Тры школьныя таты

Настаўнік — безумоўна, адна з тых прафесій, на выбар якой ніяк не ўплывае гендарная прыналежнасць. Тым не менш мужчына ў школе — з’ява, трэба сказаць, нячастая. Сустракаюцца звычайна настаўнікі працоўнага навучання, фізічнай культуры і здароўя, дакладных навук. А што калі любімай справай мужчыны абралі работу з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, для якіх толькі пачынаецца школьнае жыццё?! 
Сталічная сярэдняя школа № 125 — унікальная ў гэтым сэнсе: шмат гадоў тут працуюць тры таленавітыя настаўнікі пачатковых класаў — Мікалай Рыгоравіч Шаўлоўскі, Аляксандр Аляксандравіч Федаровіч і Сяргей Уладзіміравіч Старыковіч. Тры розныя методыкі работы, тры погляды на выхаванне, але кожны з гэтых мужчын, несумненна, прыклад для пераймання і “другі тата” для малых як мінімум на чатыры гады.

Паверыць у свае сілы

Пра Мікалая Рыгоравіча Шаўлоўскага, які, дарэчы, мае званне “Настаўнік-метадыст”, сертыфікат “Настаўнік года”, узнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі, у школе можна пачуць прыкладна адно і тое ж — “настаўнік ад Бога”. З Мікалаем Рыгоравічам мы сустрэліся яшчэ да пачатку ўрокаў. Першакласніца Ульяна Фралова сёння прыйшла на заняткі самая першая. Мы пачалі размову, а яна ціха падышла да стала настаўніка.
“Вось наша самая сціплая дзяўчынка, — усміхнуўся Мікалай Рыгоравіч. — Калі моўчкі чакае, значыць, штосьці хоча запытаць”. І настаўнік на хвіліну звярнуўся да Ульяны. Тым часам у клас заходзілі вучні, хтосьці садзіўся за парту і засяроджана глядзеў у падручнік, хтосьці размаўляў пра ўласнае жыццё і ўчарашнія прыгоды, а хтосьці проста чакаў, пакуль пачнецца ўрок. Усе яны — маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі — наўрад ці ведаюць, што іх настаўнік ужо больш за 30 гадоў вучыць чытаць і пісаць такіх жа першаклашак, што з-за непамернай любові да сваёй справы не раз адмаўляўся ад пасады дырэктара і намесніка дырэктара і што, каб дзіця трапіла да яго ў клас, іх бацькі ўстройваюць ледзь не спаборніцтвы. — Я ўсё жыццё працую ў школе і, трэба сказаць, адчуваю сябе патрэбным менавіта ў пачатковых класах, побач з дзецьмі. Таму выказванне “няўдачнік” — гэта не пра мяне, проста я люблю сваю справу і бачу сябе на сваім месцы. Вось ужо шмат гадоў я вяду адразу два класы: першы — у першую змену, з трэцім працуем у другую, у наступным годзе будзе другі і чацвёрты, потым зноў набіраю дзяцей, атрымліваецца, што кожныя два гады ў мяне новы клас. З аднаго боку, гэта складана, але з другога — вельмі цікава і мне падабаецца, — усміхаецца Мікалай Рыгоравіч.
Дарэчы, заняткі ў першаклашак пачынаюцца ў 8.30, але настаўнік прыходзіць у клас раней, часта яшчэ ў 7 гадзін раніцы. Не толькі каб падрыхтавацца да ўрока і аформіць дошку, але і каб папрацаваць індывідуальна з кожным дзіцем. Мы размаўляем, а Мікалай Рыгоравіч мімаволі назірае за кожным.
— Вось наш Ціхан, ужо расстроены сядзіць: учора ў групе прадоўжанага дня пасварыўся з сябрам Мішам. Трэба будзе з хлопчыкамі абавязкова пагаварыць яшчэ ў пачатку ўрока, — заўважае Мікалай Рыгоравіч. — Звычайна мы адразу вырашаем усе праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у дзяцей. Проста гутарым, разважаем. Яны самі вырашаюць, ці правільна зрабіў той ці іншы іх сябар, гавораць, што б зрабілі на яго месцы. Так дзеці самастойна выходзяць з пэўнай сітуацыі, і сам сабой знаходзіцца агульны корань вырашэння праблемы. Гэта вельмі працаёмкі працэс, аднак пасля некалькіх размоў дзеці стараюцца прытрымлівацца таго, што прыдумалі самі. Я заўсёды за імі назіраю, усіх бачу і чую, не толькі на ўроках, але і на перапынках. Часта нават крышачку хітрую: раблю выгляд, што працую, каб усе адчувалі сябе больш свабодна. Самае галоўнае для мяне — стварыць калектыў, нездарма ў нашага класа ёсць дэвіз:“Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!”. Часам я падказваю малым, як лепш сябе паводзіць, да кагосьці падыду і на вушка прашапчу. Толькі вывучаючы кожнае дзіця паасобку, можна заўважыць яго індывідуальнасць, і тут важна не прыглушыць, а развіць яе, дапамагчы кожнаму паверыць у свае сілы, — адзначае Мікалай Рыгоравіч.

