Інавацыі ў дадатковай адукацыі

Традыцыі і інавацыі… Такое спалучэнне найчасцей гучыць у тэмах канферэнцый і семінараў у галіне дадатковай адукацыі. Падтрыманню цікавасці да аўтэнтычных відаў народнай творчасці, да захавання фальклору і традыцыйных харэаграфічных кірункаў спрыяюць шматлікія рэгіянальныя і рэспубліканскія конкурсы. Не менш актыўна заяўляюць педагогі і іх навучэнцы на буйных пляцоўках і пра свае дасягненні ў інавацыйнай сферы. Асабліва актыўна ўключылася ў сферу інавацый сталічная прастора дадатковай адукацыі.

Павышаючы ўзровень

Віталь Аляксандравіч Прыго­дзіч, першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, гаворыць: “Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі сёння мае велізарны патэнцыял у працэсе асобаснага развіцця навучэнцаў. І гэта дасягаецца пастаянным пошукам інавацый. Штогод установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска абнаўляюць праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, прапануюць новыя сучасныя кірункі практычнай дзейнасці. На пачатак гэтага навучальнага года па новых кірунках працуюць 237 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца больш за 3 тысячы навучэнцаў. Істотна пашырыліся магчымасці атрымання дадатковых ведаў і пачатковых навыкаў у высокатэхналагічных галінах, у сферы сучасных інфармацыйна-камунікацыйных і медыятэхналогій. Развіваюцца адукацыйныя рэсурсы для актыўнага засваення навыкаў міжкультурных камунікацый, ліквідацыі моўных бар’ераў у культурных і прафесійных зносінах. Гэтыя кірункі і складаюць інавацыйную адукацыйную прастору дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада”.

Адзін з галоўных кірункаў, якія падхапілі педагогі дадатковай адукацыі сталіцы, — навучанне па праграмах павышанага ўзроўню, арыентаваных на дапрофільную і дапрафесійную падрыхтоўку і скіраваных на фарміраванне прафесійных кампетэнцый навучэнцаў. На сёння ў сталіцы распрацавана і зацверджана 21 такая праграма, яшчэ 14 знаходзяцца ў стадыі зацвярджэння.

Напрыклад, у цэнтры “Ветразь” рэалізуецца эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па тэме ­“Апрабацыя мадэлі развіцця прафесійнага самавызначэння навучэнца з дапамогай рэалізацыі праграм аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю на павышаным узроўні” (2018—2020). Таксама рэалізуюцца праграмы павышанага ўзроўню тэхнічнага і сацыяльна-эканамічнага профіляў.

Арыенцір на прафесію

Яшчэ адзін вектар дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — прафарыентацыйная работа. Ужо сёння ў гэтым кірунку паспяхова працуюць многія ўстановы. Так, у цэнтры “Зорка” рэалізуецца праект прафесійнага самавызначэння “Свет маімі вачыма”, удзельнікі якога вучацца ствараць прэзентацыйныя IT-прадукты сацыяльнай накіраванасці і значнасці. Ствараючы сацыяльныя рэкламныя прадукты, навучэнцы выступаюць у ролі сцэнарыстаў, журналістаў, транслятараў інфармацыі, агітатараў, графічных рэдактараў і дызайнераў, фатографаў, відэааператараў, тым самым знаёмяцца з асаблівасцямі розных цікавых і запатрабаваных прафесій.

Летам у рамках профільнага лагера палаца “Золак” рэалізуецца праект “Бізнес-навігатар”. Яго ўдзельнікі знаёмяцца з асновамі прадпрымальніцтва, вучацца абыходзіцца з грашыма, прадумваюць уласныя бізнес-праекты.

Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў для навучэнцаў старшых класаў праводзіць прафарыентацыйныя сустрэчы “Мой выбар”. Падчас сустрэч з прафесарска-выкладчыцкім складам кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства будучыя абітурыенты шмат даведваюцца пра кірункі “Музеязнаўства” і “Культурная спадчына і турызм”.

