Захаваць жыццё на сяле

Моладзь пакідае сяло. З кожным годам на карце Беларусі з’яўляюцца дзясяткі апусцелых вёсак і ў той жа час расцягваюцца межы мегаполісаў. Спыніць гэты працэс — адна з галоўных задач дзяржавы. Стварэнне аграгарадкоў з развітой інфраструктурай хоць і задумвалася як яе вырашэнне, на справе панацэяй не стала: моладзь пакідае і іх. Свае варыянты вырашэння прапанавала само сяло, дакладней, сельская школа.“Захаваць жыццё на сяле” педагогаў Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці атрымаў у Мінску гран-пры, а яе навучэнцы — пуцёўкі ў дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.

У модзе вышэйшая адукацыя

Аграгарадок Жамчужны — вялікі населены пункт з 4,5 тысячы жыхароў і шырокімі магчымасцямі для камфортнага жыцця і прафесійнай рэалізацыі, але нават тут праблема недахопу маладых спецыялістаў адчуваецца востра. І што парадаксальна, вінавата ў гэтым сама школа. Яна даўно заваявала сабе аўтарытэт установы, дзе даецца сапраўды высокі ўзровень ведаў: яе выпускнікі паспяхова вытрымліваюць уступныя экзамены і з лёгкасцю становяцца студэнтамі вядучых УВА. Пасля атрымання дыплома яны шукаюць сабе работу па прафесіі, а калі не могуць знайсці, не спяшаюцца вярнуцца да дому. Пра гэта сведчыць маніторынг выбару навучэнцамі навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю, які шмат гадоў вядзе школа. Апошнія гады гэтыя лічбы імкліва скарачаюцца, асабліва імкліва змяншаецца колькасць тых, хто, атрымаўшы адукацыю, вяртаецца на радзіму.“Не сакрэт, што не ўсім навучэнцам удаецца рэалізаваць сябе ў жыцці па той прафесіі, якую яны выбралі ў 17 гадоў, — гаворыць аўтар праекта Тамара Леанідаўна Бакунец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жамчужненскай сярэдняй школы. — Нашы выпускнікі ў большасці сваёй выбіраюць установы вышэйшай адукацыі. Гэта стала модай: можаш не можаш, але атрымаць вышэйшую адукацыю імкнецца кожны. Аднак гэта не значыць, што кожнаму яна спатрэбіцца. Магчыма, маладыя людзі сталі б больш паспяховымі, асвоіўшы рабочую спецыяльнасць, больш запатрабаваную ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах”.
Баранавіцкі раён — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў вобласці. У аграпрамысловы комплекс уваходзяць 12 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 6 унітарных прадпрыемстваў, 2 птушкафабрыкі, эксперыментальная база, закрытае акцыянернае таварыства. Два з іх — птушкафабрыка “Дружба” і комплекс па вытворчасці свініны “Усходні” Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў — знаходзяцца на тэрыторыі мікрараёна школы. Як адзначае аўтар праекта, усім ім неабходны кваліфікаваныя спецыялісты шырокага профілю: аграномы, заатэхнікі, механізатары, глебазнаўцы, жывёлаводы, агароднікі, муляры, штукатуры. Улічваючы высокую рэнтабельнасць прадпрыемстваў і тое, што яны актыўна будуюць жыллё і інфраструктуру сяла, ёсць патрэба і ў спецыялістах будаўнічай сферы. І расказаць пра гэта стала ідэяй праекта. Прычым не проста расказаць ці ператварыць гэта ў забаву, а падысці да гэтага сур’ёзна.