Скончыўся ўрок? Апладысменты!

Вучацца дзеці ў Мікалая Рыгоравіча гуляючы. Часта ў госці да іх прыходзяць казачныя персанажы, праводзяцца ўрокі-вандроўкі, на якіх дзеці сустракаюць розныя перашкоды, пераадолець якія можна толькі правільнымі адказамі. Або, нібы казачныя персанажы, надзяваюць кароны з надпісамі “ўмова”, “пытанне”, “рашэнне задачы”, “адказ” і… з лёгкасцю гуляюць у наступную гульню, знаходзячы рашэнне нават для самай складанай задачы. Нягледзячы на тое, што ў 1 класе адзнакі не ставяць, настаўнік заўсёды напрыканцы ўрока ацэньвае словамі кожнага, хто працаваў: “разумнічка”, “малайчынка”, “добра, але мог бы і лепш”. А потым настаўнік разам з дзецьмі дзякуюць адно аднаму… апладысментамі!Заўважаю ў класе шмат цікавых рэчаў, а Мікалай Рыгоравіч толькі ўсміхаецца і паціскае плячыма: усё, што тут ёсць, зроблена для яго маленькіх зорачак. Вось на падаконніку стаіць прыгожы кардонны домік, у якім корпаецца адна з мам. Аказваецца, гэта “мясцовая пошта”, якая мяняе свой знешні выгляд у залежнасці ад надыходзячага свята. Дзень усіх закаханых, Дзень маці, 23 лютага, 8 Сакавіка або проста дзень нараджэння сябра — там заўсёды можна пакінуць асабістае віншаванне. У зялёным кутку класа — вялікі акварыум з рыбкамі. Аказваецца, і тут усё прадумана: рыбкі супакойваюць і накіроўваюць на станоўчую дзейнасць.
— Ведаеце, наш настаўнік самы добры, і ўрокі ў яго самыя цікавыя! — абдымае мяне Лера Крайко. А на парозе педагога ўжо чакаюць мамы навучэнцаў, здаецца, штосьці жадаюць удакладніць, але потым заўважаюць мяне.
“Наш настаўнік цудоўны. Паўгода прайшло, а мая дачка яшчэ ніколі не сказала, што не хоча ісці ў школу, яна з раніцы ўскаквае і хуценька збіраецца да Мікалая Рыгоравіча. Ведаеце, напярэдадні канікул Алеся сказала: “Як шкада, што я не ўбачу Мікалая Рыгоравіча!” Уяўляеце? Яна не радуецца таму, што канікулы будуць, а перажывае, што не ўбачыць настаўніка цэлы тыдзень! Па гэта, у прынцыпе, мы і ішлі, што жадалі, тое і атрымалася”, — усміхаецца Наталля Заікіна, мама Алесі. “Для дзяцей ён прыклад да пераймання”, — дадае Святлана Страчук, мама Арсенія.
А вось сам настаўнік на пытанне аб сваіх сакрэтах выхавання гаворыць наступнае:
— Адказаць, як я гэта раблю, немагчыма, бо гэта і вялікі вопыт, і простае адчуванне, як павінна быць, якое ідзе знутры.

“Мы менш уціраем нос!”

