Тыдзень для спорту і здароўя

У суботу ў Беларусі пачынае дзеянне рэспубліканская акцыя “Тыдзень спорту і здароўя”. Ужо традыцыйна тэматычны тыдзень праводзіцца па ініцыятыве Міністэр­ства адукацыі ў першай палове верасня. Акцыя падтрымана кіраўніцтвам  аблвыканкамаў усіх рэгіёнаў краіны.

Cёлета ўрачыстае адкрыццё акцыі прымеркавана да святкавання сталічнага Дня горада, яно адбудзецца 8 верасня на пляцоўцы перад Палацам спорту. Плануецца, што цырымонію адкрыцця тыдня спорту і здароўя наведаюць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Мінскага гарвыканкама, пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў у Лондане, а таксама тысячы студэнтаў, навучэнцаў і выхаванцаў устаноў адукацыі краіны. Па папярэдніх падліках агульная колькасць удзельнікаў цырымоніі складзе 6 тысяч чалавек. Усіх жадаючых чакаюць майстар-класы па веласпорце, спартыўнай гімнастыцы, армрэслінгу, стрытболе, футболе, скачках на батуце і іншых відах спорту.

Парадуюць гасцей і ўдзельнікаў цырымоніі танцавальны марафон, шоу  барабаншчыкаў С.Шапту­но­ва, а таксама канцэртная праграма.

На працягу тыдня ва ўсіх раёнах сталіцы для навучэнцаў, студэнтаў і педагогаў будуць праведзены фізкультурна-спартыўныя святы, фестывалі стрытбола, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы “Усе на старт”, конкурсы малюнкаў і фотаздымкаў “Беларусь алімпійская!”, презентацыі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Для ўсіх аматараў здароўя і прыгажосці ў спартыўным комплексе “Мінск-Арэна” з 10 па 14 верасня пройдуць майстар-класы па бодзібілдынгу.

Масавыя катанні на каньках для студэнтаў сталічных ВНУ запланаваны на канькабежным стадыёне, а для больш юных прыхільнікаў здаровага ладу жыцця там жа бу­дзе арганізавана навучанне катанню на каньках. Падобны міні-праект атрымаў рамантычную назву “Лёд надзеі нашай”. Дні адкрытых дзвярэй, турніры па карфболе і настольным тэнісе будуць арганізаваны ў розных раёнах Мінска.

Шэраг спартыўна-забаўляльных мерапрыемстваў пройдзе на наступным тыдні па ўсёй краіне.

Завершыцца акцыя “Тыдзень спорту і здароўя” 14 верасня падвядзеннем вынікаў і ўзнагаро­джаннем пераможцаў рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў-2012 па відах спорту, а таксама ўдзельнікаў Рэспубліканскай студэнцкай футбольнай лігі-2012.

Падрыхтавала
Наталля АЛЁХІНА.
[email protected]