Дзіця не бывае перашкодай

У гэтым пакоі студэнцкага інтэрната галоўныя не студэнты, а двухгадовы Міша. На паліцах канспекты і падручнікі стаяць поруч з кнігамі Агніі Барто і Карнея Чукоўскага, музычнай азбукай і зборнікам развіццёвых гульняў. Пра прыналежнасць маленькаму гаспадару гавораць калыска, каляровыя алоўкі, цацкі… А яшчэ ў яго самая пяшчотная, самая чулая і самая добрая мама. Каб павіншаваць з надыходзячым Днём маці, мы завіталі ў госці да Марыі Цярлецкай, якая жыве ў інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Практыкум бацькоўскай школы

“Тата!” — бяжыць радасны Мішка, спадзеючыся, што тата сёння рана вярнуўся з працы. “Татаў хвосцік, — апраўдвае сынаў сум па бацьку Марыя, адчыняючы дзверы. — Удзень яшчэ чакае, а пад вечар ужо ледзь трывае”.

На працягу апошніх гадоў чакае Эдуарда штодзень і Марыя. Родам яна з Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля 9-га класа вясковай школы паступіла ў Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава. Эдзік вучыўся там у 11-м класе. Пасля хлопец паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, а Маша праз год — у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Жаніцца закаханыя збіраліся бліжэй да канца вучобы, але сакавіцкая вестка пра тое, што ў пары будзе дзіця, унесла карэктывы ў планы. Вяселле згулялі пасля першага курса Марыі, калі ёй было 18 гадоў, і пасля другога курса Эдуарда, якому на той час споўнілася 19. Абодвум было па 19, калі яны сталі бацькамі.

“Я з дзяцінства марыла пра сям’ю, бо, па сутнасці, яе ў мяне не было. Мама з братам вельмі рана загінулі. Бацька з намі не падтрымліваў сувязі. У мяне заставаліся толькі стрыечныя бабуля і дзядуля. Яны мяне і гадавалі. Таму я была ўдзячна лёсу, які звёў мяне з Эдзікам. Ён ва ўсім мяне падрымліваў, быў і за брата, і за тату, і за сябра, — дзеліцца Марыя. — Безумоўна, навіна пра бацькоўства змяніла студэнцкае жыццё Эдуарда. Усе яго сябры-аднакурснікі толькі ўваходзілі ў смак вольнага жыцця, ніхто з іх не збіраўся жаніцца. Ды і Эдзіку, як і ўсім студэнтам, яшчэ хацелася пагуляць”.

Марыю ж ад думак пра хуткае развітанне з вольнымі студэнцкімі буднямі “ратаваў” моцны таксікоз. Здаралася, што прапускала заняткі, чаму выкладчыкі былі зусім не рады. Дзяўчына нікому не казала пра сваё пікантнае становішча, а адпаведныя здагадкі ў выкладчыкаў узнікаюць звычайна напрыканцы вучобы, а не на першым курсе.

“Я вельмі баялася, што не спраўлюся: першы курс, лекцыі, залікі, экзамены. Я заўсёды была адказнай у вучобе, заўсёды добра вучылася і баялася, што могуць быць пропускі, непаспяховасць. Не, страшных думак у мяне не ўзнікала, але калі на першым даследаванні на маніторы ўбачыла, як б’ецца сэрцайка нашага малыша, выйшла ўпэўненай, што, як бы там ні было, з усім спраўлюся. Ды і не адна я ўжо была — у мяне з’явіўся Эдзік”.


Марыя баялася прызнацца бабулі, што будзе дзіця. А калі рашылася, ужо бабуля баялася сказаць дзядулю. “Яны ў мяне абое настаўнікі. Дзядуля, Алесь Фаміч Зайка, яшчэ і краязнавец, пісьменнік, вельмі правільны чалавек. Але калі і ён даведаўся пра маё становічша, то стаў суцяшаць жонку: “Чаго ты плачаш? Радавацца ж трэба: дзіця ў сям’і будзе!”, — гаворыць Маша. — Бабуля нават прапанавала мне адразу забраць Мішку ў вёску і падгадаваць яго да канца майго другога курса. Пасля яго заканчэння сыну было б 10 месяцаў. Але я не ўяўляла ўжо сябе асобна ад сына і сына без мяне. Аднак і на завочнае таксама не ўдалося перавесціся — нам бы не далі сямейны інтэрнат. Хацела спачатку водпуск сумяшчаць з вучобай, каб давучыцца першы семестр другога курса, але Міша нарадзіўся на месяц раней. Так мы з Эдзікам вырашылі, што я іду на тры гады ў акадэмічны”.

