Гаваркія назвы

Што такое Мінск, Ганцавічы, Карпілаўка? А Прыпяць, Дняпро, Гарынь? Што скажам пра Цэнтральную, Савецкую, Маладзёжную? Можа, хто ведае пра Гай, Пяскі, Брод? Канечне, ведае. Усе ведаюць! Мінск, Ганцавічы, Карпілаўка — гэта назвы населеных пунктаў. Прыпяць, Дняпро, Гарынь — назвы рэк. Цэнтральная, Савецкая, Маладзёжная — назвы вуліц. А Гай, Пяскі, Брод, як няцяжка здагадацца, — назвы ўрочышчаў. Удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу “Тапаніміка роднага краю” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ахарактарызуюць гэтыя назвы па-навуковаму больш дакладна: Мінск — айконім, Прыпяць — гідронім, Цэнтральная — гадонім, Гай — мікратапонім.

Колькі існуе школьнае краязнаўства, столькі ж настаўнікі і вучні праводзяць тапанімічныя даследаванні. Калі ўлічыць, што школьнаму краязнаўству дзясяткі — калі не сотні — гадоў, то атрымліваецца, што школьная тапанімічная скарбонка надзвычай багатая. Сабраны ў ёй матэрыял унікальны і разнастайны, аднак разрознены. Сістэматызаваць назапашаны матэрыял, далучыць навучэнцаў да духоўнай спадчыны беларускага народа — такой была асноўная мэта конкурсу. Юныя краязнаўцы збіралі інфармацыю аб назвах населеных пунктаў, аналізавалі навуковую, даведачную літаратуру, матэрыялы інтэрнэт-рэсурсаў, апытвалі мясцовых жыхароў, запісвалі іх успаміны, даследавалі паходжанне геаграфічных назваў мясцовасці, складалі слоўнікі тапонімаў. А 27 снежня на канферэнцыі ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прадстаўлялі вынікі сваіх даследаванняў. Акадэмія навук нездарма была выбрана месцам правядзення канферэнцыі. Па-першае, тапаніміка — гэта спецыяльная навуковая дысцыпліна. Па-другое, канферэнцыя стала фінальным краязнаўчым акордам Года навукі.

З амаль 150 работ, дасланых на фінальны этап конкурсу, журы адабрала 36 самых яскравых, якія найбольш поўна адпавядаюць умовам конкурсу і дзе матэрыял найбольш каштоўны ў гістарычным, геаграфічным, культурным плане. З гэтых 36 самых яскравых былі выбраны 5 самых-самых. У намінацыі “Гарады абласнога падпарадкавання” пераможцам стаў Платон Шыблеў з гімназіі № 1 Брэста (кіраўнікі С.Л.Краўчук і А.І.Лявонава). У намінацыі “Адміністрацыйна-тэрытарыяльны раён у складзе горада” перамогу святкаваў Ілья Строцкі з сярэдняй школы № 60 Мінска (кіраўнікі Л.В.Крыловіч і А.Г.Хахлова). У намінацыі “Гарады раённага падпарадкавання” 1-е месца ў Валерыі Кабак з вілейскай гімназіі № 2 (кіраўнік В.В.Кажура) і Мікалай Касцюкоў з гімназіі Быхава (кіраўнік А.А.Церашонак). Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Пасёлкі гарадскога тыпу” атрымала Дзіяна Валатковіч з Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна (кіраўнік Н.А.Сігай), а ў намінацыі “Сельскія населеныя пункты” — Сяргей Жэгждрын з Радунскай сярэдняй школы (кіраўнік І.І.Фясенка) і Уладзіслаў Юхневіч з Жырмунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна (кіраўнікі В.Ч.Квецень і К.І.Машкова).


З некаторымі пераможцамі канферэнцыі мы ўжо знаёміліся на старонках “Настаўніцкай газеты” (напрыклад, вясной падчас падарожжа па Воранаўскім раёне ў рубрыцы “Родная зямля” расказвалі пра Івана Іванавіча Фясенку і яго выхаванца Сяргея Жэгждрына). Працягнем гэтую добрую традыцыю і здзейснім завочнае падарожжа па вуліцах Брэста разам з Платонам Шыблевым. Выбар наш зусім не выпадковы: вучань 5 “Б” класа гімназіі № 1 Брэста выступаў на канферэнцыі пад нумарам 1.

