Вандроўкі па офісах і бізнес са школьнай парты

Руслан Касцевіч, вучань Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна, — яркі прадстаўнік новага пакалення. У 14 гадоў юнак запусціў свой першы праект, пачаў свядома працаваць над асабістым брэндам і рыхтавацца да бліскучай бізнес-кар’еры.

Кар’ера Руслана стартавала ў школьнай бізнес-кампаніі “Грашовае дрэва”, дзе ён з маркетолага хутка дарос да кіраўніка праекта. Паралельна школьнік наведваў цэнтр развіцця міжнароднага прадпрымальніцтва пры БДУ. І ўжо ў 14 гадоў запусціў свой першы самастойны прадукт — сэрвіс пошуку працы LіteJob. Схема даволі простая: падлеткі і дарослыя расказваюць пра сваю адукацыю і працоўны вопыт, а Руслан і яго каманда прапануюць адпаведныя вакансіі. Сёння сэрвіс працуе амаль як паўнацэнная служба занятасці, куды самі работадаўцы прыходзяць па кадры.

Гэтым летам стартапер запусціў свой другі праект — “Па курсе” — лагічны працяг сэрвісу LіteJob. Руслан праводзіць для школьнікаў і студэнтаў экскурсіі па офісах буйных і папулярных кампаній. Карысць атрымліваюць усе: падлеткі прыглядаюцца да будучага месца работы, кампаніі фарміруюць пазітыўны імідж у вачах патэнцыяльных супрацоўнікаў.

Сам арганізатар таксама ў плюсе. Для яго “Па курсе” — спосаб нэтворкінгу — знаёмства з карыснымі людзьмі. У тэлефоне Руслана цяпер ёсць нумары менеджараў кампаній Viber, Velcom, EPAM, Vizor Games, “Яндэкс”, банка “Масква — Мінск”.

— Я называю гэта сілай Facebook! — смяецца хлопец. — Сацыяльныя сеткі могуць, як джын, выконваць твае жаданні. Трэба толькі папрасіць. Звычайна я знаходжу старонку кіраўніка кампаніі, расказваю яму аб праекце і запрашаю паўдзельнічаць. Адмаўляюць адзінкі.

Поспех праекта паказвае колькасць заявак. Напрыклад, месцы на апошнюю экскурсію расхапілі менш чым за суткі.

— Вельмі каштоўна, што кожны ўдзельнік мае мачымасць задаваць пытанні, — тлумачыць сваю ідэю Руслан. — Хочуць ведаць пра грошы, пра ўмовы працы. Самае частае пытанне — “Што мне зараз трэба рабіць, каб уладкавацца да вас на гэтую пасаду?”.

Некаторыя пасля наведвання кампаніі адпраўляюцца туды на стажыроўку ці навучанне. Нездарма сучасных падлеткаў называюць практычнымі і нават прагматычнымі: яны не жадаюць губляць час на справу, калі няма гарантый, што яна прывядзе да кар’ернага поспеху. Такой жа логікай кіруецца наш герой:

— Мяне больш за ўсё ўразіла, што амаль усе кампаніі не глядзяць на дыпломы. Яны цікавяцца тваімі мінулымі праектамі ў партфоліа, а ключавыя пункты рэзюмэ правяраюць на першай сустрэчы: ведаеш англійскую мову — будзь гатовы да гутаркі на прафесійныя тэмы, валодаеш мовай праграмавання — рашай задачы.

Юнак упэўнены, што скончыць універсітэт павінен урач ці інжынер. Каб быць прадпрымальнікам, патрэбны найперш адпаведныя рысы характару.

У 10 клас Руслан усё-такі пайшоў, але прызнаецца, што дамашнія заданні рыхтуе на перапынках або не робіць зусім. Тлумачыць, што ў яго іншыя прыярытэты: увесь час пасля школы аддае на свае праекты. Такая пазіцыя — педагагічны выклік для настаўнікаў-прадметнікаў і класнага кіраўніка. Зразумела, што вучні не заўсёды могуць ацаніць важнасць фундаменту, які закладвае школьная адукацыя, таму сучасны педагог павінен не проста трансліраваць веды, але і тлумачыць іх практычную каштоўнасць.

Руслан прайшоў навучанне ў школе прадпрымальніцтва для падлеткаў, друкуецца ў раённай газеце, шмат чытае. З літаратуры раіць “Тонкае мастацтва пафігізму” Марка Мэнсана, бестселеры ад гуру прадпрымальніцтва Роберта Кіясакі і Рычарда Брэнсана, біяграфіі вядомых бізнесменаў.

Ёсць і іншы бок медаля. Руслану нецікава з аднагодкамі, якія не запускаюць уласных праектаў і не пакараюць фінансавых вышынь, а вядуць звычайнае школьнае жыццё з планамі пра выпускны і паступленне. Ён імкнецца да зносін з дарослымі і паспяховымі прадпрымальнікамі (так раяць любімыя бізнес-падручнікі), а з моладдзю бавіць час хіба што на канферэнцыях для маладых прадпрымальнікаў. Таму пэўную адасобленасць, як прызнаецца хлопец, ён адчувае.

Ранні старт, высокія чаканні ад працы і самаўпэўненасць характэрныя сучаснай моладзі. Падтрымаць маладых прадпрымальнікаў і дапамагчы ім зрабіць сваё светаўспрыманне больш гарманічным — складаная, але цікавая задача для класнага кіраўніка, куратара групы ва ўніверсітэце і нават менеджара на першым працоўным месцы. Раскажыце, ці ёсць у вашым класе маладыя бізнесмены і як вы будуеце камунікацыю з такімі мэтанакіраванымі вучнямі?

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва героя.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*