Эдуард вучыўся на дзённым аддзяленні, але не ўпускаў ні адной магчымасці падзарабіць у вольны час, а вечарамі спяшаўся дадому — да Машы і Мішы.

Асвойвалі бацькоўскую школу юныя тата і мама самастойна.

“Даць параду не было каму. Бацькі Эдуарда шмат працуюць, ды і не наездзішся з Брэстчыны. Мая бабуля, сястра майго роднага дзядулі, не мела дзяцей. У сябровак, знаёмых таксама не было дзяцей. У мяне была толькі кніга па доглядзе немаўляці, якую мне падарыла свякроў. Гэта дало мінімум тэорыі. Усё астатняе: як узяць дзіця на рукі, як купаць, карміць, спавіваць, апранаць на вуліцу ў рознае надвор’е, як зразумець, чаму дзіця плача, — асвойвалі з Эдзікам самі. Ужо потым я ўспомніла, што ўсё можна было знайсці ў інтэрнэце — пра яго існаванне я ўвогуле забыла! Было не да гэтага”, — успамінае першыя месяцы мацярынства Марыя.

Майстар-клас ад жыўчыка Мішы

Па словах Марыі, быць мамай у акадэмічным адпачынку нескладана, адзінае — не дае спакою думка, што адукацыю пакуль так і не атрымала: “Усе мае аднагрупніцы ў наступным годзе скончаць універсітэт, а я толькі пачну вучыцца. Але я не шкадую. Канечне, адукацыя важная, таму я ўсё роўна яе атрымаю, няхай і крыху пазней. Аднак яна не можа параўнацца з мацярынскім шчасцем, з магчымасцю бачыць, як расце тваё дзіця. Наш Мішка — ручное дзіця. Ён любіць лашчыцца, прыціскацца да мамы ці да таты. І ў той жа час ён такі жыўчык!”

Пакуль мы гутарым з Марыяй, быццам у пацвярджэнне, Міша дэманструе, што варта ўкладаць у гэтую яго якасць, апісаную мамай. За паўгадзіны нашай размовы хлопчык паспеў выпрасіць у мамы ўсе прысмакі, самастойна ўзлезці на дарослы стул і пашчоўкаць мышкай па ноўтбуку, так і не спыніўшы выбар на пэўным мульціку, тры разы раскідаць і сабраць па пакоі алоўкі, не згадзіўшыся з мамай намаляваць ката, упрыгожыць дыван, высыпаўшы на яго цэлую скрыню цацак, праверыць аэрадынаміку папяровых самалёцікаў з журналісцкага блакнота, стаць віноўнікам аварыі на цацачнай чыгунцы, сутыкнуўшы два чырвоныя саставы, распрануцца, бо стала горача, пагартаць кніжку і пераняць гукі ўсіх намаляваных птушак і жывёл, асабліва старанна, як мама вучыць, вымаўляючы качынае “кррра” і вароніна “каррр”, пакласці спаць у свой ложак любімага футравага ката, збегаць да акна на ўсялякі выпадак паклікаць тату, махаючы ручкай у акне ў бок каляровых тралейбусаў, пагуляць з намі ў хованкі, спадзеючыся, што мы не бачым яго за празрыстым цюлем, і яшчэ з добры дзясятак падобных неадкладных дзіцячых спраў.

“Так, Міша самастойны, — гаворыць Марыя, з усмешкай назіраючы за маленькім гарэзам, які здзіўляе ўменнем заняць сябе справай. — Нягледзячы на жаданне як мага даўжэй насіць яго на руках, песціць, дапамагаць апранацца, карміць, забаўляць, я з тых мам, якія ахвяруюць гэтым сваім памкненнем дзеля таго, каб дзіця расло самастойным. Узяў лыжку ў паўгода — еш сам. Можаш сам абуць сандалікі — я толькі рада. Хочаш дапамагчы на кухні — калі ласка. Таму ўпэўнена, што і з Мішкам змагла б вучыцца, праўда, не на дзённым, бо няма на каго пакідаць дзіця, а на завочным аддзяленні. Сын мне ўвогуле ні ў чым не перашкаджае — ні вучыцца, ні развівацца. Наадварот, дапамагае хутчэй пасталець, стаць адказнай, усвядоміць, чаго хочаш ад жыцця ты і твая сям’я.


