыкет XXI стагоддзя

Чутка пра поўную забарону тэлефонаў у 87-й школе гучала недарэчна яшчэ і таму, што ў мінулым годзе вучні менавіта гэтай школы занялі 1-е месца ў адукацыйным анлайн-чэмпіянаце “Мабільны смарт-марафон”, пабудаваным на ўжыванні ўласных дэвайсаў. І адміністрацыя, і настаўнікі з цікаўнасцю ставяцца да выкарыстання тэлефонаў у адукацыйным працэсе, падчас пазашкольных мерапрыемстваў.

Таму задача новаўвядзення (і сучаснай школы ўвогуле) не ў тым, каб па-рэтраградску адмовіцца ад зручных дасягненняў прагрэсу, а ў тым, каб сфарміраваць у вучняў культуру карыстання смартфонам, своеасаблівы мабільны этыкет XXI стагоддзя. Тады з часам дзеці будуць самастойна карыстацца зручным сейфам падчас заняткаў ці ўсвядомлена пакідаць смартфоны ў сябе, калі сапраўды ёсць такая неабходнасць. Але рабіць гэта так, каб не перашкодзіць ні настаўніку, ні аднакласнікам, ні ім самім.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*