Людзі і птушкі — мірныя суседзі

Многія з нас адкрываюць свет прыроды, адгортваючы дзіцячую энцыклапедыю. Менавіта адтуль мы з маленства ведаем, што самая вялікая жывёла — сіні кіт, самая маленькая птушка — калібры, самая вялікая — страус. А вось хто спявае за акном, хто пераскоквае з галінкі на галінку ў садзе, хто купаецца ў летняй лужыне, мы не ведаем. Зрабіць акцэнт на менавіта сваіх, родных, мясцовых птушках і жывёлах стала галоўнай ідэяй факультатыву “Зялёная школа”, які больш за 20 гадоў назад заснаваў і ўсе гэтыя гады развівае ў Мінску Аляксандр Хандогій, выкладчык БДПУ імя Максіма Танка, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 196 Мінска.

Дзіцячыя даследаванні з практычным выхадам

— Памятаю, іду паўз гімназію, а насустрач — настаўніца біялогіі, вядзе экскурсію: “Глядзіце, дзеці, варона!” А гэта — грак! Стала цікава. Аказалася так усё: грак — варона, крумкач — таксама. Як жа так? Не трэба адразу вывучаць разнастайнасць — разбярыцеся спачатку, хто прылятае да вас на прышкольны ўчастак, хто жыве ў суседнім лесе, а потым ужо рухайцеся далей, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.


Дзяцінства яго самога праходзіла ў вёсцы ў Мастоўскім раёне. Побач працякалі Нёман і Зяльвянка, ён часта выязджаў на Шчару. І ўсюды быў чуваць гоман птушак — іх там было мноства! Іх вывучэнне стала яго галоўным захапленнем, якое прывяло на вучобу ў БДПУ імя Максіма Танка і стала прафесіяй.

Цяпер Аляксандр Уладзіміравіч штогод захапляе птушкамі па 35—40 навучэнцаў 196-й школы, якая шмат гадоў з’яўляецца філіялам кафедры марфалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл БДПУ імя Максіма Танка. Калі ў самога кіраўніка гараць вочы, калі ён дасканала ведае тое, пра што гаворыць, з запалам расказвае, гэты настрой, жаданне перадаецца дзецям. Прыцягвае іх і магчымасць хадзіць і ездзіць на экскурсіі, карыстацца GPS, прыборамі начнога бачання і г.д.


— Але найбольш прыцягвае само назіранне, скажам, за вялікай сініцай, — гаворыць педагог. — Карыстаючыся пэўнымі методыкамі падлікаў, мы можам высветліць структуру насельніцва птушак: колькі самцоў, самачак, птушанят — усе яны візуальна вызначаюцца. Вывучаючы сутачную актыўнасць, падлічваючы, што ў сярэднім 550 разоў прыносіць корм самка за дзень (а кожны раз гэта каля 1 грама насякомых), мы падлічваем, што ў сярэднім гэта больш за кілаграм насякомых! Улічваючы такі маштаб карысці ад адной толькі сініцы, яны самі прыходзяць да высновы, што нам варта не шпакоўні рабіць, а сінічнікі, каб выкарыстоўваць сініц як біялагічны спосаб барацьбы са шкоднымі насякомымі. Шпакоў і так усюды шмат. У Заходняй Еўропе ўжо даўно ніякіх шпакоўняў не ставяць, бо яны наносяць яшчэ больш шкоды вінаграднікам, чарэшні, вішні, маліне, парэчкам.

Усе дзіцячыя даследаванні практыка-арыентаваныя. Андрэй Паўлюкевіч у год ластавак назіраў за сутачнай актыўнасцю гарадской ластаўкі на суседнім вышынным будынку. Яго работа тады стала лепшай і ў горадзе, і ў рэспубліцы.


— З-за таго, што кожны стараецца зашкліць лоджыі, балконы — любімыя месцы для ластаўчыных гнёздаў, іх стала значна менш. Таму Андрэй прапанаваў адмысловае ўстройства накшталт білбордаў на слупах, на якіх ужо зроблены штучныя гняздоўі. Гэта дапамагло б вырашыць ластаўкам “кватэрнае пытанне”. Пакуль будаўніцтва такіх кварталаў не праходзіць, але мы спадзяёмся, што ўсё яшчэ будзе. Яшчэ нядаўна і да пераходаў для земнаводных адносіліся скептычна, маўляў, нават на пераходы для людзей няма сродкаў. Але ж яны ўжо ёсць і эфектыўна выкарыстоўваюцца земнаводнымі, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.

