Беларускі бізнес памаладзее?

Біяграфія кожнага чалавека падобная на дарогу. Большасць людзей ідуць па жыцці вядомымі дарогамі, бо яны шырокія і камфортныя, добра пратаптаныя. Аднак ёсць і такія людзі, якія зварочваюць убок і ідуць сваёй дарогай, якая выводзіць іншы раз у зусім нечаканае месца. Напрыклад, на вяршыню гары! Фінансавай!

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся!

Біяграфіі вядомых прадпрымальнікаў сёння як ніколі хвалююць школьнікаў. Сусветны бізнес маладзее, а на змену пакаленню “япі” (абрэвіятура ад Young Urban Professional Person) прыйшло новае пакаленне з характарам “IT”. Напрыклад, у суседняй Расіі падлеткаў, якія паспяхова развіваюць свае бізнес-ідэі ў сферы IT-прадпрымальніцтва, ужо назвалі “стартаперамі 2.0”. Блогі са шматтысячнымі падпіскамі, мабільныя дадаткі для школ, пляцоўкі для платных трэнінгаў і Skype-лекцыі — толькі частка праектаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца навучэнцы школ.
Сярод беларускіх тынэйджараў таксама назіраецца ўсплёск цікавасці да прадпрымальніцкай дзейнасці, аднак на IT-сферу рызыкуюць замахнуцца пакуль адзінкі. Інтарэс да вядзення ўласнага бізнесу фарміруецца ў асноўным шляхам школьных бізнес-кампаній. Натуральна, што вялікіх грошай, за рэдкім выключэннем, бізнес-кампаніяй не заробіш, і педагогі выкарыстоўваюць хутчэй яе выхаваўчы патэнцыял.
Своеасаблівай альтэрнатывай бізнес-кампаніям можна назваць Рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у навучэнцаў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства”. Жупранская сярэдняя школа Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці — адна з тых устаноў адукацыі, у якой, па словах мясцовых педагогаў, шукалі праект пад ідэі і мэты, якія па-сапраўднаму хацелася рэалізаваць.
Задача з няпростых. Як зрабіць выпускнікоў сельскай школы канкурэнтаздольнымі на рынку працы? Як пераадолець стэрэатып, што прадпрымальніцтва ў вёсцы — гэта толькі аграрная дзейнасць? І як у рэшце рэшт прымусіць маладых людзей паверыць у сябе і свае ідэі?
“Нам хацелася бачыць нашых вучняў камунікабельнымі, адкрытымі, ініцыятыўнымі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жупранскай сярэдняй школы Святлана Іванаўна Шукеловіч. — Мы падалі заяўку на ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце і аказаліся ў ліку 11 сельскіх школ Гродзенскай вобласці, якія маюць агульны з намі інтарэс. Першае, з чаго пачалі, — падрыхтоўка педагогаў, якія будуць працаваць у творчай групе над рэалізацыяй праекта. Трэба сказаць, што нам у гэтым вельмі дапамаглі спецыялісты Рэспубліканскага мікрафінансавага цэнтра і аграбанка. Мы яшчэ раз упэўніліся, што абралі правільны кірунак дзейнасці.
Зыходным пунктам праекта стаў выбар доследных класаў, якія сталі нашымі даследчымі пляцоўкамі. А галоўнай ідэяй — вярнуць нашых дзяцей, якія стануць кваліфікаванымі спецыялістамі, у родную вёску. Хочацца паказаць ім іх уласны патэнцыял, які можа быць скарыстаны для развіцця рэгіёна. Прынцып: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся — наш выпадак!”