І нават самаразвівацца з дзіцем прасцей. Пакуль яно днём спіць, а муж на занятках ці на працы, не прагульваешся з сяброўкамі, а знаходзіш для сябе карысную справу. Я, напрыклад, шмат чытаю. Калі раней былі кнігі пераважна па доглядзе і развіцці дзіцяці, то цяпер, калі ўжо шмат ведаю і ўжо не баюся штосьці зрабіць не так, стала больш-менш упэўненай мамай, чытаю мастацкую літаратуру, навуковую. Мяне цікавяць розныя сферы, усё, што можа спрыяць самаразвіццю. Напрыклад, днямі ў рукі трапіла кніга па маркетынгу — аказалася вельмі цікавай і карыснай. Вучу нямецкую мову. Вяжу кручком — паціху папаўняю Мішаў гардэроб. Люблю вышываць. Нядаўна пайшла на курсы кройкі і шыцця — навучыцца шыць было марай дзяцінства. Збіраемся з Эдзікам і Мішам на вяселле, і я ўжо амаль падрыхтавала сабе абноўку”, — хваліцца Марыя і дастае з шафы па-дзявоцку мілую спадніцу з прынтом бантамі і бялюткі пышны пад’юбнік.

Каханне сцішыць рамансы сціплых фінансаў

Марыя спадзяецца, што ў будучыні зможа шыць не толькі для сябе, але на і заказ — лішнім рубель дакладна не будзе. Маладая сям’я мае цяжкасці толькі ў фінансавым плане. Яны нават не змаглі атрымаць бясплатнае дзіцячае харчаванне да 2 гадоў.

“Мы доўга ездзілі і збіралі дакументы — з сакавіка да чэрвеня, часам з нованароджаным Мішам, стаялі ў чэргах. Але самым непрыемным і крыўдным было тое, што ў выніку нам адмовілі, бо падчас вучобы тры летнія месяцы Эдзік працаваў у студатрадзе. У тэрмін, за які неабходна было прадаставіць даведку аб даходах, увайшоў усяго адзін месяц і крыху больш за 200 заробленых рублёў. І з-за гэтага нам адмовілі. Таму ўсе разам мы жылі толькі за стыпендыю і дэкрэтныя. У пазамінулы год дапамагала мая бабуля — яна яшчэ працавала ў школе. Летась яна пайшла на пенсію. Дапамагалі і бацькі Эдзіка: калі грашыма, калі прадуктамі — перадавалі агародніну, яйкі, закаткі”, — расказвае Марыя.

На дадзены момант сям’я можа толькі сябе карміць. Паход у кіно, абнаўленне гардэробу і падобныя мерапрыемствы — гэта пакуль што толькі ў марах. Апошнія сур’ёзныя набыткі — мікрахвалёўка, каб можна было разаграваць ежу для сына, і камод, каб складваць туды цацкі.

Калі Эдуард скончыў вучобу і атрымаў магчымасць працаваць па сваёй спецыяльнасці праграміста, было прасцей. Але зноў-такі на поўную стаўку ён мог працаваць толькі летам. У верасні пачалася вучоба ў магістратуры, і яго перавялі на паўстаўкі. І гэта дзякуючы таму, што Эдуард прынёс у аддзел кадраў вытрымкі з Працоўнага кодэкса. Так, яму як студэнту дзённага навучання ўвогуле забаранялі працаваць.

Але маладыя людзі, не прывучаныя да раскошы, не надта перажываюць з-за тонкіх кашалькоў. У іх ёсць тое, чаго часта не бывае ў іншых, — даверлівыя адносіны, узаемаразуменне, узаемападтрымка, шчырае каханне і, канечне, жаданае дзіця. Менавіта за гэтыя якасці пару запрасілі прыняць удзел у першым міжунівесітэцкім конкурсе “Сямейнае шчасце — пачатак шляху”, які праходзіў у БНТУ сёлета вясной. На памяць пра конкурсную праграму, падчас якой Марыя і Эдуард у ліку фіналістаў прадстаўлялі свае эсэ і відэаролікі пра сямейныя каштоўнасці, дэманстравалі, што толькі разам яны змогуць многае, адказвалі на шматлікія дзіцячыя “чаму”, адгадвалі мелодыі папулярных дзіцячых песенек і спявалі іх, сям’я Цярлецкіх атрымала дыплом лаўрэата конкурсу і спецыяльны прыз, зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, за захаванне і перадачу сямейных традыцый маладому пакаленню.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.