Да мяне, Мухтар

Вось ужо два з паловай гады ў Гомельскім абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне “Юны кінолаг”, аналагаў якога пакуль у краіне няма. Наведваюць яго амаль 30 падлеткаў. Прыйшоўшы сюды аднойчы, ні адно дзіця не пакінула аб’яднанне, не прайшоўшы поўны курс навучання.

Унікальнае аб’яднанне

Упершыню пра аб’яднанне юных кінолагаў у Гомелі я пачула, гуляючы з пляменнікам на дзіцячай пляцоўцы. Выпадкова стала сведкай размовы дзвюх дзяўчынак гадоў чатырнаццаці. Адна з захапленнем расказвала сяброўцы пра свайго дабермана Арні, а другая скардзілася на тое, што бацькі не дазваляюць трымачыць сабаку ў кватэры. І тады знаходлівая сяброўка знайшла выйсце.

— Табе трэба ў эколага-біялагічны цэнтр пайсці, там ёсць аб’яднанне “Юны кінолаг”, — прапанавала яна.

— І што, з сапраўднымі сабакамі займаюцца? — зацікаўлена пачала ўдакладняць яе субяседніца.

Дзяўчаты доўга разважалі аб магчымасцях і перспектывах і ў рэшце рэшт вырашылі ў найбліжэйшы час адправіцца ў эколага-біялагічны цэнтр, каб атрымаць інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў і запісацца ў аб’яднанне. Думаю, так яны і зрабілі.

Праз некаторы час мне давялося на справе ўбачыць, якія навыкі атрымліваюць школьнікі ў аб’яднанні “Юны кінолаг”, калі дзеці разам са сваім кіраўніком Аляксеем Хмылёвым дэманстравалі работу гуртка на мінулагоднім Тыдні дадатковай адукацыі. А аднойчы сам Аляксей Віктаравіч завітаў да мяне ў карэспандэнцкі пункт. Мабыць, гэта лёс, і я проста абавязана расказаць пра дзейнасць і дасягненні гэтага, без перабольшванняў, унікальнага аб’яднання.

Гэта не гульня

Як і чаму ўзнікла жаданне займацца з дзецьмі, Аляксей Хмылёў сёння ўжо і не ўспомніць. Нарадзілася такая ідэя, і ён пачаў яе рэалізоўваць. Адкрыццё аб’яднання юных кінолагаў на базе эколага-біялагічнага цэнтра бачылася самым аптымальным варыянтам, бо менавіта сюды прыходзяць школьнікі ў пошуку заняткаў па інтарэсах. Як аказалася, сярод іх нямала тых, хто марыў асвоіць азы кіналогіі. “Я жыву гэтай справай, дык чаму б не падзяліцца ведамі і навыкамі з дзецьмі”, — тлумачыць Аляксей Віктаравіч. Вось так пры садзейнічанні грамадскага аб’яднання “Гомельскі абласны клуб спартыўнага і дэкаратыўнага сабакаводства” ў эколага-біялагічным цэнтры з’явіўся новы кірунак, а знакаміты трэнер клуба, суддзя-эксперт Беларускага кіналагічнага аб’яднання па дрэсіроўцы стаў педагогам дадатковай адукацыі.

Сумесны праект хутка набраў папулярнасць. Дзяўчаты і хлопцы наведваюць аб’яднанне з вялікім задавальненнем. Іх зусім не хвалюе, напрыклад, што нязменна кожную суботу і нядзелю ў 10 гадзін раніцы неабходна быць на занятках, ці тое, што трэніроўкі праходзяць у аддаленым спальным раёне горада. Па-першае, сюды наўрад ці хто прыйдзе выпадкова. Кожны з падлеткаў, як правіла, па-сапраўднаму любіць жывёл і часцей за ўсё мае свайго асабістага сабаку. Па-другое, заняткі юных кінолагаў — гэта не сядзенне за сталамі ў душным памяшканні, а захапляльныя заняткі, у аснову якіх пакладзены трэніроўкі з сабакамі на свежым паветры.

Зразумела, валоданне асноўнымі тэарэтычнымі ведамі таксама ўваходзіць у праграму аб’яднання. Уласна кажучы, з гэтага і пачынаецца навучанне. Дзеці знаёмяцца з пародамі сабак, іх анатоміяй, вывучаюць асновы дрэсіроўкі, хэндлінгу (паказ сабак на выставе) і грумінгу (прафесійны догляд за поўсцю). Сістэматызаваць веды выхаванцам дапамагаюць спецыяльна заведзеныя папкі, куды яны збіраюць увесь матэрыял, ствараючы сабе ўласны дыдактычны дапаможнік. Яго, дарэчы, навучэнцы выкарыстоўваюць пры знаёмстве з новымі ўдзельнікамі аб’яднання — уводзяць іх у курс кіналогіі па методыцы “роўны навучае роўнага”.

