Добрыя традыцыі

Беларуская зямля мае багатыя праваслаўныя традыцыі. Каб вучні і настаўнікі маглі бліжэй з імі азнаёміцца, на базе сярэдняй школы № 12 Жлобіна быў адкрыты музей гісторыі праваслаўя. Работа па фарміраванні экспазіцыі аб’яднала святароў і настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў.

Актыўны ўдзел у зборы экспанатаў прынялі жыхары горада і раёна. Так, з вёскі Радушы падарылі праваслаўны малітоўнік, якому не менш за 350 гадоў. Па благаславенні настаяцеля Пірэвіцкага прыхода Усіх Святых протаіерэя Васіля Міхайлоўскага была перададзена ікона святога пакутніка Георгія Перамаганосца. У фонд музея перадавалі часцей за ўсё тканыя вышытыя ручнікі на іконы, іконы, праваслаўныя паштоўкі, малітвасловы.

Адукацыйны працэс у нашай школе цесна звязаны з работай музея гісторыі праваслаўя. Матэрыялы музея мы выкарыстоўваем на ўроках, занятках аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства”, факультатыўных занятках, у напісанні даследчых работ. Мы выкарыстоўваем розныя формы супрацоўніцтва школы, царквы і сям’і: гутаркі са святарамі, экскурсіі ў праваслаўныя храмы горада і раёна; заняткі па пошукавай дзейнасці, праваслаўнай гісторыі; тэматычныя выставы; конкурсы, алімпіяды. Напрыклад, падчас святкавання Хрыстовага Уваскрэсення іерэй Вячаслаў Рабіца сустрэўся з вучнямі і бацькамі, расказаў пра гісторыю свята.

Стала добрай штогадовай традыцыяй праводзіць на базе музея ў сакавіку свята праваслаўнай кнігі, калі вучні могуць прачытаць старонкі малітваслова на стараславянскай мове, пазнаёміцца з кнігамі XVII — XVIII стагоддзяў з калекцыі музея. Навучэнцы і іх бацькі перадаюць у музей сямейныя рэліквіі. Мы, арганізатары музея, прымаем з удзячнасцю гэтыя каштоўнасці. У экспазіцыі асаблівае месца адведзена святару Свята-Троіцкага храма протаіерэю Канстанціну Манько, які з 1972 па 1991 год узначальваў прыход. Школьнікі сустрэліся з дачкой святара, якая перадала рэчы бацькі.

Матэрыялы музея па гісторыі Жлобіншчыны праваслаўнай, гісторыі праваслаўнай культуры Беларусі будуць дапаўняцца новымі фактамі, інфармацыяй і, спадзяёмся, новымі гістарычнымі крыніцамі. А нашы вучні, выхаваныя на праваслаўных традыцыях, будуць годнымі грамадзянамі нашай роднай Беларусі.

Ірына АЛЯКСЕЕНКА,
кіраўнік музея гісторыі праваслаўя сярэдняй школы № 12 Жлобіна.
Фота аўтара і БелТА.