Не адгаварыць ад выбранай прафесіі, а зняць стэрэатыпы пра іншыя

Галоўным прафарыентацыйным днём у школе была выбрана субота — вольны ад вучобы і працы дзень, бо важнай умовай поспеху аўтары праекта палічылі далучэнне бацькоў. Больш за тое, да арганізацыі прафарыентацыйнай работы школа далучыла і прафесійныя навучальныя ўстановы, цэнтры прафарыентацыі моладзі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы мікрараёна, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, соцыум, сродкі масавай інфармацыі.
Так, кожную трэцюю суботу навучэнцы знаёмяцца з прафесіямі, якія можна набыць у Навамышскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці і якія найбольш запатрабаваны на прадпрыемствах мікрараёна, ходзяць на экскурсіі ў ліцэй і на прадпрыемствы, хварэюць за ўдзельнікаў традыцыйнага конкурсу “Лепшы па прафесіі”. Хутка для старшакласнікаў пройдзе мультымедыйная прэзентацыя “Акно ў свет рабочых прафесій”, пазней — творчая прэзентацыя дзейнасці школьных аб’яднанняў па інтарэсах “Гаспадынька”, “Юны кветкавод”, “Разьба па дрэве”, “Агароднік”, “Ландшафтны” для тых, хто яшчэ не займаецца ў іх. Самымі насычанымі эмоцыямі аказаліся галоўныя мерапрыемствы праекта — шоу-конкурсы “Сям’я рабочых — гэта гучыць горда!” і “Тэатр прафесій”. Яны пройдуць у тры этапы, і першыя этапы абодвух конкурсаў ужо завяршыліся ў пачатку гэтага навучальнага года.
У шоу-конкурсе “Сям’я рабочых — гэта гучыць горда!” удзел прымаюць сем’і навучэнцаў, у якіх таты і мамы — прадстаўнікі рабочых прафесій сельскагаспадарчага профілю. Яны прадстаўляюць сябе з розных бакоў падчас паказу візітоўкі сям’і, рэкламы сваіх прафесій, сямейных захапленняў. У кожным этапе за перамогу змагаюцца па 5 сямей. А дапамагаюць ім ініцыятыўныя групы — педагогі дадатковай адукацыі школы, класныя кіраўнікі, бацькі класаў, у якіх вучацца іх дзеці, і рабочыя калектывы, у якіх працуюць бацькі.
У першым этапе, які прайшоў у верасні, перамогу атрымала сям’я Жуковіч. Бацькі Вольга Аляксандраўна і Андрэй Аляксандравіч, акрамя таго, што захоплена працуюць на птушкафабрыцы “Дружба”, выхоўваюць яшчэ і трох сыноў — пяцікласніка Мікіту, чацвёртакласніка Паўла і 4-гадовага Серафіма. І журы школьнага этапу, і журы рэспубліканскага конкурсу падчас абароны праекта ў фінале пакарыла згуртаванасць гэтай сям’і, яе няўрымслівасць і нежаданне сядзець на месцы, цяга да падарожжаў і да спазнання самых прыгожых беларускіх куточкаў. Нават калі не выпадае магчымасці адправіцца ў падарожжа, сям’я Жуковіч і дома знаходзіць сабе занятак. І хоць мама мае справу ў сям’і толькі з мужчынамі, аб’яднала іх, як ні дзіўна, фларыстыка. Усё гэта ў спалучэнні з дзіцячай непасрэднасцю і стала нагодай уручыць гэтым дзецям і іншым удзельнікам праекта іх школы галоўны прыз конкурсу — пуцёўкі ў НДЦ “Зубраня”.
Не менш відовішчным абяцае быць і “Тэатр прафесій” для навучэнцаў 5—7 класаў, які ўжо таксама пачаўся ў школе. Гэта парад тэатралізаваных касцюміраваных пастановак рабочых прафесій сельскагаспадарчага профілю. На кожным этапе выбывае каманда, якая саступіла сваім сапернікам у артыстызме, дасканаласці і паўнаце ведаў пра пэўную прафесію. Астатнім удзельнікам у кожным наступным этапе трэба будзе прадстаўляць чарговую тэатралізаваную пастаноўку іншай прафесіі.“Наша задача не адгаварыць старшакласніка ад паступлення на тую спецыяльнасць, пра якую ён марыць, а зняць стэрэатыпы пра сельскагаспадарчыя прафесіі, — гаворыць Алена Віктараўна Гладкая, педагог-псіхолаг школы і суаўтар праекта. — Мы традыцыйна вывучаем прафесійныя інтарэсы і схільнасці нашых выпускнікоў, і ў апошнія гады спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю ў іх не ўваходзяць. Карыстаючыся методыкай “Карта інтарэсаў” А.Я.Галамштока, мы высветлілі, што ў 7—9 класах толькі 8,9% навучэнцаў сур’ёзна цікавяцца біялогіяй і сельскай гаспадаркай. Мы вырашылі праводзіць у гэтых класах трэнінгавыя заняткі, на якіх імкнёмся зацікавіць дзяцей гэтымі прафесіямі. Хоць мы толькі пачалі, ужо прыемна бачыць першыя вынікі”.
Акрамя таго, Алена Віктараўна адказвае за псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў, на аснове іх здольнасцей, схільнасцей і інтарэсаў рыхтуе да выпуску індывідуальную карту вакансій.
“Мы спадзяёмся, што праект прыцягне ўвагу навучэнцаў да мерапрыемстваў шостага школьнага дня, дапаможа ўсвядомлена выбіраць рабочую прафесію сельскагаспадарчага профілю, што, канечне, замацуе моладзь на сяле, — гаворыць Тамара Леанідаўна. — Калі нашы выпускнікі застануцца жыць і працаваць у сваім пасёлку, на прадпрыемствах будзе расці колькасць працоўных дынастый, прэстыж іх прозвішчаў, будуць прымнажацца традыцыі, тым самым будзе захоўвацца душа нашых сёл. Кожны населены пункт павінен мець сваю душу — чыстую, тую, якая не памірае і не дае адарвацца ад сваёй радзімы, ад сваіх каранёў”.

Святлана НІКІФАРАВА.