Краязнаўчая справа ў новым фармаце

Сёння ў агульнаадукацыйных установах краіны праходзяць урокі “Я — грамадзянін Беларусі”, на якіх дзеці знаёмяцца з адметнасцямі, слаўным мінулым роднага краю. Для многіх настаўнікаў і вучняў з 1 верасня пачнецца і чарговы этап удзелу ў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, мерапрыемствы якой, згодна з распараджэннем Міністэрства адукацыі, арганічна ўвойдуць у склад рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”. Напярэдадні новых краязнаўчых дасягненняў і адкрыццяў разам з арганізатарамі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, членамі рэспубліканскага журы прааналізуем конкурсы мінулага навучальнага года, пагаворым пра асаблівасці будучых мерапрыемстваў.

З вышыні шасці гадоў (менавіта столькі доўжыцца акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” з таго часу, калі ў чэрвені 2006 го­да на Крычаўшчыне яе ўрачыста адкрыў Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў) можна смела гаварыць, што ні адно з доўгатэрміновых выхаваўчых мерапрыемстваў сістэмы адукацыі нашай краіны не карыстаецца ў настаўнікаў і вучняў такой папулярнасцю. Пацвярджэнне таму — тысячы работ, што дасылаюцца на раённыя, абласныя і рэспубліканскія этапы кожнага конкурсу. А гэтых конкурсаў самай рознай тэматыкі праве­дзена ўжо каля трыццаці. Даследаванне роднага краю вядзецца ва ўстановах адукацыі па напрамках “Мой род, мая сям’я”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая Радзіма — Беларусь”. У якасці аб’ектаў даследавання выбіраюцца помнікі гісторыі, культуры, прыроды. Падчас акцыі распрацоўваюцца рэгіянальныя праграмы адра­джэння, захавання, папулярызацыі адметных мясцін малой радзімы, сістэматызуюцца веды па гісторыі, культуры, прыродзе роднага краю. Папулярнасць акцыі наводзіць на думку, а ці не стаў выхаваўчы працэс неад’емнай часткай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”?

— Той чэрвеньскі дзень 2006 года стаў знакавай падзеяй, пераломным этапам у багатай, напоўненай традыцыямі краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі Беларусі яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Калі звярнуцца да гісторыі развіцця краязнаўчага руху сістэмы асветы, а потым і адукацыі, то варта адзна­чыць, што асаблівую папулярнасць краязнаўчы рух набыў у 30-я гады. Тады з усёй колькасці краязнаўцаў амаль 80% складалі настаўнікі і вучні. Потым у 70—80-я гады лепшыя традыцыі края­знаўчага руху даваеннай школы ўвасобіліся ва ўсесаюзнай турыстычна-краязнаўчай экс­педыцыі “Мая Радзіма — СССР”. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, эстафету ад ўсесаюзнай экспедыцыі пераняла ўсебеларуская турыстычна-краязнаўчая экс­педыцыя навучэнцаў “Наш край”, накіраваная на вывучэнне, папулярызацыю беларускай гісторыі, культуры, прыроды. Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” стала наступным крокам у далучэнні вучняў да вывучэння малой радзімы. Тое, што было зроблена падчас экспедыцыі “Наш край” за 15 гадоў, акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” здзейсніла ўсяго за год-два. Яна з’яўляецца больш шырокім, доўга­тэрміновым мерапрыемствам, да якога далучыліся ўсе ўстановы адукацыі. Упэўнены, што такую ж папулярнасць заваюе і рэспубліканская патрыятычная акцыя “Я — грама­дзянін Беларусі”, — паведаміў намеснік старшыні рэспубліканскага савета акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, дырэктар Рэспублікан­скага цэнтра турызму і краязнаўства навучэн­скай моладзі Сяргей Сцяфанавіч Мітраховіч.

Падчас шматлікіх мерапрыемстваў акцыі неаднаразова даводзілася чуць, што “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ўпэўнена крочыць па краіне. Такое параўнанне не з’яўляецца вобразным. Калі ўлічыць, што акцыя — гэта ўсе яе ўдзельнікі, якія падчас пошуку неабходнага матэрыялу абавязкова адпраўляюцца ў вандроўкі, экскурсіі, то слова “крочыць” мае прамое значэнне. Настаўнікі і вучні накіроўваюцца з дыктафонамі, алоўкамі, блакнотамі, фота­апаратамі ад школы да мясцовых старажылаў, якія з’яўляюцца сведкамі важных гістарычных падзей, ад школы — да былых панскіх сядзіб, дзе некалі віравала старасвецкае шляхетнае жыццё, ад школы — да помнікаў, пастаўленых у гонар герояў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, ад школы — у лес, напоўнены птушыным шчэбетам і пахам духмяных кветак, ад школы — у новае, дарослае жыццё…