Ад гульні да ўласнага бізнесу

Для фарміравання сучаснага эканамічнага мыслення ў Жупранах задзейнічалі папулярныя ў падлеткавым асяроддзі ролевыя гульні. Зразумець важнасць такой глабальнай рэчы, як правільнае размеркаванне фінансаў, можна было на зусім простым прыкладзе: планаванні сямейнага бюджэту на дзень. Такім чынам, праводзім у гульню “Рацыянальная пакупка”. Найперш — дамашняе заданне: пайсці ў магазін і прыгледзецца да кошту прадуктаў. Потым фарміруюцца каманды, кожная з якіх прадстаўляе ўмоўную сям’ю з дваіх дарослых і дваіх дзяцей. Атрымаўшы 200 тысяч беларускіх рублёў, “сям’я” зноў адпраўляецца ў магазін з мэтай купіць прадукты на дзень, каб прыгатаваць снеданне, абед і вячэру. Пагадзіцеся, не такая і простая задача!
“Дзеці справіліся, — адзначае Святлана Іванаўна, — пры гэтым яны кіраваліся не толькі коштам прадуктаў, але і рацыянальнасцю дзённага меню. Кожная “сям’я” трымала абарону свайго праекта, а мы, педагогі, разумелі, што менавіта ад такіх простых рэчаў трэба пераходзіць да трывалых ведаў. Зразумела, што эканамічная культура фарміруецца ў працэсе вывучэння практычна ўсіх школьных прадметаў, педагогі маюць нямала магчымасцей для арганізацыі эканамічнай дзейнасці навучэнцаў. Разам з тым нам вельмі падабаецца расійскі вопыт, у прыватнасці спецкурсы для класаў эканамічнага профілю, матэрыялы па асновах бізнесу і прадпрымальніцтва і інш. Дарэчы, веды ў галіне эканомікі даюць у сваіх школах і такія еўрапейскія краіны, як Германія, Вялікабрытанія, Фінляндыя. У нашай школе крыніцай грунтоўных эканамічных ведаў з’яўляецца аб’яднанне па інтарэсах “Юны прадпрымальнік”.
Стаўшы членамі аб’яднання, падлеткі паглыбляюцца ў псіхалогію прадпрымальніцкай дзейнасці, асвойваюць тэму фінансавай граматнасці, вучацца аналізаваць рынак і будаваць уласныя бізнес-планы.
Асаблівую цікавасць у юных прадпрымальнікаў з Жупран выклікаюць сустрэчы з тымі, хто ўжо вядзе свой уласны бізнес у іх рэгіёне. Напрыклад, мясцовы фермер не толькі расказаў пра эканамічныя і аграрныя нюансы вырошчвання і рэалізацыі агародніны, але і правёў дакладныя паралелі паміж рэальнай справай і тымі школьнымі прадметамі, якія спатрэбіліся асабіста яму. Разам са спецыялістамі невялікай кампаніі, якая займаецца вытворчасцю акон і дзвярэй з ПВХ-профілю, школьнікі шукалі адказ на пытанне, як заняць сваю нішу ў бізнесе. Падтрымліваюць удзел школы ў інавацыйным праекце і бацькі, некаторыя з якіх ператварылі сваё хобі ў дадатковы даход для сям’і.
Дарэчы, ролевая гульня, якую мы ўзгадалі крыху вышэй, з’яўлялася часткай тэматычнага тыдня, распрацаванага творчай групай педагогаў-наватараў. Усе мерапрыемствы былі запланаваны з улікам узроставых асаблівасцей школьнікаў. Малодшыя школьнікі разам з педагогам Марыяй Альбінаўнай Лукша прынялі ўдзел у гульні “Што такое эканоміка? Першыя грошы”, урок фінансавай граматнасці правяла для сямікласнікаў Антаніна Міхайлаўна Дудзінская, а дзевяцікласнікі ўключыліся ў інтэрактыўную гульню “Праектны робат” разам з Людмілай Станіславаўнай Юхневіч.
“Мы працуем толькі з верасня, але ўжо за гэты перыяд зрабілі нашмат больш, чым запланавалі, — усміхаецца Святлана Іванаўна, — нам цікава, бо мы бачым эфект. Дзеці пачалі праяўляць сябе, ёсць тыя, хто актыўна прапануе свае праекты. Важна, што гэта развівае лідарскія якасці і вучыць рэалізаваць ідэі.
Па маім уласным меркаванні, падобны інавацыйны праект больш прадукцыйны, чым школьная бізнес-кампанія, хоць яны і вельмі блізкія па сваіх задачах. Мы не пайшлі па шляху стварэння школьнай вытворчасці па некалькіх прычынах. Па-першае, не кожная сельская школа мае для гэтага дастатковыя фінансавыя рэсурсы. Па-другое, складана працаваць з не зусім адпрацаванай юрыдычнай базай. І па-трэцяе, нам не хацелася факусіраваць увагу навучэнцаў толькі на адной вузкай тэме. Мы прапануем паглядзець на прадпрымальніцтва больш шырока, каб зразумець: практычна кожная ідэя мае права на жыццё пры яе мэтазгоднасці і эканамічна граматным падыходзе.
Сёння мы актыўна супрацоўнічаем з гродзенскімі аграрным і педагагічным універсітэтамі, з аграэканамічным і агратэхнічным каледжамі ў Ашмянах. Натуральна, што нам хочацца пашырыць адукацыйныя маршруты нашых навучэнцаў, і, думаецца, сацыяльнае партнёрства з мясцовымі прадпрымальнікамі дасць навучэнцам значны штуршок да гэтага”.

