Канікулы — час адкрыццяў

Нарэшце на зыходзе навучальны год. Дзеці вось-вось загорнуць дзённікі і сшыткі, схаваюць партфелі і напоўніцу акунуцца ў атмасферу адпачынку і вольных дзён. Толькі для нас, педагогаў і бацькоў, якраз канікулы — самы напружаны час. Як не турбавацца за дзіця, пакуль мы на працы? Як дзіцяці добра адпачыць? Як замест аздараўлення з-за бескантрольнага карыстання гаджэтамі не сапсаваць зрок? На гэтыя і іншыя пытанні адказала Галіна Леанідаўна ШКЛЯР, дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, анансіруючы работу ўстановы падчас летніх канікул.

Пах чабаровы…

“Лета — заўсёды вельмі адказная для нас пара. Мы разумеем, наколькі складана бацькам, якія з кожным годам больш занятыя, адчуваць, што іх дзеці дагледжаныя. Таму, ідучы насустрач бацькам і разумеючы нашу адказнасць, мы робім усё магчымае, каб уся інфраструктура палаца працавала на працягу ўсяго лета для дзяцей і бацькоў. І мы пабудавалі яго работу такім чынам, каб у нас знайшлі чым заняцца і дзеці дашкольнага ўзросту, і школьнікі малодшага, сярэдняга і старшага звяна”, — зазначае Галіна Леанідаўна.


Гонар палаца лагер дзённага знаходжання “Чабарок” ужо шмат гадоў збірае летам сотні юных мінчан. Папулярнасць у іх лагер атрымаў дзякуючы профільнасці, што дае магчымасць займацца любімай справай, суседству з Камсамольскім возерам, спартыўнымі пляцоўкамі і футбольнымі палямі вакол яго, магчымасці адпачыць на пляжы. Сёлета дзеці змогуць ратавацца ад спякоты ў басейне.

“Дэвіз гэтага года — “Лета — пара адкрыццяў”. Таму мы пастараліся, каб гэтым летам у выхаванцаў “Чабарку” было шмат уражанняў, каб яны адкрылі для сябе новыя аб’екты культуры Мінска, пазнаёміліся з новымі, не вядомымі для іх дысцыплінамі, — дзеліцца дырэктар установы. — Праграма лагера будзе насычанай экскурсіямі, паездкамі, запланавана шмат спектакляў, кінафільмаў. Будзе арганізавана работа каля 200 гурткоў. Нашы педагогі рэалізуюць у лагеры праекты ў галіне дадатковай адукацыі, эканамічных ведаў, навукова-тэхнічнай творчасці, звязанай з IT-сферай і робататэхнікай. Тыя, хто не хоча рабіць летні перапынак на творчасць, працягнуць займацца харэаграфіяй, вакальнай творчасцю, выяўленчым мастацтвам. На базе нашай галерэі будзе разгорнута вялікая выстава, падчас якой пройдуць майстар-класы, гутаркі пра мастацтва, дэкаратыўна-прыкладную творчасць”.

Лета за горадам

Знайсці новых прыхільнікаў тэхнічнай і мастацкай творчасці педагогі цэнтра прапануюць і на Мінскай абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” пад Ракавам. Тут будуць арганізаваны тры профільныя змены, адпачнуць на іх у асноўным тыя, хто не займаўся раней у гуртках палаца і толькі тут пазнаёміцца з яго педагогамі, акунецца ў іх профільныя праекты. Чэрвеньская змена будзе для дзяцей, якія не ўяўляюць свайго адпачынку без мальберта і фарбаў, іголкі з ніткай, лазы, лямцу і інш. Ліпень аб’яднае аматараў навукова-тэхнічнай творчасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі навучацца збіраць і праграмаваць робатаў на базе LEGO, правядуць спаборніцтвы, асвояць 3D-мадэляванне і 3D-друк, паспрабуюць напісаць уласны дадатак для тэлефона ці стварыць гульню або мультфільм. Трэцяя, жнівеньская, змена будзе мець грамадска-гуманітарны профіль і збярэ будучых журналістаў, знатакоў гісторыі, захавальнікаў спадчыны і інш.