Кіраўніком адразу двух класаў — першага і трэцяга — з’яўляецца і Аляксандр Аляксандравіч Федаровіч, які працуе з дзецьмі вось ужо 19-ы год.
— Любоў да школы, здаецца, мне прывіла яшчэ ў пачатковых класах мая першая настаўніца. Мне пашчасціла, бо ёй аказалася цяпер ужо добра вядомая Надзея Аляксееўна Сторажава — аўтар “Буквара” і пропісяў для пачатковых класаў, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч.
Дарэчы, з Мікалаем Рыгоравічам Шаўлоўскім яны пазнаёміліся даўным-даўно, калі малады выпускнік педкаледжа накіраваўся на працу ў сталічную школу № 149 (цяпер гімназія № 27), дзе на той момант ужо працаваў Мікалай Рыгоравіч. Разам аказаліся і ў сярэдняй школе № 125.
— У 27-й гімназіі ў нас з Мікалаем Рыгоравічам былі класы-групы: з раніцы мы вялі ўрокі, а потым заставаліся са сваімі дзецьмі ў групе прадоўжанага дня. Настолькі прывыклі да гэтага, што калі прыйшлі працаваць у гэтую школу, то па накатанай узялі сабе яшчэ па адным класе, — усміхаецца Аляксандр Аляксандравіч.
Сёння ў настаўніка каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх ён таксама “самы-самы”. Аляксандр Аляксандравіч упэўнены: каб у дзяцей працэс адаптацыі ў школе прайшоў добра, трэба іх любіць і быць нароўні з малымі, не ставячы сябе вышэй. Яшчэ ў настаўніцкай справе, на думку педагога, важным з’яўляецца кантакт з бацькамі. Ёсць кантакт — усе складанасці абмяркоўваюцца і вырашаюцца самі сабой.
Пасля дзіцячага садка малышам цяжка выседзець на ўроку неабходны час, таму Аляксандр Аляксандравіч дазваляе пастаяць за кафедрай — высокай партай для выступленняў або выбегчы да дошкі.— Першакласніку складана растлумачыць, навошта і як трэба вучыцца, бо дзецям хочацца гуляць. Таму ўрокі ў нас праходзяць у гульнявой форме. Паступова я тлумачу, што навучанне — вельмі важны працэс, не для мяне і не для бацькоў, а для саміх дзяцей. Яны ўсё разумеюць і вельмі стараюцца, — расказвае педагог.
Напрыканцы нашай гутаркі я папрасіла Аляксандра Аляксандравіча паразважаць пра мужчынскае і жаночае выхаванне.
— Магчыма, адрозненне ў тым, што мы менш уціраем нос, паступова тлумачым розніцу паміж садком і школай. Калі ёсць нейкія праблемы, зразумела, мы дапамагаем дзецям, але ў той жа час вучым быць іх самастойнымі з першага дня. Жанчыны, здаецца, дзесьці больш мяккія, а мы ўжо… як таты, — усміхаецца настаўнік.

Гіперактыўныя становяцца выдатнікамі

Для Сяргея Уладзіміравіча Старыковіча прафесія настаўніка пачатковых класаў далёка не адзіная. Акрамя яе, ён у свой час авалодаў спецыяльнасцю “Менеджмент у кіраванні арганізацыяй”, а таксама ўжо многа гадоў працуе трэнерам па спартыўна-бальных танцах і нават з’яўляецца віцэ-старшынёй Беларускай федэрацыі танца. Дзве паралельныя прафесіі для яго з’яўляюцца асноўнымі і ніколі не перашкаджаюць у жыцці. У школе № 125 Сяргей Уладзіміравіч працуе ўжо больш за 15 гадоў, таму многія з сённяшніх бацькоў таксама аднойчы садзіліся за парты ў Сяргея Уладзіміравіча.
Педагог упэўнены: каб урок прайшоў цікава і не надакучыў, формы работы і дзейнасці павінны ўвесь час змяняцца, ідэальна — пяць-сем разоў.
— У маім класе ўстаноўлены мультымедыйны экран, мы яго таксама выкарыстоўваем, але нядоўга. Стараемся спалучаць розныя формы работы, каб пераключыцца на іншы від дзейнасці, бо заўсёды сядзець і пісаць дзецям проста нерэальна! У маім 4 “Б” больш хлопчыкаў, таму трэба больш рухацца, — тлумачыць Сяргей Уладзіміравіч.
Настаўнік падкрэслівае, што калектыў складаецца не толькі з дзяцей, але яшчэ з бацькоў, якія абавязкова павінны мець паміж сабой зносіны. Праблем з гэтым зусім няма: дзякуючы сучасным інфармацыйным сродкам усё набалелае можна абмеркаваць ва ўласных групах “УКантакце” ці ў Viber, якія даўно ўжо стварылі самі бацькі. Гэта настолькі палягчае жыццё, што на бацькоўскія сходы ўсе прыходзяць проста пагутарыць і ўбачыць адно аднаго. Сумесныя паездкі, экскурсіі і святы становяцца амаль што сямейнымі.
У Сяргея Уладзіміравіча таксама ёсць свой падыход да кожнага вучня. І цікавыя заўвагі з асабістага вопыту.
— Я не ведаю, чаму так, але даўно ўжо заўважыў: тыя гіперактыўныя дзеці, якія прыходзяць да мяне ў 1 клас, у 5-м вучацца лепш за ўсіх. Трэба толькі правільна іх накіраваць — у харэаграфію, спорт, даць магчымасць выплюхнуць гэтую энергію. Вось, напрыклад, мой актыўны Дзіма Уладыкоўскі, які зараз вучыцца ў 8 класе, стаў чэмпіёнам Еўропы па каратэ. Яго аднакласнік Максім Сіняк, у якога калісьці, акрамя мяне, мала хто верыў, стаў адным з лепшых вучняў ужо ў старшай школе. Таму я лічу, што галоўная задача настаўніка — накіраваць любую энергію, а для гэтага трэба працаваць і працаваць. Калі дзеці матываваны ў чымсьці — у спорце ці харэаграфіі — яны матываваны і ў вучобе.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.