Лета ў красоўках

Гэтае лета не для дамаседа — менавіта так трэба ўспрымаць ініцыятыву Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Рэспубліканскі фестываль “Лета — пара спартыўная!” у самым разгары. З 20 чэрвеня да пачатку верасня па ўсёй краіне праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы: гульні, турніры, матчы, святы. Укараняюцца і новыя формы работы з дзецьмі і падлеткамі па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця і культуры адпачынку, папулярызуюцца віды спорту, якія развіваюцца ў Беларусі.

Фестываль праходзіць у два этапы. Першы — рэгіянальны — право­дзіцца ў абласцях і Мінску з 20 чэрвеня па 3 верасня. Другі этап — рэспубліканскі — пройдзе з 4 па 8 верасня. Вызначаць пераможцаў і прызёраў у сваіх рэгіёнах будуць журы. Яны выберуць у кожнай намінацыі па 3 лепшыя работы і накіруюць іх арганізатарам для вызначэння пераможцаў, прызёраў і лаўрэатаў.

Удзельнікамі конкурсу могуць стаць навучэнцы і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, спецыялісты фізічнай культуры і спорту, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і іншыя педагагічныя работнікі, якія займаюцца дзіцячым азда­раўленнем, і нават бацькі.

Фестываль прадугледжвае напісанне творчых конкурсных работ у 5 намінацыях. Так, у намінацыі “Летні адпачынак — спартыўны адпачынак!” канкурсанты прадстаўляюць матэрыялы, якія асвятляюць правядзенне летніх спартыўных, спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, на якіх папулярызуюцца розныя віды спорту і разнастайныя віды фізічнай актыўнасці. Тут вітаецца арганізацыя мерапрыем­стваў, правядзенне майстар-класаў па відах спорту з удзелам падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

У намінацыі “Сцяжынкі малой радзімы ў спартыўным калейдаскопе лета” разглядаюцца аўтарскія матэрыялы пра актыўны адпачынак у перыяд аздараўленчай кампаніі, арганізаваны ў любым кутку малой радзімы. Гэта могуць быць калажы, відэасюжэты, мультымедыяпрэзентацыі.

Намінацыю “Памятаем подзвігі, памятаем рэкорды” прадставяць празаічныя творы з ілюстрацыямі аб гераічным спартыўным жыцці дзяцей і падлеткаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе на прыкладах сваіх дзядуляў, бабуль, сваякоў і знаёмых. А работамі ў намінацыі “75 мірных гадоў — час рэкордаў і перамог” ста­нуць прыклады спартыўнай спадчыны вашай малой радзімы, вашага рэгіёна, вашага горада ці вёскі.

У намінацыі “Сямейныя спартыўныя традыцыі” чакаюцца творчыя распрацоўкі, крэатыўныя відэаролікі пра сямейны спартыўны вольны час у летні перыяд. Вітаюцца працы з удзелам бабуль і дзядуляў, а таксама дзяцей дашкольнага ўзросту, бо галоўная мэта гэтай намінацыі — паказаць пераемнасць сямейных спартыўных традыцый.

Перавагай работ з’яўляецца правя­дзенне мерапрыемстваў на свежым паветры. Імёны пераможцаў будуць аб’яўлены ў верасні, на рэспубліканскім комплексным спартыўным мерапрыемстве “Тыдзень спорту і здароўя”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.