Адукацыйную праграму кіраўнік аб’яднання распрацоўваў самастойна. Разлічана яна на трохгадовае навучанне, вынікам якога становяцца выпускны экзамен і атрыманне пасведчання дзяржаўнага ўзору. Такім чынам, кожны выхаванец не проста займаецца ў гуртку, а бачыць канкрэтную мэту: на выхадзе ён атрымае веды, практычныя навыкі і дакумент, які можа быць зыходным пунктам яго дзейнасці ў гэтым кірунку. Гэта добры стымул для дзяцей. Добра стымулюе выхаванцаў і тое, што падчас навучання ў аб’яднанні яны могуць удзельнічаць у конкурсах і спаборніцтвах для сабакаводаў. За два з паловай гады існавання аб’яднання ўжо налічваюцца дзясяткі дасягненняў. Выхаванцы атрымліваюць прызавыя месцы ў абласных конкурсах. А трое ўдзельніц з “Юнага кінолага” паказалі выдатны вынік у конкурсе “Юны хэндлер” на Міжнароднай выставе сабак CACIB, якая праходзіла ў мінулым годзе ў Мінску. Эвеліна Гапонава і Ганна Слесарава занялі адпаведна трэцяе і чацвёртае месцы ў старшай узроставай групе, а Вераніка Караваева атрымала першае месца, выступаючы ў малодшай узроставай групе.

— Я паўтара года ўжо займаюся ў аб’яднанні “Юны кінолаг” і не перастаю здзіўляцца гэтай суполцы: сюды хочацца прыходзіць зноў і зноў, — расказвае Лізавета Драянкова, пераможца конкурсу “Дзіця і сабака”. — Вельмі цікава пабудаваны заняткі, тэорыя цесна пераплятаецца з практыкай, і ўсё так лёгка для ўспрымання. Наогул, тут нейкая асаблівая атмасфера пануе, а наш кіраўнік Аляксей Віктаравіч не толькі выдатны настаўнік і трэнер, ён для кожнага з нас стаў сапраўдным сябрам. Падтрымлівае ў любых сітуацыях, пры гэтым патрабуе дысцыпліны і заўсёды прамалінейны. Ён не проста вучыць абыходзіцца з сабакамі, а выхоўвае ў нас сілу духу.

У аб’яднанне юных кінолагаў Лізу, якой тады было крыху больш за 12 гадоў, прывяла любоў да жывёл. Мець свайго сабаку была яе мара. Калі дзяўчынка пачынала размовы пра гэта з бацькамі, тыя не вельмі згаджаліся здзейсніць такое жаданне дачкі, не было ўпэўненасці, што яна будзе як след даглядаць жывёлу. Але Лізавета аказалася настойлівай. Калі ў яе з’явіўся лабрадор Шаня, яны пачалі ў пары займацца ў аб’яднанні “Юны кінолаг”. “Зараз ужо ўсе ведаюць: у першай палове выхадных дзён мы з Шанем недаступныя, у нас заняткі”, — жартуе Ліза.

Кацярына Друян таксама старажыл у аб’яднанні кінолагаў. Спачатку яна прыйшла сюды адна, займалася з сабакамі, якія ўтрымліваюцца ў абласным клубе сабакагадоўлі. А ўжо праз месяц у дзяўчынкі з’явіўся сябар — аўчарка Герда.

— Герду неабходна было вучыць, выхоўваць, і аб’яднанне эколага-біялагічнага цэнтра стала для гэтага лепшым месцам, — дзеліцца Каця.

Разам з тым Кацярына ўдзельнічае ў конкурсах. У яе ўжо ёсць перамогі ў спаборніцтвах па дог-фрысбі.

Сумаваць выхаванцам Аляксея Хмылёва не прыходзіцца. Наведванне гуртка не абмяжоўваецца заняткамі і трэніроўкамі, а дапаўняецца ўдзелам у конкурсах, паказальных выступленнях, семінарах і экскурсіямі, якія арганізоўвае кіраўнік у час школьных канікул. Асабліва запомніўся дзецям паход у гадавальнік службовых сабак Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама на біяфак Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, дзе яны наведалі кафедру заалогіі, фізіялогіі і генетыкі.

Мары пра будучыню

Спыняцца на дасягнутым Аляксей Хмылёў не збіраецца. У яго яшчэ шмат планаў, яму хочацца развіваць дзейнасць дзіцячага аб’яднання далей, пашыраць магчымасці выхаванцаў. Адна з такіх задум — наладзіць цеснае супрацоўніцтва з факультэтам біялогіі ГДУ імя Францыска Скарыны і, магчыма, распрацаваць прыярытэты ў паступленні на факультэт ці на пэўныя яго спецыяльнасці. Гэта б магло стаць, на думку Аляксея Віктаравіча, выдатным лагічным завяршэннем навучання дзяцей у аб’яднанне “Юны кінолаг”.

