Бягом па здароўе

Сярэдняя школа № 6 Полацка ўжо некалькі гадоў запар робіць акцэнт на мерапрыемствах па захаванні здароўя сваіх навучэнцаў. Тут рэалізуецца некалькі праектаў, накіраваных якраз на гэта. Удзел у іх прымаюць і выхавальнікі груп прадоўжанага дня. Сярод самых актыўных — Яна Аляксееўна Церахава і яе няўрымслівыя выхаванцы.

Плогінг — гэта міжнародная ініцыятыва, сутнасць якой заключаецца ў зборы смецця (ад швед. plokka up) па шляху падчас бегу (ад англ. jogging). Упершыню плогінг стартаваў у Швецыі ў 2016 і зараз да руху далучыліся больш за 40 краін. У тым ліку і Беларусь.

“Школа — тэрыторыя здароўя” — гэты праект аб’ядноўвае педагогаў і навучэнцаў школы ўжо некалькі гадоў. У яго межах выхавальнікі ГПД увялі некалькі новых форм работы. Напрыклад, Яна Аляксееўна з дзецьмі асвойвае правілы здаровага харчавання праз… скрапбукінг. Творчым вынікам іх пасляўрочных заняткаў для кожнага стаў “Кошык здароўя”, створаны свамі рукамі.

“Для сюжэтаў у скрапбукінгу мы бяром рэкламныя брашуркі з прадуктовых магазінаў з выявамі розных фруктаў, агародніны і іншых здаровых прадуктаў. З іх ствараем “Кошык здароўя”. І гэтак жа адбіраем і па-­мастацку афармляем выявы прадуктаў, якія шкодзяць нашаму здароўю. Канечне, папярэдне мы даведваемся пра карысць і шкоду ўсіх гэтых прадуктаў”, — тлумачыць Яна Аляксееўна.

Дзеці выступаюць і ў ролі журналістаў і ствараюць газету “ЗОЖ-­time”. Кожны выпуск газеты тэматычны. Як правіла, гэта 4 старонкі, дзе юныя карэспандэнты разам са сваім рэдактарам Янай Аляксееўнай разважаюць пра здароўе, пра тое, як яго захаваць, як падтрымаць, расказваюць чытачам пра карысць спорту, загартоўвання, гульняў і прагулак на свежым паветры. Самыя цікавыя факты яны падаюць у рубрыках “Фрукты”, “Агародніна”, “Вітаміны” і г.д.

Я.А.Церахава: “Я ўпэўнена, што для выхавальніка ледзь не самае галоўнае — умець і хацець спусціцца да дзяцей, пагутарыць на іх мове, жыць іх інтарэсамі, падпусціць дзіця бліжэй да сябе, а не вытрымліваць іерархію, субардынацыю. Нельга думаць толькі пра свой план і пра тое, як выканаць усё намечанае ў ім, — куды важней пацікавіцца настроем дзіцяці, знайсці разам выйсце з трывожнай для яго сітуацыі”.

Пісаць ці гаварыць пра спорт без саміх заняткаў спортам — справа марная. Таму дзеці стараюцца быць актыўнымі і трымаць сябе ў добрай форме, выбіраючы спартыўныя гульні і камандны спорт. А апошнім часам стараюцца сумяшчаць ахову ўласнага здароўя і прыроды — у школе пайшла мода на плогінг.

“Пакуль плогінг — новы кірунак для Беларусі, і сутнасць яго ў тым, каб падчас бегу збіраць неэкалагічныя матэ­рыялы, у асноўным пластык. Мы гэта робім падчас прабежак вакол сваёй школы. Гэта здароўе і для бегуноў, і для прыроды. Калі кожны зной­дзе жаданне нахіліцца да смецця, наш горад будзе чыстым і прыгожым. Дарэчы, плогінг­забегі ў нас робяць не толькі малодшыя дзеці, але і старшакласнікі”, — расказвае Я.А.Церахава.

Цяпер у планах педагога — разам з дзецьмі асвоіць тэатралізацыю і разыгрываць розныя сцэнкі на тэму здаровага ладу жыцця: “Гэта будзе цікава і самім юным акцёрам, і гледачам — так яны лепш будуць запамінаць неабходную інфармацыю, развіваць свае камунікатыўныя навыкі, ды і вучыцца выступаць перад аўдыторыяй”.

Дарэчы, набыць апошнюю якасць — мэта і самой Яны Аляксееўны.

“Хоць я ўжо 8 гадоў працую педагогам, ува мне жыве страх выступленняў перад публікай, — прызнаецца выхавальніца. — Але калі за табой стаіць калектыў малышоў, я вымушана пераступаць праз гэты свой страх і станавіцца прамоўцай на нашых мерапрыемствах. Дзеці побач, і мне гэта надае ўпэўненасці, дапамагае пазбавіцца ўласных комплексаў. А іх шчырыя ўсмешкі натхняюць рухацца толькі наперад”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены Я.А.Церахавай.