Для самых ініцыятыўных старшакласнікаў будзе арганізаваны і палатачны лагер у гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лідар”, што пад Мінскам. Для іх будзе рэалізавана праграма па фарміраванні лідарскіх якасцей і развіцці іх актыўнасці. У ліпені іх зменяць дзеці, якія неслі Вахту памяці каля Вечнага агню.

Упершыню будзе арганізаваны і ваенна-патрыятычны лагер. У ім запланаваны чатыры змены. Дзеці пройдуць фізічную падрыхтоўку, наведаюць воінскую часць, на базе якой сфарміравана рота ганаровай варты, пагутараць з салдатамі тэрміновай службы, афіцэрскім складам. Падчас шматлікіх экскурсій пазнаёмяцца з гераічным мінулым беларускага народа.

Працоўныя будні

Ужо другі год на базе палаца арганізавана другасная занятасць дзяцей. Сёлета магчымасць папрацаваць прадаставілася ажно для 76 юнакоў і дзяўчат ад 14 да 18 гадоў (дарэчы, вакантныя месцы былі заняты амаль імгненна). За чатыры працоўныя гадзіны на працягу 18 дзён падлеткі атрымаюць заробкі каля 200 рублёў. У асноўным работа будзе звязана з пашывам сувеніраў. Некаторыя дзеці (выхаванцы мастацкіх калектываў палаца, клуба “Тэатр гульні”, якія маюць арганізатарскія навыкі) будуць працаваць аніматарамі ў лагеры “Чабарок” і дапамагаць педагогам арганізоўваць масавыя мерапрыемствы. А некаторыя юныя работнікі будуць даглядаць клумбы на тэрыторыі палаца, наводзіць парадак у вучэбных кабінетах, рабіць загатоўкі для заняткаў, працаваць на камп’ютарах у кабінеце эканомікі ці ў тэлестудыі — набіраць тэксты і рыхтаваць электронныя дыдактычныя матэрыялы.


“У гэтым лагеры мы прывучаем дзяцей да працоўнай дысцыпліны, — тлумачыць канцэпцыю Галіна Леанідаўна. — Атрымаўшы працоўную кніжку, ты атрымліваеш не толькі правы, але і абавязкі працоўнага чалавека: ты павінен своечасова прыйсці на работу, не можаш прагуляць, бо страціш працоўнае месца, на якое, дарэчы, у нас заўсёды шмат жадаючых”.

Працуюць чатыры гадзіны, а ўвесь астатні час дзеці могуць правесці ў гуртках, у камп’ютарнай ці трэнажорнай залах, прыняць удзел у забаўляльных праграмах.

Педагогі спадзяюцца, што гэтыя дзеці і іншыя папоўняць лік выхаванцаў іх гурткоў у наступным навучальным годзе. Так, у верасні будзе ўведзены блок навукова-тэхнічнай творчасці, але ўжо летам жадаючым прапануецца пачаць вывучаць праграмаванне, робататэхніку і прататыпаванне.

Псіхалагічны камфорт для дзяцей і дарослых

У палацы працуе псіхолага-педагагічны цэнтр, і яго супрацоўнікі ўвесь чэрвень штодзень будуць працаваць з дзецьмі, прадастаўляючы ім кабінет рэлаксацыі, на базе якога будуць праходзіць сеансы псіхафізічнай разгрузкі.

Цэлы комплекс псіхалагічнай дапамогі прапануецца і бацькам. Сектар развіцця творчага мыслення на працягу лета будзе весці прыём бацькоў і кансультаваць іх па актуальных пытаннях, сярод якіх — падрыхтоўка да школы, узаемаадносіны дзяцей і бацькоў, праблемы выхавання дзяцей.


“Практыка паказвае, што многія маладыя бацькі не ведаюць, а часам нават баяцца кантактаваць з дзецьмі. Ад няправільных паводзін бацькоў у дзяцей узнікае вельмі шмат праблем, — гаворыць Галіна Леанідаўна. — Некаторыя бацькі паводзяць сябе вельмі агрэсіўна з дзецьмі, заганяючы іх у жорсткія рамкі. Такому дзіцяці цяжка раскрыцца, рэалізавацца. Іншая крайнасць — калі бацькі лічаць сваё дзіця ўнікальным, індыга, таму дазваляюць яму усё. Як вынік — пакутуюць навакольныя: педагогі, аднакласнікі. І таму бацькам трэба дапамагчы выбраць, як паводзіць сябе з дзіцем. Калі праблема выхавання заходзіць далёка і дзіцяці патрэбна ўжо карэкцыйная дапамога псіхолага, то праводзяцца індывідуальныя і групавыя заняткі, падчас якіх з дапамогай гульні псіхолагі стараюцца скарэкціраваць паводзіны. Калі адносіны паміж бацькамі і дзіцем у сям’і разладзіліся, праводзяцца трэнінгі па наладжванні ўзаемаадносін”.