У Мінску побач з установамі адукацыі размяшчаюцца буйныя сацыяльна значныя аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, навукова вытворчыя цэнтры, прамысловыя прадпрыемствы, банкі, ІТ-кампаніі. Выпускнікі сістэмы дадатковай адукацыі хутка стануць іх работнікамі. Многія кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў зацікаўлены ў супрацоўніцтве з установамі сістэмы дадатковай адукацыі.

Напрыклад, паміж Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі і НАН Беларусі ў рамках праекта “Першы крок у навуку” аб’яднанні па інтарэсах для старшакласнікаў працуюць на базе інстытутаў Акадэміі навук: Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча, Інстытута генетыкі і цыталогіі. Заняткі для падлеткаў праводзяць не толькі маладыя навукоўцы, але і масцітыя спецыялісты — кандыдаты і дактары навук.

Палац “Золак” паспяхова ўзаемадзейнічае з Асацыяцыяй па са­дзейнічанні і развіцці адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій “Адукацыя для будучыні”. Цэнтр “Ветразь” супрацоўнічае з Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы, а таксама з Інкубатарам малога прадпрымальніцтва ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна.

У студзені бягучага года быў адкрыты філіял кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ на базе цэнтра “Ветразь”. Тут рыхтуюць будучых спецыялістаў у сферы вольнага часу, актывізацыі навукова-эксперыментальнай і прафарыентацыйнай работы. Актыўнае супрацоўніцтва ў кірунку ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы наладжана паміж цэнтрам “Зорка”, маладзёжным грамадскім аб’яднаннем “ПроДвижение” і сэрвісным цэнтрам “ЛР Прэміум”. Цэнтр “Маяк” выступіў у якасці партнёра ў праекце “Серабранка. Мой спальны” сумесна з інфармацыйна-даследчай установай “Бюро ўрбаністычных рашэнняў”.

Сталічная сетка ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — гэта 22 установы: 2 шматпрофільныя гарадскія ўстановы (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі і Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі), 11 шматпрофільных раённых цэнтраў і палацаў дзяцей і моладзі і 9 фізкультурна-спартыўных цэнтраў дзяцей і моладзі ў адміністрацыйных раёнах Мінска. У іх функцыянуюць амаль 6,5 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца больш за 78 тысяч навучэнцаў.

Лічбавыя тэхналогіі — наша сёння

З кожным годам становіцца ўсё больш прыхільнікаў сферы лічбавых тэхналогій. Адным з самых яркіх стаў праект “Укараненне мадэлі адукацыйнага цэнтра “Дзіцячы тэхнапарк” як рэсурсу развіцця навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі”, у рэалізацыі якога ў рамках праекта “Тэхнапрарыў” удзельнічае Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

“Унікальнасць праекта ў тым, што такая мадэль работы дазваляе эфектыўна праводзіць праф­арыентацыю навучэнцаў у галіне інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, дэманструючы высокія дасягненні на такіх значных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, як “ТэхнаІнтэлект”, Junior Skills, а таксама конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, на якім у маі 2019 года навучэнцы Мінска заваявалі дыплом абсалютнага пераможцы конкурсу і яшчэ 7 дыпломаў у розных секцыях (тры дыпломы І ступені, два дыпломы ІІ ступені, два дыпломы ІІІ ступені).

Поспехі навучэнцаў і педагогаў палаца адобраны і падтрыманы на самым высокім узроўні. Так, у снежні рашэннем Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў аб’яднанню па інтарэсах “Тэхнічная акадэмія навучэнцаў” аказана фінансавая падтрымка ў памеры больш як 50 тысяч рублёў на набыццё 15 ноўтбукаў і 3D-сканера”, — гаворыць намеснік дырэктара МДПДіМ Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў.

Ідзе эксперымент!