— Я пяты год вывучаю птушак, хаця былі ў мяне даследаванні і па земнаводных, — расказвае 11-класнік Іван Леў, уладальнік 2-га месца на нядаўнім Рэспубліканскім конкурсе эколага-біялагічных работ. — Апошняе маё даследаванне было прысвечана шызаму голубу. Мне цікава было высветліць, як ён можа ўплываць на жыццё, як наш горад уплывае на яго самога. Праблема вялікай галубінай папуляцыі вельмі актуальная ў Заходняй Еўропе. Напрыклад, у Італіі турысты не могуць нават прайсці з-за іх па плошчах: у Мінску галубоў каля 160 тысяч, а там толькі на адной плошчы налічваецца 75 тысяч. Яны забруджваюць плошчы, помнікі архітэктуры, могуць стаць прычынай падзення самалётаў, калі трапляюць у турбіну. У аэрапортах выкарыстоўваюць ультрагукавыя адпуджвальнікі, але яны ўплываюць на дакладнасць электронных прыбораў самалёта. Таму мы шукалі іншыя спосабы адпуджвання галубоў, у прыватнасці прапанавалі макеты драпежных птушак, іх галасы, святлоадбівальныя элементы. Але тэма пошуку новых спосабаў будзе заўсёды актуальная, бо птушка прывыкае да любых, як некалі прывыкла да самога горада. Можна мірна жыць побач чалавеку і птушкам. Да-статкова рэгуляваць колькасць птушак. А для гэтага дастаткова знайсці іх самыя папулярныя месцы гнездавання, звычайна гэта старыя гарышчы, і перакрыць іх. Галубы проста не будуць выводзіць патомства. Цяпер мы хочам выйсці на ЖЭСы і паказаць масавыя збіранні мінскіх галубоў.


— У Польшчы праблема забруджвання галубамі будынкаў ужо вырашана — там усюды на дахах стаяць жалезныя шыпы, каб галубы не мелі магчымасці садзіцца на іх, а ў Мінску я гэта бачыў толькі на адным прыватным кіёску, — дапаўняе А.У.Хандогій. — У Польшчы на балконах жыльцы ставяць макеты крумкачоў — ніколі ніякая птушка туды не заляціць. Ужо праз пару тыдняў “Зелянгас” у Мінску будзе высяваць насенне кветак на клумбах і газонах. І каб іх не здзёўбвалі галубы, супрацоўнікі накрыюць іх плёнкай ці спанбондам, усю вясну, пакуль кветкі не ўзыдуць, гэта будзе “ўпрыгожваць” горад. Але ж можна ўмацаваць там муляжы драпежных птушак — лепшага ахоўніка не прыдумаеш. Не кажу ўжо пра дачнікаў, якія вырошчваюць садавіну і ягады ў агародах выключна для шпакоў. Пасадзіце на дрэва, куст ці градку з клубніцамі муляж ястраба ці сокала, у галлі дрэва павесьце лісток з раздрукаванымі вачыма філіна — і не трэба хвалявацца за ўраджай.

З птушкамі ў смартфонах

Каб пагутарыць з навічкамі факультатыву, далучаюся да 8-класнікаў, якія паўтараюць пройдзенае напярэдадні конкурсу. Хоць яны першы год займаюцца, ужо прымуць удзел у гарадскім конкурсе знаўцаў птушак “Мудры пугач — 2018”, які сёння праходзіць у Мінску для вучняў 7—9 класаў сталічных школ і ўстаноў дадатковай адукацыі ў межах маштабнага адукацыйнага праекта “Экалогія і дзеці”. Апошнія гадоў 20 штогод каманда Аляксандра Уладзіміравіча заўсёды займае 1-е месца ў сваім раёне і 1-е, 2-е, зрэдку 3-е месца — у горадзе.

— Да гэтага года я ўвогуле не заўважаў у горадзе птушак, а цяпер іду ў школу і кожны дзень лічу, колькі відаў сустрэў, — гаворыць Мікіта Жарко. — Лічым мы іх і падчас экскурсій у Мінску. Ужо разоў пяць былі ў Лошыцкім парку, у парку Горкага, Чалюскінцаў і 60-годдзя Кастрычніка. Нехта першы раз у жыцці ўбачыў вялікага дзятла, снегіроў, пішчуху, зелянушак. У Лошыцкім парку мноства вадаплаўных птушак. Мы бачылі і крыжанку, лебедзяў-шыпуноў, нават чырка-траскунка бачылі. Але самым вялікім адкрыццём стаў шчыгол — мы шмат пра яго даведаліся.