Сёлета асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца ўзаемаадносінам падлеткаў. Спецыялістамі распрацавана шмат трэнінгаў. У псіхалагічнай гасцёўні “Твае лайфхакі” ў цэнтры ўвагі будзе іх медыяжыццё. Спецыялісты палаца ўпэўнены, што ў віртуальнай прасторы сучасным падлеткам пагражае не менш небяспек, чым у рэальнай, што часам прыводзіць да сумных наступстваў. Таму яны нязмушана дапамогуць усім жадаючым разабрацца, як не згубіцца ў віртуальнай прасторы, не пераступіць мяжу закону, каб ведаць, на што ставіць “лайкі”, на што — не, на які сайт варта зазірнуць, а куды — небяспечна.

Час збіраць узнагароды

Летам палац арганізоўвае шэраг гарадскіх мерапрыемстваў. У прыватнасці, тут пройдуць фіналы гарадскіх спартыўна-патрыятычных гульняў-конкурсаў “Зарніца” для дзяцей піянерскага ўзросту і “Арляня” для старшых школьнікаў. Для тых, хто хоча за лета не толькі адпачыць, але і папоўніць запас ведаў, будзе працаваць летняя школа маладых вучоных “Першыя крокі ў навуку”.

Самыя эрудзіраваныя старшакласнікі летам правядуць “Летні кубак” па інтэлектуальных гульнях, а студэнтаў горада збярэ гарадскі турнір “Кубак гарадоў”. Цікавая праграма чакае юных мастакоў: сёлета пройдуць пленэры, прысвечаныя 950-годдзю заснавання Мінска. Дзеці перанясуць на палотны памятныя месцы горада. Не прыйдзецца сядзець на месцы і фатографам. Вынікам іх поглядаў праз аб’ектывы стануць выставы дзіцячых творчых работ.

Дзеці, якія займаюцца ў гуртках спартыўных і тэхнічнай творчасці, летам прымуць удзел у спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Таму лета стане гарачай парой для авія-, аўтамадэлістаў, картынгістаў, матацыклістаў, шахматыстаў. Свае харэаграфічныя амбіцыі змогуць задаволіць удзельнікі калектыву бальнага спартыўнага танца “Дуэт”. Удзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Чабарок” прымуць удзел у дзіцячым харэаграфічным фестывалі ў Санкт-Пецярбургу і ў дабрачынных канцэртах у межах свят Нацыянальнага свята музыкі ў Францыі.

Лета без траўм

На працягу лета цэнтр “Бяспечнае дзяцінства” МДПДіМ сумесна з МНС, ДАІ горада, таварыствам “Чырвоны крыж” летам арганізуюць пляцоўкі, дзе прадставяць розныя аспекты бяспекі: пажарную бяспеку, бяспеку на дарогах, першую медыцынскую дапамогу, арганізуюць гульнёва-пазнавальныя праграмы па асновах асабістай бяспекі, па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці, арганізуюць “Школу выжывання” па асновах бяспекі на прыродзе.

“Вялікай праблемай, як высветлілася, стала навучанне дзяцей яздзе на веласіпедах, — зазначае Галіна Леанідаўна. — Мы штогод вучым старшакласнікаў яздзе на матацыклах, на машынах, а вось веласіпед аказаўся па-за ўвагай. А між тым нават некаторыя дарослыя хочуць навучыцца ездзіць на веласіпедзе. Акрамя таго, вельмі часта дзеці атрымліваюць траўмы і, на жаль, нават гінуць падчас язды менавіта на веласіпедзе. Таму сёлета падчас гульнявой пазнавальнай праграмы па дарожнай бяспецы дзеці асвояць правілы язды па дарогах і веладарожках, а таксама атрымаюць навыкі дробнага рамонту”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва МДПДіМ.