Для моладзі, з удзелам моладзі

Цікава і насычана праходзіць святкаванне Дня моладзі ў Магілёве. У горадзе са статусам “Маладзёжная сталіца Беларусі” напярэдадні 24 чэрвеня адбываецца маштабнае свята з мерапрыемствамі на любы густ.


Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Іна Караткевіч, мерапрыемствы для моладзі і з яе ўдзелам праходзяць пастаянна. Конкурсаў, мерапрыемстваў шмат, каб кожны малады чалавек меў магчымасць паказаць сябе, прадэманстраваць свае здольнасці.

— Магілёўская моладзь вельмі актыўная. Ад яе заўсёды зыходзіць шмат ініцыятыў, таму сёлетняе свята праходзіць у новым фармаце. У цэнтры ўвагі — моладзь са сваімі праектамі і ідэямі. На плошчы Зорак створана своеасаблівая платформа для самарэалізацыі, якая прадастаўляе кожнаму магчымасць выказацца і быць пачутым, — адзначыла Іна Фёдараўна.


Усю прастору плошчы арганізатары свята падзялілі на зоны, дзе праходзяць спартыўныя, творчыя, танцавальныя майстар-класы, шоу-праграмы, конкурсы. Свае адметнасці на ўсіх тэматычных пляцоўках. Так, школа камп’ютарнага навучання для дзяцей і дарослых прэзентуе дзівосных робатаў, праводзіць для прысутных адкрытыя ўрокі праграмавання, інтэлектуальныя віктарыны, 3D-фокусы. Студыя моды і дызайну дэманструе дызайнерскае адзенне, дае майстар-класы па прыгажосці і стылю. Школа замежных моў арганізавала зону камунікацыі з займальнымі конкурсамі, загадкамі, рэбусамі. Акадэмія развіцця інтэлекту для дзяцей і дарослых праводзіць адкрытую прэзентацыю ўрокаў па ментальнай арыфметыцы, дзе можна на свае вочы ўбачыць, як юныя магілёўскія геніі лічаць хутчэй за калькулятар.


У самым сэрцы плошчы спаборнічаюць удзельнікі дадатковага вакальнага конкурснага этапу Міжнароднага фестывальнага праекта “Звездочёт”. Гэты фэст стартаваў у пачатку года адначасова з прысваеннем Магілёву звання маладзёжнай сталіцы. Праект адразу стаў папулярным. За два праведзеныя этапы ў ім узялі ўдзел каля 4 тысяч маладых людзей. Па шматлікіх просьбах юных талентаў, быў арганізаваны дадатковы вакальны этап, які завяршыўся выдатным гала-канцэртам лепшых выканаўцаў.

Яркім будзе Дзень моладзі ў Магілёве, ён абаязкова знойдзе водгук у сэрцах маладых людзей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і Юліі БАЧКАРОВАЙ.