У сваёй рабоце хлопчык вывучыў сістэму назваў вуліц Брэста, вызначыў асаблівасці брэсцкіх гадонімаў, разбіў іх па тэматыцы, на аснове гістарычных карт горада ўстанавіў, з чым звязаны змены ў назвах вуліц, як у гэтых назвах адбіліся асаблівасці жыцця брэстаўчан. На думку Платона, назвы вуліц, завулкаў і плошчаў горада вельмі ёміста адлюстроўваюць маральныя арыенціры гараджан, асаблівасці іх жыцця і мовы. Гадонімы з’яўляюцца своеасаблівымі старонкамі жыцця горада, дазваляюць прасачыць 1000-гадовую гісторыю Брэста. Сабраны вучнем матэрыял можна выкарыстоўваць не толькі на ўроках па такіх прадметах, як “Мая Радзіма — Беларусь”, “Гісторыя Беларусі”, “Чалавек і свет”, але і ў выхаваўчым працэсе, асабліва падчас сямейных прагулак па вуліцах, завулках, праспектах, бульварах і плошчах горада.

Пасля аналізу 775 брэсцкіх гадонімаў было выдзелена шэсць груп. Да першай адносяцца назвы, якія адлюстроўваюць знешнія асаблівасці аб’екта. Тут дамінуючымі з’яўляюцца раслінныя найменні. Другая група — вуліцы, названыя ў гонар знакамітых асоб. Трэцяя — назвы, якія адлюстроўваюць фізіка-геаграфічныя асаблівасці вуліц. Гэтая група, на думку Платона, унікальная, бо ў ёй ёсць вуліцы, якія паўтарылі назвы найбліжэйшых вёсак, што з часам увайшлі ў межы горада. Чацвёртая — назвы, якія адлюстроўваюць размяшчэнне паблізу пэўных аб’ектаў.


Своеасаблівай візітоўкай Брэста, на думку вучня, з’яўляюцца вуліца Дазорная і завулак Пагранічны, паколькі горад знаходзіцца каля дзяржаўнай граніцы. Ёсць і гістарычныя казусы. Да 1939 года ў Брэсце існавала вуліца Дварцава (з націскам на апошнім складзе). Сёння гэта вуліца Дварцовая. Яе польскае найменне было геаграфічна матываваным, паколькі перакладалася як вуліца Вакзальная. У савецкія часы яна стала Дварцовая. Вуліца ёсць, а палаца як не было, так і няма. Яшчэ адна група — гэта гадонімы, якія адлюстроўваюць прафесійную дзейнасць людзей. Сярод гэтых назваў самыя “брэсцкія” — Мытная і Пагранічная, паколькі жыццё многіх жыхароў Брэста звязана з работай на мытні і ў пагранічных часцях горада. Яшчэ адна група — вуліцы, названыя ў гонар падзей, значных у жыцці горада і краіны.

“Старажытнае выслоўе гаворыць, што ўсе дарогі вядуць у Рым. Для нас, брэстаўчан, наш Рым — гэта крэпасць, яна ж стары горад, у храмах якога нашы продкі маліліся за сябе і сваіх герояў, за абаронцаў Брэсцкай крэпасці і далёкіх берасцейцаў, якія заклалі падмурак магутнага, гераічнага, шматпакутнага, такога светлага і чалавечнага Брэста, які ў 100 разоў старэйшы за мяне, яго звычайнага жыхара, вучня 5 класа. Сучасныя гадонімы — гэта своеасаблівая візітоўка горада, па якой не толькі можна вывучаць гісторыю, але і выхоўваць наступныя пакаленні гараджан. Нават самая сучасная назва з цягам часу набывае гістарычны характар. Таму вялікая адказнасць ляжыць на тым чалавеку, які прысвойвае імя вуліцы”, — паведаміў Платон.