Ідэя на мільён!

Стаць паспяховым бізнесменам можна і ў непаўналетнім узросце. Многім не перашкаджаюць нават такія рэчы, як адсутнасць стартавага капіталу ці той факт, што яны далёка не сярод лепшых у школе.
Магчыма, вы ведаеце пра відэачат Chatroulette.com, які функцыянуе па прынцыпе рулеткі, ён ускалыхнуў сусветнае павуцінне, аб’ядноўваючы сваіх выпадковых карыстальнікаў. Адным клікам можна змяніць карыстальніка ці скончыць размову. Цікава, што яго стварыў тады яшчэ школьнік Андрэй Цярноўскі. Пра падлетка з Расіі напісалі такія выданні, як New York Magazine і York Times, яго распрацоўку ацанілі ў 1 млн долараў, і да хлопца паступіла нямала прапаноў аб куплі відэачата.
Школьніца Ганна Аксельсан зарабіла немалую суму тым, што змагла вынайсці нестандартную пластыкавую бутэльку для пітной вады Binibottle, якая мае дадатковую гарлавіну з коркам на ўвагнутым баку. Такая дэталь бутэлькі дае магчымасць напоўніць яе з ракавіны з нізкім кранам ці з мелкага ручайка або крыніцы. Ганна прэзентавала сваё вынаходства на конкурсе навінак, атрымала за яго залаты медаль і сёння мае працэнты ад яго продажу.
Генры Патэрсан лічыцца самым юным прадпрымальнікам Вялікабрытаніі. У 9-гадовым узросце яму належалі тры кірункі бізнесу. Спачатку ён прадаваў угнаенні ў мяшках па 1,5 фунта стэрлінгаў, потым адкрыў інтэрнэт-магазін на вядомым партале eBay, дзе рэалізоўваў тавары, якія сам набываў у дабрачынных магазінах.
У 2012 годзе Генры адкрыў уласны інтэрнэт-магазін, у якім прадае ласункі. Толькі за першы тыдзень свайго існавання магазін атрымаў больш за 100 заказаў, а ўсё таму, што Генры ведае, якія ласункі падабаюцца яго равеснікам.
Дайце дзецям магчымасць праявіць свае здольнасці і памятайце, што не так і важна, дзе чалавек жыве, — у яго заўсёды ёсць права на ідэю, якая сёння можа падавацца жартам, а заўтра спатрэбіцца людзям!

Наталля АЛЁХІНА.