Яшчэ адна мара кіраўніка аб’яднання па інтарэсах — адкрыццё ў адной са школ горада спецыялізаванага класа з кіналагічным кірункам.

— Кіналогія — не проста цікавая справа, але і даволі запатрабаваная, — тлумачыць Аляксей Хмылёў. — Сёння дзяржава мае патрэбу ў кінолагах, якія выхоўваюць службовых сабак. Чаму б нам не папаўняць рады такіх спецыялістаў? Тым больш што навучацца да мяне прыходзяць дзеці па-сапраўднаму зацікаўленыя.

Аб’яднанне “Юны кінолаг” — гэта яшчэ і значная выхаваўчая работа. Як сказала ў нашай гутарцы яго выхаванка Лізавета Драянкова, “тут мы вучымся стрымліваць лішнія эмоцыі, тут гартуецца наш дух”.

У цэлым жа дзейнасць аб’яднання “Юны кінолаг” разглядаецца яго кіраўніком як прафарыентацыйная: тут закладваецца пачатак падрыхтоўкі кадраў для сілавых структур краіны. Яшчэ адна задача, якую бачыць у рабоце аб’яднання Аляксей Віктаравіч, — укараненне і развіццё на тэрыторыі вобласці папулярных у савецкі час кіналагічных відаў спорту, адраджэнне дапрызыўнай кіналагічнай падрыхтоўкі моладзі. Карацей кажучы, напрамкаў шмат, да ўдзелу можна прыцягваць усіх жадаючых. Апошнім часам кіраўнік аб’яднання і юныя кінолагі бяруць пад сваю ўвагу падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку, дэманструюць ім заняткі і дасягненні, спрабуюць прыцягнуць да справы. І ў гэтым кірунку таксама ёсць жаданне пашыраць дзейнасць, супрацоўнічаючы з рознымі ведамаснымі ўстановамі.

— Нядаўна я пазнаёміўся з цікавым вопытам, які пачалі раскручваць у Расіі, — расказвае яшчэ пра адну цікавую задуму Аляксей Хмылёў. — Там пачалі прыцягваць да догляду сабак дзетак з сіндромам Даўна. Уявіце, наколькі гэта важна і карысна ў плане сацыялізацыі такіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Аляксей Віктаравіч лічыць, што ў нас таксама можна пачаць падобную работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І ён са сваімі выхаванцамі гатовы ўзяць у гэтым на сябе адну з галоўных роляў.

Планаў шмат, праблемы ёсць таксама

Зразумела, для паўнацэнных заняткаў неабходны пэўныя ўмовы: стадыён для трэніровак, вальеры, ангары. Такіх умоў у эколага-біялагічным цэнтры няма, таму выхаванцы аб’яднання “Юны кінолаг” займаюцца на тэрыторыі, арандаванай абласным клубам сабакагадоўлі ў Беларускай чыгункі. Некалі, гадоў 10 назад, гэты аб’ект служыў гадавальнікам для ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі, потым быў закінуты. Узяўшы ў арэнду амаль разваленыя пабудовы, аднаўлялі іх за кошт узносаў членаў клуба сабакагадоўлі. Давялі да парадку настолькі, наколькі разумна было ўкладаць грошы ў арандаваны аб’ект. Потым было нямала клопатаў: то дагавор арэнды адмаўляюцца працягнуць, то яшчэ што-небудзь.

— Каб спыніць гэтую бясконцую барацьбу, я звярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Пачынка, — расказвае Аляксей Хмылёў. — Пытанне было вырашана: кіраўніцтва Беларускай чыгункі гатова бясплатна перадаць аб’ект у камунальную ўласнасць горада. Але гарадскія ўлады пакуль не лічаць патрэбным прымаць яго.

Ці зрушыцца з месца гэтае пытанне, невядома. Вельмі хочацца, каб яно вырашылася станоўча, хаця б таму, што па душы тыя планы, якія носіць у галаве Аляксей Хмылёў. Сёння мы так шмат гаворым пра тое, што неабходна займаць карыснымі справамі вольны час дзяцей. Чаму б не даць магчымасць рабіць гэта тым людзям, якія хочуць займацца з падлеткамі? Тым больш што грошай на развіццё і дзейнасць кіраўнік аб’яднання не просіць. “Дайце нам гэты аб’ект — і мы самі зробім з яго горад-сад”, — гаворыць ён.

Я не перастаю здзіўляцца энтузіязму Аляксея Віктаравіча. Мабыць, трэба вельмі любіць справу, якой займаешся. Толькі так могуць нараджацца новыя ідэі і не згасаць надзеі. Як успамінала адна з выхаванак: “Неяк я пачула, як у Аляксея Віктаравіча запыталі, ці бывае ён калі-небудзь у адпачынку. Ён адказаў проста: “Які можа быць адпачынак, калі я займаюся любімай справай”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва аб’яднання “Юны кінолаг”.