Пагадзіцеся, вельмі слушнае меркаванне. Каб да гэтага дзіцячага меркавання ды чысцей прыслухоўваліся дарослыя, асабліва да слова “адказнасць”! Сваімі па-сапраўднаму дарослымі развагамі падзялілася і вучаніца Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Дзіяна Валатковіч: “За кожнай назвай стаіць пэўны гістарычны перыяд, этнічная група, заняткі жыхароў. Таму даследаванні тапанімікі — важная справа, без вывучэння тапонімаў нельга дасканала вывучыць гісторыю родных мясцін”. Дзяўчына прэзентавала тапанімічны слоўнік Капаткевіч з пяшчотнай назвай “Мова зямлі”. Першыя старонкі гэтай своеасаблівай кнігі зямлі Дзіяна разам з Надзеяй Адамаўнай Сігай пачалі адкрываць у 2011 годзе, калі стваралі летапіс роднага пасёлка. Паглыбіліся ў тапаніміку падчас збору легенд і паданняў малой радзімы ў зборнік “Дарогамі святынь забытых”, які выйшаў у 2012 годзе, а затым у зборнік 2013 года “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. І вось у 2017 годзе выйшаў слоўнік “Мова зямлі”. У слоўніку тапанімічныя назвы класіфікаваны, тлумачыцца іх паходжанне. Прычым версіі Дзіяна і Надзея Адамаўна часта прапаноўвалі свае. Атрымалася даволі цікава.

“Узяць, напрыклад, слова “мулёры”. Яно незвычайнае, таму абыякавым не пакідае нікога. У кагосьці пры яго вымаўленні ўзнікае ўсмешка, у кагосьці — самыя розныя асацыяцыі. Мулёр — гэта печ для выпальвання вугалю або месца, дзе выпальвалі вугаль, а без вугалю нашы продкі не маглі б займацца кавальскай справай. Вось наколькі важнае гэта слова. У слоўніку даследаваны 91 тапонім і 13 легенд, запісаных са слоў мясцовых жыхароў. Аронімы (назвы розных форм рэльефу) у асноўным складаюцца з прыметніка і назоўніка. Гэта Івашкавіцкая гара, Лысая гара, Белая гара. Гадонімы ў большасці звязаны з савецкай эпохай у жыцці пасёлка — вуліцы Кастрычніцкая, Савецкая, Калгасны завулак. Дрынонімы змяшчаюць назвы розных парод дрэў або слова “лес” (“ляскі”), таму адразу можна сказаць, да якой групы яны адносяцца: Альхавіца, Баркі, Беразнякі, Укудавы ляскі. Мікратапонімы ўказваюць у асноўным на сельскагаспадарчы занятак чалавека: Качатнік, Лядзі Капейнае. Сярод урбонімаў не толькі назвы пэўных частак пасёлка, але і назвы асобных будынкаў: Маслапрам, Дубовая хата, Мясцечка. Для тлумачэння тапонімаў былі выкарыстаны кнігі, слоўнікі, успаміны старажылаў, а таксама ўласныя веды і высновы”, — паведаміла Дзіяна.

Калі бярэш у рукі слоўнік, адразу звяртаеш увагу на практычны знешні выгляд і афармленне. Слоўнік падзелены на два раздзелы, якімі можна карыстацца як адначасова, так і паасобку. У першым раздзеле тапонімы размешчаны ў алфавітным парадку. Тлумачыцца іх паходжанне, указваюцца фактары фарміравання, а таксама гістарычныя змены назваў. У другім раздзеле слоўніка размешчаны легенды і паданні, звязаныя з тапонімам, прычым аповед пададзены і ў вершаванай форме. Вось невялікі прыклад: “Было бусловак тут шмат, // Як у сяле якім хат. // І вось з такое прычыны // Стаў звацца востраў Бусліны!”

І пра востраў Бусліны, і пра ўзнікненне Капаткевіч, і пра гару, якая Каўпаком завецца, і рэчку Дамаху ў слоўніку расказваецца так захапляльна, што слухаў бы і слухаў. Журы, удзельнікі канферэнцыі так і рабілі: уважліва слухалі выступленне Дзіяны і захапляліся. Ці зможам мы гэтак жа цікава расказаць пра тапонімы сваёй малой радзімы? Што ведаем пра тапаніміку роднага краю? Мова зямлі мілагучная, яе варта ведаць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.