Даволі новым кірункам для сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца работа па стварэнні ўласных брэндаў, актыўнай і эфектыўнай рэкламнай дзейнасці. Сталічныя ўстановы і асобныя творчыя калектывы пазнаюцца, маюць сваё аблічча. Тут праводзяцца рэкламныя анлайн-акцыі і insta-марафоны; інтэнсіў-трэнінгі і майстар-класы. У дні адкрытых дзвярэй праводзяцца прамыя эфіры ў сацыяльных сетках. Актывізаваліся распрацоўка і выпуск брэндзіраванай друкаванай і сувенірнай прадук­цыі як для ўстаноў, так і для асобных творчых калектываў. Вядомыя фірменныя канцылярскія прылады, буклеты, брашуры, нататнікі, календары, стыльная форма адзення прыцягваюць вучняў і іх бацькоў, ствараючы пэўны карпаратыўны дух установы.

Сёння адна з вядучых тэндэнцый абнаўлення сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска — уключэнне педагагічных калектываў у інавацыйную, эксперыментальную і праектную дзейнасць. У бягучым навучальным годзе шматпрофільнымі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізуюцца 2 эксперыментальныя і 3 інавацыйныя праекты, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нават прамежкавыя вынікі ўдзелу ў гэтых праектах дазваляюць гаварыць пра новыя рэсурсы ў дзейнасці ўстаноў. Адзін з яркіх апошніх прыкладаў — інавацыйны праект цэнтра “Кантакт” “Укараненне мадэлі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў на аснове кампетэнтнаснага падыходу ва ўмовах дадатковай адукацыі”.

Вопыт і матэрыяльна-кадравыя магчымасці шэрага ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі дазволілі ім адкрыць рэсурсныя цэнтры ў сферы выхавання. Так, на базе шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі працуе пяць рэсурсных цэнтраў: па фарміраванні бяспечнай жыццядзейнасці, па асновах эканамічных ведаў, прадпрымальніцтве і фінансавай дасведчанасці, па традыцыйным народным мастацтве беларусаў, а таксама па ўзаемаадносінах з маладзёжнымі субкультурамі і лідарамі XXI стагоддзя.

Аб’яднаныя кластарам

Па словах Віталя Аляксандравіча Прыгодзіча, у апошнія гады метадычнымі службамі ўстаноў дадатковай адукацыі вядзецца актыўная работа па фарміраванні і развіцці навукова-метадычнага кластара. Створаны 10 апорных метадычных пляцовак, якія з’яўляюцца элементамі інавацыйнай метадычнай інфраструктуры сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў краіне: 3 апорныя метадычныя пляцоўкі на базе палаца і 7 апорных метадычных пляцовак на базе УДАДіМ горада. Кожная апорная метадычная пляцоўка мае свае раздзелы на гарадскім метадычным партале.

Інавацыяй у галіне метадычнай дзейнасці ва ўзаемадзеянні з установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска з’яўляецца гарадскі метадычны савет, які з 2017 года ажыццяўляе сваю дзей­насць па тэрытарыяльным прынцыпе на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада. Яго асноўная мэта — павышэнне якасці праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах ССА і ПТА, экспертыза праграм аб’яднанняў па інтарэсах. Для педагогаў гэтых устаноў право­дзяцца інструктыўна-метадычныя нарады па азнаямленні з тыпавымі праграмамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з патрабаваннямі да распрацоўкі праграм, семінары, метадычныя практыкумы, індывідуальныя кансультацыйныя заняткі. Значныя намаганні метадычных службаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі накіраваны на ўдасканаленне інфраструктуры бесперапыннай адукацыі педагагічных кадраў (пры падтрымцы і ў супрацоўніцтве з МГІРА і АПА).

У горадзе выбудавана і вядзецца мэтанакіраваная работа з педагогамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта гарадскія метадычныя аб’яднанні, круглыя сталы, пастаянна дзеючыя семінары, педагагічныя майстэрні, творчыя лабараторыі і інш. Відавочна, што дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ўмела выкарыстоўвае інавацыйныя падыходы на карысць кожнага з навучэнцаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіваў устаноў дадатковай адукацыі Мінска.