У мінулым навучальным годзе гэтыя края­знаўчыя шляхі-дарогі пераадольваліся ў пошуках матэрыялаў да конкурсаў на лепшы летапіс населенага пункта, відэафільмаў “Радзіма мая дарагая”, творчых работ “Мае землякі — мой гонар”, “Нататкі юных вандроўнікаў”, “Зямля бацькоў — мая зямля”. “Настаўніцкая газета” ўважліва сачыла за ходам конкурсаў, аб’яўляла прызёраў і пераможцаў. Зноў рабіць мы гэтага не будзем, а звернемся разам з членамі рэспубліканскага журы конкурсаў да тых тыповых памылак, якія былі дапушчаны юнымі края­знаўцамі. Спадзяёмся, што выказаныя заўвагі дапамогуць нашым чытачам пазбегнуць у будучым названых недахопаў.

Па словах адказнага сакратара акцыі, загадчыка аддзела краязнаўства РЦТіКНМ Аляксандры Яўгенаўны Кравец, падчас конкурсу на лепшы летапіс населенага пункта вучням прапаноўвалася даследаваць эканамічныя, геаграфічныя, этнаграфічныя, дэмаграфічныя асаблівасці пэўнага населенага пункта па напрамках “Тапанімія”, “Гідраграфія”, “Археалогія”, “Этнаграфія”, “Фальклор”, “Раслінны і жывёльны свет”, “Геалогія і геамарфалогія”, “Помнікі гісторыі і культуры”, “Землякі”, “Старонкі ваеннай гісторыі”, “Эканоміка”, “Культура”, “Гісторыя”. Нягледзячы на ўсе плюсы дасланых на фінальны этап конкурсу работ, у іх былі і памылкі. Так, некаторыя канкурсанты ўключалі ў работы даследаванні з папярэдніх конкурсаў. Журы гэта заўважала і знімала балы. Часам вучні выконвалі непатрэбную работу. Напрыклад, ва ўмовах прапаноўвалася даследаваць раслінны і жывёльны свет, але гэта не значыць, што работу трэба было ператвараць у энцыклапедычны даведнік і змяшчаць у ёй інфармацыю пра ўсе віды раслін і жывёл, што сустракаюцца ў пэўнай мясцовасці. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі конкурсных работ былі гістарычныя і культурныя асаблівасці сабранага матэрыялу, яго храналагічная паслядоўнасць, навуковасць і аналітычны падыход, прапаганда і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны населенага пункта, якасць афармлення і самае галоўнае —  уменне разважаць, рабіць уласныя высновы, фармуляваць і абгрунтоўваць іх са спасылкай на гістарычныя крыніцы. Таму галоўная выснова — трэба ўважліва чытаць умовы конкурсу. Калі работа створана ў адпаведнасці з усімі крытэрыямі, то па ёй можна нават абараняць дысертацыю.

У конкурсе відэафільмаў “Радзіма мая дарагая” вучні маглі паказаць свае рэжысёрскія, аператарскія здольнасці. Адзінае абмежаванне — тэматыка намінацый. А гэта “Анімацыя”, “Гульнёвы фільм”, “Відэакліп”, “Аднахвілінны фільм”, “Прырода і я”, “Будзь у эпіЦЭНТРЫ падзей”. Як паведаміў сакратар журы конкурсу, загадчык фота-відэалабараторыі Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў Канстанцін Яўгенавіч Нетылёў, канкурсантам, каб заваяваць высокую ацэнку журы, неабходна было паказаць у відэаработах не толькі задумку, ідэю, творчае зерне, мастацкую непаўторнасць, індывідуальнасць, але і адсутнасць тэхнічных заган. Гэта, на жаль, не заўсёды атрымлівалася.

Сярод самых недарэчных памылак варта вылучыць здымкі фільма без штатыва. “Карціна-трасучка” псавала ўсю рэжысёрскую і аператарскую задумку. Шкада, што такія работы праходзілі раённыя, абласныя этапы конкурсу. Яшчэ адзін недахоп — нізкая якасць работы з гукам. Тыповым прыкладам можа быць тое, што дзяўчына-акцёр прыгожа чытае верш пра родны край, аднак ад відэакамеры яна стаіць на такой адлегласці, што яе словы амаль не чуваць з-за гукаў аўтамабіляў, людзей, жывёл, якія трапляюць у кадр. Яшчэ адна памылка — адсутнасць у кадры герояў, заяўленых у цітрах, а таксама “перабор з прафесійнасцю”, калі фільм зняты не навучэнцамі, а дарослымі.

