Грунтоўна падрыхтавацца

Нядаўна мае навучэнцы з радасцю пачалі гаварыць пра тое, што да летніх канікул засталіся лічаныя тыдні. А я падумаў: “Колькі спраў трэба яшчэ зрабіць!” Форм летняй занятасці навучэнцаў існуе вялікае мноства, але выбраць трэба менавіта тое, што сапраўды будзе працаваць, тое, што захопіць хлопчыкаў і дзяўчынак.

Усім педагогам добра знаёмы такія віды занятасці дзяцей, як гульнявая і спартыўная пляцоўка, спартыўныя секцыі, летнія лагеры з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, турыстычныя паездкі, паходы, злёты, аздараўленне ў прафілакторыях нашай краіны і за яе межамі. Можна яшчэ шмат чаго пералічыць, але галоўнае не ў гэтым. Важна пры падрыхтоўцы да большай часткі такіх відаў работы — праявіць крэатыўнасць, неардынарнасць, бо дзеці хутка губляюць цікавасць да таго, што паўтараецца з году ў год без інавацый.

Так, пры падрыхтоўцы да турыстычнага паходу, акрамя старанна прадуманага маршруту, які будзе цікавы дзецям, трэба паспрабаваць прыцягнуць да яго бацькоў. Сумесныя паходы вельмі падабаюцца не толькі дзецям, але і дарослым, а таксама вельмі іх збліжаюць. Калі вы рыхтуецеся да работы на гульнявой або спартыўнай пляцоўцы, то абавязкова павінны прадугледзець вялікую колькасць спартыўных і сюжэтна-ролевых гульняў. А ўдзел у гэтых гульнях самога педагога робіць заняткі ў разы цікавейшымі для дзіцяці. Трэба запаліць у сэрцах дзяцей спаборніцкі дух. Працуючы летам на гульнявых і спартыўных пляцоўках, я некалькі разоў арганізоўваў таварыскія спартыўныя сустрэчы з іншымі навучальнымі ўстановамі. Паверце, гэтая форма работы сябе апраўдвае. З якой цікавасцю і азартам дзеці рыхтуюцца да гэтага мерапрыемства, з якім нецярпеннем яны чакаюць гасцей, калі мерапрыемствы праходзяць на тэрыторыі нашага вучэбна-педагагічнага комплексу!

Некалькі гадоў назад я працаваў настаўнікам фізічнай культуры і здароўя і ў летні час абавязкова праводзіў спартыўныя секцыі па вечарах. Асабліва патрэбны такія секцыі ў сельскай мясцовасці, бо іх наведваюць практычна ўсе навучэнцы. Дзеці не толькі далучаюцца да спорту, але і знаходзяцца пад наглядам педагога. За гэта пастаянна чуў ад бацькоў словы падзякі.

Таксама вельмі падабаюцца навучэнцам турыстычныя паездкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі пашыраюць свой кругагляд, даведваюцца шмат новага. З добрым гідам такая паездка можа стаць самым лепшым пазнавальным урокам. Такая форма занятасці патрабуе фінансавых выдаткаў, таму рыхтавацца да яе неабходна загадзя. Трэба тлумачыць бацькам пра карысць і значнасць такога мерапрыемства, каб яны разумелі, за што плацяць грошы.

Летам дзеці часта едуць ад нашай школы на адпачынак у прафілакторыі. Адразу ж хачу падзякаваць дзяржаве за тое, што гэтыя паездкі бясплатныя. Пра карысць знаходжання дзяцей у санаторыі можна гаварыць бясконца: гэта лячэнне, вельмі добрае збалансаванае харчаванне, развіццё ў дзіцяці пачуцця калектывізму, самастойнасці і проста вельмі цікавая прагулка.

Для таго каб увасабляць у жыццё ўсе вышэйпералічаныя формы работы, пастаянна павінна праводзіцца цесная і зладжаная работа паміж педагогамі, кіраўніцтвам установы і бацькамі. Хачу спыніцца на самым галоўным. А самым галоўным у працы любога педагога з’яўляецца захаванне жыцця і здароўя дзіцяці. Асабліва актуальна гэта ў летні перыяд. Усё пачынаецца з таго, што за некалькі тыдняў да канікул мы праводзім бацькоўскі сход, на якім абмяркоўваем занятасць навучэнцаў. На сходзе знаёмім бацькоў з правіламі тэхнікі бяспекі, раздаём адпаведныя памяткі пад подпіс, высвятляем, дзе будуць знаходзіцца іх дзеці ўсе тры летнія месяцы. Пажадана, каб такі сход быў не адзін. Педагог пастаянна павінен ведаць, дзе знаходзяцца дзеці, якіх ён вучыць, асабліва ў летні час, нават калі ён у адпачынку, таму падчас канікул часта тэлефаную бацькам сваіх вучняў і ўдакладняю ў іх месцазнаходжанне дзяцей. Зрабіць лета бяспечным для дзіцяці — гэта наша агульная задача.

У канцы хачу расказаць пра асаблівасці арганізацыі гульнявой пляцоўкі нашым ВПК мінулым летам. Справа ў тым, што тры гады назад у сувязі з аптымізацыяй была закрыта адна з суседніх школ раёна. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму быў арганізаваны падвоз дзяцей у нашу ўстанову адукацыі. Летам, калі няма падвозу, навучэнцы не могуць наведваць нашы мерапрыемствы. На адной з нарад дырэктар абвясціла, што калі вучні не могуць прыязджаць на гульнявую пляцоўку — гульнявая пляцоўка пры-едзе да іх. Па ўсіх населеных пунктах мы развесілі аб’явы з раскладам работы пляцоўкі. Быў складзены графік дзяжурства педагогаў. Калі шчыра, то з самага пачатку гэтая задума мне падалася вельмі складанай, але, як паказаў час, справа была таго вартая. Калі я першы раз прыехаў на сваё дзяжурства, то не паленаваўся і наведаў кожную сям’ю, у якой жывуць нашы навучэнцы, нагадаўшы, што гульнявая пляцоўка пачынае працаваць. Якое ж было маё здзіўленне, калі праз гадзіну да месца правядзення сталі збірацца дзеці, прыходзілі нават дарослыя. Так, давялося мне тады папрацаваць, але гэта была прыемная праца. Шкада, што не захаваліся фотаздымкі, але я думаю, што яны не змаглі б перадаць той радасці і падзякі, якімі свяціліся вочы дзяцей і іх бацькоў.

Анатоль АСКІРКА,
настаўнік пачатковых класаў
Навабыхаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.