— У перапынках паміж экскурсіямі і нават паміж урокамі мы вывучаем птушак завочна. Ва ўсіх нас у тэлефонах замест музыкі — вызначальнікі птушыных галасоў, карцінкі, мы пераглядаем іх, запамінаем. Цяпер мы вучым 4 катэгорыі птушак, якія ахоўваюцца ў Беларусі. Вывучаючы птушак, ты развіваеш памяць, — гаворыць Ягор Хакімаў.

Усе ў аб’яднанні ведаюць, што не ўсё, што ты робіш для птушак, ідзе ім на карысць. Так, цяпер многія падкормліваюць птушак, але часта гэта прыводзіць да іх гібелі.

— Трэба ведаць, калі карміць, а калі падкормліваць, з якой перыядычнасцю, якім кормам частаваць тых ці іншых птушак, як правільна рабіць кармушкі і іх даглядаць, які корм шкодны, — тлумачыць Мікіта Жарко. — Напрыклад, нельга карміць хлебам — ні чорным, ні белым, бо ён выклікае ў зобе браджэнне, разбухае, птушка задыхаецца. Нельга карміць і салёным салам, бо ў птушак няма потавых жалёз, праз якія выводзіцца лішняя вільгаць і соль збіраецца ў нырках. Каб не шкодзіць печані, нельга карміць птушак смажанымі семкамі, арэхамі, чыпсамі, сухарыкамі і, безумоўна, сапсаванымі прадуктамі. А можна любымі крупамі. Уважлівымі трэба быць з просам — яно павінна быць ці ў скарлупінні, ці памытае.

Усе гэтыя веды падлеткі актыўна прымянялі ўсю зіму, а цяпер актыўна рыхтуюцца да веснавога сезона. Разам з Аляксандрам Уладзіміравічам у мясцовым парку яны бу-дуць ствараць птушыны гарадок, развешваючы розныя гняздоўі, а потым будуць назіраць за птушкамі і праводзіць свае даследаванні. Летам дзеці будуць выязджаць на палявыя практыкі.

Прадаўжальнікі арніталагічнай справы

Многія выпускнікі А.У.Хандогія свае даследаванні не заканчваюць пасля выпуску — некаторыя атрымалі экалагічную адукацыю, шмат хто працуе ў навукова-практычным цэнтры НАН па біярэсурсах. Былога вучня Аляксандра Чайкоўскага цяпер будуць рэкамендаваць на пасаду генеральнага дырэктара ў гэтую ўстанову. Нядаўна Канстанцін Гомель паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па балотных птушках Мінска і паразітах на іх, якія становяцца бядой у купальны сезон. Анатоль Кулак, кандыдат навук, абараніў дысертацыю па матылях.

Сённяшні 11-класнік Іван Леў цяпер вызначаецца — аддаць перавагу Віцебскай ветэрынарнай акадэміі ці працягнуць свае арніталагічныя даследаванні ў БДПУ імя Максіма Танка.

— Мая мама — біёлаг, таму ў нас дома заўсёды былі птушкі і жывёлы. Яна ўсюды і заўсёды падбірала іх, параненых. У нас жыла падбітая качка, якую мы выхадзілі, былі варона, стрыж, быў сабака, цяпер яго месца заняла кошка, якая прыбілася на дачы. Не ўсіх удавалася выхадзіць, і я хацеў бы навучыцца іх выходжваць, лячыць, — гаворыць Іван.

Як адзначае Аляксандр Уладзіміравіч, тое, знойдуць дзіцячыя даследаванні прафесійны працяг ці застануцца проста захапленнем, у многім залежыць ад стаўлення да гэтага іх родных: “Мне вельмі імпануюць бацькі, якія не проста падтрымліваюць сваіх дзяцей у вывучэнні прыроды, але і самі падключаюцца. Так, мама 11-класнікаў Лізы і Івана Леў з 6 класа суправаджае іх на конкурсы, хварэе за іх у зале, падтрымлівае перад выступленнем, першая віншуе з перамогай, а калі б прыйшлося, першая б падтрымала ў выпадку няўдачы”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва А.У.ХАНДОГІЯ і Івана ЛЬВА.