Па словах членаў рэспубліканскага журы конкурсу “Мае землякі — мой гонар”, супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, работы, прадстаўленыя ў намінацыі “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны”, прайшлі высокую экспертызу на адпавед­насць умовам конкурсу, выкарыстання належным чынам сямейнага патэнцыялу, правядзення на высокім узроўні пошукавай работы, творчага падыходу ў афармленні. У работах расказвалася пра малую радзіму вучняў, яе гістарычныя і культурныя адметнасці, жыццёвы і працоўны шлях землякоў-сучаснікаў. Кожная з работ, што выйшлі ў фінальны этап конкурсу, утрымлівала выпіскі з пісьмовых крыніц, тэксты ўспамінаў, фотаздымкі, матэрыялы, змешчаныя ў сродках масавай інфармацыі. Акрамя таго, канкурсанты выказалі прапановы адносна далейшага выкарыстання сабраных падчас пошукаў звестак пра дасягненні земляка, яго дзейнасць і творчасць.

На фоне ўсіх гэтых пераваг былі, канечне, і недахопы. Адзін з самых распаўсюджаных такі: вядзецца падрабязнае апісанне жыццёвага шляху славутага земляка, прычым прыводзяцца толькі агульнавядомыя факты з біяграфіі. У некаторых жа работах, нібыта ў энцыклапедычным даведніку, даваліся кароткія біяграфічныя звесткі пра ўсіх вядомых ураджэнцаў краю. А дзе ж раскрыццё патэнцыялу сямейнай творчасці?

Арганізатары акцыі спадзяюцца, што названыя памылкі абавязкова будуць улічаны і работы цяперашніх удзельнікаў конкурсаў, падвядзенне вынікаў якіх адбудзецца ў гэтым навучальным годзе, стануць больш дасканалымі, у іх будзе прасочвацца асоба даследчыка, яго ўласны погляд на тыя ці іншыя з’явы. Дык якія ж новыя адкрыцці здзяйсняюць навучэнцы падчас конкурсаў даследчых работ “Таямніцы малой радзімы”, “Праз творчасць у прафесію жыцця”, творчых работ “Бабулін куфэрак”, конкурсу фотаработ “Зямля пад белымі крыламі” і конкурсу экалагічных праектаў “Родная зямля — Беларусь”?

На конкурс даследчых работ “Таямніцы малой радзімы” прадстаўляюцца работы ў такіх жанравых разнавіднасцях, як вершаваныя легенды, легендарныя балады і казкі з апісаннем легенд і паданняў — твораў вуснай народнай творчасці, у аснове якіх ляжаць фантастычныя вобразы або ўяўленні, звязаныя з гісторыяй людзей або тлумачэннем розных прыродных і грамадскіх з’яў, тлумачэннем рэальных з’яў навакольнага жыцця, звязаных з чалавечай дзейнасцю. Конкурс “Праз творчасць у прафесію жыцця” праводзіцца па намінацыях “Прызванне. Творчасць. Майстэрства” (калектыўная) і “Мой шлях да прафесіі жыцця” (індывідуальная). Канкурсантамі ствараюцца справаздачы, якія змяшчаюць матэрыял аб жыццёвым і творчым шляху славутых людзей краю, звест­кі аб мясцовых культурных традыцыях, падзе­ях і аб удзеле ў іх герояў даследавання. На індывідуаль­ную намінацыю прадстаўляецца даследчы матэрыял пра будучую прафесію ўдзель­нікаў конкурсу. Умовы конкурсу “Бабулін куфэрак” патрабуюць напісання творчых работ літаратурна-публіцыстычных жанраў, тэматыка якіх звязана з гісторыяй і асаблівасцямі нацыя­нальнага касцюма беларусаў, а таксама традыцыямі, звычаямі і абрадамі малой радзімы. Конкурс “Родная зямля — Беларусь” право­дзіцца па намінацыях “Праект маёй мары”, “Будучыня — гэта мы!”, “Раслін дзіўны свет”. Конкурс “Зямля пад белымі крыламі” складаецца з намінацый “Пейзаж” (сельскі і гарадскі), “Рэкі і азёры”, “Раслінны і жывёльны свет”, “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, “Мы — беларусы” (здымкі, якія падкрэсліваюць народныя традыцыі, характар і нацыянальныя асаблівасці жыхароў Беларусі).

Канчатковае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў конкурсаў адбудзецца падчас збору актыву акцыі ў НДЦ “Зубраня” ў лістападзе — снежні бягучага года. Так што чакаць агучвання імёнаў новых прызёраў і пераможцаў засталося нядоўга. “Настаўніцкая газета” будзе ўважліва сачыць за ходам конкурсаў і абавязкова паведаміць вам пра тыя таямніцы малой радзімы, якія ўжо цяпер раскрываюць канкурсанты. І канечне, мы падрабязна будзем асвятляць усе падзеі новай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”, якая стане новым фарматам правядзення выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by
Фота аўтара.