Бетонная казка для лепельцаў

Педагогі часта гавораць пра захапленні навучэнцаў, імкнуцца адкрыць у кожным з іх талент, падтрымліваць іх поспехі, але пры гэтым часта забываюць пра сябе. Між іншым настаўніку таксама важна ўмець абстрагавацца ад працы, ад будняў, і знаходзіць час для свайго захаплення. Хоць Ігар Трыбо, настаўнік працоўнага навучання гімназіі Лепеля, свае выхадныя таксама праводзіць з інструментамі, з-пад іх выходзяць не апрацоўчыя дошкі і скарбонкі — ужо дзесяць гадоў ён стварае ў горадзе маштабную казку… з бетону.

А пачынаецца яго казка з аднаго з комплексаў прыдарожнага сэрвісу па дарозе ў горад. Тут пасяліліся Маша і мядзведзі, тры волаты, героі вядомай казкі пра рэпку, Кот вучоны, Змей-Гарыныч. Знайшлося месца і для жыхароў лесу — зубра, сямействаў ласёў, баброў, дзікоў. У абарыгены “запісаўся” і далёкі госць — індыйскі слон. Тут жа, на штучным востраве, Ігар Трыбо стварыў паруснік “Вікторыя”. Яго аблюбавалі маладажоны-рамантыкі, якія часта адпраўляюцца ў сумеснае “плаванне” пад яго ветразямі. У наваколлі горада будуюць домік бабры, іграе на скрыпцы гіганцкі Конік, Воўк на рэтрааўтамабілі гоніцца за Зайцам-байкерам, суцееўскія звяры хаваюцца ад дажджу пад грыбам. На тэрыторыі лепельскай гімназіі, у якой майстар працуе ўжо тры гады, пад наглядам строгай настаўніцы Мальвіны і прыслужлівага Артэмона асвойвае навуку Бураціна. У двары Полсвіжскай сярэдняй школы, што ў Лепельскім раёне, малых клічуць вучыцца ў школу Заяц і Вавёрка, якія ўжо таксама надзелі партфелі. Аўтарскі почырк мае і фасад самой школы, і арыгінальная клумба-ладдзя. Жывёльна-казачная тэма Ігара Трыбо працягваецца і каля офіса Лепельрайгаза, дзе майстар пасяліў вялізнага дыназаўра, які стаў сімвалам прадпрыемства. Для чатырохлапых жыхароў аднаго з пансіянатаў Лепельшчыны — сабак пароды маламут, якія па памерах перавышаюць цяля і ў запрэжцы катаюць адпачываючых, — майстар зрабіў будку ў выглядзе гэтага ж сабакі. Незвычайны заапарк ёсць і на тэрыторыі санаторыя “Лясныя азёры” ва Ушацкім раёне. Усяго ў настаўніка каля сотні арыгінальных казачных персанажаў.


Ігар Васільевіч скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і шмат гадоў працаваў у Полсвіжскай сярэдняй школе Лепельскага раёна настаўнікам выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання. За гэты час паспрабаваў сябе і ў кавальскай справе, і ў ганчарстве, чаканцы, разьбе па дрэве, у карняпластыцы (вырабы з карчоў) і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, лепцы з разнастайных матэрыялаў. Многае з гэтага асвойваюць і сёння выхаванцы яго гімназічнага “Клуба майстроў”. Але педагога “цацачныя” вырабы не надта прыцягвалі — душа прасіла маштабнасці.

“Бетонная скульптура — самы танны тэхналагічны спосаб атрымліваць вялікія вырабы, — расказвае пра тонкасці справы Ігар Васільевіч. — Я прыйшоў да гэтага доследным шляхам, калі будаваў свой дом, тынкаваў сцены, і для гэтага стварыў свой адметны склад бетону (унутры мяне заўсёды сядзіць эксперыментатар). Гэтая сумесь стала для мяне адкрыццём: такі бетон добра захоўваецца на вуліцы, не баіцца ні марозу, ні сонца, ні перападаў тэмпературы, лёгка рэстаўрыруецца, і, самае галоўнае, з ім лёгка і прыемна працаваць. Я зварваю металічны каркас, хаця можна яго дэталі проста заклёпкамі змацоўваць, дротам скручваць — няважна. Галоўнае — атрымаць цвёрдую, трывалую абалонку. Яе я аблепліваю бетонам. Ён падобны на пластылін, бо ў складзе бетону ёсць даламітавая мука.


Складанасць вырабу залежыць ад яго памераў. Напрыклад, слон важыць амаль 5 тон. Цэменту на яго спатрэбілася добрых паўтоны. Праца заняла больш чым месяц”.

Што да ідэйнага напаўнення, то для майстра галоўнае, каб скульптуры пазнавалі і каб вырабы дарылі радасныя пачуцці людзям. Менавіта таму Ігар Трыбо найчасцей запазычвае персанажы з казак. Хаця ёсць у некаторых яго работах і аўтарская алегорыя.

Яго самы любімы скульптурны ансамбль — Змей-Гарыныч і Іван Царэвіч. У казцы яны сапернікі, а майстар бачыць іх сябрамі. Яны стаяць ледзь не ў абдымку і глядзяць, як побач бадаюцца два козлікі. Ігар Васільевіч хацеў гэтым сказаць, што нават ворагі даўно памірыліся паміж сабой і не ваююць, а мы, звычайныя людзі, сварымся з-за любой дробязі.

Па прыкладзе настаўніка скульптурай заняліся і выхаванцы “Клуба майстроў”.

“З дзецьмі мы робім скульптуры без зварачнага апарата, бо гэта небяспечна. Сама ж бетонная сумесь нават неабароненай скуры не шкодзіць: даламіт змякчае агрэсіўныя ўласцівасці бетону. І хлопцы, і дзяўчаты любяць паляпіць “даламітавыя клёцкі”. Асабліва прыемна мне бачыць, як яны працуюць дружнай кампаніяй: адзін мяшае бетон, другі падносіць, трэці па-майстэрску лепіць”, — гаворыць Ігар Васільевіч.


Хто ведае, можа, нехта з іх працягне бетонную справу настаўніка. Пакуль што большасць яго выпускнікоў палюбілі дрэва. Некаторыя з іх ужо працуюць на дрэваапрацоўчым заводзе. Аляксандр Кажан стаў разьбяром па дрэве. Алена Ляйко, выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, захапілася жывапісам. Хаця мэтанакіравана рабіць мастакоў са сваіх начучэнцаў Ігар Васільевіч не імкнецца.

“Галоўнае — не навучыць дзіця таму, што ўмееш сам, а даць яму адчуць дух творчасці. І тады, калі ў яго з’явіцца жаданне і магчымасць ствараць (няхай не сёння, не заўтра, а можа, толькі праз некалькі гадоў), у яго будзе імкненне працягваць школьныя эксперыменты”, — тлумачыць сваю пазіцыю настаўнік.

У самога ж майстра грандыёзных задумак шмат і сёння: “Я хачу зрабіць вялікую выяву Ісуса Хрыста, як у Рыа-дэ-Жанэйра, — дзеліцца ён планамі. — Увогуле, у нас шмат цікавых месцаў: стаянка першабытнага чалавека, месца, дзе стаяла батарэя Раеўскага, дзе адступаў Напалеон. Можна было б зрабіць інсталяцыі ў натуральную велічыню і пусціць аўтобус ці запрэжанага каня па маршруце, каб людзі маглі зазірнуць у гісторыю. Гэта дазволіла б нам, гараджанам, звярнуць і сваю ўвагу, і ўвагу турыстаў на славутыя мясціны”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва гімназіі Лепеля.